Вы тут

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы


Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Алег Елiсеенкаў — аўтар хiтоў «Добрыя людзi», «Сто гадоў», «Птушкi», «Прыязджайце да нас у Беларусь», «Берагi» — адзiн з кампазiтараў, якiя рэгулярна наведваюць канцэрты эстраднай i акадэмiчнай музыкi. Часам побач з iм бывае абаяльная жанчына. Гэта Таццяна, яго жонка.


— Раскажаце, як вы пазнаёмiлiся?

— Традыцыйна для таго часу — 70-х гадоў ХХ стагоддзя. На танцах у гарадскiм доме культуры Маладзечна. Гэта было вельмi моднае месца, там iграў вакальна-iнструментальны ансамбль, цяпер бы сказалi, кавер-бэнд, таму што музыканты выконвалi хiты савецкай, а яшчэ больш — замежнай эстрады. У iх была вельмi сучасная для таго часу апаратура. Я тады вучыўся ў Маладзечанскiм музычным вучылiшчы, а мой тата быў у лiку першых выкладчыкаў гэтай навучальнай установы.

I вось аднойчы ў ДК мяне запрасiла на белы танец сiмпатычная дзяўчына. Яна вучылася ў мiнскiм архiтэктурна-будаўнiчым тэхнiкуме, а ў Маладзечна прыехала на выхадныя да бацькоў. Гэта я даведаўся, калi пайшоў праводзiць яе дадому. Нам тады было па 16 гадоў.

— Зусiм юныя... Як развiвалiся адносiны?

— Па-рознаму, было, нават затухалi. Не таму, што мы, напрыклад, сварылiся. Проста нават часу не хапала на сустрэчы. Я ўжо вучыўся ў кансерваторыi на дзённым, Таня працавала ў iнстытуце «Мiнскпраект» i завочна вучылася ў палiтэху. Пасля заканчэння кансерваторыi мяне прызвалi ў войска на паўтара года. У часы нашай маладосцi была традыцыя: дзяўчына дачакалася з армii — ажанiся. Вось i я, выконваючы традыцыi, зрабiў прапанову Таццяне.

— Дзе вы жылi пасля вяселля?

— Таня атрымала пакой у iнтэрнаце, вось там i жылi. Жонка працавала, а я паступiў у аспiрантуру кансерваторыi.

— Гэта значыць, у той час Таццяна больш зарабляла i ўтрымлiвала сям'ю?

— Гэта яшчэ як паглядзець, хто больш зарабляў. У кансерваторыi ў мяне была павышаная стыпендыя — 75 рублёў, а ў аспiрантуры — 73. Вось такi казус. Аспiрантам я кiраваў самадзейнасцю ў НДI прыборабудавання, іншымі словамі, яшчэ 80 рублёў атрымлiваў. I нiхто ж не адмяняў вяселлi, якiя тады спраўлялi два-тры днi i абавязкова запрашалi музыкантаў. Дзве ночы iграеш — атрымлiваеш зарплату iнжынера! Такiм чынам, больш зарабляў я. Але ведаеце, наша пакаленне неяк не мела звычкi скрупулёзна вылiчваць унёсак кожнага ў сямейную скарбонку. Жылi па прынцыпе: мы сям'я i ў нас усё агульнае — і радасцi, і нягоды, i грошы.

У музыканта даходы часцей за ўсё непастаянныя, як той казаў, то густа, то пуста. Вядома, добра, калi жонка падстрахоўвае сваёй стабiльнай зарплатай. Калi патрэбныя былi нейкiя растэрмiноўкi ў савецкi час, то афармлялi iх на Таню. Яна, дарэчы, заўсёды добра зарабляла. Жонка вельмi працавiтая, i архiтэктура — гэта яе стыхiя.

— Як у вашай сям'i размеркаваны хатнiя абавязкi?

— Як майстар аўсянкi i кавы, падаю жонцы сняданак у ложак. Таня шыкоўна гатуе, прычым, як сапраўдная жанчына, з нiчога ўмее стварыць кулiнарны шэдэўр. Жонка цяпер выкладае ў архiтэктурна-будаўнiчым каледжы, у яе вельмi вялiкая нагрузка, таму часта абедаем у кавярнi.

Калiсьцi мы разам выходзiлi зiмой выбiваць дываны на снезе, але цяпер амаль усю хатнюю працу ўзяла на сябе тэхнiка. Гэта радуе, таму што больш часу можна прысвяцiць рабоце або стасункамі адно з адным.

— Якi самы дарагi падарунак зрабiлi жонцы?

— Няма ў мяне нататнiка, у якi б запiсваў кошт падарункаў! Не ведаю, цi быў ён самы дарагi, але адзiн з першых, скажу так, вельмi салiдных. Маю дыпломную работу «Сiмфонiя № 2 для камернага аркестра» набыло Мiнiстэрства культуры БССР — тады за акадэмiчныя творы добра плацiлi. Сiмфонiя была паспяховай, яе шмат дзе ў Савецкiм Саюзе выконвалi. З'явiлася магчымасць атрымаць турыстычную пуцёўку ў Балгарыю або Румынiю, i я выклаў за яе ўвесь ганарар. У той час паехаць за мяжу было няпроста, i справа не ў кошце пуцёўкi, а ў iх колькасцi, атрыманнi ўсякага кшталту дазволаў на выезд. Гэта быў такi выключны выпадак, калi жонка адна адпачывала, — звычайна мы разам падарожнiчаем.

— А як вы любiце адпачываць?

— Нам падабаюцца падарожжы. Такая цiкавасць — яшчэ з маладосцi. У мяне былi добрыя кантакты ў Саюзе кампазiтараў СССР, якому належалi дамы творчасцi ў самых курортных месцах Грузii, Крыма, Прыбалтыкi. Ведаеце, вельмi класна, статусна адпачываць у нумары, у якiм да нас жылi Радзiвон Шчадрын i Майя Плiсецкая. Самая цiкавая гiсторыя была з домам творчасцi кампазiтараў у Юрмале. Ён толькi адкрыўся, i аказалася, што нехта з класiкаў адмовiўся ад паездкi, а для яго ўжо быў забранiраваны «люкс». Мне патэлефанавалi з Масквы, сказалi, пуцёўка гарыць, адзiн дзень ужо знiк. Таня здолела хутка аформiць адпачынак, i мы ўжо праз дзень былi ў Юрмале. Прыходзiм на рэсепшан такiя маладыя, атрымлiваем ключы ад самага шыкоўнага нумара. Нас нават прынялi за «залатую моладзь». Было добра там адпачываць — цудоўнае паветра, мора. Раскошны нумар, у кабiнеце раяль, можна i папрацаваць.

Яшчэ было адно цiкавае падарожжа. У 1997 годзе Сашу Саладуху запрасiлi працаваць у круiз вакол Еўропы. Ён тады быў неверагодна папулярны ў Расii. З яго падачы i я ўвайшоў у расiйска-беларускую групу артыстаў. Акрамя нас, там былi, напрыклад, «Отпетые мошенники» i Марыя Пахоменка. Мы ўсе разам удзельнiчалi ў гала-канцэртах, i ў кожнага быў адзiн сольны. Артыстам прапанавалi добрыя ўмовы: можна было паехаць з мужам цi жонкай. Так мы з Таняй апынулiся ў гэтым 30-дзённым круiзе. Прызнаюся, мы нi за што не плацiлi, але ведалi, колькi каштуе месца ў каюце. Неверагодныя тады для нас грошы. Вельмi шмат было ўражанняў, мы сапраўды ўбачылi ўсю Еўропу.

Яшчэ да каранавiруса я пацiкавiўся круiзамi — падумаў, цi не здзейснiць настальгiчнае падарожжа. Цяпер круiзы доўжацца 7—10 дзён, але i нам ужо трыццаць не трэба. Вядома, мы пабачылi свет, але гэта такi займальны занятак, што чакаем адкрыцця гранiц, абмяркоўваем маршруты.

— Вы знаёмыя амаль паўстагоддзя, стаж сямейнага жыцця наблiжаецца да рубiнавага вяселля. Як за столькi гадоў захаваць цiкавасць адно да аднаго?

— Мне здаецца, у кожнай сям'i свой рэцэпт, таму што ўсе людзi розныя, i гэта добра. Нам уласцiва пастаяннае жаданне развiвацца, не стаяць на месцы, i гэта робiць нас цiкавымi адно аднаму, мы ведаем, што кожны дзень будзе новы i непаўторны. I гэты кожны новы дзень хочацца пражыць са сваiм родным чалавекам.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабiстага архiва Алега Елiсеенкава

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.