Вы тут

Разбураць заўсёды лягчэй. Правілы паводзін падчас канфлікту ў дзелавых ці асабістых зносінах


Ці можна пазбегнуць канфліктаў у дзелавых ці асабістых зносінах? «Не!» — адкажа любы прафесійны псіхолаг. Канфлікты як экстрэмальная форма вырашэння супярэчнасцяў непазбежныя, але імі можна кіраваць. Для гэтага неабходна навучыцца адпаведным паводзінам падчас канфлікту і ведаць варыянты выхаду з яго ў залежнасці ад абранай мадэлі. Карысна ведаць і асноўныя правілы або этыку паводзін падчас канфлікту. Пра гэта мы паразмаўлялі з псіхолагам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Мінска Ганнай Салавей.


Не спяшайцеся даваць адпор ініцыятару спрэчкі

Першае правіла паводзін у канфлікце — справядлівае, непрадузятае стаўленне да ініцыятара спрэчкі.

— Усякі міжасабовы канфлікт пачынаецца з таго, што ў пары ці групе з'яўляецца чалавек, які чымсьці незадаволены, — гэта ініцыятар канфлікту. Менавіта ён выступае з патрабаваннямі, прэтэнзіямі, крыўдамі і чакае, што партнёр прыслухаецца да яго і зменіць свае паводзіны, — тлумачыць псіхолаг. — Бо як звычайна рэагуе партнёр на ініцыятара канфлікту? Выключна адмоўна: вінаваціць, што той «зноў чымсьці незадаволены, заводзіць спрэчку з-за дробязяў», што «яму заўжды чагосьці не хапае», «заўсёды яму нешта не так».

Ганна Салавей падкрэслівае, што ініцыятар канфлікту (за рэдкім выключэннем, калі гэта проста капрызны, няўжыўчывы, склочны чалавек) заўсёды мае свае падставы пачынаць спрэчку. Як правіла, за яго незадавальненнем і прэтэнзіямі стаіць даволі істотная прычына ці асабісты інтарэс: існуе нейкае становішча, якое яго не задавальняе, мучыць, дастаўляе хваляванне ці нязручнасць.

Такім чынам, для таго, каб канфлікт з першага ж кроку не пайшоў па «крывой дарожцы», варта справядліва і цярпліва аднесціся да ініцыятара сутыкнення: адразу ж з парога не асуджаць, не адмахвацца, не крычаць, а ўважліва і па магчымасці максімальна добразычліва яго выслухаць.

Другое правіла паводзін у канфлікце — выявіць прадмет канфлікту і не пашыраць яго. Пад прадметам мы разумеем прычыну незадаволенасці партнёра: што яго канкрэтна не задавальняе і не падабаецца ў паводзінах іншага. Гэтае правіла, дарэчы, трэба выконваць і ініцыятару канфлікту — дакладна і ясна фармуляваць, перш за ўсё для сябе, што яго не задавальняе і раздражняе ў іншым. Затым поўна і зразумела выказаць прычыну сваіх прэтэнзій.

Часта людзі, якія канфліктуюць, не прытрымліваюцца гэтага правіла. Невыразнае раздражненне дрэнна ўсведамляецца і ўяўляецца ў выглядзе сапсаванага настрою. У такім выпадку партнёры ўвязаюць у неканкрэтных абвінавачваннях, прыдзірках, кпінах і нават знявагах, за якімі абвінавачаны не бачыць прычыны спрэчкі.

— Да другога правіла паводзін у канфлікце, а гэта ўдакладненне прадмета спрэчкі і непашырэнне ліку такіх прадметаў, варта аднесці і скарачэнне колькасці прэтэнзій за адзін раз. Небяспека пашырэння прэтэнзій у тым, што ў абвінавачанага ствараецца ўражанне абсалютнай вінаватасці ва ўсім, што адбываецца з ініцыятарам канфлікту, — расказвае псіхолаг.

Другім наступствам можа быць узмацненне раздражнёнасці абвінавачанага, які не ведае, чым жа дагадзіць ініцыятару, ды і ці трэба гэта рабіць, калі ўсё так дрэнна? Напрыклад, канфлікт пачаўся з гучнай размовы па тэлефоне, потым перайшлі на іншае, успомнілася справаздача, якая не была здадзена ў тэрмін, «гультайства» абвінавачанага. І далей ініцыятар выкладвае ўсё, што назапасілася ў яго на душы, а абвінавачаны, даведзены да крайнасці, таксама не застаецца ў даўгу і кажа ўсё наўпрост, «нягледзячы на асобы».

Згладжваць сітуацыю таксама не трэба

Спецыяліст звяртае ўвагу, што з другім правілам паводзін у канфлікце звязана псіхалагічная ўласцівасць некаторых людзей — часта неканфліктных па сваёй натуры. Яны стрымліваюць сябе і сыходзяць ад спрэчкі. Небяспека ў тым, што рана ці позна назапашаныя дробныя крыўды ўтвараюць снежны ком, які ўжо цяжка спыніць. І калі прадставіцца выпадак, ён раскрые такую колькасць крыўдаў і недамовак, што справіцца з канфліктам будзе проста немагчыма.

Вось чаму не рэкамендуецца сыход ад канфлікту па тыпе згладжвання і асабліва пазбягання яго. Яны пакінуць у ініцыятара і абвінавачанага крыўду ў выглядзе нявырашанасці. Разнастайныя ўяўныя асацыяцыі, паступова назапашваючыся, абрастаючы падрабязнасцямі іншых сутыкненняў, выклікаюць абагульненне прадмета канфлікту. І тут партнёраў спрэчкі чакае іншая непрыемнасць — можна зрабіць спешную выснову наконт мэтазгоднасці гэтых адносін увогуле.

— Дастаткова часта ў маладой пары шлюб і яго скасаванне могуць стаць звычайнай рэччу. Лёгкасць размоў пра расставанне ў маладых сужэнцаў не такая ўжо і бясшкодная. Спачатку жартам, а потым і ўсур'ёз назапашаныя крыўды прыводзяць да паспешных высноў і рашэнняў. Але разбурыць лягчэй, чым пабудаваць наноў. Гэта датычыцца і міжасабовых адносін: нельга спяшацца з высновамі ў дачыненні да канкрэтных адносін — таварыскіх, сяброўскіх і асабліва шлюбных, — папярэджвае Ганна Салавей.

Трэцяе правіла паводзін у канфлікце — фармулёўка пазітыўнага вырашэння вострай сітуацыі. Гэта прымусіць ініцыятара, па-першае, у думках узважыць усе «за» і «супраць» у сваім абвінавачванні. Па-другое, разлічыць магчымыя наступствы канфлікту для ўзаемаадносін. І па-трэцяе, самому падумаць замест абвінавачанага наконт найбольш спрыяльнага выніку канфлікту. Усё разам гэта дазволіць знізіць негатыўную напружанасць ініцыятара, узважыць мэтазгоднасць канфлікту, адчуць сябе ў ролі абвінавачанага.

Звярніце ўвагу на тон размовы

Чацвёртае правіла паводзін падчас канфлікту датычыцца эмацыянальнага боку. Нярэдка бакі, якія канфліктуюць, у стане правільна вызначыць прадмет канфлікту, справядліва аднесціся да ініцыятара, выказаць свае патрабаванні, намеціць выхады з канфлікту, але ўвесь тон размовы зводзіць гэтыя дасягненні на нішто. Як правіла, канфліктуючыя людзі ў момант спрэчкі адчуваюць эмацыянальную напружанасць, а іх выказванні катэгарычныя, безапеляцыйныя і патрабавальныя.

Нярэдка ініцыятар канфлікту пачынае наступленне на павышаных танах, не выбіраючы выразаў. Таму самая абавязковая ўмова спрэчкі, сутыкнення — максімальна спакойны і роўны тон выказванняў, дакладнасць і прадуманасць слоў. Трэба казаць так, каб у голасе і словах не было нават намёку на раздражнёнасць, гнеў, папрок, не было зняваг у бок партнёра. Карацей, па форме спрэчка павінна быць дзелавой размовай дзелавых людзей.

Дарэчы будзе ў сувязі з тонам спрэчак узгадаць форму звароту на «вы». Яна прынятая ў дзелавых адносінах, прычым невыпадкова «Вы» пішацца ў лістах з вялікай літары, што ўказвае на паважлівае і дыстанцыйнае стаўленне. Існуе пэўная выбарнасць ва ўстанаўленні адносін «ты» і «вы».

— Асобы з добрым самакантролем, самарэгуляцыяй лёгка ў залежнасці ад сітуацыі пераходзяць з адной дыстанцыі на другую. Але ёсць і тыя, хто імкнецца любым чынам скараціць дыстанцыю ў адносінах, што нібыта дае ім права «па-свойску» паводзіць сябе ў афіцыйнай абстаноўцы. У такіх выпадках дыстанцыю можна павялічыць у аднабаковым парадку, пераходзячы на «вы» ў любой абстаноўцы. Дыстанцыя павялічваецца і за кошт пазбягання размоў на любыя асабістыя тэмы. Канешне, форма звароту на «вы» прымальная ў дзелавых, афіцыйных сітуацыях, і яна будзе выглядаць смешна ў асабістых, сямейных адносінах, — звяртае ўвагу Ганна Салавей.

І нарэшце, пятае і самае галоўнае правіла: пазбягайце канфліктаў, якія закранаюць пачуццё ўласнай годнасці. Нельга дапускаць, каб прэтэнзіі з нагоды гучнай тэлефоннай размовы пераходзілі ў знявагу асобы. Напрыклад: «Вы не проста гучна размаўляеце, вы балбатун, не хочаце працаваць. Вы жывяце па прынцыпе «што б такое зрабіць, каб нічога не рабіць!»

Канфлікты з-за дробязяў нярэдка ўспыхваюць у транспарце, калі аднаго штуршка ў перапоўненым салоне дастаткова, каб пасыпаліся асабістыя знявагі. Тады настрой псуецца надоўга, ён пераносіцца ў рабочую абстаноўку, дамоў — кола крыўдаў на ўсіх замыкаецца. Часта нават у дарослых людзей захоўваецца дзіцячы эгацэнтрызм, калі любыя канфлікты з любымі людзьмі ўспрымаюцца як асабістыя. Адно неасцярожнае слова на рабоце ці дома — і самалюбства закранута, хоць тут яно можа быць ні пры чым. І «зняважаная» асоба гатова даць адпор па поўнай форме.

— І апошняя, бадай таксама істотная заўвага: адносіны патрабуюць вялікай працы для іх захавання. Пра гэта не пішуць у падручніках і гэтаму, на жаль, ніхто не вучыць. Між тым разбурыць лягчэй, чым пабудаваць наноў, — рэзюмуе псіхолаг.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.