Вы тут

Сінія бусы нашага лесу


Дайце, дайце рукавіцы,
рукі пэцкаюць чарніцы!
Раіса Баравікова
 
Сярэдзіна лета — самая ўраджайная пара для збору ягад. Тут кожны дзень на рахунку, каб паспець назапасіць лясных вітамінаў. Быццам разумеючы сваю значнасць і важнасць, даўжэй за ўсіх радуюць нас сваёй прысутнасцю ў лесе ягады чарніцы: іх збор пачынаюць у сярэдзіне ліпеня і працягваюць да самай восені. Галоўнае — каб пашчасціла знайсці адмысловую чарнічную палянку. 
Не толькі ягады чарніц, але таксама і сцёблы, лісце расліны — гэта шчодры падарунак прыроды чалавеку. Смакавыя якасці і лячэбныя ўласцівасці іх здаўна цанілі нашы продкі. У народнай медыцыне чарніцы найперш добра вядомыя як прыродны антысептык і антыбіётык. Уздзеянне дубільных рэчываў у сукупнасці з іншымі складнікамі аказвае моцны лячэбны эфект пры запаленнях слізістых горла і ротавай поласці, таму адвары і настоі ягад і лісця звыкла прымяняюцца для паласкання, а таксама для прамывання ран і язваў, што дрэнна загойваюцца. Маладое лісце можна проста прыкладаць да балячкі. 
Гаючыя ўласцівасці чарніц шырока выкарыстоўваюцца пры захворваннях страўнікава-кішэчнага тракту. Ягады, свежыя або сухія, рэкамендуюць спажываць пры калітах, нястраўнасці, лячэнні дыярэі, млосці, іншых расстройствах жывата. Цікава, што чарніцы дзякуючы сваім антысептычным якасцям згубна ўздзейнічаюць на многіх узбуджальнікаў, нават на хелікабактарпілоры, але не кранаюць карыснай мікрафлоры кішэчніка.
Неацэнны эфект ад прымянення расліны для хворых на цукровы дыябет. Улетку ім пажадана кожны дзень есці свежыя ягады. Зімой карысна запарваць сушаныя лісце і ягады. Усё гэта зніжае ўтрыманне цукру ў крыві і стымулюе працу падстраўнікавай залозы.
Народны рэцэпт для зніжэння ўзроўню цукру ў крыві. Вазьміце 2 сталовыя лыжкі здробненага сухога лісця, заліце дзвюма шклянкамі кіпеню. Затым пакіньце ў тэрмасе на 4 гадзіны. Прымаць па 1/2 шклянкі 3-4 разы на дзень да ежы. Многія дыябетыкі сцвярджаюць, што прыём адвару чарнічнага лісця дазваляе дамагчыся істотнага зніжэння цукру ў крыві.
  • Чарніцы Батанічныя, ілюстрацыя з кнігі О. В. Томе Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz, 1885
Дзякуючы ўтрыманню вялікай колькасці антыаксідантаў ужыванне чарніц зніжае рызыку ўзнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў. Рэкамендуецца ў якасці прафілактыкі інфаркту міякарда, ішэміі, трамбозаў есці болей і проста ягад, і чарнічных кісялёў і морсаў. Антыкаагулянты, што ўваходзяць у склад чарніц, зніжаюць згушчальнасць крыві, а бактэрыцыдныя ўласцівасці дапамагаюць пры запаленнях мочапалавых шляхоў і нырак.
Старэйшыя людзі больш, чым хто іншы, маюць патрэбу ў гэтай ягадзе. Сістэматычнае ўжыванне чарніц у ежу прыкметна паляпшае памяць і разумовыя здольнасці, дапамагае пазбегнуць хваробы Альцгеймера, бо актывізуецца павышаны прыток крыві да галавы. Апроч усяго, чарніцы спрыяюць абнаўленню клетак сятчаткі вока і паляпшаюць зрок, стымулююць кровазварот у дробных сасудах.
Чым адметныя ягады чарніц?
Высокія паказчыкі карысных уласцівасцей чарніц абумоўлены высокім утрыманнем вітамінаў і актыўных мікраэлементаў, такіх як жалеза, медзь, калій, фосфар, цынк. Па колькасці марганца ім няма роўных сярод раслін. У склад чарніц уваходзяць таксама важныя арганічныя кіслоты: шчаўевая, лімонная, яблычная, малочная, хінная. Менавіта ўсё гэта вызначае шырокі дыяпазон іх лячэбнага дзеяння. Ягады ўтрымліваюць значны запас дубільных рэчываў (да 12%), трысняговага цукру (каля 7%), шмат пектынаў і фруктовых кіслот (да 4%). Гэтая расліна — адна з нямногіх, што сінтэзуе прыродны рэсвератрол у якасці ахоўнай рэакцыі супраць бактэрый і грыбкоў-паразітаў. А эфіры прыроднай галавай кіслаты і натуральныя таніны чарніц валодаюць наймацнейшай антыаксідантнай актыўнасцю, нароўні з дубовай карой, прыправай гваздзікі, лістом высакагорнага чаю.
 
Хімічны склад
 

Вада 
Бялок 
Вугляводы 
Харчовыя валокны 
Тлушчы 
Тлустыя кіслоты 
Вітамін A 
Вітамін В
Вітамін B6 
Вітамін B9 
Вітамін C 
Вітамін E 
Кальцый 
Жалеза 
Магній 
Натрый 
Фосфар 
Калій 
Цынк 
Медзь 
Марганец

84,8 г
0,6 г
7,4 г
4,9 г
0,6 г
0,4 г
6,0 мкг
0,04 мг 
0,1 мг
3,0 мкг
30,0 мг
1,9 мг
13,0 мг
0,7 мг
2,0 мг
1,0 мг
13,0 мг 
73,0 мг
0,4 мг
0,1 мг
4,0 мг

Сцёблы і лісце чарніц пажадана збіраць у перыяд цвіцення расліны. Сушаць іх у добра вентыляваным памяшканні. 

Нельга нарыхтоўваць у лесапалосах, размешчаных паблізу аўтамагістралей і чыгунак, вялікіх гарадоў і прамысловых прадпрыемстваў: ягады чарніц могуць ўбіраць у сябе солі цяжкіх металаў і іншыя шкодныя рэчывы.
Вузельчыкі на памяць
Амаладжальны эфект. Ягады чарніц утрымліваюць вялікую колькасць антыаксідантаў і біяфлаваноіды. Рэчывы гэтага тыпу дапамагаюць арганізму пазбаўляцца таксінаў, валодаюць імунастымулюючым і амаладжальным дзеяннем.
Здаровы зрок. Чарніцы шырока вядомыя як прадукт, які ўмацоўвае здароўе вачэй і павышае вастрыню зроку. Іх важна спажываць у дастатковай колькасці людзям, якія працуюць штодзень за маніторам камп’ютара.
Карэкцыя вагі. 100 г чарніц змяшчае ўсяго 44 ккал. Ягады маюць нізкі глікемічны індэкс і багатыя клятчаткай, якая стымулюе працу кішэчніка, што таксама дапамагае барацьбе з лішняй вагой.
Догляд за скурай і валасамі. Саспелыя ягады і ўсе часткі расліны (асабліва лісце і маладыя парасткі) багатыя на дубільныя рэчывы і галавую кіслату, а таму валодаюць наймацнейшай супрацьвіруснай і супрацьгрыбковай актыўнасцю, нармалізуюць стан скуры і перашкаджаюць з'яўленню вугрыстасці. Дапамагаюць пры дэрматозах, экзэмах, псарыязе, вірусных захворваннях скуры, а таксама пры працяглым уздзеянні ўльтрафіялетавых промняў. Адвар парасткаў і лісця чарніц выкарыстоўваюць для паласкання валасоў з мэтай зніжэння іх тлустасці. Гэты сродак здымае раздражненне на скуры, памяншае патлівасць ног.
Ці ведаеце вы, што…
Сёння чарніцы таксама вырошчваюць у гарадах у дэкаратыўных мэтах на альпійскіх горках.

Для нарыхтоўкі чарніц выкарыстоўваюць наступныя спосабы:

Сушка. Ягады змяшчаюць у спецыяльную сушылку і вытрымліваюць пры 40°C да лёгкага падвялівання. Затым павялічваюць тэмпературу да 70°C і дасушваюць да такога стану, каб не зліпаліся. Мыць ягады, прызначаныя для сушкі, нельга. Высушаныя чарніцы могуць захоўвацца да 2-х гадоў. Ягады для сушкі нарыхтоўваюць абавязкова ў сухое надвор'е. 
Замарозка. Свае карысныя якасці ягады чарніц паўнавартасна захоўваюць таксама ў замарожаным выглядзе на працягу 8-10 месяцаў.
Сок. Ягады здрабняюць (у ідэале — расціраюць драўляным песцікам, каб захаваць вітаміны і карысныя рэчывы). Адціскаюць уручную праз марлю. У жмых дадаюць трохі кіпячонай астуджанай вады і паўтараюць адціск. Дадаюць цукар (80 г на 1 л), перамешваюць і даводзяць на невялікім агні сумесь да 80°C. Разліваюць у стэрылізаваную тару, потым закатваюць металічнымі крышкамі.
«Сырое варэнне». Прамытыя чарніцы змяшчаюць у стэрылізаваны шкляны слоік, перасыпаючы папластова цукровым пяском (700-800 г на 1 кг ягад) і перыядычна падтрасаюць для ўшчыльнення. Закрываюць пластыкавай накрыўкай, аднак прадукт павінен захоўвацца ў халадзільніку або халодным склепе.
З чарніц таксама можна рабіць варэнне, джэмы, павідла, пасцілу і іншыя прысмакі, але іх падрыхтоўка патрабуе працяглай варкі, а высокая тэмпература ў значнай ступені пазбаўляе прадукт карысных уласцівасцей.
Сёння крамы прапануюць свежыя і замарожаныя чарніцы практычна цэлы год. Як правіла, гэта ягады акультураных разнавіднасцей, якія вырошчваюць у спецыялізаваных садовых гаспадарках. Дзікарослая чарніца валодае больш выяўленымі лячэбнымі ўласцівасцямі.
 
НЕКАЛЬКІ РЭЦЭПТАЎ НА ЗІМУ
 
Чарніцы, працёртыя з цукрам
Інгрэдыенты: чарніцы 1кг, цукар 2 кг. Засыпце чарніцы цукрам і здрабніце блэндэрам. Калі вы не ўпэўненыя ў чысціні сабраных ягад, варта іх папярэдне прамыць і прасушыць. Калі плануецца захоўваць чарніцы ў спецыяльных кантэйнерах у маразільнай камеры, то цукру можна пакласці менш — тады смак і якасць ягад будуць больш натуральнымі. Сырыя чарніцы, працёртыя з цукрам, абавязкова раскладваюць у сухія стэрылізаваныя слоікі, якія захоўваюць у халодным месцы (або халадзільніку).
Варэнне «5 хвілін»
Інгрэдыенты: чарніцы 2 кг, цукар 2 кг. Чарніцы старанна памыйце і дайце вадзе сцячы праз друшляк. Змясціце ягады ў эмаляваны посуд, засыпце цукар і акуратна змяшайце. На невялікім агні давядзіце да кіпення варэнне і на працягу 5 хвілін дайце пакіпець. Раскласці гарачае варэнне па слоіках і закатаць. Перавярнуць слоікі ўніз вечкамі, накрыць ручніком і пакінуць так на 5-6 гадзін, да поўнага астывання.
Чарніцы ва ўласным соку 
Найперш трэба прастэрылізаваць слоікі і накрыўкі для іх. Чарніцы перабраць ад смецця і лісця, памыць і даць вадзе сцячы праз друшляк. Засыпаць ягады ў слоікі і паставіць іх у стэрылізатары або ў каструлю (на дно пакласці баваўняную салфетку), наліць у пасудзіну вады так, каб пакрывала не менш за 2/3 слоіка. Стэрылізаваць на павольным агні 40-50 хвілін. Паступова чарніцы пачнуць пускаць сок і ўварвацца. Па меры асядання ягад трэба дасыпаць новыя і далей уварваць. Яшчэ прыкладна праз 40-50 хвілін чарніцы перастануць асядаць і пакрыюцца сокам пад самую накрыўку. Слоікі закатаць, перавярнуць уніз накрыўкамі, накрыць ручніком і пакінуць астываць. Пры жаданні можна ўсыпаць у кожны слоік па чайнай лыжцы цукру, але і без цукру чарніцы ва ўласным соку будуць добра захоўвацца нават пры пакаёвай тэмпературы.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.