Вы тут

180 мільёнаў еўра будзе накіравана на энергаэфектыўнасць


Міжнародныя фінансавыя інстытуты выдзелілі Беларусі сродкі на будаўніцтва кацельных і цеплавую мадэрнізацыю жылля.


Беларусь накіруе 180 мільёнаў еўра, атрыманых ад Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, на будаўніцтва энергакрыніц і цеплавую мадэрнізацыю жылога фонду. Міжнародныя дагаворы аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання» зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2020 года № 296.

Каб рэалізаваць інвестпраект, які разлічаны на 2020—2025 гады, Беларусь прыцягне не толькі пазычаныя сродкі ад міжнародных фінансавых арганізацый у памеры 180 мільёнаў еўра, але атрымае і 3,65 мільёна долараў у выглядзе гранта ад Глабальнага экалагічнага фонду. Як адзначылі ў Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці, згаданы праект быў падрыхтаваны на развіццё работ па ўкараненні мясцовых відаў паліва і на рэалізацыю Указа Прэзідэнта ад 4 верасня 2019 года № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў».

У рамках гэтага праекта плануюць пабудаваць і правесці рэканструкцыю 35 кацельных арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі і забяспечыць іх абсталяваннем для выкарыстання драўнянага паліва. Акрамя таго, у 249 шматкватэрных жылых дамах Гродзенскай і Магілёўскай абласцей будзе рэалізаваны комплекс энергаэфектыўных мерапрыемстваў па цеплавой мадэрнізацыі з прыцягненнем сродкаў насельніцтва.

— Калі гэты праект толькі пачынаў рэалізоўвацца, то ў краіне не было ўласнікаў, якія былі б згодны на правядзенне падобных работ, але зараз такіх шматкватэрных дамоў у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях больш за дзясятак, і гэта тая магчымасць, якой трэба карыстацца ўжо зараз, — адзначыла кансультант аддзела прававой работы, кадравай палітыкі і камунікацый Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Ала ГАРКУНОВА.

Што гэта дае?

35 новых кацельных дазволяць:

  • замяніць імпартны прыродны газ мясцовымі відамі паліва ў аб'ёме 100,34 мільёна кубаметраў ці 16,8 мільёна еўра ў год;
  • павялічыць выкарыстанне мясцовых відаў паліва на 119,1 тысячы тон умоўнага паліва;
  • панізіць сабекошт цяпла ў сярэднім на 20 %;
  • павысіць надзейнасць цеплазабеспячэння спажыўцоў;
  • паменшыць затраты арганізацый ЖКГ на ўтрыманне кацельных.

Цеплавая мадэрнізацыя 249 шматкватэрных жылых дамоў дазволіць (лічбы вар'іруюцца ў залежнасці ад мерапрыемстваў, якія пажадаюць правесці ўласнікі ў сваіх дамах):

  • забяспечыць эканомію цяпла ад 7,6 да 37 %;
  • забяспечыць агульнае зніжэнне выкідаў СО2 у гэтых дамах ад 10 122,9 да 49 313,3 тоны у год;
  • панізіць аб'ём спажывання цяпла на адну кватэру ў аб'ёме ад 0,54 да 2,55 Гкал у год, што ў сваю чаргу дазволіць сэканоміць на жыллёва-камунальных паслугах ад 4,1 да 19,4 еўра ў год;
  • скараціць памер бюджэтнага субсідзіравання на паслугі цяпла для насельніцтва ад 317,3 да 1545,9 тысячы еўра ў год.
Прэв’ю: energobelarus.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?