30 верасня, серада

Вы тут

Адкуль такі ажыятаж вакол Чырвонай планеты?


Мінулы месяц насамрэч увайшоў у гісторыю засваення касмічнай прасторы. Напрыканцы ліпеня — з 20-га да 30-га — да Марса накіраваліся місіі адразу некалькіх краін. Амерыканская ракета-носьбіт Atlas-V з марсаходам на борце, якая стартавала з мыса Канаверал у Фларыдзе, стала трэцяй міжпланетнай эскпедыцыяй да Марса, адпраўленай на працягу папярэдніх дзесяці дзён. Да гэтага да Чырвонай планеты накіраваліся місіі Кітая і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Адкуль такі ажыятаж?


Без скафандра ніяк

Марс — чацвёртая па аддаленасці ад Сонца і сёмая па памерах планета Сонечнай сістэмы. Яе маса складае крыху больш чым 10 працэнтаў ад масы Зямлі. Чырвоная планета названа ў гонар Марса — старажытнарымскага бога вайны. Папулярная ідэя, што яна населена разумнымі марсіянамі, шырока распаўсюдзілася ў канцы XІX стагоддзя. Шматлікія назіранні і заявы вядомых асоб спарадзілі вакол гэтай тэмы сапраўдную марсіянскую ліхаманку. Напрыклад, у 1899 годзе падчас вывучэння атмасферных радыёперашкод з выкарыстаннем прыёмнікаў у каларадскай абсерваторыі вынаходнік Нікола Тэсла назіраў сігнал, які паўтараўся. Ён выказаў здагадку, што гэта можа быць паведамленне з іншых планет, напрыклад, з Марса.

Яго атмасфера мае ў 100 разоў меншую шчыльнасць, чым на Зямлі. З гэтай прычыны Чырвоная планета не можа ўтрымліваць цяпло. І таму тэмпература тут не падыходзіць для чалавека. У сярэднім яна складае каля мінус 60 °C. Для параўнання: сярэдняя тэмпература атмасферы Зямлі — 16 °C. Узімку тэмпература ў раёне марсіянскіх палюсоў можа рэзка знізіцца — да -125 °C. Гэта нашмат халадней, чым самыя нізкія паказчыкі, якія фіксаваліся на Зямлі.

Атмасфера Марса не падыходзіць для чалавечага арганізма. Адзіны спосаб зрабіць яе прыдатнай для дыхання — тэрафарміраваць Чырвоную планету (ператварыць яе ў блакітную з дапамогай геаінжынерыі, якая зробіць яе атмасферу больш шчыльнай, а навакольнае асяроддзе і клімат больш прыдатнымі для людзей). Такі варыянт пакуль толькі тэарэтычны. Яго проста немагчыма рэалізаваць, паколькі ў нас няма неабходных тэхналогій. Таму чалавеку прыйдзецца выкарыстоўваць скафандр. Ва ўсякім разе, пакуль.

Шляхамі тысячагоддзяў

Даследаваць Марс пачалі вельмі даўно — прыкладна 3,5 тысячы гадоў таму ў Старажытным Егіпце. Першыя падрабязныя справаздачы аб Чырвонай планеце былі складзены астраномамі з Вавілона, для гэтага быў распрацаваны шэраг матэматычных метадаў. Інфармацыя, што засталася ад егіпцян і вавіланян, дапамагла старажытным грэкам распрацаваць падрабязную геацэнтрычную мадэль для тлумачэння руху планет.

Праз некалькі стагоддзяў індыйскія і ісламскія астраномы ацанілі памер Марса і адлегласць да яго ад Зямлі. Першыя тэлескапічныя назіранні праведзены Галілеа Галілеем у 1610-м. Карта Чырвонай планеты была апублікавана ў 1840 годзе, а больш дакладнае картаграфаванне пачалося з 1877-га.

У 1920-я гады быў вымераны дыяпазон тэмператур паверхні Марса. Удалося ўстанавіць, што планета знаходзіцца ў экстрэмальных умовах, падобных да зямной арктычнай пустыні. У 1947 годзе Джэрард Койпер вызначыў, што разрэджаная атмасфера змяшчае вялікі аб'ём двухвокісу вугляроду.

Першы спіс назваў і каардынатаў 128 асноўных дэталяў паверхні (дэталяў альбеда) Марса, якія адрозніваюцца па яркасці ад навакольных абласцей, быў прыняты ў 1958 годзе на X генеральнай асамблеі Міжнароднага астранамічнага саюза. З 1960-га пачаліся запускі аўтаматычных міжпланетных станцый для яго вывучэння.

За 55 мільёнаў кіламетраў

Першым апаратам, які трапіў на Чырвоную планету, стала савецкая станцыя «Марс-2». Яна была запушчана з касмадрома Байканур 19 мая 1971 года. На жаль, вугал уваходу ў атмасферу апынуўся вышэйшым, чым разліковы, і парашут не паспеў затармазіць да моманту пасадкі. Апарат разбіўся. У тым жа 1971-м адбылася першая ў свеце і адзіная ў савецкай касманаўтыцы мяккая пасадка спускальнага апарата на Чырвоную планету. Гэта быў «Марс-3». Ён пачаў перадаваць даныя ўжо праз 1,5 хвіліны пасля прымарсіяньвання, але сувязь спынілася праз 14,5 секунды. Пылавая бура — апарат трапіў наўпрост у марсіянскі ўраган. Паводле ацэнак экспертаў, у гісторыі марсіянскіх даследаванняў шмат запланаваных місій скончыліся правалам. Няўдачы не абмінулі ні Расію, ні ЗША, ні Еўропу. За ўвесь час да Марса было адпраўлена 44 місіі. З іх 16 — паспяховых, 7 — часткова паспяховых, 21 — няўдалая.

Зараз на арбіце Марса працуюць амерыканскія зонды Mars Odyssey, Mars Reconnaіssance Orbіter і NAVEN, а на яго паверхні — марсаход Curіosіty і стацыянарны апарат Іnsіght. Таксама вакол планеты кружаць еўрапейскія зонды Mars Express і Trace Gas Orbіter. Яшчэ адзін апарат на арбіце Марса — індыйская міжпланетная станцыя «Мангальян».

Прыкладна раз у 780 сутак на пэўны час Зямля і Марс аказваюцца ў найбольш зручным становішчы для запуску касмічных апаратаў на Чырвоную планету. У гэтым найбліжэйшым пункце адлегласць да яе складае 55—60 мільёнаў кіламетраў (максімальная аддаленасць — звыш 400 млн км). Такім чынам, працягласць палёту (і, адпаведна, неабходная колькасць паліва) з Зямлі на Марс значна скарачаецца. Сёлета «акно» адкрыта з 15 ліпеня да 13 жніўня. У гэты зручны час павінны былі ляцець чатыры міжпланетныя экспедыцыі, аднак накіраваліся тры. Расійска-еўрапейскую місію «Экзамарс-2020» «Раскосмас» і Еўрапейскае касмічнае агенцтва перанеслі на 2022 год — умяшалася пандэмія COVІD-19, і арганізацыі не змаглі забяспечыць сумеснае аддаленае кіраванне міжпланетным праектам.

Надзея Эміратаў

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты сталі першай арабскай дзяржавай, якая адправіла касмічны зонд да Марса. Арбітальны апарат пад назвай «Аль-Амал» («Надзея») накіраваўся да Чырвонай планеты 20 ліпеня з японскага касмадрома Танэгасіма з дапамогай японскай ракеты. Ён быў распрацаваны ў касмічным цэнтры імя Мухамеда бін Рашыда ў Дубаі ў партнёрстве з лабараторыяй атмасфернай і касмічнай фізікі ўніверсітэта Каларада. Мяркуецца, што зонд дасягне Марса ў лютым 2021-га пасля сямі месяцаў палёту.

У адрозненне ад амерыканскай і кітайскай касмічных праграм па засваенні Марса, мэта місіі ААЭ больш сціплая: «Надзея» будзе назіраць за атмасферай Чырвонай планеты з арбіты, каб стварыць першую поўную карціну марсіянскага клімату ва ўсіх рэгіёнах на працягу года. Касмічны зонд правядзе вывучэнне ніжніх слаёў атмасферы, дзе фарміруецца марсіянскае надвор'е, у тым ліку пылавыя буры. Карабель абсталяваны трыма камерамі, якія дазваляюць весці назіранне за атмасферай Марса ў бачным, інфрачырвоным і ультрафіялетавым дыяпазонах. Для ААЭ надзвычай важна дасягнуць арбіты Чырвонай планеты да 50-годдзя з дня заснавання краіны, якое будзе адзначацца 2 снежня 2021-га.

Пытанні ад Паднябеснай

Кітайская экспедыцыя носіць імя Tіanwen-1 («Пытанні да нябёсаў»). Так называецца паэма Цюй Юаня, які жыў прыкладна ў 340—278 гадах да н.э. і лічыцца адным з найвялікшых паэтаў старажытнага Кітая. Конкурс па выбары назвы пачаўся ў канцы жніўня 2016 года, пераможца быў вызначаны з амаль 36 тысяч заявак спецыяльным журы і з дапамогай анлайн-галасавання і абвешчаны 24 красавіка 2020 года — у гэты дзень у Кітаі адзначаецца Дзень касманаўтыкі. Кітайскае нацыянальнае касмічнае ўпраўленне (CNSA) заявіла, што ўсе будучыя місіі па даследаванні іншых планет таксама будуць называцца Tіanwen.

Цяжкая ракета-носьбіт «Чанчжэн-5» («Вялікі паход — 5») стартавала 23 ліпеня з касмадрома Вэньчан на востраве Хайнань на поўдні Кітая. Месцам пасадкі папярэдне абраны раён марсіянскай раўніны Утопія, міжпланетны зонд павінен дасягнуць яго налета ў лютым. Задача — пошук слядоў жыцця на Марсе і «разведка» атмасферы. Марсаход, які будзе катацца па планеце, важыць каля 200 кілаграмаў. Ён абсталяваны навігацыйнай і тапаграфічнымі камерамі, а таксама радыёлакацыйнай станцыяй. Адметна, што місія даставіць да Марса не толькі вышэйзгаданы апарат, але і арбітальны апарат, які будзе даследаваць планету, рухаючыся вакол яе па арбіце.

Настойлівыя Штаты

Апошнім з сёлетняга міжпланетнага «каравана» стартавала ракета з марсаходам місіі NASA Perseverance («Настойлівасць»). Назва была абрана з 28 тысяч заявак, дасланых амерыканскімі школьнікамі. Перамог сямікласнік Аляксандр Мазер, які атрымаў права разам са сваёй сям'ёй назіраць за запускам апарата.

На Чырвоную планету марсаход Perseverance павінен сесці ў пачатку лютага. Месцам пасадкі абраны кратар Джэзера на поўнач ад марсіянскага экватара. Асноўная задача экспедыцыі — высветліць, ці ёсць жыццё на Марсе, і зразумець, ці можа атмасфера на планеце ў будучыні змяніцца так, што яна стане прыдатнай для жыцця людзей.

Кажучы пра мэты будучай місіі, у NASA адзначылі, што марсаход Perseverance будзе «ісці па ваду». Гэтым тлумачыцца і выбар месца пасадкі — мяркуецца, што ў раёне кратара Джэзера знаходзіцца высахлая рачная дэльта і дно возера.

Абсталяваны сучаснымі тэхнічнымі прыборамі, у тым ліку 23 камерамі, марсаход вагой у 1043 кілаграмы будзе збіраць узоры горных парод і глебы, якія маглі ўтварыцца ў той час, калі на Марсе была вада, і ўтрымліваць прыкметы старажытнага жыцця. На марсаходзе — сканер SHERLOC, а таксама ўнікальны верталёт Іngenuіty.

Касмічны прытулак

Місія Perseverance — частка больш буйной касмічнай праграмы NASA «Артэміда», у якую ўваходзяць місіі на Месяц у якасці падрыхтоўкі да каланізацыі Марса. Спецыялісты лічаць, што гэта рэальнае рашэнне праблемы перанасялення Зямлі. Запасы карысных выкапняў на нашай планеце паступова змяншаюцца, пры гэтым расце ўзровень забруджанасці атмасферы і Сусветнага акіяна. Недахоп жыццёва важных рэсурсаў можа прывесці як да лакальных войнаў, так і да глабальных канфліктаў.

Таксама заўсёды існуе пагроза сутыкнення Зямлі з іншым нябесным целам, гэта можа прывесці да масавага вымірання жывых істот, як і адбылося 65 мільёнаў гадоў таму — у эпоху дыназаўраў. І Марс, як лічаць многія, самая перспектыўная кандыдатура на ролю запасной планеты для чалавецтва. Аднак касмічная радыяцыя пакуль з'яўляецца галоўнай перашкодай на шляху пілатуемых палётаў, перакананыя спецыялісты.

Новае даследаванне астрафізіка Дзімітра Атры з Цэнтра касмічнай навукі Нью-Ёркскага ўніверсітэта паказала, што ўмовы пад паверхняй Марса прыдатныя для жыцця. Дагэтуль адпаведная прастора ніколі не даследавалася навукоўцамі. Так што наперадзе шмат цікавага.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Марсіянскія хронікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Інтэр'ер для эстраднай зоркі. Глусчане сведчаць, што Філіп Кіркораў заказваў на іх фабрыцы дзверы

Інтэр'ер для эстраднай зоркі. Глусчане сведчаць, што Філіп Кіркораў заказваў на іх фабрыцы дзверы

Зараз такой фабрыкі няма, але ёсць людзі, якія могуць згадаць гісторыю яе існавання.

Грамадства

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі. 

Грамадства

Злачыннае «паляванне». Як абаранiць сябе ад «аматараў чужой маёмасцi»?

Злачыннае «паляванне». Як абаранiць сябе ад «аматараў чужой маёмасцi»?

Валоданне нейкiмi рэчамi азначае i тое, што на iх могуць паквапiцца староннiя. Няма рознiцы, што гэта — мабiльны тэлефон, сумачка цi бензатрымер.