Вы тут

«Беларусь заўсёды ўмела канцэнтравацца на галоўным і важным»


Прадстаўнікі парламента і дзяржаўныя служачыя працягваюць дзяліцца сваімі ўражаннямі ад Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.


Лілія Ананіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, адзначае, што Пасланне лёсавызначальнае для нашага народа, бо сёння мы ўвайшлі ў завяршальную фазу выбарчай кампаніі, і перад кожным грамадзянінам стаіць важны выбар.

«Прэзідэнт эмацыянальна, глыбока, як сын свайго народа, звярнуўся да нас, беларусаў, з вельмі важнымі словамі. Мы шмат зрабілі для нашай краіны за 25 гадоў тварэння ў няпростых эканамічных, геапалітычных умовах, умовах санкцый. Сёння свет знаходзіцца на вельмі глыбокім разломе, і ад таго, які выбар зробяць беларусы (на карысць стабільнасці, далейшага эвалюцыйнага развіцця), мы зможам утрымаць нашу краіну ці паплывём па волі бушуючых хваль», — дадала яна.

Дэпутат падкрэсліла, што Прэзідэнт прапаноўвае рэальную праграму, грунтуючыся на тым, чаго дасягнулі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы.

«Я згодна з Прэзідэнтам, што сёння ў розных кутках свету, асабліва на постсавецкай прасторы, на нас глядзяць з надзеяй і пытаннем: ці вытрымаюць беларусы, ці ўстаяць пад націскам сцэнарыяў «каляровых» рэвалюцый, якія «намаляваны» не ў нас, але ўсю іх магутнасць (тэхналагічную, фінансавую) мы ўжо на сабе адчуваем?» — канстатуе яна.

Па словах Ліліі Ананіч, асабіста для яе важна, каб краіна і далей заставалася месцам, дзе ўтульна жыць кожнай сям'і, існуюць справядлівасць, бяспека, высокі запыт на развіццё. Імпануюць ёй і словы кіраўніка краіны, звернутыя да моладзі, і тое, што будзе ўдзяляцца ўвага развіццю рэгіёнаў — кожная частка Беларусі заслугоўвае ўтульнага жыцця.

«Важны заклік і пасыл Прэзідэнта задумацца, што ў кожнага з нас у руках выбар лёсу не толькі сваёй сям'і, дома, але і сваёй Айчыны. Беларусь заўсёды ўмела канцэнтравацца на галоўным і важным. Я ўпэўнена, што беларусы зробяць правільны, лёсавызначальны выбар», — рэзюмавала Лідзія Ананіч.


Леанід Брыч, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, расказаў, што разумее словы, сказаныя Прэзідэнтам наконт росту эканомікі ў будучым, — для гэтага ёсць магчымасці.

«Для таго каб наша эканоміка прырастала, нам неабходна не толькі захаваць экспартаарыентаванасць, але каб рынкі яшчэ і павялічваліся. Прагнозы ўраджаю на гэты год паказваюць, што мы дастаткова сябе забяспечваем харчаваннем і маем магчымасць яго перапрацаваць для дабаўленай вартасці, адправіць на экспарт», — працягвае парламентарый.

У гэтым Леанід Брыч бачыць магчымасць атрымаць дадатковы валавы ўнутраны прадукт.

«Наша камісія датычная да распрацоўкі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на найбліжэйшыя гады. Зыходзячы з той сітуацыі, якая склалася ва ўмовах пандэміі і сусветнага крызісу, я абсалютна падтрымліваю пазіцыю, што ў нас не ўводзіліся каранцінныя меры. У сувязі з гэтым наша эканоміка не ўпала вельмі моцна, толькі на 1,7 працэнта. У канцы года мы мяркуем выйсці на леташнія параметры», — упэўнены старшыня Пастаяннай камісіі.


Шляхам эвалюцыі

«Пасланне мяне ўразіла, гэта было эмацыянальна насычана. Ведаеце, урачы сутыкаюцца ў размове з пацыентамі і іх сваякамі з тым, што людзі ўспрымаюць рэчы, якія маюць, як нешта зразумелае. Ну падумаеш, бясплатная ахова здароўя, адукацыя, падумаеш, можна спакойна вечарам выйсці на вуліцу — так і павінна быць. Але, паглядзеўшы на свет, ты разумееш, што так не ўсюды. Людзі, шануйце тое, што ёсць. Толькі абапіраючыся дзвюма нагамі на падмурак, можна рухацца ў будучыню. Эвалюцыйны шлях развіцця заўсёды больш эфектыўны і прыносіць менш страт», — упэўнены міністр аховы здароўя Уладзімір КАРАНІК.

Таксама ён падкрэсліў, што медыцыне ў краіне заўсёды ўдзялялася пільная ўвага: пабудавалі шмат новых устаноў, захавалі і развілі санітарную службу, інфекцыйныя стацыянары. Такі падыход да аховы здароўя дазволіў Беларусі выбраць свой шлях у барацьбе з каранавірусам.

«Нам не давялося рабіць страшны выбар: каго ратаваць — людзей або эканоміку. Кожны займаўся сваёй справай. Сапраўды былі нейкія праблемы, гэта ні для кога не сакрэт. На гэтыя праблемы звярнуў увагу і Прэзідэнт. З яго падтрымкай, я думаю, будзем больш аператыўна выпраўляць тое, што выявіла пандэмія, і зробім нашу сістэму аховы здароўя кампактнай, сучаснай, з высокім мабілізацыйным патэнцыялам», — сказаў Уладзімір Каранік.

Без умяшанняў не абыходзілася

У пацвярджэнне тэмы «каляровых» рэвалюцый, якая прагучала ў Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў адзначыў, што пачынаючы з 1994 года ніводная значная выбарчая кампанія ў Беларусі не абыходзілася без знешняга ўмяшання.

«Найноўшая гісторыя нашай краіны памятае як мінімум шэсць спроб «каляровых» рэвалюцый, — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Андрэй Раўкоў. — Гэтыя спробы робяцца пры дапамозе вонкава непалітызаваных структур і ў цяперашні час. Падобныя працэсы працягваюцца, хоць часам у больш удасканаленых, нярэдка закамуфляваных формах. Адна з іх, так званая трансфармацыя, прадугледжвае кардынальнае дэманціраванне суверэнітэту Беларусі праз змяненне грамадскай свядомасці, каштоўнаснай базы насельніцтва і дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнага кіравання. А асноўнымі драйверамі ў гэтым павінны быць вонкава непалітызаваныя структуры, недзяржаўныя СМІ, блогасфера і сацыяльныя сеткі. Вядома, сучаснае жыццё немагчымае без гэтых атрыбутаў, аднак іх выкарыстанне менавіта для масавага прамывання мазгоў ператварылася ў вырашальны фактар канфліктаў і сацыяльных узрушэнняў XXІ стагоддзя. Выражуся вобразна — нас ужо рыхтуюць да аперацыі, але наркоз яшчэ не надышоў. Нельга на гэта паддавацца».

Марыя ДАДАЛКА і паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».