Вы тут

У беларускіх армян — юбілей


Вялікая армянская грамада ў Беларусі прымае віншаванні: суполцы “Айастан” — 30 гадоў


Архіепіскап Езрас, Мітрапаліт Філарэт, Георгій Егіазаран (у цэнтры) у рэзідэнцыі Мітрапаліта. 2004 год.

Беларусь мае велізарны, шматвекавы досвед жыцця ў міры ды згодзе людзей розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. І сёння ў нашай краіне суладна жывуць армяне, азербайджанцы, афганцы, грэкі, грузіны, дагестанцы, казахі, карэйцы, латышы, літоўцы, малдаване, немцы, палесцінцы, палякі, рускія, башкіры, татары, туркмены, украінцы, цыгане, чувашы, эстонцы, яўрэі, прадстаўнікі розных іншых народаў. Ёсць нагода, каб на гэты раз больш расказаць пра армян, якіх, паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Беларусі — 8 тысяч 512 чалавек. Мінскаму гарадскому армянскаму культурна-асветніцкаму аб’яднанню “Айастан” споўнілася 30 гадоў. Яго старшыня Георгій Егіазаран, якога ведаюць, любяць і паважаюць не толькі армяне, але й беларусы, цяпер у перадсвяточных клопатах. Напярэдадні святкаванняў ён пагадзіўся даць інтэрв’ю газеце “Голас Радзімы”.

— Георгій Анушаванавіч, у Беларусі вы жывяце даўно, і многія вас тут ведаюць. Раскажыце, як аказаліся на беларускай зямлі?

— Дзякуючы прафесіі. Я нарадзіўся ў 1954‑м у Ерэване. Закончыў Кіеўскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі, пачаў працаваць у Ерэванскім упраўленні грамадзянскай авіяцыі. У Мінск прыехаў працаваць па спецыяльнасці, жыву тут з 1979 года і ўвесь час працую ў авіякампаніі “Белавія” на розных пасадах. Апошнім часам узначальваю службу забеспячэння вытворчай дзейнасці. Праца мне вельмі падабаецца, калектыў таксама. У мяне шмат сяброў розных нацыянальнасцяў. Маю сям’ю можна назваць армяна-беларускай: я пабраўся шлюбам з беларускай. Яна й дапамагла мне асвоіцца ў Беларусі. А ў Арменіі ў мяне застаецца шмат сваякоў, братоў і сясцёр, пляменнікаў і пляменніц. Я ж восьмы па ліку ў сям’і, наймалодшы. Бацькоў даўно няма сярод нас, але я не парываю сувязяў з радзімай. Часта лятаю ў Арменію. Запрашаю родных і сяброў да сябе ў госці, у Беларусь. Яны пра мяне таксама не забываюцца. Нават дзіцяці, як толькі пачынае гаварыць, расказваюць: у яго ў Беларусі ёсць сваяк Георгій.

— А як стаць “сваім” сярод “чужых”? Камусьці бывае цяжка прызвычаіцца на новым месцы…

— І мне калісьці казалі, што не выжыву ўдалечыні ад радзімы. Сапраўды, спачатку было цяжка без родных, сяброў, аднакласнікаў. Многае на новым месцы было нязвыклым і ўражвала. Цяпер я ведаю: каб жыць у іншым культурным асяродку, трэба пагадзіцца прыстасоўвацца. Калі ў мяне пытаюцца, хто ў гэтай краіне павінен прыстасоўвацца першым, я адказваю адназначна: іншаземец. Бо як жа можна прыязджаць сюды й пачынаць устанаўліваць свае парадкі! Кожная краіна мае свае асаблівасці, але ж людзі ўсюды падобныя тым, што на дабро адказваюць дабром. Калі да любога чалавека ставіцца з павагай, то можна чакаць таго ж у адказ. Гэта правіла дапамагае мне заводзіць новых прыяцеляў, не быць чужым у іншай краіне. А Беларусь мне спадабалася адразу.

— Аб’яднанне “Айастан” узнікла ў 1990 годзе. Вядома, што армяне пачалі масава перасяляцца ў Беларусь адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, як воіны-армяне абаранялі Беларусь і гінулі за яе, мы пісалі. (“Баявы шлях ад Арменіі да Беларусі” — ГР, 15.11.2019. — Рэд.) Скажыце: чаму грамадская арганізацыя ў армян узнікла менавіта ў 90‑я?

— Армяне ў Беларусі да таго часу збіраліся невялічкімі групамі, каб паразмаўляць, абмяняцца думкамі, паспяваць нашы песні, выпіць армянскага віна. Так жа лягчэй адаптавацца ў новых умовах. А рашэнне стварыць аб’яднанне “Айастан” выспела пасля землятрусу ў Арменіі ў 1988 годзе. 30 армян, што апынуліся ў Беларусі пасля развалу Савецкага Саюза, аб’ядналіся ў суполку, каб сумесна дапамагаць суайчыннікам, пацярпелым ад землятрусу. Пасля рэгістрацыі аб’яднання першым яго старшынёй стаў таленавіты мастак і дызайнер Лявон Дарбінян. А я на той час быў яго намеснікам. Сёлета да 30‑годдзя мы выдалі юбілейны часопіс, падалі ў ім гісторыю аб’яднання “Айастан”.

— На вокладцы часопіса мяне ўразіла выява Эчміадзінскага кафедральнага сабора. Гэта, відаць, сімвалічны храм для беларускіх армян?

— Так, бо гэта ж галоўны храм Армянскай Апостальскай Царквы: у горадзе Вагаршапат Арамавірскай вобласці Арменіі. З 2000 года храм уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, лічыцца адным з найстаражытных у свеце. Мне асабіста Сабор дарагі яшчэ й таму, што я там быў ахрышчаны ў 2002 годзе. Многія гады, пакуль не было ў нас тут сваёй царквы, святым месцам для беларускіх армян быў “Хачкар”, або крыж-камень. Ён выраблены майстрамі Святога Эчміадзіна і ўстаноўлены ля сцяны царквы Аляксандра Неўскага: на Вайсковых могілках у Мінску. Асвячаць крыж прыязджаў святар з Эчміадзіна. Кожны год армяне прыходзяць да памятнага знака ў дзень землятрусу, 7 снежня, і дзень генацыду армянскага народа, 24 красавіка. Ускладаем кветкі ў памяць пра ахвяры. “Хачкар” актывісты “Айастана” ўстанавілі адразу пасля заснавання суполкі: на пачатку 1991 года.

— І вось стала вядома: 3 чэрвеня 2020 года армянскай рэлігійнай грамадзе “Святой Григорий Просветитель” быў выдзелены зямельны надзел у Мінску па вуліцы Філімонава пад будаўніцтва храма. Я ведаю, што вы ўваходзіце ў Кансультатыўны савет гэтай рэлігійнай грамады. З якімі эмоцыямі ўспрынялі армянскія вернікі такі падарунак?

— Мы аднесліся да такой весткі вельмі ўзрушана. Цудоўна, што ў Беларусі нарэшце з’явіцца армянская царква. Яна ўжо ёсць у Расіі, ва Украіне, у Польшчы ды іншых краінах. А першы крок у гэтым кірунку беларускія армяне зрабілі ў 2003 годзе: тады ў Мінску была створана згаданая рэлігійная грамада Армянскай Апостальскай Царквы. У верасні 2004‑га ўпершыню па запрашэнні грамады Беларусь наведаў Глава Нова-Нахічэванскай і Расійскай Епархіі Армянскай Апостальскай Царквы Епіскап (цяпер Архіепіскап) Езрас. Ён сустракаўся з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Многія беларускія армяне сёння жадаюць хрысціцца й вянчацца ў сапраўднай армянскай царкве. Дагэтуль такое было магчымым некалькі разоў на год у Доме міласэрнасці ў Мінску. Для таго прыязджалі Епіскап (цяпер Архіепіскап) Езрас і святар Акоп. Можаце сабе ўявіць, з якой радасцю вернікі ўспрынялі навіну пра месца, дзе будзе пабудавана царква! Цяпер мы актыўна абмяркоўваем усе нюансы ўзвядзення храма. Армянская Апостальская Царква дапамагла армянам захавацца як нацыі. Армянская мова й культура таксама развіваліся у многім дзякуючы ёй.

Георгій Егіазаран з удзельніцамі фальклорнага ансамбля “Эребуни”

— А што “Айастан” робіць, каб армянская мова не была тут вашымі супляменнікамі забыта?

— Мы ў першыя ж гады існавання “Айастана” стварылі пры суполцы нядзельную школу, пачалі там навучаць армянскаму пісьменству, гутарковаму маўленню. У ролі такога настаўніка ў 90‑я гады давялося пабыць і мне: прафесійных выкладчыкаў на той час у нас не было. У мой клас прыходзілі як дзеці, так і пенсіянеры. Часам ішлі, каб проста паслухаць армянскую музыку й песні. Я стараўся рабіць урокі цікавымі. Сёння ў праграме выкладання нядзельнай школы армянскай дыяспары такія прадметы, як армянская мова й літаратура, гісторыя Арменіі, народныя танцы й народныя песні. Усе настаўнікі школы прайшлі курсы прафпадрыхтоўкі ў Арменіі ў 2010–13 гадах. У школе ёсць ансамбль песні й танца “Наири”, які актыўна выступае. Міністэрства Дыяспары Рэспублікі Арменіі ўзнагародзіла нашу армянскую нядзельную школу дыпломам 1‑й ступені, прызнала лепшай сярод аднадзённых школ. Варта сказаць, што наша моладзь сёння ахвотна вывучае не толькі армянскую мову, але й беларускую. Для маладых армян Беларусь стала радзімай, а мова беларускага народа роднай. Яны з задавальненнем размаўляюць і па-армянску, і па-беларуску.

(Як армяне й беларусы ўзаемна ўзбагачаюць свае культуры — гл.: “Беларускае шчасце Рузаны Аванесян”. — ГР, 26.04.2019. У тэксце згадваецца, што маладыя армяне размаўляюць па-беларуску. — Рэд.)

— Што яшчэ можна паставіць “Айастану” ў заслугу на яго 30‑годдзе?

— Тое, што мы не абмежаваліся аб’яднаннем невялічкай групы людзей. Аб’яднанне адкрыта для ўсіх: і армян, і беларусаў. Нашы канцэрты праходзяць у перапоўненых залах. Выступаюць вядомыя ў Беларусі выканаўцы й калектывы: ансамбль “Эребуни”, якім кіруе Рузана Аванесян, спевакі Стэла, Іскуі Абалян, Егіазар Фарашан ды іншыя. Прычым выступаюць бясплатна, бо яны, як армяне, хочуць быць карыснымі “Айастану”. І творчыя вечарыны, якія ладзіць наша моладзевая грамада, папулярныя. На 30‑гадовы юбілей мы рыхтуем цікавую, насычаную праграму. Запросім шмат гасцей: прадстаўнікоў амбасад, розных міністэрстваў, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў ды іншых. Прыйдуць армяне, якімі мы ганарымся.

— Як шматгадовы старшыня Кансультатыўнага міжэтнічнага Савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў вы бачыце стасункі між кіраўнікамі розных суполак. Наколькі яны сяброўскія й прыязныя?

— Кіраўнікі суполак армян, карэйцаў, татараў, башкіраў, чувашаў, дагестанцаў, азербайджанцаў, яўрэяў, малдаван, украінцаў, грэкаў, туркменаў, цыган, літоўцаў, рускіх, палякаў, эстонцаў, грузін, афганцаў, палесцінцаў, казахаў, немцаў, сустракаюцца як на пасяджэннях згаданага Савета, так і на розных фестывалях, святах, канцэртах. У нас даўно склаліся сяброўскія дачыненні. Цяпер у складзе Савета 21 чалец, усе мы прадстаўляем нацыянальна-культурныя грамадскія аб’яднанні ды іх саюзы, зарэгістраваныя ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі. Сумесна плануем работу сваіх суполак, рыхтуем праекты. Разам вырашаем, якія з іх неабходна фінансава падтрымаць. За кошт сродкаў Упаўнаважанага, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту, для творчых калектываў і салістаў нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў прафесіяналамі вырабляюцца й бясплатна перадаюцца нацыянальныя сцэнічныя касцюмы, сцэнічны абутак, нацыянальныя музінструменты. Бывала, некаторыя нацыянальныя суполкі адмаўляліся ад фінансавых сродкаў на карысць іншых аб’яднанняў, калі тым такая падтрымка была больш патрэбная. Спрацоўвае сяброўская ўзаемавыручка.

Я лічу, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы, каб прадстаўнікі любой нацыянальнасці маглі развіваць і паказваць сваю культуру. Нідзе ў тым не чыніцца перашкод. Ніхто не забараняе армянам і прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў ведаць і вывучаць родную мову, размаўляць на ёй, акцэнтаваць увагу на сваіх нацыянальных асаблівасцях. У Беларусі вітаецца этнакультурная разнастайнасць. Розныя нацыянальныя суполкі жывуць на беларускай зямлі мірна і ў згодзе.

Гутарыла Ганна Лагун

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка неаднаразова адзначаў, што Беларусь з’яўляецца шматканфесійнай і шматнацыянальнай дзяржавай. У нашай краіне няма ніякіх рэлігійных канфліктаў і міжэтнічных сутычак. Правы грамадзян на свабоду сумлення й веравызнання, дзейнасць рэлігійных арганізацый і нацыянальных аб’яднанняў забяспечваюцца дзяржавай. Беларусь славіцца талерантным стаўленнем грамадзян да ўсіх рэлігійных кірункаў і нацыянальных меншасцяў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».