Вы тут

Як абясшкодзiць ежу, рэчы i пасцель ад жукоў, молi, кляшчоў i iншых паразiтаў


Насякомыя трапляюць на кухню рознымi шляхамi. Пранiкаюць з вулiцы праз вокны i шчылiны, перапаўзаюць ад суседзяў, асаблiва калi тыя iх труцяць. А яшчэ насякомых можа быць поўна ў прадуктах, якiя мы прыносiм з магазiнаў, бо жучкi на прылаўках — звычайная рэч. Прычым харчовыя насякомыя моцна адрознiваюцца ад сваiх лясных суродзiчаў, хоць знешне яны i падобныя. Ад прадуктаў, у якiх корпалiся нязваныя «госцi», можна падхапiць iнфекцыю i атрымаць атручванне iх экскрэментамi, бо кожны паразiт выдзяляе адходаў у дзясяткi разоў больш за ўласную вагу.


Калi на кухнi завялiся мурашкi, то самастойна iх вывесцi наўрад цi ўдасца: у адрозненне ад лясных братоў, яны засяляюць прасценкi, шчылiны ў падлозе i падмурку, прастору за шпалерамi, нават складкi ў адзеннi, вазы i апаратуру — усё, дзе цёпла, цёмна i недалёка ад ежы. Тут патрэбная прафесiйная дэзынфекцыя.

Важна падтрымлiваць парадак на кухнi, прывучыўшыся герметычна ўпакоўваць рэшткi ежы ў кантэйнеры. Напрыклад, крупы трэба перасыпаць з заводскай пластыкавай упакоўкi ў бляшаныя, шкляныя цi тоўстыя пластыкавыя слоікi. Заводскi полiэтылен насякомыя лёгка прагрызаюць. Прычым, пакуль яны не вылупяцца, нельга зразумець, чыстыя крупы цi не. Але з дапамогай простага лайфхаку можна знiшчыць дробных шкоднiкаў, не раскрываючы ўпакоўку. Для гэтага крупы адразу ж пасля магазiна кладуць на пару дзён у маразiлку. Тады ўсе лiчынкi гiнуць без усякай хiмii. А вось калi яны ўжо вылупiлiся i распаўзлiся па ўсёй кухнi, то заселеныя iмi прадукты давядзецца выкiнуць, усю кухню памыць з мылам i содай, працерцi шафы воцатам i перастаць набываць муку i крупы ў запас.

Моль, лiчынкi якой харчуюцца крупамi, арэхамi i мучным, — шэрая, а тая, што есць тканiны, — белая, так званая адзежная. I за той, i за другой ганяцца з тапкам бессэнсоўна. Бо дарослая моль, якая лятае, увогуле нiчога не есць, у яе нават рота няма, а лiчынак яна ўжо, хутчэй за ўсё, адклала. Хаваецца моль у шафе цi за канапай i рыскае ў пошуках керацiну — рэчыва, з якога складаецца скура ўсiх млекакормячых, ногцi, а асаблiва валасы i поўсць.

Спецыялiсты лiчаць бессэнсоўнымi лаванду, хвою, апельсiнавую корку, iншыя народныя сродкi барацьбы з гэтымi шкоднiкамi, бо моль да iх хутка адаптуецца. Калi павесiць у шафу мяшочак з лавандай, а моль ужо была ў iм дагэтуль, то народжанаму ў лавандавай атмасферы пакаленню гэты моцны пах будзе анi ў знак. Адзiнае, што можа падзейнiчаць, — гэта каўказскi рамонак, у якiм утрымлiваецца прыродны яд пiрэтрын. Але лепш за ўсё перабiраць рэчы ў шафе хоць раз на месяц. Моль развiваецца каля 40 дзён — ад матылька да матылька. Ёй трэба, каб яе не чапалi. А калi вы ўвесь час пераварочваеце рэчы, выцягваеце на вулiцу, на сонца, вусенi загiнуць.

Праграваць цi прамарожваць варта яшчэ i матрац, i падушкi з коўдрай — i не ад молi, а ад пылавых кляшчоў. Iх памер — усяго тры дзясятыя мiлiметра, i даследаваннi паказваюць, што ў адным граме пылу корпаецца пяцьсот такiх мiкрапаразiтаў. А ў ложку iх можа быць два мiльёны. Харчуюцца яны лускавiнкамi нашай скуры. Чалавек скiдвае паўтара грама мёртвых клетак у дзень, i гэтай колькасцю можна накармiць цэлы мiльён кляшчоў. Таму iх шмат у пасцельнай бялiзне, асаблiва ў падушках, коўдрах i пярынах з натуральным пухам, якi добра ўтрымлiвае вiльгаць. Для кляшчоў такiя ўмовы — раскоша. Дарэчы, менавiта ў падушках ад сумнеўнага вытворцы гэтыя паразiты часта i трапляюць у дом.

Як i ў выпадку з жучкамi, для чалавека небяспечныя не самi кляшчы, а iх адходы — гуанiн, якi яны выдзяляюць дваццаць разоў на дзень. Гэта адзiн з самых моцных алергенаў, якi можа стаць прычынай бранхiяльнай астмы, рынiту, скурных захворванняў. Каб ад гэтага засцерагчыся, мiкрабiёлагi раяць не набываць падушкi i коўдры з натуральным пухам. Зiмой матрац можна цалкам прамарожваць на балконе некалькi гадзiн, а летам — праграваць пад палячым сонцам. А заадно — дываны i iншыя пухнатыя пыла- i клешчазборнiкi.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: ivona.bigmir.net

Загаловак у газеце: Нязваныя госцi

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.