Вы тут

Выбары-2020. Погляд палітолагаў


У дзень выбараў меркаваннямі і прагнозамі з журналістамі падзяліліся эксперты.

Аляксандр Шпакоўскі: Канстытуцыйны лад выстаіць


На думку палітолага, сёлетняя выбарчая кампанія была дастаткова складанай — у першую чаргу праз выкарыстанне канкурэнтамі дзеючай улады палітычных тэхналогій, з якімі раней Беларусь не сутыкалася.

«Адразу ж сутыкнуліся з вельмі агрэсіўнымі паводзінамі апанентаў, выкарыстоўвалася тэхналогія кібербулінгу (калі людзі, якія адкрыта выражаюць прабеларускую, прадзяржаўную пазіцыю ў сацыяльных сетках, у коле сваіх зносін пачыналі сутыкацца з пагрозамі, ціскам, абразамі). Усё гэта было накіравана на тое, каб зачысціць інфармацыйную прастору і там патрыятычнага пункту гледжання не засталося ў прынцыпе», — растлумачыў эксперт.

Яшчэ адзін новы момант — сацыяльныя сеткі. Па словах палітолага, ужо ў 2017 годзе было відаць з’яўленне цэлай сеткі рэсурсаў, палітычных блогаў. Падыход у іх неаматарскі, працуе высокапрафесійная каманда з добрым фінансаваннем. У выніку youtube і тэлеграм-каналы сталі асноўнымі крыніцамі распаўсюджвання дэструктыўнай інфармацыі.

Акрамя таго, першапачаткова шэраг кандыдатаў звярнуўся да тактыкі стварэння ілюзіі большасці, калі прыхільнікам укідваецца ідэя аб тым, што іх абсалютная большасць, у Прэзідэнта рэйтынг надзвычай нізкі, а выбары яны ўжо выйгралі (калі яшчэ рэгістрацыя не скончылася).

«Асобныя рэсурсы заявілі, што кампанія зроблена, „нас большасць“, застаецца толькі адстаяць перамогу — на вуліцы. Потым уладзе ўдалося ўзяць сітуацыю пад кантроль, галоўнай крыніцай і галоўным пастаўшчыком навін стаў дзеючы Прэзідэнт», — нагадаў Аляксандр Шпакоўскі.

Шэраг дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі кшталту правядзення парада 9 Мая, Паслання, інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту не застаўся незаўважаным і дазволіў пераламіць сітуацыю на карысць дзеючай уладзе.

«Таму мой прагноз, што канстытуцыйны лад Беларусі выстаіць, Прэзідэнт пераможа ў першым туры. Акцыі пратэсту і выхад нязгодных на вуліцы будзе, але ў дзяржавы дастаткова сіл і сродкаў, каб забяспечыць бяспеку, правапарадак. І я вельмі спадзяюся, што ўдасца пазбегнуць і надзвычайнага ціску на тых, хто пратэстуе, і ўтрымаць людзей у рамках прававога поля. Таму што права на пратэст ёсць — іншае пытанне, што яны не маюць права парушаць закон», — падкрэсліў палітолаг.

На думку Аляксандра Шпакоўскага, мэтай-максімум было звяржэнне канстытуцыйнага ладу (гэта ацэнка і Дзяржсакратара Савета Бяспекі Андрэя Раўкова), а задача-мінімум — стварэнне працяглага палітычнага крызісу ў Беларусі. Таму, мяркуе эксперт, пратэсты могуць працягнуцца і пасля выбараў.

У гэтым выпадку ўстойлівасць залежыць ад трох фактараў: узроўню палітычнай пісьменнасці беларускага народа, эфектыўнасці працы праваахоўнікаў і эканамічнага становішча.

«Таму шмат залежыць ад урада. А перыяд вельмі няпросты — у кастрычніку-лістападзе чакаецца пік каранакрызісу ў свеце. І Беларусь з адкрытай экспартаарыентаванай эканомікай адчуе негатыўныя фактары напоўніцу, негледзячы на тое, што мы не закрывалі вытворчасці. Каб мы закрылі вытворчасці, каб вясной былі прынятыя няправільныя рашэнні, думаю, ужо сітуацыя была б блізкая да дэфолту», — адзначыў эксперт.

Аляксей Дзермант: Сур’ёзных абвастрэнняў на заходнім кірунку не будзе

Навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі ўпэўнены: з унутранай абстаноўкай у краіне улада і праваахоўнікі справяцца. Цікавыя сюжэты могуць разгарнуцца пасля выбараў у міжнародным сэнсе, перш за ўсё ў адносінах з Расіяй.

«Камунікацыя апошняга часу двух Прэзідэнтаў многія пытанні і напружанні здымае. Пуцін заявіў аб тым, што не варта разгойдваць лодку, бо мы ўсе ў ёй сядзім, і адпаведна, мы ў адной камандзе. З гэтага я раблю вывад, што насамрэч сляды, якія, магчыма, цягнуліся да часткі палітыкафарміруючых колаў у Расіі, — гэта не пазіцыя Крамля, а асобныя прыватныя інтарэсы. І прамы кантакт нашых Прэзідэнтаў гэта толькі пацвярджае», — разважае Аляксей Дзермант.

На думку навукоўца, сілы, зацікаўленыя ў разгойдванні сітуацыі ў краіне, граюць у выніку і супраць інтарэсаў Расіі. Таму вучоны ўпэўнены, што яны атрымаюць па заслугах у абедзвюх краінах. Адносіны ж Беларусі і Расіі востры перыяд перажывуць, і далей дзяржавы будуць займацца інтэграцыйным працэсам.

«Заходняя рэакцыя ў дадзеным выпадку другасная. Нейкага вострага інтарэсу, ажыятажу ў заходніх палітыкаў нашы выбары не выклікаюць, таму, думаю, адбудзецца прадказальнае прызнанне дэ-факта выніку выбараў і працягнецца звычайная камунікацыя паміж дзяржавамі», — прадказвае Аляксей Дзермант.

Па яго меркаванні, Захад і Еўрасаюз у прыватнасці не зацікаўлены ў абвастрэнні адносіны з намі і даваць нейкія рэзкія ацэнкі. З заяў будучага пасла ЗША эксперт пры ўсіх звычайных заўвагах таксама не прагучала рэзкіх ацэнак.

«Выбары — гэта перш за ўсё беларуская ўнутраная справа. Вядома, ацэнкі партнёраў важныя, але легітымнасць улады асноўваецца менавіта на выніках волевыяўлення беларускага народу. А калі мы будзем упэўненыя ў сваёй унутранай легітымнасці, то знешнія пляцоўкі раней ці пазней прызнаюць выбар, які зрабіў беларускі народ», — адзначыў эксперт.

Вадзім Гігін: выбары Прэзідэнта — самая важная падзея года

Палітолаг адзначае вельмі высокую актыўнасць выбаршчыкаў, у тым ліку на датэрміновым галасаванні. Яе Вадзім Гігін тлумачыць летнім перыядам, калі выхадныя многія праводзяць за горадам. Яшчэ гэта і час адпачынкаў.

Эксперт нагадаў вынікі даследавання Маладзёжнай лабараторыі пры Беларускім камітэце маладзёжных арганізацый: каля 90 працэнтаў лічаць выбары Прэзідэнта самай важнай падзеяй года, важнай асабіста для сябе.

«Жорсткая канкурэнцыя паміж штабамі ці групамі, якія стаяць за некаторымі кандыдатамі. Праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі спрабавалі максімальна мабілізаваць пратэстны электарат, ён заўсёды ёсць. У апошнія тыдні актывізаваўся электарат дзеючага Прэзідэнта. Улада для гэтага вельмі шмат зрабіла», — сказаў палітолаг.

Па яго словах, гэта кампанія адрознівалася вялікай колькасцю фэйкавых сацыялагічных укідаў. Нацыянальны экзітпол дасць поўную афіцыйную інфармацыю.

«Прынцыпова важна, каб увесь выбарчы працэс праходзіў менавіта ў канстытуцыйных рамках. Гэта важна для кожнага грамадзяніна, для выбаршчыка, для кандыдатаў. Гэта безумоўна важна і для месца і іміджу Беларусі на міжнароднай арэне і хацелася б, каб гэтыя выбары прайшлі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, мы спакойна аддалі свой голас, спакойна дачакаліся вынікаў і потым, як гэта і бывае, пракаментавалі, абмяняліся меркаваннямі», — падкрэсліў Вадзім Гігін.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.