Вы тут

«Рынкі адкрыты – проста трэба варушыцца»


Сёння ў кіраўніка дзяржавы разгледжаны пытанні развіцця харчовай і перапрацоўчай прамысловасці.


Сённяшняя сустрэча – першая пасля назначэння на некаторыя пасады новых кіраўнікоў, калі ім былі дадзены канкрэтныя даручэнні. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў чыноўнікаў быў час знутры вывучыць адпаведныя галіны эканомікі, разабрацца з поспехамі і праблемамі, таму ў ходзе даклада пажадаў пачуць іх меркаванне аб перспектывах развіцця, даведацца аб праблемах у харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, іх рашэнні і патрэбе ў дапамозе на ўзроўні ўрада і Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў: праз пандэмію каранавіруснай інфекцыі больш за паўгода нашы прадпрыемствы працуюць у няпростых умовах. Але негледзячы на гэта Беларусь здолела захаваць працоўныя месцы і экспартны патэнцыял.

“Наша сістэма перапрацоўкі якраз абсалютна не звязана ў адмоўным плане з каранавірусам. Сыравіны ў вас было больш чым дастаткова, сяляне працуюць як ніколі добра, ёсць мяса, малако, цукар і іншае. І спажыванне. Усе краіны закрыліся і сваю эканоміку спынілі – мы працавалі. Наперад, прадавайце. Рынкі адкрыты – проста трэба варушыцца. Як мне дакладаюць міністр сельскай гаспадаркі, віцэ-прэм’ер, праблем са збытам прадукцыі няма. Трэба ўзмацняцца”, – заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш, павелічэнне экспарту застаецца вельмі важным кірункам. Экспартныя пастаўкі ў Кітай – асобнае пытанне Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзідэнт адзначыў, што айчынныя сельгаспрадпрыемствы атрымалі добры ўраджай зерня, агародніны і садавіны.

“Усё перапрацаваць да міліграма. Стратаў не павінна быць ніякіх. І яшчэ адна задача: у насельніцтва таксама ёсць неблагі ўраджай – гэта добрае падспор’е. Калі мы хочам, каб насельніцтва на сваіх участках прысядзібных і іншых вырошчвала сельгаспрадукцыю, яе трэба выкупіць у людзей. Лішкі сельгаспрадукцыі трэба выкупіць у насельніцтва”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і пацікавіўся перапрацоўкай гэтай прадукцыі.

Асобна цікавіць Прэзідэнта пытанне перапрацоўкі рапсу, рынкі яго збыту і кошты.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час дзяржава падтрымала цукраперапрацоўчыя прадпрыемствы, арганізацыі кандытарскай галіны, быў створаны холдынг “Мінск Крышталь”.

“Прыняты шэраг кадравых змяненняў. Як выконваюцца задачы, якія тады былі пастаўлены? Як асвойваюцца новыя рынкі збыту?”, – заклапочаны Прэзідэнт.

Цікавала яго і становішча спраў з кадрамі ў галінах, якія курыруюць удзельнікі сённяшняга дакладу: ці хапае кваліфікаваных спецыялістаў.

Старшыня канцэрну “Белдзяржхарчапрам”, у склад якога ўваходзіць 42 арганізацыі, Анатоль Бубен далажыў кіраўніку дзяржавы, што за першае паўгоддзе выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі эфектыўнасці працы канцэрна.

Экспарт выкананы на 105 працэнтаў. За паўгоддзе дадалі 18 краін – сёння пастаўкі ажыццяўляюцца ў 58 дзяржаў свету.

“Пачата праца па арганізацыі гандлёвага прадстаўніцтва ў Кітаі. Гэта пацвярджае правільнасць прынятага вамі рашэння аб неўвядзенні каранцінных мераў, негледзячы на сітуацыію з “кавідам” у свеце”, – паведаміў старшыня Белдзяржхарчапраму.

Па словах Анатоля Бубна, з першых дзён пандэміі ў кожнай вобласці Беларусі на базе спіртзаводаў арганізавана вытворчасць дэзынфікуючых сродкаў, патрэбнасць краіны ў антысептыках была закрыта цалкам.

У Беларусі можа быць створаны Саюз кандытараў

Як расказаў журналістам старшыня Белдзяржхарчапраму, цана цукру на сусветным рынку рэзка знізілася, і сёння сабекоштам іх перакрыць нельга. Таму канцэрн працуе над зніжэннем сабекошту.

“Праглядаем ужо цану 350 долараў за тону ў параўнанні з цаной папярэдняга сезону 500 долараў – ужо “адшукалі” 150 долараў. У наступны год будзем уваходзіць з перапрацаваным новым цукрам, які дазволіць канкурыраваць на знешнім і ўнутраным рынку”, – праінфармаваў Анатоль Бубен.

Што да кандытарскай галіны, старшыня канцэрна бачыць неабходным стварэнне адпаведнай карпарацыі, якая магла б скласці канкурэнцыю міжнародным аб’яднанням.

“Мы павінны скласці моц у кандытарскай галіне. Як прапанаваў Прэзідэнт, мабыць, для пачатку стварыць Саюз кандытараў. Мо і зробім літаральна ў бліжэйшы час, каб яны каардыніравалі і бачылі рынкі, накіроўвалі развіццё сваёй галіны”, – паведаміў кіраўнік канцэрна.

Ён праінфармаваў, што ў краіне нарыхтоўваецца 70 тысяч тон піваварнага ячменю пры патрэбе каля 120 тысяч тон. Астатняе закупляецца – а гэта дзясяткі мільёнаў долараў. Таму Прэзідэнт даручыў, каб у наступным годзе Белсолад быў забяспечаны ячменем айчыннай вытворчасці пад поўную патрэбнасць. Анатоль Бубен выказаў упэўненасць, што даручэнне будзе выканана.

На дакладзе пацверджана правільнасць рашэння аб стварэнні алкагольнага холдынгу.

“Усё рэгулявана, кваціравана, усё пад кантролем. Вытворчасць алкаголя ў нас у краіне развіваецца планамерна”, – працягнуў Анатоль Бубен.

У канцэрне бачаць шляхі развіцця, нарошчваюць у першую чаргу экспарт. Першыя дзесяць тысяч тон цукру хутка будуць адгружаны ў Кітай – упершыню. Ёсць кантракт на наступныя дзесяць тысяч тон.

“Цукар да канца сезону ўвесь распісаны патонна з заводаў”, – абмаляваў ён становішча з рэалізацыяй прадукцыі.

Галоўнае, чаго па выніках дакладу запатрабаваў Прэзідэнт, – дысцыпліна на месцах, парадак і адказнасць канцэрна ў тым ліку за прадпрыемствы харчовай прамысловасці іншай формы ўласнасці.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.