Вы тут

Наша ліра: што за яна?


Установа “Традыцыя” Сержука Доўгушава, якая знаёміць сучаснікаў з беларускай традыцыйнай культурай, упершыню зладзіла “Лірніцкія сустрэчы” анлайн. Кампанія мае намер выдаць у хуткім часе кнігу пра ліру й лірнікаў на Беларусі разам з адпаведным рэпертуарам.


Лірнікі на Слуцкім базары. Канец ХІХ ст

Першая віртуальная сустрэча лірнікаў была скіраваная на беларускую публіку. Ахвочых знаёмілі з традыцыямі лірніцтва, расказалі пра беларускую колавую ліру. Наступнымі разамі на сустрэчы запросяць і замежнікаў. Цяпер жа вялі рэй вядомыя ў Беларусі этнамузыколаг Лілія Баранкевіч, маладыя майстры музінструментаў Дзяніс Сухі ды Сяргей Чубрык, а таксама спявак, музыка й культурны дзяяч Сяржук Доўгушаў. 

Даследчыкі музыкі лічаць: колавая ліра была незаслужана забыта. Сёння ж ёсць майстры, якія зацікавіліся такім музінструментам і вырабляюць яго па замове. Сучасным музыкам даспадобы незвычайны этнічны тэмбр ліры, і яны зноў пачалі граць на ёй. Што да лірнікаў на Беларусі, то ў нашы дні можна іх пералічыць па пальцах. А раней нямала тых, каго звалі “старцы”, “дзяды”, “сляпыя”, хадзілі з лірамі па вясковых хатах. Лірнікаў было так шмат, што яны нават паядноўваліся ў карпарацыі, цахі ды школы. На Беларусі было каля дзесяці лірніцкіх школ. Навукоўцы выдзяляюць Магілёўскую, Рэчыцка-Лоеўскую, Слуцка-Салігорскую, Ляхавіцкую, Віцебскую, Полацкую, Себежскую. Сваё майстэрства дзецям перадавалі старэйшыя музыкі-лірнікі цягам двух-трох, а то й болей гадоў. Лірніцкія песні вучні завучвалі на памяць. Навучанне было платным, і, бывала, сяляне гатовыя былі аддаць і карову, адзіную карміцельку ў сям’і, каб толькі сын ці дачка спасціглі музычную грамату. Аддавалі вучыцца ў школы ў тым ліку сляпых хлопчыкаў з музычнымі здольнасцямі.

З лірніцкіх школ пайшла традыцыя складвання й выканання беларускіх духоўных вершаў. Вывучаючы духоўныя песні, Лілія Баранкевіч, дацэнт кафедры гісторыі музыкі й музычнай беларусістыкі Беларускай дзяржакадэміі музыкі, зацікавілася традыцыяй лірніцтва на Беларусі. Па яе словах, у былыя часы спяванне тых песень пад акампанемент колавай ліры было прафесіяй: лірнікі ж мелі за спевы-музыку ва ўзнагароду прадукты харчавання, рэчы, зрэдку грошы. Лірнікаў бачылі ў беларускіх вёсках яшчэ ў 60-70-я гады XX стагоддзя. Са смерцю апошняга з іх знікла і лірніцтва як з’ява на Беларусі. Але, як паказаў час, ненадоўга. Некаторыя артысты сёння з гонарам называюць сябе лірнікамі. Хоць іх няшмат, але ім вельмі падабаецца граць на колавай ліры.

Сяржук Доўгушаў памятае, як трапіў да яго кампакт-дыск “Ліра” вядомага папулярызатара этнамузыкі Алеся Лася. Гучанне ліры яго заваражыла, Сяржук зацікавіўся гісторыяй яе стварэння. Чытаў кнігі ўкраінскіх і беларускіх аўтараў пра лірніцтва. Шмат звестак пра ліру Сяржук знайшоў у артыкулах польскага этнамузыколага Пятра Дайліха, і сустракаўся з гэтым навукоўцам. У Польшчы Доўгушаў наведваў майстар-класы ігры на ліры й выступаў з лірай. Першы канцэрт лірнікаў на Беларусі ён зладзіў разам з іншымі ў плыні беларускага фальклорнага фэсту “Камяніца”. То быў “Лірніцкі пагост”, які яднаў лірнікаў цягам двух гадоў. Канцэрты лірнікаў ладзіліся і ў часе фэсту традыцыйнай музыкі “Раёк”.

На “Лірніцкіх сустрэчах” анлайн мы пабачылі фотаздымкі колавай ліры з Віленшчыны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя са збору Беларускага этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Паказвалі выяву ліры, якая захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Паказалі нам рэчыцкую ліру канца ХІХ стагоддзя. Хтосьці скажа: гэта ўсяго цікавыя музейныя артэфакты. Але для майстроў Дзяніса Сухога й Сяргея Чубрыка, якія прыйшлі на віртуальную сустрэчу, яны маюць прыкладное значэнне. Сяргей Чубрык прызнаўся, што перад тым, як ствараць чарцяжы й майстраваць ліры, ён пабываў не ў адным музеі, у тым ліку і ў Нацыянальным гістарычным. Патрапіў у Шарамецеўскі палац: адзін з філіялаў Санкт-Пецярбургскага дзяржмузея тэатральнага й музычнага мастацтва. У музычнай калекцыі палаца — больш за 3 тысячы інструментаў, яна — адна з пяці буйнейшых у свеце ды лепшая ў Расіі. Захоўваюцца там і ліры. Сяргей знаёміўся таксама з калекцыяй ліраў, якія ёсць у Расійскім этнаграфічным музеі, сярод іх знайшоў і беларускія.

Ліра — гэта не спрадвечны беларускі музінструмент: даследчыкі сцвярджаюць, што спачатку ён з’явіўся на Усходзе, затым патрапіў у Заходнюю Еўропу, і адтуль да нас. На Беларусі ж набыў свае адметнасці, якія Сяргей Чубрык і захацеў выявіць самастойна, ужо ведаючы, што ліры ёсць нямецкія, французкія, італьянскія, венгерскія ды іншыя. І задаўся пытаннем, чым розніцца ад іх беларуская. Найперш звярнуў увагу на знешнія формы: у заходнееўрапейскіх пераважаюць прамавугольныя, а беларускія падобныя на скрыпку й барочную гітару. На захадзе Еўропы раней выраблялі ліры з храматыкай, складаныя па сваёй будове, са шматлікімі клавішамі й струнамі. А на беларускіх землях прыжыліся ліры з дыатонікай, больш простыя. На думку Сяргея Чубрыка, тое сведчыць, што музыкі тут не гралі на ліры прафесійную й танцавальную музыку: пад яе акампанемент у сваёй большасці спявалі.

Ліры бываюць розныя

Цяпер майстар стварае храматычную ліру. Чаму такую? Бо музыкі апошнім часам бяруцца граць на ліры складаную па сваім складзе сучасную й класічную музыку. Новая ліра Сяргея Чубрыка будзе мець форму скрыпкі. Сяргей змайстраваў больш за 10 ліраў, сучасных і традыцыйных. Ніводная не паўтарае папярэднюю. Скажам, на адной з іх ён увасобіў сюжэт беларускай народнай песні. На стварэнне другой яго натхніла Біблія Францыска Скарыны. У выніку асабісты знак-сігнет Скарыны, своеасаблівы герб з выявамі Сонца й сярпа Месяца з чалавечымі тварамі на шчыце, упрыгожылі яе крышку. А ў часе працы над наступнай ён выкарыстаў адну з гравюр на тэму стварэння свету. Сяргей імкнецца, каб яго ліры былі адметныя й па музычных уласцівасцях, і па мастацкім афармленні. Яны падабаюцца музыкам. Сяржук Доўгушаў грае на ліры, зробленай Сяргеем Чубрыкам.

Майстар Дзяніс Сухі, які браў удзел у анлайн-сустрэчы, таксама робіць як традыцыйныя, так і сучасныя ліры. Ён засведчыў, што ліру зрабіць няпроста. Яна складаецца з частак, якія цяжка дапасаваць, каб атрымаць добры гук. Да таго часу, як Дзяніс пачаў вырабляць музінструменты, ён і паспяваў у гурце “Кудмень”. Дзянісу было важным стварыць ліру, пад якую можна было б не столькі танцаваць, колькі спяваць. Імкнуўся дамагчыся ў ёй такой колькасці струн і клавішаў, каб голас ліры не перабіваў спевы. У яго атрымалася. Пад першую ліру майстар спяваў сам. Дзяніс зрабіў каля 8 ліраў, некалькі засталіся ў Беларусі, адна патрапіла ў Польшчу, тры — у Літву. А каштуе ліра сёння ад 950 даляраў і вышэй — залежыць ад яе прызначэння й складанасці.

Арганізатар “Лірніцкіх сустрэч” Сяржук Доўгушаў абвясціў, што наступным разам лірнікі збяруцца, каб іграць музыку на лірах анлайн. Слухачы змогуць ацаніць іх непаўторнае гучанне.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.