Вы тут

Лукашэнка: Ад надзейнасці паліўна-энергетычнага комплексу залежыць наша нацыянальная бяспека


Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па актуальных пытаннях паліўна-энергетычнага комплексу краіны.


Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што хоча атрымаць поўную карціну і сённяшняй работы, і перспектыў развіцця гэтай стратэгічнай для краіны галіны.

«Ад яго надзейнасці і магутнасці залежыць уся эканоміка Беларусі і наша нацыянальная бяспека, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта паказалі падзеі канца мінулага і пачатку гэтага года, калі мы вымушаныя былі змагацца за лыжку нафты і кубаметр газа. Якіх, дарэчы, сёння на рынку бяры не хачу. Дзяржава ўклала немала сродкаў у мадэрнізацыю энергетыкі. І сёння прадпрыемствы энергасістэмы, у тым ліку нафтаперапрацоўчыя заводы, па тэхнічным, сваім тэхналагічным аснашчэнні знаходзяцца на такім жа ўзроўні, што і вядучыя еўрапейскія дзяржавы — такія ж прадпрыемствы ў Еўропе маюць гэтакі ж тэхнічны, тэхналагічны ўзровень, што і нашы».

Зараз, па словах Лукашэнкі, ў Беларусі рэалізуецца найбуйнейшы інвестыцыйны праект у яе гісторыі — узводзіцца Беларуская атамная электрастанцыя. Будаўніцтва першага энергаблоку завершана, у рэактар загружаныя касеты з палівам, паведаміў кіраўнік дзяржавы. Наперадзе уключэнне АЭС у энергасістэму краіны і выхад першага энергаблока на поўную магутнасць.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў уключыць у яго графік наведванне БелАЭС і ўдзел у яе запуску.

На завяршаючай стадыі мадэрнізацыя двух беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў — «Нафтана» і Мазырскага НПЗ.

Прэзідэнт папрасіў міністра энергетыкі далажыць, наколькі гатова адпаведная інфраструктура да работы ў новых умовах, распытаў пра прагнозы па тарыфах: наколькі яны знізяцца для ўсіх катэгорый спажыўцоў?

Старшыню канцэрна «Белнафтахім» ён спытаў пра прагнозы па пастаўках і перапрацоўцы нафты да канца гэтага і пра планы на будучы год, пра развіццё альтэрнатыўных паставак у Беларусь нафты і прыроднага газу. У парадку дня нарады таксама пытанні развіцця інфраструктуры для захоўвання запасаў нафты і нафтапрадуктаў, будаўніцтва перамычкі паміж НПЗ, мадэрнізацыя апошніх.

«У нас прапісаныя канкрэтныя тэрміны, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — На „Нафтане“ ўжо праз месяц павінна быць атрымана новая прадукцыя. Хацеў бы ўбачыць гэту прадукцыю асабіста. На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў той жа час павінны завяршыцца сварачныя і мантажныя работы на трубаправодах высокага ціску. Як тут абстаяць справы?»

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся рэалізацыяй Стратэгіі развіцця нафтахімічнага комплексу да 2030 года, у выніку рэалізацыі якой глыбіня перапрацоўкі нафты павінна павялічыцца да 90 працэнтаў, выхад светлых нафтапрадуктаў — да 65–70 працэнтаў, вытворчасць бензінаў — на 620 тысяч тон, дызельнага паліва — на 1430 тысяч тон. Чакаецца, што праекты, уключаныя ў Стратэгію, дазволяць таксама павялічыць выпуск азотных угнаенняў у 1,7 раза ў дзеючым рэчыве, фосфарных — у 1,4 раза, валокнаў і нітак хімічных — на 45 працэнтаў, матэрыялаў нятканых — на 83 працэнты, лакафарбавых матэрыялаў — больш чым на 17 працэнтаў, шкловалокнавай прадукцыі — больш, чым на 11 працэнтаў.

На нарадзе абазначаныя пытанні і ўраду.

Куды будзе накіраваны дадатковы аб’ём электраэнергіі, які хутка з’явіцца ў краіне?

«Каранкевіч вырабіць нам электрычную энергію, хто яе купіць і як будзем выкарыстоўваць? Якія перспектывы экспарту электрычнай энергіі? — звярнуўся да прысутных Аляксандр Лукашэнка. — І другое пытанне ўраду: што вы збіраецеся рабіць з праблемнымі прадпрыемствамі канцэрна? Не буду іх называць, вы іх ведаеце».


Міністэрства энергетыкі разам з МАРГам прапрацоўвае сістэму стымулюючых тарыфаў на электраэнергію для рэальнага сектара эканомікі

«На Беларускай атамнай электрастанцыі на першым блоку 7 жніўня распачата загрузка свежага ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара. Сёння ўсе 163 цеплавылучальныя зборкі павінны быць загружаныя, — паведаміў журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч. — Далей — зборка рэактара, яго ўшчыльненне і выхад на мінімальную магутнасць работы. У чацвёртым квартале плануецца ўключэнне абсталявання ў сетку і выдача электрычнай энергіі ў энергасістэму для спажыўцоў».

Міністр дадаў, што ідзе работа па павялічэнні спажывання электраэнергіі ў краіне. Яна ўключае будаўніцтва і ўсталяванне электракатлоў магутнасцю 916 мегават для ацяпляльнай сістэмы, развіццё электратранспарта (сёлета за першае паўгоддзе спажыванне электраэнергіі тут дасягнула ўзроўню ўсяго мінулага года) і рэалізацыю міжгаліновага комплексу мер па павелічэнні электраспажывання ў рэальным сектары эканомікі (на 2,7 мільярда кілават-гадзін ў параўнанні з мінулым годам).

«Зараз Міністэрства энергетыкі разам з МАРГам прапрацоўвае сістэму стымулюючых тарыфаў у залежнасці ад аб’ёмаў спажывання: чым вышэйшы аб’ём, тым, адпаведна, будзе меншы тарыф, — патлумачыў Віктар Каранкевіч. — Такую работу мы плануем завяршыць да канца года».

Насельніцтва за шэсць месяцаў гэтага года выкарыстала 40 мільёнаў кілават-гадзін электраэнергіі для ацяплення сваіх дамоў і падагрэву вады — гэта ўтрая вышэй, чым за ўвесь мінулы год. Меры стымулявання тут: адмысловыя тарыфы і кампенсаванне дзяржавай часткі сродкаў, якія людзі накіроўваюць на пераабсталяванне жытла для гэтых мэт.

«Зараз прапрацоўваецца прыняцце дадатковых дакументаў: праект указа па павелічэнні вяртання выдаткаў на электразабеспячэнне жылых дамоў для абагрэву ў адносінах да сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян і магчымасць выкарыстання ўласных сродкаў грамадзян на рэканструкцыю электрычных сетак», — паведаміў міністр.

(Будзе дапоўнена)

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.