Вы тут

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат


Як у фiльмах пра касмiчныя падарожжы, вiцебскiх газавiкоў цяпер дапускае на работу медыцынская iнтэлектуальная сiстэма, а наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.


Генеральны дырэктар УП «Вiцебскаблгаз», заслужаны энергетык Рэспублiкi Беларусь Пётр Шэршань i яго каманда ўмеюць здзiўляць. Гэта ўжо традыцыя. Iх прадпрыемства не сорамна паказаць нават прасунутым спецам у сферы вiртуальных тэхналогiй, заможным людзям, у якiх нiбыта ўсё ёсць. А сярэднестатыстычны турыст, напэўна, будзе адразу ж у шоку...

За адзiн дзень вiцебскiя газавiкi прадэманстравалi некалькi навiнак.

На пачатку насычанага падзеямi дня яны адкрылi сваю тэлерадыёстудыю. Для кансультацыi перад тым запрашалi работнiкаў дзяржаўнай тэлерадыёкампанii. Цяпер у «газавай ТРК» ствараюць разнастайны вiдэаматэрыял. У прыватнасцi, у iнфармацыйна-аналiтычнай праграме «Дакладна» адказваюць на актуальныя пытаннi грамадзян, даюць неабходныя кансультацыi, дапамагаюць сарыентавацца ў выбары газавыкарыстальнага абсталявання. Запiсы можна ўбачыць як на фiрменным сайце, так i на адным з дзяржаўных тэлевiзiйных каналаў.

Ужо ствараюцца фiльмы па ахове працы, камерцыйная рэклама, сацыяльныя ролiкi. Паралельна рыхтуецца летапiс прадпрыемства, прысвечаны 60-й гадавiне газiфiкацыi Вiцебскай вобласцi...

Далей — яшчэ цiкавей. У гандлёвым аб'екце па рэалiзацыi газавага абсталявання i запасных частак можна атрымаць кансультацыi ў вiртуальнага прамоўтара. Нешта падобнае паказвалi ў папулярным фантастычным фiльме «Машына часу». Ён не горш за чалавека растлумачыць патэнцыйным пакупнiкам усю неабходную iнфармацыю. Тут адразу можна заказаць тавары, якiх няма ў продажы ў момант наведвання, як i iх дастаўку, падключэнне, так бы, мовiць пад ключ усяго таго, што працуе на газе...

Старшыню Вiцебскага аблвыканкама Мiкалая Шарснёва ўразiў iнтэлектуальны допуск у службовыя памяшканнi, якi распазнае чалавека вiзуальна. А яшчэ больш — «робат-медык»: iнтэлектуальнае крэсла робiць псiхалагiчнае тэсцiраванне, вымярае цiск, тэмпературу, правярае, цi не знаходзiцца газавiк у нецвярозым стане... I агучвае, цi можа чалавек прыступаць да выканання службовых абавязкаў!Ну а пра робатаў, якiя даглядаюць кароў, ведаюць ужо далёка за межамi Беларусi. Рэалiзацыя алею дасць магчымасць атрымаць дадатковы прыбытак.

Прадэманстравалi i, бадай, самую перадавую ў краiне мадэрнiзаваную аварыйна-дыспетчарскую службу. Мiж iншым, штогод спецыялiзаванае падраздзяленне адпрацоўвае больш за 6000 аварыйных паведамленняў. З-за няспраўнасцяў газавыкарыстальнага абсталявання i парушэнняў правiл карыстання газам у побыце, адсутнасцi актаў праверкi тэхнiчнага стану дымавых i вентыляцыйных каналаў робiцца каля 700 адключэнняў ад сiстэмы газазабеспячэння. Сярод паказаных — прыборы ўласнай распрацоўкi. Напрыклад, каб вымяраць узровень газу ў памяшканнi. Аналагiчныя прыстасаваннi, ад якiх залежаць здароўе i жыццё чалавека, у ЕС каштуюць у разы больш, таму вiцебскiя распрацоўкi запатрабаваныя ва ўсёй краiне.

Кабiнет тэарэтычнай падрыхтоўкi абсталяваны ўсiм неабходным, у тым лiку шматфункцыянальным LED-экранам для правядзення ўсiх вiдаў iнструктажу з адначасовай вiдэафiксацыяй…

А ў сельскагаспадарчым фiлiяле УП «Вiцебскаблгаз», што ў вёсцы Мазалава, адкрыўся перспектыўны аб'ект сельскагаспадарчай вытворчасцi — завод па перапрацоўцы алейных культур. Будаўнiча-мантажныя работы правялi ў першым паўгоддзi 2020-га. Кошт праекта — 4,1 мiльёна рублёў. Вытворчыя магутнасцi невялiчкага заводзiка дазваляюць перапрацоўваць да сямі тон насення рапсу ў суткi i вырабляць высакаякасны рапсавы алей. Макуха ж будзе выкарыстана на ўласныя патрэбы, што папоўнiць iснуючую кармавую базу сельскагаспадарчага фiлiяла газавай гаспадаркi.

Губернатар разлiчвае i на тое, што ў хуткiм часе тут пачнуць вырабляць алей для харчовых мэт i патрэб фармацэўтычнай галiны, медыцыны ў цэлым, а з сыравiны можна будзе рабiць i бiяпалiва.

Цэнтр прыгажосцi i здароўя, якi адкрыўся разам з вытворчым аб'ектам, ужо стаў папулярным. Нават у горадзе ёсць ахвотныя сюды прыязджаць. Тут прапануюцца паслугi цырульнi, робяць манiкюр i педыкюр. Ёсць i швачка, якая рамантуе адзенне.

Вельмi папулярныя сталi заняткi ў трэнажорнай зале. Вопытны iнструктар прыязджае з Вiцебска, каб займацца з вясковымi жанчынамi.

Губернатар Мiкалай Шарснёў лiчыць, што менавiта такiя прадпрыемствы павiнны стаць вiзiтоўкай развiцця эканомiкi, сервiсу, работы з кадрамi ў Беларусi. У «Вiцебскаблгаз» вельмi шмат таленавiтых работнiкаў, творчых людзей, спартсменаў, усюды працуюць прафесiяналы. Губернатар нагадаў, што ў Мазалаве рэалiзуецца рэспублiканскi праект стварэння вёскi будучынi. Аўтар iдэi — Прэзiдэнт краiны.

Па iнфраструктуры сацыяльных аб'ектаў населены пункт нiчым не саступае вялiкаму гораду. У прыватнасцi, раней тут адчынiлiся дзверы сучасных кавярнi i крамы. На вулiцах стала вельмi ўтульна i стыльна. Жыллём працаўнiкi вёскi таксама забяспечаны.

У вынiку ўсiх пераўтварэнняў агракомплекс стаў жаданым месцам работы як для маладых, так i для больш вопытных спецыялiстаў. У гаспадарцы лiтаральна чарга з ахвотных працаваць. Зарплаты даярак, земляробаў, механiзатараў вельмi годныя. Так павiнна быць усюды, каб на самай справе стварыць добрыя ўмовы для жыхароў глыбiнкi, падкрэслiў губернатар.

Пётр Шершань дадаў, што ў яго падначаленых няма праблем з жыллём. Калi працуеш старанна, дык i зарабляеш добра, i маеш вельмi прывабны сацыяльны пакет. Да таго ж можна атрымаць дадатковыя бонусы за перамогу ў разнастайных конкурсах, напрыклад, па добраўпарадкаваннi. Газавiк падзялiўся планамi: пабудаваць новую ферму з робатамi, наладзiць больш глыбокую перапрацоўку рапсу. Мае ён iдэi i ў сферы лiчбавiзацыi.

Прысутныя на свае вочы ўпэўнiлiся, што наблiжэнне вёскi да абласных цэнтраў i сталiцы — не прыгожыя словы, а рэальнасць.

Аляксандр ПУКШАНСКI

Фота Алега КЛIМОВIЧА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.