Вы тут

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта


Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку. 


Зараз на пасаду Прэзідэнта Беларусі прэтэндуюць пяць кандыдатаў: Андрэй Дзмітрыеў — сустаршыня грамадскага аб’яднання «Гавары праўду», Ганна Канапацкая — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка — дзеючы кіраўнік дзяржавы, Святлана Ціханоўская — хатняя гаспадыня, Сяргей Чэрачань — старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада».

Паводле Выбарчага кодэкса, выбары адбудуцца, калі ў галасаванні прымуць удзел больш за палову грамадзян, уключаных у спіс выбаршчыкаў. Прэзідэнт лічыцца абраным, калі за яго прагаласавала больш за палову грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Калі ніхто з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасці галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмін праводзіцца другі тур галасавання па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Выбраным лічыцца кандыдат у Прэзідэнты, які атрымаў пры паўторным галасаванні больш паловы галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў.

Усяго ў Беларусі маюць выбарчае права 6,844 мільёна чалавек непасрэдна ў самой краіне і 5.319 за яе межамі.

Арганізавана 5767 участкаў для галасавання: У Брэсцкай вобласці — 910, Віцебскай — 750, Гомельскай — 997, Гродзенскай — 656, Мінскай — 992, Магілёўскай — 731. У сталіцы працуюць 687 участкаў. 231 участак размешчаны ў медыцынскіх установах, 13 — у воінскіх частках.

44 участкі будуць працаваць за межамі Беларусі. Больш за ўсё іх арганізавана ў Расіі (у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе) і Польшчы (у Варшаве, Беластоку, Бяла-Падлясцы).

Назіраць за выбарамі будуць больш за 48 тысяч чалавек, асноўная частка з іх — прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і грамадзяне, які напісалі заявы. З-за пандэміі ў гэтым годзе шэраг замежных назіральнікаў абмежаваны толькі місіяй СНД і дыпкарпусамі, усяго — 248 чалавек.

Адносна бяспекі, заўважым, што патрабаванне да членаў камісій — наяўнасць сродкаў аховы (маскі, пальчаткі), забеспячэнне сацыяльнага дыстанцыявання, наяўнасці антысэптыкаў, апрацоўкі ручак пасля кожнага выбаршчыка.

Паводле дадзеных Цэнтрвыбаркама, з 4 па 8 жніўня датэрмінова прагаласавалі 41,7% беларусаў.


Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта і адказаў на пытанні журналістаў.

«Я бы не сказаў, што гэта (выбарчая кампанія — «Зв.») самая цяжкая. Цяжар аднолькавы заўсёды, але гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній, — прызнаўся кіраўнік дзяржавы. — Тут складанасць ў тым, што мы, магчыма, шмат чаго не ведаем. Таму мы вымушаны працаваць па ўсіх франтах. Калі шчыра, мы прадугледжваем ўсякія варыянты, але падстаў казаць пра тое, што заўтра краіна будзе ўвергнутая ў хаос, абсалютна няма».


Мікалай Шарснёў: Галоўнае — мірная палітыка

Па традыцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў прагаласаваў у Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, дзе ён калісьці вучыўся.

І сёлета, як заўсёды, на выбарах, прыйшоў на ўчастак каля васьмі гадзін раніцы, акурат да адкрыцця.

Каментуючы ход выбараў ў Віцебскай вобласці, Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што галоўнае — мірная палітыка. Мы ведаем цану міру, і не хацелі б, каб выбухалі снарады, свісцелі кулі... Наконт узроўню жыцця, многае залежыць ад нас, падкрэсліў губернатар. І выразіў надзею ў тым, што землякі зробяць правільны выбар.


Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей: Я галасую за ажыццяўленне нашых планаў

У Гомельскай вобласці за пяць дзён датэрміновага галасавання 54,44% выбаршчыкаў аддалі свае галасы за абраных кандыдатаў. Гомельшчына — лідар сярод рэгіёнаў краіны па актыўнасці людзей падчас датэрміновага галасавання. Сёння, у асноўны дзень выбараў, на участках таксама адзначаецца вельмі актыўная яўка выбаршчыкаў.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей аддаць свой голас за кандыдата прыйшоў на выбарчы ўчастак № 20 Цэнтральнага раёна Гомеля. Ён размешчаны ў корпусе ГДУ імя Ф. Скарыны.

— Я галасую за ажыццяўленне нашых планаў. Напрыклад, за заканчэнне будаўніцтва двух школ, лячэбнага корпусу абласной сухотнай бальніцы, годнае заканчэнне ўборачнай кампаніі...Таксама галасую за нараджэнне здаровых дзяцей, стварэнне сем’яў, парадак, мір у дамах і на вуліцах, спакой у нашай краіне, — выказаў сваю пазіцыю кіраўнік рэгіёна.

Ён павіншаваў маладых людзей, якія ўпершыню бяруць удзел у выбарах, і ўручыў ім памятныя падарункі. Дарэчы на Гомельшчыне 14 тысяч грамадзян упершыню галасуюць на выбарах. 


Па стане на 10.00 яўка выбарцаў склала 45.33%, інфармуе ЦВК. Па стане на 12.00 выбары адбыліся. Яўка па стане на 14.00 склала 65,19%, па стане на 16.00 – 73.4%, па стане на 18.00 – 79,01%.


Маніторынгавая група Міжпарламенцкай асамблеі (МПА) СНД на выбарах прэзідэнта Беларусі не фіксуе заўваг да правядзення галасавання. Пра гэта заявіў журналістам у нядзелю генеральны сакратар Савета МПА СНД Дзмітрый Кабіцкі на адкрыцці аднаго з участкаў.

«Мы пабывалі ў многіх абласцях, гарадах, слухаем ўсіх удзельнікаў працэсу назірання. Ніводнай заўвагі мы так і не атрымалі за гэтыя дні», — сказаў ён.

«Сёння на адкрыцці ўчастка мы спыталі меркаванне старшыні выбарчай камісіі, назіральнікаў, і ўсе кажуць, што ўсё ідзе вельмі карэктна», — дадаў Кабіцкі.


Аляксандр Шпакоўскі: Канстытуцыйны лад выстаіць

На думку палітолага, сёлетняя выбарчая кампанія была дастаткова складанай — у першую чаргу праз выкарыстанне канкурэнтамі дзеючай улады палітычных тэхналогій, з якімі раней Беларусь не сутыкалася.

«Адразу ж сутыкнуліся з вельмі агрэсіўнымі паводзінамі апанентаў, выкарыстоўвалася тэхналогія кібербулінгу (калі людзі, якія адкрыта выражаюць прабеларускую, прадзяржаўную пазіцыю ў сацыяльных сетках, у коле сваіх зносін пачыналі сутыкацца з пагрозамі, ціскам, абразамі). Усё гэта было накіравана на тое, каб зачысціць інфармацыйную прастору і там патрыятычнага пункту гледжання не засталося ў прынцыпе», — растлумачыў эксперт.

«Мой прагноз, што канстытуцыйны лад Беларусі выстаіць, Прэзідэнт пераможа ў першым туры. Акцыі пратэсту і выхад нязгодных на вуліцы будзе, але ў дзяржавы дастаткова сіл і сродкаў, каб забяспечыць бяспеку, правапарадак. І я вельмі спадзяюся, што ўдасца пазбегнуць і надзвычайнага ціску на тых, хто пратэстуе, і ўтрымаць людзей у рамках прававога поля. Таму што права на пратэст ёсць — іншае пытанне, што яны не маюць права парушаць закон», — падкрэсліў палітолаг.

На думку Аляксандра Шпакоўскага, мэтай-максімум было звяржэнне канстытуцыйнага ладу (гэта ацэнка і Дзяржсакратара Савета Бяспекі Андрэя Раўкова), а задача-мінімум — стварэнне працяглага палітычнага крызісу ў Беларусі. Таму, мяркуе эксперт, пратэсты могуць працягнуцца і пасля выбараў.

Аляксей Дзермант: Сур’ёзных абвастрэнняў на заходнім кірунку не будзе

На думку навукоўца, сілы, зацікаўленыя ў разгойдванні сітуацыі ў краіне, граюць у выніку і супраць інтарэсаў Расіі. Таму вучоны ўпэўнены, што яны атрымаюць па заслугах у абедзвюх краінах. Адносіны ж Беларусі і Расіі востры перыяд перажывуць, і далей дзяржавы будуць займацца інтэграцыйным працэсам.

«Заходняя рэакцыя ў дадзеным выпадку другасная. Нейкага вострага інтарэсу, ажыятажу ў заходніх палітыкаў нашы выбары не выклікаюць, таму, думаю, адбудзецца прадказальнае прызнанне дэ-факта выніку выбараў і працягнецца звычайная камунікацыя паміж дзяржавамі», — прадказвае Аляксей Дзермант.

Па яго меркаванні, Захад і Еўрасаюз у прыватнасці не зацікаўлены ў абвастрэнні адносіны з намі і даваць нейкія рэзкія ацэнкі. З заяў будучага пасла ЗША эксперт пры ўсіх звычайных заўвагах таксама не прагучала рэзкіх ацэнак.

Вадзім Гігін: выбары Прэзідэнта — самая важная падзея года

Эксперт нагадаў вынікі даследавання Маладзёжнай лабараторыі пры Беларускім камітэце маладзёжных арганізацый: каля 90 працэнтаў лічаць выбары Прэзідэнта самай важнай падзеяй года, важнай асабіста для сябе.

«Жорсткая канкурэнцыя паміж штабамі ці групамі, якія стаяць за некаторымі кандыдатамі. Праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі спрабавалі максімальна мабілізаваць пратэстны электарат, ён заўсёды ёсць. У апошнія тыдні актывізаваўся электарат дзеючага Прэзідэнта. Улада для гэтага вельмі шмат зрабіла», — сказаў палітолаг.

Па яго словах, гэта кампанія адрознівалася вялікай колькасцю фэйкавых сацыялагічных укідаў. Нацыянальны экзітпол дасць поўную афіцыйную інфармацыю.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.