Вы тут

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання БНБК: Гэта больш чым космас


Так сказаў Прэзідэнт Беларусі пра тэхналогіі, якія з’явяцца праз тры-чатыры гады ў 43 кіламетрах ад Мінска, у Пухавіцкім раёне. Тут, каля вёскі Уборы, размясціліся аб’екты Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, якая ўжо з заўтрашняга дня — з 11 жніўня гатова прымаць беларускае зерне па сусветных цэнах, а некаторыя культуры — па вышэйшых.


Днямі ў БНБК увядуць у эксплуатацыю зернесховішча, аўтапрадпрыемства, вадавод, кацельню, чыгунку, газаправод і лініі электраперадач. У верасні пачне працаваць завод па вытворчасці прэміксаў магутнасцю 150 тысяч тон, завод па вытворчасці камбікармоў для рыб магутнасцю 110 тысяч тон, завод па вытворчасці камбікармоў для свінняў магутнасцю 316 тысяч тон і тры лініі завода камбікармоў для буйной рагатай жывёлы і птушак па 150 тысяч тон. Агулам — больш за адзін мільён тон гатовай прадукцыі ў год. Адначасова тут можна захоўваць 450 тысяч тон сіласа, дасушваць 400 тон зерня на гадзіну.

Інвестыцыйная пляцоўка плошчай 160 гектараў падзеленая на дзве зоны — агратэхнічную і біятэхналагічную. Кантракты на продаж прадукцыі першай зоны ужо падпісаныя. Рэнтабельнасць складае 15-20 працэнтаў, але ў будучым можа вырасці.

Другая зона прадугледжвае вытворчасць вітамінаў. Яна ўключае мукамольны завод, вытворчасць крухмалу, глютэну, камбікормавай дабаўкі, глюкозы і прадукцыі біятэхналогій — лізіну (80 тысяч тон), трэаніну (8 тысяч тон) і трыптафану (1600 тон).

Чакаецца, што комплекс будзе вырабляць за год таварнай прадукцыі на суму 650 мільёнаў долараў, выпрацоўка на аднаго чалавека складзе 375 тысяч долараў (больш толькі ў нафтаперапрацоўчых заводаў).

Сваім гонарам кіраўніцтва Карпарацыі называе навукова-даследчы цэнтр, у якім працуюць вучоныя некалькіх інстытутаў.

Пасля знаёмства з праектам перспектыўнага развіцця і планамі Карпарацыі на бліжэйшы час Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў свае ўражанні журналістам. Размову з імі распачаў фразай: «Адна справа — перамагчы, гэта важна, іншая справа — абараніць гэту перамогу. Вось чым мы зараз і займаемся». 

Калісьці Аляксандр Лукашэнка параўнаў тэхналогіі БНБК з касмічнымі, цяпер, адказваючы на пытанне журналістаў, ці ўражаны ўбачаным, ён сказаў: «Космас будзе праз тры-чатыры гады, да 2024-га, калі мы будзем казаць не толькі пра перспектыву камбікармоў, не толькі пра дадаткі і падобнае, але калі пачнём казаць пра лекі, вітаміны, гэта ўжо — космас. І гэты космас не далёкі, ужо распачатае праектаванне, трэцяя чарга ў бліжэйшыя тры гады будзе пабудаваная».

Прэзідэнт заўважыў, што пандэмія на каранавірус спыніла эканоміку ва ўсім свеце, у выніку атрымалася так, што найбуйнейшая кітайская інжынірынгавая кампанія CITIC Contruction, якая з’яўляецца генеральным падрадчыкам праекта, на гэты час працуе толькі ў Беларусі. 

«Наша шчасце, што мы абралі правільную тактыку і не закрылі краіну, — пракаментаваў сітуацыю кіраўнік дзяржавы. — Праз тры гады мы з вамі сюды прыедзем, дакладна прыедзем, і ўбачым тут касмічную вытворчасць. Такой вытворчасцю валодаюць адзінкі краін — чатыры ўсяго. І сярод іх Беларусь. Гэта больш, чым космас. Космасам мы з савецкіх часоў займаемся, а гэта цалкам новая вытворчасць».

Вельмі важна, што яна будзе працаваць на айчыннай сыравіне. 700 тысяч тон зерня, па словах Прэзідэнта, гатова будзе купляць БНБК па сусветных цэнах, якія вышэй за дзяржаўныя закупачныя. Кіраўніцтва Карпарацыі зацікаўленае ў вытворчасці зерня ў Пухавіцкім раёне і гатова ў гэта інвеставаць грошы. 

«Словам, гэта наймацнейшы лакаматыў аграпрамысловай вытворчасці і не толькі аграпрамысловай. Ну і не трэба забываць, што яны тут цэлы інстытут стварылі, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Яны будуць тут біятэхналогіі распрацоўваць і рухаць вытворчасць».

Беларускі лідар падкрэсліў, што ў з’яўленні «касмічных» тэхналогій у АПК краіна абавязана КНР і асабіста яе кіраўніку. 

«Гэта падарунак кітайскага народа і асабіста гэтага чалавека, які толькі што мяне першы павіншаваў з нашай з вамі перамогай», — сказаў ён. 

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.