22 верасня, аўторак

Вы тут

Як у Гродне прайшоў IХ фестываль вулiчнага мастацтва


Сёлета яскравага i вясёлага шэсця, як было раней, не атрымалася. Але каманда арганiзатараў не адмовiлася ад правядзення фэсту, а перанесла яго ў анлайн-фармат. Трансляцыя вялася з iмправiзаванай пляцоўкi на беразе Нёмана. Разам з тым да гродзенцаў, якiя на ёй выступалi, далучылiся беларускiя i замежныя артысты ў вiдэафармаце.


Бiг-мiнi-фестываль без перабольшання можна назваць адным з брэндаў горада. I хоць свята значна маладзейшае i не такое маштабнае, як вядомы Фестываль нацыянальных культур, гэтая падзея становiцца значнай у гарадскiм асяроддзi. Традыцыйна ў канцы лiпеня пешаходная вулiца гiстарычнага цэнтра запаўняецца вясёлым натоўпам. Адно толькi шэсце чаго варта! Тут i музыканты, i цыркачы, i артысты арыгiнальных жанраў, i жывыя скульптуры. На леташнi фестываль сабралася амаль 300 удзельнiкаў з шасцi краiн свету. А заявак было атрымана ўдвая больш.

Сёлета ўся праграма сышла ў iнтэрнэт. Трансляцыя вялася больш за тры гадзiны. I хоць аўдыторыя ў асноўным была вiртуальная, гродзенскiя артысты выступалi на сцэне — на пляцоўцы каля Нёмана. Тут жа вядучыя шоу коратка знаёмiлi з удзельнiкамi фестывалю. Раз-пораз арганiзатары выходзiлi на сувязь з iншымi гарадамi Беларусi, а таксама замежнымi артыстамi.

Фестываль такога фармату аказаўся першым вопытам, але арганiзатары бачаць у гэтым i свае плюсы: па-першае, магчымасць пашырыць аўдыторыю, а па-другое, шанц зацiкавiць замежных артыстаў да ўдзелу ў наступным, юбiлейным фэсце вулiчнага мастацтва.

Менавiта на гэта скiроўвала сваiх вiртуальных суразмоўнiкаў арганiзатар фестывалю Настасся Роўба. Яна адзначыла, што падрыхтоўка да яго ўжо хутка i ўжо зараз можна дасылаць свае пажаданнi i заяўляць пра ўдзел.

Вядома, вулiчнае мастацтва — гэта ў значнай ступенi музыканты. Самая юная ўдзельнiца Ева Венская прадэманстравала iгру на некалькiх музычных iнструментах — флейце, трубе, саксафоне. Яна неаднойчы выступала на Бiг-мiнi-фестывалi, а таксама ўдзельнiчала ў мiжнародных конкурсах. А вось квартэт саксафанiстаў з Гродна — калектыў унiкальны. Яго кiраўнiк Сяргей кажа, што гэта першы ў горадзе такога роду вулiчны калектыў. Яны сапраўды выйшлi на вулiцу, бо апошнiя паўгода былi пазбаўлены гледачоў, не маглi сябе творча рэалiзаваць з-за адсутнасцi канцэртаў i конкурсаў. Таму музыканты вырашылi iграць на вулiцах, дзе i былi знойдзены арганiзатарамi фестывалю. Можна тут iншым разам сустрэць i музыканта Аляксандра Зiмiна, якi жартам называе свой iнструмент «лятаючая талерка». На самай справе гэта хэндпан — металiчны барабан, гiсторыя якога не налiчвае нават двух дзесяцiгоддзяў. Мiж тым iнструмент збiрае нямала прыхiльнiкаў як сярод музыкантаў, так i сярод слухачоў.

Вядома, вулiчнае мастацтва — гэта не толькi музыканты. Праграму фестывалю значна ўзбагацiлi выступленнi тэатральных калектываў. Напрыклад, малады тэатр «Гродзенская надзея» мовай пантамiмы расказаў пра тое, чаму важна не быць залежным ад мабiльнiкаў, а больш сустракацца i размаўляць асабiста. Яскравае вiдовiшча паказаў гродзенскi калектыў чэрлiдараў «Дартлi». Сваю праграму прадставiла «Свабодная студыя» — цiкавая творчая прастора, якая праводзiць канцэрты, адукацыйныя лекцыi i семiнары, танцавальныя конкурсы, фотасесii i многае iншае.

Вялiкую праграму прэзентаваў гродзенскi фрык-тэатр «Гiксаген». Яго кiраўнiк Васiль Калач растлумачыў, што вулiчны тэатр, якому пяць гадоў, любiць дэманстраваць гледачам нестандартныя нумары — напрыклад, пiрацкiя або фехтавальныя.

Анлайн-фестываль даў магчымасць пераадолець межы i ўбачыць вулiчнае мастацтва iншых краiн. Напрыклад, тэатр «Сола» з Санкт-Пецярбургу рыхтуе праграму, у аснове якой карнавальнае шэсце. Гэта цэлы спектакль, прэм'ера якога адбудзецца толькi ў жнiўнi. Магчыма, новую праграму расiйскiя артысты прывязуць на гродзенскi фестываль налета. Падчас вiдэасувязi ўдзельнiца калектыву расказала, як хочацца выступаць перад жывой аўдыторыяй, i пажадала, каб свет прачнуўся пасля пандэмii з жаданнем новых свят i фестываляў.

У анлайн-фармаце выступiў калектыў з Мiнска «Варгiн». Удзельнiкi растлумачылi, што Варгiн — гэта таямнiчы кароль катоў у мiфалогii беларусаў. Студыя аб'ядноўвае людзей, якiя апантаны любоўю да беларускай культуры, яе традыцый i спадчыны. У рэпертуары можна знайсцi спектаклi, перфомансы, майстар-класы i музычныя праграмы для дзяцей i дарослых. На гродзенскiм фестывалi прагучала палеская вясельная песня ў апрацоўцы музыкантаў.

Дзякуючы сецiву прыхiльнiкi фестывалю змаглi ўбачыць выступленнi паветранай гiмнасткi з Iрландыi, а таксама эстонскую танцорку з агню.

Трэба сказаць, што вулiчнае мастацтва набывае даволi вiдавочны «вогненны» акцэнт. Прыхiльнiкаў падобных шоу становiцца ўсё больш. Вось i на фестывалi ў Гродне сваё майстэрства прадэманстравалi Сняжана i Уладзiмiр з Вiцебска. «Вогненным» мастацтвам яны займаюцца восем гадоў i часта выступаюць на публiцы. Вогненна-музычнае шоу на тэму аповесцi Гогаля «Вечары на хутары паблiзу Дзiканькi» прадставiў анлайн-калектыў з украiнскага горада Чарнаўцы. Дзяўчаты-ўдзельнiцы расказалi, што рыхтавалася праграма паўгода. Калi будзе магчымасць, яны налета мяркуюць паказаць яе i ў Гродне на юбiлейным Х фестывалi.

А завяршыўся сёлетнi фестываль феерычным выступленнем вядомага гродзенскага тэатра агню «Эрга Бiбамус». Нумар уразiў i эфектам вогненнага дажджу, i доўгай вогненнай спiраллю, якая нагадвала ДНК. Тэатр, што называецца, паставiў яскравую кропку. Дарэчы, агенцтва «Бiбам» разам з цэнтрам культуры «Гродна» i гарвыканкамам уваходзiць у лiк арганiзатараў Бiг-мiнi-фестывалю, дэвiз якога — «Да мастацтва — скрозь рамкi».

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Ад тусоўкi фанатаў да мiжнароднага свята

Выбар рэдакцыі

Культура

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

Пра калег — настаўнiкаў, старэйшых таварышаў, паплечнiкаў распавядае доктар педагагiчных навук, прафесар матэматыкi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь.

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.