26 верасня, субота

Вы тут

Цi ўсякi ўрон можна аднавiць?


У ноч на сераду ў буйных гарадах краiны зноў было неспакойна. Жыхары спальных мiкрараёнаў сталiцы зрабiлiся мiжвольнымi сведкамi таго, што адбывалася. Як падкрэслiваюць праваахоўнiкi, выступленнi былi менш масавыя, але градус агрэсii iх удзельнiкаў не памяншаўся. На праваахоўнiкаў наязджалi машыны, кiдалiся з арматурай. Тыя ў адказ ужывалi табельную зброю, што для мiрнай спакойнай краiны — навiна сама па сабе надзвычайная.


Вось хронiка падзей ночы на 12 жнiўня ад афiцыйнага прадстаўнiка МУС Вольгi Чамаданавай: «У ноч на 12 жнiўня былi адзначаны ачаговыя зборы грамадзян у 25 населеных пунктах. У сталiцы i шэрагу буйных гарадоў мелi месца асобныя спробы перакрыцця руху грамадскага транспарту, а таксама факты адкрытага супрацьстаяння органам правапарадку.

За ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах затрымана больш за тысячу чалавек. Паводле iнфармацыi Мiнiстэрства аховы здароўя, па медыцынскую дапамогу звярнуўся 51 грамадзянiн. У вынiку супрацьпраўных дзеянняў цялесныя пашкоджаннi рознай ступенi цяжкасцi прычынены 14 супрацоўнiкам мiлiцыi i ваеннаслужачым унутраных войскаў, некаторыя з iх шпiталiзаваны.

У Мiнску прыкладна ў 22.00 па вулiцы Прытыцкага каля 400 чалавек выйшлi на праезную частку, заблакаваўшы рух транспарту. Праз 25 хвiлiн рух быў адноўлены, натоўп разрознены.
У Жодзiне кiроўца аўтамабiля «Нiсан» учынiў наезд на вайскоўца, пасля чаго схаваўся. Пацярпелы са шматлiкiмi траўмамi дастаўлены ў лячэбную ўстанову. Усяго за суткi на праваахоўнiкаў было здзейснена пяць наўмысных наездаў.

У Брэсце на супрацоўнiкаў мiлiцыi напала група агрэсiўна настроеных грамадзян з арматурай у руках. Папераджальныя стрэлы ўверх iх не спынiлi. Для абароны жыцця i здароўя супрацоўнiкаў зброя была ўжыта на паражэнне. Адзiн з тых, хто нападаў, паранены. У Жабiнцы невядомы кiнуў бутэльку з запальнай сумессю ў кiрунку службовай машыны, у вынiку чаго пад аўтамабiлем загарэлася тратуарная плiтка.

Следчыя органы па фактах нападу на супрацоўнiкаў распачалi 17 крымiнальных спраў».

Як паведамляе МУС, за два днi на супрацоўнiкаў органаў унутраных спраў здзейснена восем наўмысных наездаў аўтамабiлямi. Прэцэдэнт быў створаны ў Мiнску, затым хваля аналагiчных актаў пракацiлася па краiне, у тым лiку ў Жодзiне i Баранавiчах. Таксама ў Баранавiчах зафiксаваныя спробы падпалiць гандлёвыя кiёскi. У горадзе выявiлi машыну з пустымi бутэлькамi i ўжо гатовым кактэйлем Молатава. Аўтамабiль канфiскаваны. У яго салоне таксама выяўленыя два кiдальныя нажы, пластыкавая бутэлька з растваральнiкам, балаклава, закаркаваная анучай шкляная бутэлька з невядомай хiмiчнай вадкасцю, пустыя шкляныя бутэлькi, анучы, намочаныя ў гаручым. У дачыненнi да гаспадара аўтамабiля распачата крымiнальная справа.

Як адзначылi праваахоўнiкi, сярод затрыманых ёсць грамадзяне Расii, Украiны i Польшчы. Адзначаецца, што самая агрэсiўная група сканцэнтравалася ў сталiчным мiкрараёне Серабранка. Пры ператрусе сярод асабiстых рэчаў у iх былi знойдзеныя радыёстанцыi, нажы, фомкi i дубiнкi.

Паводле iнфармацыi праваахоўнiкаў, ужо затрыманыя чацвёра каардынатараў масавых акцый. Вядома, што асноўны фiгурант — мiнчанiн, якi спецыяльна зняў нумар на 17-м паверсе гасцiнiцы «Беларусь», адкуль каардынаваў акцыi i кiраваў дзеяннямi паплечнiкаў.

* * *

Учора ранiцай ад беспарадкаў у Мiнску не засталося i следу — работнiкi адпаведных службаў зрабiлi так, каб гараджане адчувалi сябе спакойна i камфортна. Што камунальнiкi адчувалi, прыбiраючы патаптаныя кветкi, якiя з такiм клопатам i фантазiяй садзiлi, упрыгожваючы горад, яны, канешне, не раскажуць. Затое падзялiлiся iншым.

«Пратэстоўцы пашкодзiлi кадкi з дрэвамi, кветачнiцы, лаўкi, падпорныя сценкi, лесвiцы. Тысячы пашкоджаных кветак ўжо не атрымаецца аднавiць — яны знiшчаны. Запас кветкавай расады прадугледжаны толькi для правядзення планавых работ па азеляненнi i рамонце кампазiцый. Не факт, што зможам аднавiць дрэвы, якiя выкiдалi з кадак, выкарыстоўвалi iх для ўзвядзення барыкад, бо цяпер не вегетацыйны перыяд», — цытуе БелТА кiраўнiка службы па добраўпарадкаваннi i ўтрыманнi аб'ектаў гарадской гаспадаркi прадпрыемства Анжалiку Пузанкову. Паводле яе слоў, найбольшая шкода дэкаратыўнаму афармленню сталiцы нанесена ў раёне вулiцы Прытыцкага, праспекта Машэрава i iншых месцах, дзе былi зафiксаваныя эпiцэнтры беспарадкаў. Работнiкi «Мiнскзелянбуда» ў апошнiя днi пачынаюць свой працоўны дзень з самай ранiцы, на некалькi гадзiн раней, чым звычайна, каб прывесцi горад у парадак, па магчымасцi выратаваць раслiны i пры наяўнасцi рэсурсаў высадзiць новыя. «Але трэба разумець: каб атрымаць гатовую раслiну, у снежнi адбываецца высадка насення, а ў маi-красавiку маладыя саджанцы высаджваюць на аб'екты. Забяспечыць горад патрэбнай колькасцю новай расады ў сярэдзiне жнiўня ўжо немагчыма», — заўважыла кiраўнiк службы. Яна таксама дадала, што аднаўленню не падлягаюць многiя дэкаратыўныя элементы, якiя выкарыстоўвалiся для стварэння кветкавых кампазiцый. Па словах генеральнага дырэктара «Мiнск-зелянбуда» Iгара Кушнярэвiча, прычыненая шкода на 12 жнiўня перавышае 17 з паловай тысяч рублёў.

Падлiчылi i агульную шкоду ад беспарадкаў у Мiнску, паведамiў начальнiк упраўлення гарадской гаспадаркi i энергетыкi Мiнгарвыканкама Уладзiмiр Лебедзь.

Пашкоджаны прыпынкi, святлафоры, плiтачнае пакрыццё, дарожныя знакi, больш за сотню кантэйнераў, дзясяткi пунктаў прыпынку, адзiн з iх не падлягае аднаўленню. «Па папярэднiх звестках за мiнулыя трое сутак, шкода iнфраструктуры сталiцы складае 500 тысяч рублёў. Каб разумець увесь яе маштаб: за гэтую суму можна было набыць 9 апаратаў ШВЛ», — падкрэслiў Уладзiмiр Лебедзь.

Як паведамiлi ў эфiры «Беларусь 1», сур'ёзны ўрон нанесены i грамадскаму транспарту Мiнска. Адзiн з аўтобусаў закiдалi тратуарнай плiткай i камянямi. «Пашкоджаны чатыры шкла: задняе, два бакавыя i шкло дзвярэй, прабiтыя аўташыны. Аўтобус не выйшаў на лiнiю з-за гэтых няспраўнасцяў. Матэрыяльная шкода прыкладна склала 16 тысяч рублёў», — расказаў дырэктар фiлiяла «Аўтобусны парк № 6» Аляксандр Цiшкевiч. Па чыстай выпадковасцi пасажыры i кiроўца не пацярпелi.

Падлiчваюць шкоду i ў Брэсце, дзе ачагамi беспарадкаў сталi цэнтральныя вулiцы горада: Савецкая, Гогаля, Маскоўская, праспект Машэрава, бульвар Касманаўтаў. Генеральны дырэктар гарадской ЖКГ Iгар Сiльчанка звярнуў увагу на тое, што маёмасцi абласнога цэнтра нанесена немалая шкода. «Суму яшчэ ўдакладняем. Шмат лавак, урнаў, элементаў добраўпарадкавання пашкоджана, было вельмi шмат смецця. Мы прыцягвалi дадатковыя сродкi для навядзення парадку, дворнiкi выходзiлi раней i працавалi ва ўзмоцненым рэжыме», — звярнуў увагу ён.

* * *

Ад рэдакцыi. Гэта не рэпартаж з гарачых кропак, гэта адбываецца ў нашых гарадах, якiя мы з такой любоўю стваралi, упрыгожвалi, якiя з такiм гонарам паказвалi прыезджым. I людзi, што апынулiся ў бальнiцы, — гэта не iншапланецяне, а ў большасцi сваёй нашы суграмадзяне. Калi супакоiцца, спынiцца i падумаць менавiта пра гэта, а не пра крыўды i пра тое, што хто каму павiнен, глядзiш, i знойдзецца выйсце менш балючае i разбуральнае. У любым канфлiкце самае страшнае, а часам i непапраўнае, робiцца менавiта на эмоцыях. Але ж нам усiм у гэтай краiне жыць. Iншай у нас няма, дый не трэба. Давайце памятаць пра гэта.

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.