Вы тут

У Шчучыне працягнуты прыём эскiзных праектаў помнiка Шарлю дэ Голю


Пакуль пададзена каля 20 заяў на ўдзел у конкурсе. Меркавалася, што прыём завершыцца 8 жнiўня, але прымаць заяўкi вырашылi да 1 верасня. На думку арганiзатараў, гэта дасць магчымасць прыцягнуць яшчэ больш творцаў.


Iдэя ўвекавечыць iмя славутага французскага генерала i прэзiдэнта Францыi ўзнiкла невыпадкова. Як аказалася, у лёсе Шарля дэ Голя ёсць i беларускi след. Знойдзены дакументы, якiя сведчаць пра тое, што будучы французскi прэзiдэнт падчас Першай сусветнай вайны з лiпеня да верасня 1916 года знаходзiўся ў нямецкiм лагеры для ваеннапалонных у Шчучыне.

Гэты факт стаў вядомы з лiста аднаго з французскiх афiцэраў, якi таксама знаходзiўся сярод палонных. У адным са сваiх пiсьмаў на радзiму ён указвае, што iх, 37 французскiх афiцэраў, прывезлi ў Шчучын памiж Гроднам i Лiдай i ўтрымлiваюць на другiм паверсе двухпавярховага цаглянага дома.

Праўда, нейкi час лiчылася, што гаворка iдзе пра польскi Шчучын, але больш падрабязнае вывучэнне абставiн прывяло даследчыкаў у Беларусь. Было, напрыклад, вядома, што ў будынку, дзе трымалi палонных, знаходзiлася вытворчасць драўнiны, а ў гады Першай сусветнай тут якраз працавала пiларама князёў Друцкiх-Любецкiх. Указвалася таксама на тое, што ў будынку 13 вокнаў. Гэта таксама няцяжка было праверыць, бо бу-
дынак захаваўся, зараз у iм знаходзiцца адзiн з цэхаў завода «Аўтапровад». Вокнаў там сапраўды 13.

Французская дыпламатычная дэлегацыя не раз наведвала Шчучын з мэтай увекавечыць памяць свайго славутага суайчыннiка. Мясцовыя ўлады iдэю падтрымалi. Рашэннем Шчучынскага райвыканкама быў аб'яўлены адкрыты конкурс эскiзных праектаў будучага помнiка. Нядаўна тэрмiн падачы заявак падоўжылi да 1 верасня. Як паведамiла намеснiк старшынi Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта, ужо заявiлася 18 канкурсантаў — як творчых калектываў, так i асобных аўтараў. Магчыма, пераможца праекта вызначыцца 11 верасня.

Што датычыцца самога помнiка, дык тут няма нейкiх абмежаванняў. Па словах Алены Пасюты, гэта можа быць любая кампазiцыя, нават у поўны рост (спярша меркавалася, што будзе проста бюст). Галоўнае патрабаванне — адлюстраваць тую эпоху, калi будучы генерал быў яшчэ малады, дапасаваць яго вобраз да таго месца, дзе будзе ўстаноўлены манумент цi нават архiтэктурны ансамбль. Не вызначаны i тэрмiны ўстаноўкi помнiка. Вядома, што сёлета 130-я гадавiна з дня нараджэння французскага палiтычнага дзеяча.

Мясцовыя ўлады спадзяюцца, што шчучынскi след генерала стане яшчэ адной цiкавай адметнасцю бязвiзавай зоны. Праект таксама можа стаць пачаткам маштабнай работы па наладжваннi як культурных, так i эканамiчных сувязяў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: П'едэстал для генерала

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.