Вы тут

Ці лёгка сумяшчаць палёты і медыцыну?


— Заўсёды хацелася сумясціць любімыя захапленні — палёты і медыцыну. І вось цяпер мара ажыццявілася, — расказвае дваццацітрохгадовая Анастасія БУРКО. — Мой першы палёт адбыўся ў родным Жлобіне, калі мне было пяць гадоў. У аэраклуб перыядычна браў з сабой бацька, катаў на планёры і на самалёце. Можна сказаць, што менавіта ён перадаў мне любоў да неба.


Наша гераіня — майстар спорту, удзельніца XVІ чэмпіянату свету па верталётным спорце. Амаль палову свайго жыцця Насця правяла на вышыні, гэта для яе захапленне нумар адзін. Другое звязана з прафесіяй, суразмоўніца — малады ўрач. Скончыла лячэбны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і зараз працуе інтэрнам у бальніцы хуткай дапамогі ў Брэсце. Ці лёгка сумяшчаць гэтыя два заняткі?

— У дзяцінстве наведвала розныя гурткі і секцыі, аднак найбольшую цікавасць выклікалі тэквандо і плаванне. Пазней, у дзявятым класе, дадаўся лётны спорт. Страху не было наогул, наадварот, хацелася хутчэй навучыцца самой кіраваць планёрам або самалётам. У той год, калі перада мной стаяў выбар, куды паступаць, у Ваенную акадэмію дзяўчат не набіралі. Таму абрала асноўнай дзейнасцю медыцыну, і ні разу не пашкадавала аб гэтым. Разам з тым адразу ж запісалася ў сталічнае ДТСААФ, там сказалі: можам узяць толькі на верталёт, тады атрымаецца жаночы лётны экіпаж. Я пагадзілася. На працягу года вучыла тэорыю, здавала залікі, толькі пасля перайшла да практыкі. Памятаю, сяджу ў аўдыторыі і не зводжу вачэй з акна: больш вопытныя калегі выконваюць фігуры пілатажу ў небе, а мне толькі назірай... Так хацелася хутчэй да іх, на вышыню! — успамінае Насця.

Калі дзяўчыне дазволілі самастойна кіраваць верталётам, прыйшло ўсведамленне: захапленне лётным спортам займае нямала вольнага часу, што для студэнта-медыка — недазвольная раскоша. Але суразмоўніца імкнулася паспяваць усюды. Ведаючы, што яе чакаюць вялікія аб'ёмы работы, брала кніжкі на аэрадром і паміж палётамі рыхтавалася да пар. «За ўсе шэсць гадоў вучобы ў сталіцы я ні разу не схадзіла ў клубы. Таму што ў выхадныя, калі асноўная частка моладзі адпачывала, мяне таксама чакалі палёты. Але гэта вельмі падабалася!»

Лётны сезон у спартсменаў пачынаецца, калі сыходзіць снег. Актыўная падрыхтоўка да значных спаборніцтваў — бліжэй да лета.

— У Беларусі я прымала ўдзел ва ўсіх, таксама выступала ў суседніх краінах, каб удасканаліць, «пракачаць» свае навыкі. У той час, калі я толькі прыйшла ў ДТСААФ, у Польшчы праходзіў Чэмпіянат свету па лётным спорце. Аднак мы з напарніцай яшчэ не былі гатовыя да яго, таму пачалі рыхтавацца да наступнага, што прайшоў у Мінску ў 2018 годзе. Ён доўжыўся некалькі дзён, падрыхтоўка была сур'ёзная, напэўна, таму ў нас з Сафіяй атрымаўся найлепшы вынік за ўсю гісторыю нашых з ёю сумесных палётаў. Падчас спаборніцтваў вельмі важна ўмець слухаць адна адну. Мы ж ніколі не канфліктавалі, не разыходзіліся па розных баках пасля сумеснага палёту. Хоць у іншых спартсменаў часам такое адбывалася. Лічу, што гэта няправільна. Падчас чэмпіянату свету Сафія была мозгам верталёта, а я — вачамі. У мае абавязкі ўваходзіла разлічваць курс палёту, працаваць з картай і іншае. Калі трэба было паказваць фігуры пілатажу на малой вышыні, а камандзіру нічога не было відаць, яна ляцела па маіх указаннях. Увогуле часта перад спаборніцтвамі з напарніцай размаўляем з нашымі верталётамі Мі-2, бо лічым, што ў іх ёсць душа.

Пілотам-навічкам Насця дае параду: не апускайце рукі, калі ў вас штосьці не выходзіць, бо з першых хвілін у небе выдатны палёт атрымліваецца рэдка.

— Менавіта ў мяне ніколі не было жадання кінуць гэтую справу. Наадварот, прыкладваю яшчэ больш намаганняў, каб усё атрымалася. Мне вельмі пашанцавала з бацькамі і з інструктарамі. Тата заўсёды дае патрэбныя парады. Адна з галоўных — не баяцца. «Гэта ты кіруеш верталётам, ты галоўная, ён абавязкова будзе слухацца», — запэўніваў бацька.
І сапраўды, калі тое разумееш, выходзіць нашмат лепш. У дасягненні паспяховых вынікаў мне добра дапамагае аналіз сваёй работы: ці ўлічыла паказчыкі ветру, ці мякка прызямлілася і іншае. Наступны раз узлятаеш і памятаеш, чаго рабіць не трэба. Таксама я спакойна стаўлюся да канструктыўнай крытыкі, гэта безумоўна развівае.

У сям'і Караткевічаў (дзявочае прозвішча суразмоўніцы) тры дачкі, Анастасія самая старэйшая. Хрысціну, якой зараз дваццаць гадоў, таксама прыцягвае лётны спорт. Яна распачынае, як сястра, з планёра ў Жлобінска-Рагачоўскім аэраклубе, летась прыехала на вучобу ў сталіцу і запісалася там у ДТСААФ. Малодшай Аляксандры яшчэ толькі дванаццаць, таму хто ведае, можа яна, як і сёстры, таксама захоча звязаць сваё жыццё з палётамі...

— Так выйшла, што і мой муж Андрэй таксама лётчык. Усё дзяцінства ён правёў у ваенным гарадку пад Пружанамі, дзе служыў яго бацька. Хлопец быў упэўнены, што стане лётчыкам. Мара ажыццявілася — паступіў у Ваенную акадэмію, зараз мае званне старшага лейтэнанта і штодзень паднімаецца ў неба. Пазнаёміліся мы ў ДТСААФ, калі курсанты-авіятары праходзілі там стажыроўку, сярод іх быў і Андрэй. Пажаніліся два гады таму, вяселле прайшло ў авіяцыйным стылі. Сталы былі ўпрыгожаны фігуркамі самалётаў, замест кнігі пажаданняў — вялікі глобус, на якім госці пакідалі добрыя словы, а на праектары — сумесныя фатаграфіі на авіяцыйную тэматыку. Думаю, гэта крута, што нас аб'яднаюць палёты, напрыклад, калі ўсе падзеі абмеркаваныя, можна вечна звяртацца да «сваёй» тэмы.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Насця як жонка ваеннага пераехала да Андрэя ў Брэст. Гераіня прызнаецца, што гэтае рашэнне далося ёй цяжка, бо дзяўчына разумела: цяпер падняцца ў неба можна будзе толькі праз некаторы час. «Спадзяюся, што пасля размеркавання мы ўсё ж такі пераедзем у Мінск. Тады дзве любімыя справы — палёты і медыцына — зноў будуць са мной побач. А пакуль што ў мяне інтэрнатура, як малады спецыяліст я патрэбна пацыентам тут, таму з Мі-2 мы сустрэнемся праз год».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіва герояў

Загаловак у газеце: Неба. Верталёт. Дзяўчына. І адно каханне на дваіх

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.