Вы тут

Чым адметны сядзiбны комплекс ХIХ стагоддзя Козел-Паклеўскiх


Сядзiбны комплекс ХIХ стагоддзя Козел-Паклеўскiх на Гомельшчыне сёлета адзначае першы юбiлей як цалкам адноўлены гiсторыка-культурны аб'ект. Пяць гадоў таму тут скончылася маштабная рэстаўрацыя. Адраджэнне палацава-паркавага ансамбля стала сапраўды знакавай падзеяй: ён заняў сваё пачэснае месца ў гiстарычнай спадчыне Беларусi. Цяпер гэта важны пункт турыстычных вандровак па Гомельскай вобласцi.


Паўночны захад Гомельшчыны, дваццаць кiламетраў ад Жлобiна, паварот да аграрнага каледжа ў Чырвоным Беразе. I вось яна — адроджаная прыгажосць XIX стагоддзя, палацава-паркавы комплекс, пабудаваны 127 гадоў таму.

Уласна былая панская сядзiба — частка музейнага комплексу пад агульнай назвай «Чырвоны Бераг». Тут аб'яднаны патрыятычны маршрут — мемарыяльны комплекс «Помнiк дзецям—ахвярам Вялiкай Айчыннай вайны»; архiтэктурна-гiстарычны кiрунак — сядзiба XIX стагоддзя Козел-Паклеўскiх; краязнаўчы экскурс — парк як помнiк прыроды i аб'ект гiсторыка-культурнай спадчыны Беларусi.

— Гiсторыя гэтага маёнтка пачынаецца яшчэ ў XVI стагоддзi, — запрашае пагрузiцца ў мiнуўшчыну старшы навуковы супрацоўнiк музея-сядзiбы Марыя Ткачова. — Сама мясцiна змянiла шмат уладальнiкаў, але толькi пры апошнiх гаспадарах Гатоўскiх i Козел-Паклеўскiх быў створаны палацава-паркавы ансамбль у яго сучасным выглядзе.

Вядома, што ў 1893 годзе гаспадар маёнтка генерал-лейтэнант у адстаўцы Мiхаiл Гатоўскi падарыў яго сваёй дачцэ Марыi — жонцы заможнага дваранiна Вiнцэнта Козел-Паклеўскага. Раскошны падарунак Гатоўскi прымеркаваў да нараджэння ўнучкi. Да гэтага яго намаганнямi сядзiба перажыла сапраўдную архiтэктурную рэвалюцыю: панскi дом, дом аканома, гаспадарчыя пабудовы i нават плот паставiлi з цэглы ўзамен драўляных. Мiхаiл Гатоўскi рыхтаваў падарунак, варты сям'i дачкi i зяця-мiльянера.

Новы замак — узор так званага архiтэктурнага стылю гiстарызму: спалучаюцца элементы готыкi, рэнесансу, ампiру, мадэрну i iншых кiрункаў. Марыя Ткачова тлумачыць, чаму з першага позiрку наведвальнiк сядзiбы трапляе ў палон архiтэктурнай вытанчанасцi:

— У Беларусi вы нiдзе не ўбачыце такой разнастайнасцi дойлiдства, сканцэнтраванай у адным аб'екце.

Побач з палацам — невялiкi англiйскi парк, закладзены галоўным садоўнiкам Варшавы Францiшкам Шанiёрам. Тут да гэтых часоў шмат старых дрэў, узрост некаторых большы за 140 гадоў.

Пасля нацыяналiзацыi былой панскай сядзiбы ў будынку маёнтка ствараюць сельскагаспадарчую школу, потым — сельгастэхнiкум. Сёння ў флiгелi знаходзiцца адмiнiстрацыя Чырвонабярэжскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, а асноўны палац стаў музеем.

— Падчас апошняй вайны сядзiбу ператварылi ў нямецкi вайсковы шпiталь, — працягвае спецыялiст. — Скарыстаўшыся тым, што тэрыторыя стала фактычна медбазай, каля будынка фашысты арганiзавалi дзiцячы канцлагер: малых рыхтавалi ў донары цi гастарбайтары. У памяць пра тыя трагiчныя падзеi створаны вядомы мемарыял у Чырвоным Беразе.

Мiж тым рэстаўрацыя сядзiбнага комплексу пачалася ў 1996 годзе i праходзiла ў шэсць этапаў. Фiнансавалiся работы з абласнога i рэспублiканскага бюджэтаў.

— Выдатная асаблiвасць сядзiбы — высокая ступень аўтэнтычнасцi, — акцэнтуе ўвагу на экстэр'еры i iнтэр'еры Марыя Ткачова. — Для помнiка гiсторыi ўсходняй часткi Беларусi прызнана ўнiкальнай ступень захаванасцi ўнутранага ўбранства дома. На момант пачатку рэстаўрацыi сядзiбы захаванасць ляпнiннага аздаблення залаў складала 86 %.

Старшы навуковы супрацоўнiк расказвае, што захавалiся ўсе каваныя вырабы. У залах — «родныя» падаконнiкi, плiтка на падлозе, калоны, лесвiца. Асаблiва ўражвае не кранутая часам ляпнiна па столях.

— Калi скончылася рэстаўрацыя, перад намi паўсталi вельмi прыгожыя, але голыя сцены. Захавальнiкi i навуковыя спецыялiсты — жанчыны. Нарадзiўся чыста жаночы ход — напоўнiць прастору жыццём пры дапамозе хатнiх раслiн. Так першымi ў залах пасялiлiся кветкi.

Потым прастора стала абрастаць экспанатамi i ўсiмi неабходнымi элементамi iнтэр'еру. Штосьцi прынеслi мясцовыя жахары. Частку экспанатаў музейнаму комплексу перадалi мытныя службы — гэта канфiскаваныя рарытэты. Значную колькасць прадметаў iнтэр'еру ХVIII — XIX стагоддзяў перадаў у карыстанне гомельскi калекцыянер Сяргей Пуцiлiн. Цяпер, як кажуць, залы гавораць на мове мiнулых стагоддзяў.

Асобнае месца ў сядзiбе адводзiцца адноўленаму панскаму зiмоваму саду. Падбор раслiн — заслуга супрацоўнiкаў цэнтральнага батанiчнага саду Акадэмii навук Беларусi.

— Адноўлена радавое дрэва двух родаў былых гаспадароў сядзiбы — Гатоўскiх i Козел-Паклеўскiх, — расказвае спецыялiст пра нашчадкаў Марыi Гатоўскай i Вiнцэнта Козел-Паклеўскага. — Цяпер iх патомства жыве ў Данii i Вялiкабрытанii. Самi Марыя i Вiнцэнт Козел-Паклеўскiя знайшлi спачын у Варшаве. Да пэўнага часу ў нас была магчымасць падтрымлiваць зносiны з iх родным унукам, дарэчы, поўным цёзкам свайго дзеда Вiнцэнта Альфонсавiча. Ён вельмi нам дапамог, бо добра памятаў сваю бабулю Марыю i ўвогуле да гiсторыi свайго роду адносiўся з вялiкай пашанай.

Праўнук былых гаспадароў па лiнi старэйшай дачкi Козел-Паклеўскiх — Ян Тчэшэцкi — таксама дапамагаў музею-сядзiбе ў Чырвоным Беразе, кажа Марыя Дзмiтрыеўна. Гэтыя нашчадкi старажытнага роду Козел-Паклеўскiх — аўтары кнiг-успамiнаў. На жаль, яны пайшлi з жыцця, i цяпер сувязь пакаленняў аслабляецца.

Сёння сядзiбны комплекс Козел-Паклеўскiх — цэнтр адукацыйна-культурнага жыцця ў рэгiёне. Для жыхароў Жлобiнскага раёна i гасцей Гомельшчыны рыхтуюць цiкавыя i разнастайныя мерапрыемствы, адраджаюць дваранскiя балi. Зараз сядзiба рыхтуецца да новага гiстарычнага фэсту «Дарогамi старога парку». Iнтрыгу захоўваюць, але абяцаюць поўнае пагружэнне ў атмасферу старажытных часоў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».