Вы тут

Што робіцца для таго, каб ураджай не згарэў


Падчас кожнай уборачнай кампаніі ў Беларусі рэгіструюцца ўзгаранні сельскагаспадарчай тэхнікі. Вось і бягучы год не стаў у гэтым плане выключэннем. Пажар камбайна быў зафіксаваны сёлета ў жніўні. Надзвычайнае здарэнне адбылося ў полі каля вёскі Пятроўшчына Глыбоцкага раёна.


Фота Анатоля Клешчука.

Калі ратавальнікі прыбылі на месца, то ўвесь камбайн быў ахоплены агнём. Кіроўца камбайна здолеў пакінуць кабіну самастойна. Ён спрабаваў патушыць полымя, але даць рады агню без дапамогі не здолеў. У выніку былі знішчаны заднія колы камбайна, пашкоджаны маторны адсек і задняя частка тэхнікі. Меркаваная версія пажару — кароткае замыканне электраправодкі.

Сітуацыю з пажарамі тэхнікі на палях пракаментаваў начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Турчын.

— Для таго каб папярэдзіць развіццё такіх падзей, мы правялі цэлы шэраг арганізацыйных і прафілактычных мерапрыемстваў. Нашы работнікі абследавалі больш за дзевяць тысяч аб'ектаў. У іх лік уваходзяць зернесушыльныя комплексы, тэхніка, якая працуе непасрэдна на палях і суправаджае збожжаўборачныя камбайны. Падчас абследаванняў аддаём увагу таму, як ідуць тэхналагічныя працэсы, абавязкова правяраем, як усе работнікі ведаюць правілы пажарнай бяспекі. Кантралюем таксама спраўнасць і наяўнасць тэхнічных сродкаў проціпажарнай абароны.

Калі пераходзіць да лічбаў, то было абследавана каля дзвюх з паловай тысяч зернесушыльных комплексаў, больш за пяць тысяч складоў і 32 хлебапрыёмныя прадпрыемствы. Найбольш распаўсюджаныя парушэнні, якія выяўляюцца супрацоўнікамі органаў Дзяржаўнага пажарнага нагляду, звязаны з адсутнасцю першасных сродкаў пажаратушэння, парушэннем правілаў эксплуатацыі цеплагенеравальных прылад і энергаўстановак і электрычнага абсталявання.

— На жаль, не абыходзіцца без захадаў адміністрацыйнага прымусу, — адзначыў Дзмітрый Турчын. — За тое, што не ў поўнай ступені выконваліся правілы пажарнай бяспекі, перад законам адказалі 212 чалавек, з іх 96 — кіраўнікі. Сумесна з камітэтамі па сельскай гаспадарцы аблвыканкамаў распрацавана і накіравана для рэалізацыі комплексная праграма па захаванні пажарнай бяспекі. Яна неабходна на перыяд уборкі ўраджаю. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях таксама аказвае сельскагаспадарчым арганізацыям і практычную дапамогу. Яна датычыцца навучання іх супрацоўнікаў правілам пажарнай бяспекі. Інструктажы прайшла больш за 16 з паловай тысяч чалавек.

Але неабходна, каб падчас уборкі ўраджаю на полі дзяжурыла тэхніка, якая здольная падаваць ваду.

— Гэта робяць як суб'екты гаспадарання, задзейнічаныя ва ўборачнай кампаніі, так і падраздзяленні МНС — у апошнім выпадку з нашымі структурамі патрабуецца заключэнне адпаведнай дамовы, — працягвае Дзмітрый Турчын. — Год ад году мы назіраем станоўчы вынік да выканання нашых патрабаванняў і культуры бяспекі. З улікам мер, рэалізаваных не толькі летась, але і ў пазамінулыя гады, у нас колькасць пажараў на аб'ектах уборкі ўраджаю і яго захоўвання, а таксама на тэхніцы зменшылася на 38 %. Калі летась быў 31 пажар, то цяпер іх 19. Усе яны былі аператыўна ліквідаваны, у тым ліку і дзякуючы тэхніцы, якая знаходзілася на дзяжурстве ў полі. Праяўляецца і вынік павышэння адказнасці ад памочніка камбайнера да кіраўніка прадпрыемства. Калі ж патрабаванні дзяржаўнага пажарнага нагляду ігнараваліся, то мы інфармавалі ўсе неабходныя ведамствы, у тым ліку і органы пракуратуры. І такая работа з нашага боку будзе ісці ажно да самага канца ўборачнай кампаніі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.