19 верасня, субота

Вы тут

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах


Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам? Як ацаніць свае магчымасці? І ў якім выпадку ў крэдыце вам адмовяць? Па адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы звярнуліся да начальніка аддзела фінансавай адукаванасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Юліі Саковіч.


— Як чалавеку ацаніць, ці разумна для яго ў тых ці іншых абставінах браць крэдыт?

— У якім выпадку вы б ні вырашылі скарыстацца крэдытам, трэба добра ўсведамляць: яго неабходна вяртаць строга ў адпаведнасці з умовамі крэдытнага дагавора, а таксама выплаціць банку працэнты за карыстанне крэдытнымі грашыма. Таму вельмі важна рэальна ацаніць, наколькі стабільныя вашы даходы і ці зможаце вы своечасова і ў поўнай меры ажыццяўляць плацяжы па крэдытным дагаворы. Падумайце і крытычна ацаніце неабходнасць звароту па крэдыт. Пажадана, каб ён браўся на сапраўды неадкладныя і абгрунтаваныя мэты.

І, вядома, ні ў якім разе не прымайце рашэнне аб тым, каб узяць крэдыт, імпульсіўна. Складзіце поўнае ўяўленне пра той банкаўскі прадукт, якім вы хочаце скарыстацца, ацаніце дакладную суму платы за карыстанне грашыма і дакладны графік плацяжоў. Параўнайце падобныя прадукты ў розных банках, каб выбраць варыянт, які найбольш падыходзіць менавіта вам.

У якім выпадку браць крэдыт — разумнае рашэнне? Калі рэч магчыма набыць толькі ў крэдыт — тады, безумоўна, ён апраўданы. Напрыклад, цалкам зразумела, што для рэалізацыі такой важнай мэты, як набыццё кватэры, чалавеку, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца фінансавая падтрымка з боку. Грошы таксама могуць спатрэбіцца на арганізацыю свайго бізнесу, на экстраннае лячэнне і г. д. Неапраўданым будзе крэдыт на тое, без чаго аб'ектыўна можна абысціся або на што можна сабраць самастойна праз некаторы час. У гэтым выпадку набыццё рэчы абыйдзецца танней, бо крэдыт — гэта не падарунак, яго давядзецца вяртаць з працэнтамі, як бы ні склалася ў далейшым ваша жыццё. «Купляйце зараз, плаціце потым» — гэта выглядае прывабна. Але важна разумець, што тое «потым» абавязкова наступае.

— Як банк прымае рашэнне аб выдачы крэдыту?

— Робіць ён гэта на падставе шматфактарнага аналізу: ацэньвае даходы кліента, яго магчымасці своечасова рэгулярна пагашаць крэдыт і выплачваць працэнты. Для гэтага, у прыватнасці, банк выкарыстоўвае інфармацыю з крэдытных гісторый, якія захоўваюцца ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь. Крэдытная гісторыя паказвае, якія крэдыты ёсць у чалавека цяпер, якія ён браў раней і як выконваў прынятыя на сябе абавязкі. Яна выдаецца банку ў выглядзе крэдытнай справаздачы са скорынгавай ацэнкай. Але крэдытная гісторыя не мае ні дазваляльнай, ні забараняльнай функцый. Банк можа спадзявацца на разлікі, зробленыя Нацыянальным банкам, або распрацаваць уласныя крытэрыі ацэнкі крэдытаздольнасці заяўніка. Тое, што ў Нацыянальным банку вядуцца нейкія «чорныя спісы», трапіўшы ў якія, вы ўжо не зможаце разлічваць на крэдыт ні ў адным банку краіны, — гэта казкі.

— А што такое скорынгавая ацэнка?

— Гэта сістэма прысваення балаў, якая характарызуе здольнасць кліента пагасіць дадзены яму крэдыт. Балы разлічваюцца па спецыяльным алгарытме на падставе інфармацыі пра паводзіны крэдытаатрымальніка ў мінулым. На скорынгавую ацэнку ўплываюць такія фактары, як, напрыклад, колькасць дзеючых дагавораў па крэдытных здзелках (у тым ліку нядаўна заключаных), наяўнасць пратэрміновак выплат па вашых мінулых крэдытах, іх працягласць і сумы. Бал будзе ніжэйшы, калі ў вас «маладая» крэдытная гісторыя (банк ацэньвае час з моманту заключэння вашай першай крэдытнай здзелкі). Таксама ўплывае колькасць запытаў вашай крэдытнай гісторыі рознымі фінансавымі арганізацыямі: чым іх больш за кароткі час, тым ніжэйшы бал.

— А ці можна ўбачыць сваю крэдытную гісторыю самому?

— Азнаёміцца са сваёй крэдытнай гісторыяй вельмі карысна, каб ведаць, на што можна разлічваць, а таксама для праверкі, ці не закралася ў яе памылка. І гэта нескладана. Можна асабіста звярнуцца ў Нацыянальны банк з пашпартам і атрымаць крэдытную справаздачу. У Мінску такія звесткі выдаюць па адрасе вул. Талстога, 6 (там размешчаны Крэдытны рэгістр Нацыянальнага банка), у іншых населеных пунктах вашу крэдытную справаздачу дадуць у галоўных упраўленнях Нацбанка па абласцях. Можна атрымаць гэты дакумент і не выходзячы з дому, у электронным выглядзе, прайшоўшы рэгістрацыю ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі (https: іpersonal.raschet.by). Раз на год крэдытная справаздача даецца бясплатна.

— Як зразумець, якую максімальную суму грошай я магу атрымаць у крэдыт?

— Выдаючы крэдыт на спажывецкія патрэбы, банк вызначае паказчык пазыковай нагрузкі. Ён разлічваецца як працэнтныя суадносіны агульнага памеру фінансавых абавязацельстваў, якія мае патэнцыйны крэдытаатрымальнік, да памеру яго сярэднямесячнага даходу. Паказчык пазыковай нагрузкі не павінен перавышаць 40 %.

Пры выдачы крэдыту на фінансаванне нерухомасці банк вызначае паказчык забяспечанасці крэдыту. Ён разлічваецца як працэнтныя суадносіны сумы крэдыту і кошту аб'екта нерухомасці, які прымаецца ў заклад у якасці забеспячэння, або іншага забеспячэння ў адпаведнасці з дагаворам. Паказчык забяспечанасці крэдыту не павінен быць большы за 90 %.

— Што рабіць, калі крэдыт быў узяты раней, а цяпер грошай выплачваць яго няма? Напрыклад, чалавек узяў крэдыт і сур'ёзна захварэў або страціў работу і не можа выплачваць штомесячныя плацяжы па ім.

— Калі крэдытаатрымальнік сутыкнуўся з цяжкасцямі пры пагашэнні крэдыту, у першую чаргу трэба звярнуцца ў банк пісьмова і паведаміць яму пра свае праблемы. Ёсць сэнс прасіць аб магчымай рэструктурызацыі крэдыту, заключэнні дадатковага пагаднення да крэдытнага дагавора, якое б прадугледжвала даванне банкам адтэрміноўкі па пагашэнні крэдыту, павелічэнне тэрміну крэдыту, зніжэнне працэнтнай стаўкі. Такім чынам, сумесна з банкам вы можаце знайсці ўзаемапрымальны варыянт выхаду з сітуацыі, якая склалася.

— Калі чалавек з'яўляецца паручыцелем па крэдыце, ці будзе яму больш складана ўзяць крэдыт для сябе?

— Так, трэба ўлічваць, што інфармацыя пра вашы абавязацельствы па крэдытным дагаворы ў якасці паручыцеля накіроўваецца ў Нацыянальны банк, дзе фарміруецца ваша крэдытная гісторыя. Пры разглядзе заявы на атрыманне крэдыту банк будзе ацэньваць вашу крэдытаздольнасць з улікам абавязацельстваў па дагаворы паручыцельства.

— Калі чалавек хоча датэрмінова пагасіць спажывецкі крэдыт, ці можа банк прад'явіць штрафныя санкцыі?

— Крэдыт, выдадзены фізічнай асобе на спажывецкія патрэбы, можа быць датэрмінова пагашаны без папярэдняга паведамлення банку і выплаты штрафных санкцый. Такім чынам крэдытаатрымальнік у падобнай сітуацыі ажыццяўляе зварот сумы крэдыту ў парадку, які прадугледжаны крэдытным дагаворам, і выплачвае працэнты за фактычны час карыстання крэдытам.

— А ці можа банк патрабаваць датэрміновага вяртання крэдыту?

— Пры неналежным выкананні кліентам абавязацельстваў банк мае права патрабаваць датэрміновага вяртання крэдыту, папярэдне паведаміўшы яму пра гэта. Але ў крэдытным дагаворы абавязкова павінна быць замацавана права крэдытаатрымальніка вярнуць крэдыт на працягу трох месяцаў з дня атрымання адпаведнага паведамлення ад банка.

— Ці можна паставіць члену сям'і ў крэдытную гісторыю пазнаку, каб яму не давалі крэдыты, бо ён п'е, псіхічна нездаровы і г. д.?

— Крэдытная гісторыя — гэта толькі сухія лічбы і факты: ніякіх забарон на крэдытаванне, пазнак, плюсікаў ці мінусікаў у ёй не прастаўляецца. Грамадзянін можа быць прызнаны недзеяздольным або абмежавана дзеяздольным у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам. А Нацыянальны банк не можа нікога абмяжоўваць у яго правах.

На 1 ліпеня 2020 года запазычанасць жыхароў краіны па банкаўскіх крэдытах склала 15 мільярдаў рублёў, у тым ліку па крэдытах на спажывецкія патрэбы — 5,7 мільярда і па крэдытах на будаўніцтва (рэканструкцыю) і набыццё жылля — 9,3 мільярда.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.