Вы тут

На Гомельшчыне мадэрнізавана вытворчасць па атрыманні мяса птушкі «Беларуснафта-Асобіна»


«Беларуснафта-Асобіна» — адно з валаўтваральных прадпрыемстваў у Гомельскай вобласці па вытворчасці птушкі. Яно працуе па прынцыпе замкнутага цыкла, займаецца вырошчваннем збожжа і рапсу, уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў мяса птушкі ў краіне.


Год таму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Веткаўскі раён падняў пытанне далейшага развіцця птушкагадоўлі на Гомельшчыне. Кіраўнік краіны наведаў вытворчы цэх «Навасёлкі» птушкафабрыкі прадпрыемства «Беларуснафта-Асобіна». Ён зрабіў акцэнт на тым, што неабходна нарошчваць магутнасці па вытворчасці мяса птушкі. Па даручэнні Прэзідэнта прадпрыемтва «Беларуснафта-Асобіна» распачало маштабнае абнаўленне вытворчых пляцовак. Было прынята рашэнне павялічыць магутнасці па вытворчасці мяса птушкі за кошт мадэрнізацыі цэха ў аграгарадку Камунар, што ў Буда-Кашалёўскім раёне.

Будаўнічыя работы пачаліся сёлета ў лютым. Удалося ўдвая скараціць тэрміны ўзвядзення аб'екта: пры нарматыве ў 12 месяцаў птушнікі збудавалі за 6 месяцаў.

Праект рэалізаваны па дзяржаўнай праграме развіцця аграрнага бізнесу ў Беларусі на 2016—2020 гады. Аб'ём інвестыцый склаў 6,4 мільёна рублёў.

Новая вытворчасць — гэта чатыры птушнікі, у якіх адначасова можна вырошчваць каля 50 тысяч бройлераў. Гэта амаль удвая больш, чым было раней. Адпаведна ў два разы павялічыцца і аб'ём атрыманага мяса. Таму, безумоўна, на прадпрыемстве прапрацоўваліся ўсе магчымыя рынкі збыту. Асаблівая ўвага на экспарт прадукцыі.

— Буйнымі спажыўцамі беларускай птушкі з'яўляюцца прадстаўнікі расійскага рынку, — адзначыў дырэктар РУП «Беларуснафта-Асобіна» Яўген Лукомскі. — Акрамя таго, мы працуем з Арменіяй, Грузіяй, Кыргызстанам, Казахстанам. На пачатку бягучага года распачалі супрацоўніцтва з КНР. Адбыліся чатыры адгрузкі прадукцыі. Асноўны прадукт, які цікавіць нашых кітайскіх партнёраў, — гэта курыныя лапкі і часткі крыла. Сёння мы прапрацоўваем пытанне, каб на кітайскі рынак накіроўваць прадукцыю разбірання мяса птушкі ў большых аб'ёмах.

У мадэрнізаваных птушніках прадугледжана клетачнае ўтрыманне бройлераў. Перавага такога падыходу ў тым, што на невялікай плошчы вырошчваецца значная колькасць птушкі.

— Старыя памяшканні прадугледжвалі падлогавае ўтрыманне птушкі і мясцілі 24 тысячы бройлераў, — дадаў Яўген Лукомскі. — У сучасных размесціцца прыкладна ўдвая больш.

У новых клетках, якія размешчаны ў некалькі ярусаў, падтрымліваецца неабходны для птушкі мікраклімат. Камп'ютарныя тэхналогіі кантралююць вільготнасць, тэмпературу і аб'ём корму. Для куранят рознага ўзросту ствараюцца аптымальныя ўмовы.

— Працую тут з 1976 года. Параўноўваць сённяшнія ўмовы і тое, што было раней, немагчыма, — дзеліцца птушніца-аператар бройлернага цэха Ганна Барэйша. — Цяпер усё аўтаматызавана: кнопку націснуў — і працуе. Птушкам камфортна, растуць.

Паказчык па сярэднясутачнай прыбаўцы вагі складае больш як 60 грамаў. І прадукцыйнасць расце. Пра такія вынікі калісьці і марыць не маглі, кажа ветэран працы Ганна Барэйша. Яна ўспамінае, як у 1982 годзе была ўзнагароджана залатым медалём ВДНГ за дасягненне сярэднясутачнай прыбаўкі ў 28 грамаў.

Між тым сёння РУП «Беларуснафта-Асобіна» — прызнаны прыклад паспяховай кааперацыі сельгаспрадпрыемства і дзяржаўнай кампаніі. З 2005 года аб'ём вытворчасці мяса птушкі тут вырас у пяць разоў.

Генеральны дырэктар ВА «Беларуснафта» Аляксандр Ляхаў адзначыў, што перадача ў пачатку 2000-х сельскагаспадарчага прадпрыемства нафтавікам стала своеасаблівым выклікам для іх:

— Для нас гэта была зусім новая сфера. Вынікі 15 мінулых гадоў паказалі, што рашэнне прынята правільнае. Мы выйшлі на завяршальны этап рэканструкцыі для збалансаванага цыкла вытворчасці. Узаемадзеянне прадпрыемства, сельскай гаспадаркі і органаў улады аказалася вельмі эфектыўным. Мы разам гэта зрабілі, усё атрымалася, — падкрэсліў Аляксандр Ляхаў.

У цырымоніі адкрыцця мадэрнізаваных птушнікаў бралі ўдзел памочнік Прэзідэнта, інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка і старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

Губернатар падзякаваў нафтавікам, работнікам сельскай гаспадаркі і будаўнікам за годны аб'ект:

— Інвестыцыі ў сельскую гаспадарку — гэта развіццё раёнаў і Гомельскай вобласці ў цэлым, новыя рабочыя месцы, годны заробак, перадавыя тэхналогіі і рэнтабельнасць вытворчасці, — адзначыў ён.

Генадзь Салавей пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей прадпрыемства «Беларуснафта-Асобіна» і пагутарыў з працаўнікамі вытворчасці. Людзі цікавіліся падтрымкай шматдзетных сем'яў і развіццём сацыяльнай сферы не толькі канкрэтна ў аграгарадку Камунар, але і ў Буда-Кашалёўскім раёне ўвогуле. Старшыня аблвыканкама звярнуў увагу на канкрэтныя праекты і запэўніў, што робіцца ўсё магчымае, каб жыць і працаваць у раёне людзям было камфортна:

— Перад намі стаіць задача нарошчваць аб'ёмы вытворчасці. Так, былі згубленыя пэўныя пазіцыі. Але на сённяшні дзень наша мэта, каб раён зноў быў у лідарах. Цяпер на базе СУП «Андрэеўка» на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна рэалізуецца новы праект па будаўніцтве свінагадоўчага комплексу. Узмацненне вытворчых пазіцый важнае для таго, каб падняць заработную плату і падтрымаць работнікаў сельскай гаспадаркі, — адзначыў Генадзь Салавей.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Выканана!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».