Вы тут

Падборка ілюстрацый Васіля Шаранговіча прадстаўлена ў Мінску


Супрацоўнікі літаратурнага музея Янкі Купалы некалькі разоў наведвалі графіка Васіля Шаранговіча, каб з яго асабістай калекцыі выбраць унікальныя ілюстрацыі да твораў Купалы — гравюры алоўкам, акварэллю і гуашшу, якія тады яшчэ ніколі нідзе не выстаўляліся. У выніку летась сямнаццаць твораў майстра папоўнілі фонд музея, а сёння яны прадстаўлены ў адмысловай экспазіцыі — 6 жніўня тут адкрылася выстава «Водклік песняў», дзе можна ўбачыць тыя самыя адабраныя арыгінальныя творы мастака і некалькі колішніх выданняў Купалы з выявамі Васіля Шаранговіча.


Ілюстрацыя належыць музею Янкі Купалы.

У музеі захоўваецца больш за сотню графічных работ аўтара — яго малюнкі паводле Міцкевіча, Шаўчэнкі, Пушкіна ды іншых. Творы, прадстаўленыя на выставе цяпер, — гэта задуманая даўно, а ўвасобленая толькі ў 1990-х серыя не «прамых» ілюстрацый, а работ па матывах твораў Купалы. Тут прадстаўлены гравюры да «Кургана», «Адвечнай песні», «Бандароўны», «Адплаты кахання», паэмы «Яна і я», зробленыя ў нязвыклай для мастака манеры.

У экспазіцыю таксама ўключана вялікая літаграфія 1976 года да верша і некалі неафіцыйнага гімна Беларусі «А хто там ідзе?». Яна ўяўляе сабой у пэўным сэнсе трыпціх, дзе ў цэнтры выяўлены беларускія творцы — уласна сам Янка Купала, а таксама Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі, Якуб Колас, Францішак Багушэвіч, Васіль Цяпінскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч ды іншыя. Злева бачныя тыя самыя «беларусы, што на худых плячах нясуць сваю крыўду», а справа — тыя, хто хоча «людзьмі звацца» ў вобразе касінераў, бо вядома, што Купала любіў тэму паўстання 1863 года і нават кантактаваў з адным з кіраўнікоў паўстання Зыгмунтам Чаховічам. Дарэчы, наперадзе грамады ў правай частцы Васіль Шаранговіч выявіў свайго бацьку Пятра — каваля, які пражыў 95 гадоў.

Вядомы мастак таксама ілюстраваў кнігі Якуба Коласа, Адама Міцкевіча, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, але з Купалам было звязана і нешта асабістае. Сам Васіль Шаранговіч успамінаў дзяцінства, калі яго маці, седзячы за кроснамі або калаўротам, прасіла яго, школьніка, пачытаць Янку Купалу.

«Лірыка Купалы займае ў творчасці Васіля Шаранговіча адметнае месца — ён пісаў шмат і ілюстрацый, і вобразаў па матывах твораў паэта, — кажа мастацтвазнаўца і дачка графіка Наталля Шаранговіч. — Любоў да паэзіі Купалы сапраўды была прывіта яму з дзяцінства, яго маці шмат вершаў чытала на памяць, ён і сам шмат ведаў ужо са школы. У якасці дыпломнай работы ў тэатральна-мастацкім інстытуце Васіль Шаранговіч выбраў якраз ілюстрацыі па матывах лірыкі Янкі Купалы, што стала першым крокам у спасціжэнні творчасці паэта. Паводле традыцыі дыпломныя работы ў тыя часы выстаўляліся ў Маскве, і серыя работ майго бацькі была адзначана дыпломам Акадэміі мастацтваў СССР, што па тым часе лічылася вялікай узнагародай для маладога творцы».

Як адзначае Наталля Шаранговіч, тыя ілюстрацыі апроч класічнага разумення творчасці Купалы ўтрымліваюць яркі фармальны падыход да кампазіцыі, а графіка знаходзіцца на мяжы лінагравюры і ксілаграфіі, з'яўляецца адначасова лірычнай і драматычнай. «Купала мог паказаць як узвышанасць рамантычных пачуццяў, так і драматызм, і гэты драматызм у ілюстрацыях Васіля Шаранговіча, якія б работы вы ні паглядзелі, ёсць заўжды».

Галоўнае ж, што вызначае творы ў «Водкліку песняў» — іх экспрэсіўная стылістыка: «Хоць мастак і адносіцца да класікі беларускай графікі, яшчэ студэнтам ён быў прыхільнікам пошукаў экспрэсіўнай фармальнай мовы, якая найбольш выявілася менавіта ў прадстаўленай серыі».

Выстава «Водклік песняў» будзе працаваць у літаратурным музеі Янкі Купалы да 17 верасня.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: 17 імгненняў Купалы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.