Вы тут

Якія людзі патрэбны будучыні


Якія людзі патрэбны будучыні

Калі знянацку спытаць у чалавека пра яго будучыню, то, хутчэй за ўсё, пачуеш многа як рэальных, так і не вельмі планаў, мар і чаканняў. Ён з задавальненнем ці без будзе расказваць пра свае заўтрашнія дасягненні, пра тое, як наступны дзень чакае і гатовы прыняць яго. А ці чакае? А ці гатовы? А ці патрэбны ён заўтрашняму дню?

«М»ы знянацку спыталі нашых аўтараў, каго заўтрашні дзень сапраўды чакае, хто сапраўды яму патрэбен. Адказы-асацыяцыі-экспромты складваюцца ў нейкі малюнак, у вобраз, у сапраўднасць. Чым больш фрагментаў, дадзеных, тым больш дакладнасці. Таму чакаем і вашых адказаў на нашу электронную скрыню і ў сацыяльных сетках. Чытайце, складвайце і думайце пра сваё заўтра, якому вы дакладна патрэбны.

Анхела Эспіноса Руіз, «У бібліятэцы з Анхелай»:
Мне здаецца, нашай будучыні патрэбны людзі, якія адчуваюць, наколькі важныя мастацтва і фікцыя: у свеце, дзе ўсё ніжэй ацэньваюцца культура і літаратура, людзі губляюць здольнасць жыць чужым жыццём, уяўляць розныя магчымасці ў альтэрнатыўных светах. Гэта пазбаўляе іх як унутранай, так і вонкавай свабоды, абразае ім крылы. Патрэбны людзі, здольныя бачыць далей за відавочнае (так, у тым ліку — чыстыя гуманітарыі). Акрамя таго, будуць запатрабаваныя эмпатыя, міласэрнасць, жаданне дапамагаць адно аднаму і спрыяць справам іншага, і гэта нягледзячы на навакольны індывідуалізм. Тэхнічны прагрэс пайшоў, і крочыць ён штораз хутчэй. Паспрабуйма цяпер развіваць і сябе.

Леанід Лаўрэш, «Factum»:
Як чалавек, які пражыў шмат гадоў, я упэўнены, што ўсім нам патрэбны інтэлектуалы сусветнага ўзроўню, прычым як высокія прафесіяналы ў асобных галінах, так і рэдкія цяпер прадстаўнікі «шырокага профілю», здольныя да сінтэзу ведаў. А для інтэлектуала маюць значэнне прагнасць да новых ведаў і інтэлектуальная сумленнасць. А яшчэ нам патрэбна такая якасць, як здольнасць радавацца чужым поспехам, добрым чужым кнігам, артыкулам, навуковым адкрыццям. Чалавек, які не можа ацаніць чужую якасную працу, і сам ніколі не зробіць нічога каштоўнага.

Адмаўляцца, думаю, трэба найперш ад зайздрасці — яна забівае чалавека як асобу, вынішчае ў ім здольнасць да творчай працы і пазбаўляе адчування шчасця. А няшчасны чалавек не можа быць творчай асобай.

Яўген Папакуль, пераклады са старажытнаісландскай:
Не толькі Беларусі, але і любой краіне патрэбныя людзі, якія РОБЯЦЬ. Бо тых, хто гаворыць, вельмі шмат. Прапаноўваць можна самыя правільныя, самыя карысныя, самыя цікавыя рэчы, але часта ініцыятыва так і застаецца ініцыятывай, бо на далейшыя крокі па розных прычынах людзі не адважваюцца. Праз недахоп часу, грошай, удачы… Хаця гэта можа быць банальны недахоп веры ў сябе. Таму Беларусі патрэбныя людзі СМЕЛЫЯ, якія не толькі ставяць мэту, але і дасягаюць яе, не зважаючы на ўсе складанасці. Толькі так можна змяніць нешта ў лепшы бок. Гэта цяжка, і грамадскае меркаванне наўрад ці паспрыяе або падтрымае, але нам патрэбны тыя, хто мае новыя, хай нават часам і трохі вар’яцкія, ідэі. Тыя, хто ўмее ДУМАЦЬ.

Зміцер Кузменка, «е-закладкі»:
Напэўна, я скажу банальныя рэчы, але нашай будучыні патрэбны не сляпыя выканаўцы чужой волі, а людзі з крытычным мысленнем, ініцыятыўныя, здольныя прымаць складаныя рашэнні і разам з тым спакойна прызнаваць уласныя памылкі. Здатныя працаваць у камандзе і гатовыя дзеля агульнага поспеху на пэўны час адступіцца ад часткі асабістых амбіцый. Людзі, якія з павагай і ўвагай ставяцца да іншых меркаванняў. Вядома, што значная колькасць авіякатастроф здараецца толькі таму, што другі пілот проста баіцца сказаць капітану паветранага судна пра яго няправільныя дзеянні. Вось ад такога нам трэба сыходзіць. Неабходна вучыцца размаўляць адно з адным. І слухаць адзін аднаго.

Ігумен Ермаген, «З Богам»:
Хрысціянства — гэта максімалізм, і таму для хрысціяніна сапраўднай будучыняй з’яўляецца Вечнасць, а сапраўднай якасцю — святасць. Гэта найвышэйшая мэта, якая прадугледжвае паступовае духоўнае ўдасканальванне пры пэўных сацыяльна-гістарычных акалічнасцях. І тут ужо можна гаварыць пра канкрэтнае сёння і канкрэтную будучыню.

Мы жывём у вельмі складаны час, які з аднаго боку характарызуецца светапоглядным плюралізмам і рэлятывізмам, а з другога — інфармацыйна-тэхналагічным бумам. Пры такіх умовах не дазволіць сваёй веры паддацца карозіі сацыяльнага імператыва — гэта ўжо подзвіг. Для яго патрэбны як глыбокае веданне традыцыі, так і добрая арыентацыя ў тэндэнцыях сучаснасці. Гэта з хрысціянскага пункту гледжання. Але гэта справядліва для кожнага чалавека. Справа ў тым, што сучасныя тэхналогіі ўжо ў самы блізкі час паставяць пад пагрозу суверэннасць чалавечай асобы, яе свабоду. Залежнасць ад зместу і фармату інфармацыйнай прасторы сацсетак, па сутнасці, ужо сведчыць пра мадыфікацыю паводзін чалавека. Таму галоўнай якасцю чалавека будучыні, на маю думку, з’яўляецца здольнасць самастойна крытычна мысліць.

У Амерыцы ёсць некалькі граматных «белых варон», якія пішуць пра небяспекі нашай тэхналагічнай будучыні. Вось некаторыя з іх:

«Хросны бацька» паняцця «віртуальная рэальнасць» Джарон Ланье:

You Are Not a Gadget: A Manifest. New York, 2010.

Ten Arguments for Deleting Your Social Media Accounts Right Now. New York, 2018.

І нядаўняя кніга сацыяльнага псіхолага Шашаны Зубоф:

The Age of Surveillance Capitalism, 2019.

Маргарыта Латышкевіч, «Век людзей»:
Будучыні патрэбны людзі.
Тыя, каго сапраўды можна назваць Чалавекам.

Здольныя марыць — і ўпарта працаваць над тым, каб мары сталі явай. Здольныя любіць: сям’ю, родны кут, Радзіму. Здольныя ствараць новае і пераствараць свет вакол сябе. Здольныя рабіць яго лепшым — і ўдасканальвацца, не спыняцца на дасягнутым, адказваць за здзейсненае.

Разумныя — але без снабізму. Добрыя — але без саладжавасці.

Цікаўныя — бо менавіта цікаўнасць, інтэрас да жыцця штурхае нас наперад, да адкрыццяў, да новых гарызонтаў.

Будучыні патрэбны людзі. Як, зрэшты, патрэбны яны і сучаснасці.

Аксана Данільчык, «На хвалі часу, у плыні жыцця»:
Чалавек — хочацца верыць — істота разумная, здольная выбіраць пэўныя арыенціры для сябе і для соцыуму. У нас ужо фарміруецца пэўнае кола сацыяльна актыўных людзей, асабліва маладых, і гэта радуе. Мы не можам ведаць будучыню, але сумленнасць — бясспрэчная пазачасавая каштоўнасць, прафесіяналізм — таксама. Спалучэнне гэтых якасцей дазваляе чалавеку дзейнічаць выключна ў межах уласнай кампетэнцыі. Дзеля таго, каб будучыня была светлай, неабходна, каб добразычлівасць стала неад’емнай якасцю чалавечых стасункаў, а хамства і агрэсіўнасць сышлі ў нябыт. Будучыні нашай краіны неабходныя людзі, якія разумеюць, што такое сацыяльная адказнасць, і што грошы — рэч, безумоўна, неабходная — не павінны ператварацца ў самамэту, а таксама людзі з высокім агульным культурным узроўнем, пад якім я маю на ўвазе не толькі ўласна веды, але і культуру паводзін.

Дар’я Значонак, «Праблемы гісторыі…»:
Што бачаць тыя, хто едзе на вучобу ці працу ў грамадскім транспарце? Галовы, апушчаныя да гаджэтаў, заткнутыя вушы, схаваныя позіркі... Электроніка значна пашырае нашы магчымасці (ва ўмовах пандэміі — асабліва), але пры гэтым скоўвае, прывучае думаць спрошчана, дзейнічаць па адным алгарытме. А занурыўшыся ў тэлефоны, можна выпусціць з-пад увагі рэальнасць. Дзеля віртуальнага махнуць рукой на сапраўднае.
Для стварэння літаратурнага твора не патрэбны найноўшы камп’ютар з найсучаснейшым тэкставым рэдактарам: твор можа быць накрэмзаны алоўкам на паперцы пры святле вогнішча (у такой глухмені, дзе не ловіць мабільны аператар). Істотная толькі ідэя, а яна нараджаецца ў чалавечай свядомасці — аўтаномнай і ад таго моцнай. Важна ведаць свае сілы і ўмець дзейнічаць без спадзеву на тэхнічныя сродкі. Адчуваць сваю незалежнасць і быць адкрытым для знешняга. Абапірацца на розум.

Наталля Бахановіч, «Акалічнасці месца і часу»:
Мы жывём у эпоху культа поспеху і залежым не толькі ад матэрыяльных і прафесійных дасягненняў, але і ад колькасці лайкаў і фаловераў у сацсетках. Герою антычнага міфа нават не ўяўлялася, наколькі яго перасягне ў нарцысізме чалавек нашага часу. Нам так нясцерпна хочацца быць прынятымі і адобранымі людзьмі, што мы не звяртаем увагі на плату.

Стомленае ўдзелам у «марафонах паспяховасці» грамадства саспела да «апгрэйду». Недарэмна коўчы ў адзін голас загаварылі пра эмацыянальны інтэлект — добрае веданне сябе ўнутранага, кантакт са сваёй глыбіннай сутнасцю. Такая ўласцівасць развівае эмпатычнасць, павышае якасць міжасабовага ўзаемадзеяння і, адзіная, надзяляе чалавека перавагай перад машынай.

Як развіць эмацыянальны інтэлект?

Заўважаць, што на ўзроўні пачуццяў адбываецца з табой і субяседнікам у кожны момант. Працаваць з мысленнем: правяраць уласныя думкі на адэкватнасць. Разбірацца з індывідуальнай гісторыяй — родавай, сямейнай, дзіцячай. Вызваляцца ад абумоўленасцей і навязаных сэнсаў.

Каб аддзяліць сябе ад абалонкі і кіравацца асабістай, незалежнай ісцінай.

Андрэй Кулеш, вокладка:
Калі гавораць пра «нарооод», з расцягнутым «о», гэта заўсёды гучыць так, што цягнешся за лінейкай, каб адмахнуцца. А вось пра людзей — іншая рэч. Так, ёсць градацыя. І тут ніякай фанабэрыстасці няма. Нават у добрым шнапсе толькі сорак працэнтаў рэчыва, астатнія шэсцьдзясят — элемент неад’емны, але не галоўны. Так нейкі немец ці аўстрыец казаў. Ужо не памятаю.

Аздараўленне — гэта мэта самога пацыента, а не толькі таблетак, сіропаў і парашкоў. Аздаравіцца ў людзей, якія возьмуць адказнасць за сябе і на сябе. Сапраўдная свабода — гэта ў першую чаргу адказнасць, а не ўсёдазволенасць і воля, якая канчаецца там, дзе пачынаецца чужое яе разуменне. Больш, больш адказнасці, а не «мне ўсё павінны». Сапраўднай, а не па «службовай інструкцыі».

То бок аптымальны чалавек для нашых шырынь — гэта ініцыятыўная асоба, якая адказвае за сябе і за тое, што яе атачае. З прышчэпкай ад інфантылізму, радыкальнай істэрыі і прафесійнай неўрастэніі.

І такіх у нас хапае, на расаду, прынамсі, хопіць. Нашы могуць шмат што, толькі б ім не заміналі.

Канстанцін Касяк, «Крэскі жыцця»:
Цяпер модна гаварыць, што нас чакае Новае Сярэднявечча. Не ў тым сэнсе, што мы пазбавімся здабыткаў цывілізацыі, а ў тым, што наперадзе змрочныя часіны. Ужо цяпер свет сутыкаецца з выклікамі, якія раней было цяжка сабе ўявіць.

Мне здаецца, што нашай краіне патрэбныя людзі з рыцарскімі каштоўнасцямі. Рэальнымі, а не выдуманымі. Рэканструктары былі, ёсць і будуць. Але я пра тых, хто насамрэч свае ідэалы паставіць вышэй за ўласны камфорт і дабрабыт. Такія асобы, безумоўна, ёсць і цяпер, але іх вельмі мала. Цяперашняй эпосе не стае героікі, а ўсё, што з ёй звязана, высмейваецца. На першы план выходзяць грошы. Але прыйшла пандэмія, і многія зразумелі, што ў нас ёсць урачы і яны самыя сапраўдныя героі на перадавой. А колькі яшчэ такіх жыццёвых «франтоў» будзе…

Адзін з маіх любімых твораў — гравюра Альбрэхта Дзюрэра «Рыцар, смерць і д’ябал». Дык вось, патрэбныя такія людзі, як выяўлены на ёй вершнік. Закаваны ў латы ўласнай веры і непахіснасці, ён, ні на што не зважаючы, упарта ідзе да сваёй мэты. І сумнявацца ў ім не выпадае.

Зміцер Крэс, паэзія:
Гісторыя Беларусі складвалася такім чынам, што ледзь толькі наш шматмільённы народ паўставаў перад лёсавызначальным выбарам (сітуацыя, якая здаралася з намі нярэдка), мо выразней за іншыя чулася пытанне: а ці існавацьме ўвогуле Беларусь у будучыні? І некаторым тады, уважаючы на ўсю сур’ёзнасць паўсталых перад намі выклікаў, лацвей было ўявіць свет будучыні, які ёсць без нас — свет гэты, здаецца, няшмат што страціць... Як і мы — без Беларусі. Жыў бо чалавек наш, калі нават слова такога не было, і не ўсведамляў ані сваёй, ані народнай каштоўнасці. Дык ці трэба нам усім марыць пра нейкую агульную беларускую будучыню, нават і ў самой Беларусі, калі кожны з нас выбудоўвае свой шлях у гэтым вялікім, размаітым свеце, даверху поўным усялякімі найменнямі, вартасць кожнага з якіх не такая ўжо значная, зважаючы адно хаця б на іх колькасць...

А выходзіць, спадарства, што ўсё ж такі трэба, хай бо і не так відавочна яно напачатку. Каб хоць трохі прадбачыць нашу будучыню, перш трэба ўважліва агледзець мінуўшчыну: з чым мы і як прыйшлі ў гэты свет, і што нам, з нашай прышласці, наканавана ў яго несці. З чаго ўзнікла Беларусь? Напэўна, кожны з нас мае свой адказ. Мой, вынесены яшчэ з дзяцінства, такі: з міфа, з паданняў, з нашых казак і легенд — аб князю Белаполе і хартах ягоных, Стаўры і Гаўры (рэхам гэтай далёкасяжнай легенды з’яўляецца дагэтуль захаваная традыцыя святкавання Стаўроўскіх Дзядоў), аб незлічоных скарбах, пазакапаных прашчурамі ў нашай зямлі, якія выходзяць на паверхню ў Купалаўскую ноч разам з ззяннем чароўнай папараць-кветкі, аб велічных асілках і лютых, ненажэрных ваўкалаках... З гэтых казак у нашым маленстве вырастала міфічная постаць Бацькаўшчыны, уся яна, здавалася, была населена дзівоснымі істотамі, кожны куток яе — апеты чароўнымі байкамі. І такое бачанне нашай краіны — не сённяшняе, бо такою ж бачылі яе шчэ і сто, і дзвесце год таму нашы продкі. Выразнікам, ці ж нават і «архітэктарам», такога міфічнага ўспрымання нашага краю быў славуты беларус, выхаванец Полацкай езуіцкай акадэміі Ян Баршчэўскі. Напэўна, упершыню ў гісторыі, з такой выразнай сілаю загучалі словы любові да роднага краю — не Русі, не Літвы, не Рэчы Паспалітай абодвух народаў, а — Беларусі. «Шляхціц Завальня», выдадзены ў 1844 годзе ў сталіцы Расейскай імперыі па-польску, стаў сапраўднай энцыклапедыяй легенд і паданняў нашай зямлі. Геніяльны твор гэты акрэсліў і вылучыў яе «казачныя» абшары сярод іншых славянскіх культур, і Беларусь — загучала. Ды настолькі моцна, што неўзабаве, ужо ў 1863 годзе, ёй стала замала межаў «казачных»: Беларусь пачала ўцелаўляцца ўжо ў свеце палітычным, займела свайго правадыра — палымянага лідара, рэвалюцыянера-дэмакрата, нацыянальнага героя Канстанціна Каліноўскага. Яму было накавана зрабіць немагчымае: здолець данесці запалены зніч да сэрца кожнага «мужыка», кожнага беларуса, абудзіць народ, пераканаць яго ва ўласнай вартасці, самастойнасці духоўнай і палітычнай.

І беларускі народ прачнуўся, ізноў паверыў у сябе. Нягледзячы на фізічную паразу паўстання, здушыць яго духоўную перамогу было немагчыма. Праз чвэрць стагоддзя ўдзельнік гэтага паўстання, «народны адвакат» Францішак Багушэвіч выдае ў Кракаве невялічкую кніжыцу з красамоўнай назвай — «Дудка беларуская», якая стала пачаткам паўнавартаснага нацыянальнага Адраджэння. У грунтоўнай прадмове да кніжкі аўтар акрэслівае найважнейшыя рысы сучаснай Беларусі: межы, мову, гістарычную спадчыну.

Уплыў, які аказаў Багушэвіч на далейшае станаўленне нашай краіны, каласальны. Як па цёплым дажджы, узнікаюць нацыянальныя пісьменнікі, наладжваецца беларуская перыёдыка, кнігадрукаванне, ствараецца першая беларуская партыя — Беларуская Сацыялістычная Грамада. Суседзям і не, сябрам і ворагам — усім становіцца зразумела, што на сусветнай арэне паўнавартасна заяўляе аб сабе Народ, Край — Беларусь. Вір сацыяльных і палітычных катаклізмаў гартуе новы рух, шліфуе нацыянальную ідэю, і вось ужо новы нацыянальны Прарок, падсумоўваючы набытак папярэднікаў, уголас аб’яўляе максіму — «людзьмі звацца». Гэта — і сцвярджэнне высокай чалавечай годнасці, і неабходнасць сацыяльнай і палітычнай незалежнасці, і ўсведамленне агульнай уласнай сілы. Пройдзе зусім няшмат часу — і на мапе свету нарэшце ўзнікне беларуская дзяржава, з яе суверэнным правам карыстацца ўласным лёсам, вырашаць самастойна лёс свайго Народа…

Нарадзіўшыся, жывучы ў гэтай краіне, мы не аднойчы задумваемся, якая будучыня чакае нас і што мы ўласна можам для гэтай будучыні зрабіць. Разважаючы аб гэтым, я штораз узгадваю папярэднікаў, Атлантаў, чыімі высілкамі, на чыіх плячах паўстала з міфа наша рэальнасць. І разумею, як дужа патрэбны нашай будучыні тыя, хто б памятаў іх мужны шлях і тую ідэю — нашу, беларускую ідэю, — якую наканавана несці ў будучыню ўжо ім. Гістарычная памяць — найпатрэбнейшая рэч, якую павінны мець нашы нашчадкі.

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.