Вы тут

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата


У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. Праўда, у кіраўніцтве гаспадаркі не ўпэўнены, што ўсе яны застануцца тут і надалей. Хоць такі варыянт быў бы дарэчы, бо работнікаў у СВК не хапае. І ўсё ж тут аддаюць перавагу кадрам, якія асэнсавана абралі гэты шлях. А чым матывуюць свой выбар самі спецыялісты? На гэта і многія іншыя пытанні яны адказалі шчыра і не тоячыся.


Па­вел Бы­коў­скі з га­лоў­ным аг­ра­но­мам Іва­нам Ма­цю­ком.

«Тут галоўнае — аддача»

У СВК «Ніва-2003» — гарачая пара. Гаспадарка завяршае ўборку, таму галоўны аграном Іван Мацюк пастаянна ў раз'ездзе. Ён спецыяльна пад'ехаў да праўлення, каб падвезці карэспандэнта «МС» у сад, дзе працуе адзін з тых самых маладых спецыялістаў, якія засталіся ў гаспадарцы пасля адпрацоўкі. І гэта вельмі добра, кажа галоўны аграном, стаж якога 40 гадоў, прычым менавіта ў «Ніве-2003». Прызнаецца, што раней было значна лягчэй з кадрамі, а зараз людзей не хапае. Пры гэтым аб'ём работы стаў яшчэ большы. Напрыклад, не так даўно пачалі культываваць сад.

Каля варот сада нас сустракае інтэлігентнага выгляду хлопец, больш падобны на айцішніка. Гэта і ёсць наш суразмоўнік — садавод Павел Быкоўскі.

Па сутнасці, яго гісторыя пачынаецца, як і ў многіх выпускнікоў-аграрнікаў. Атрымаў дыплом агранома, затым размеркаванне, армія, зноў адпрацоўка. На гэтым дачыненне хлопца да сельскай гаспадаркі магло скончыцца, як гэта адбылося з большасцю яго аднакурснікаў. Між тым Павел вырашыў застацца ў гаспадарцы, дзе яму даверылі адказную пасаду садавода.

Дарэчы, у садзе спецыяліст праводзіць увесь рабочы дзень, і нават звыш таго. Зараз адказная пара. Трэба рыхтавацца да ўборкі, а плошча сада немалая — больш за 80 гектараў. Тут і яблыні, і грушы, і слівы. Садавод кажа, што ёсць намер павялічыць плошчу — гэта дазволіць даць большы валавы збор. Але галоўнае, каб сад быў здаровы, бо калі садавіна не мае выгляду, яе цяжка прадаць, а гэта вельмі значны даход. Прадукцыю амаль што адразу адпраўляюць па Беларусі і ў Расію. Вядома, са сховішчам можна было б больш зарабіць, бо яблык зімой значна расце ў цане. Але пабудаваць такі аб'ект за ўласныя сродкі вельмі складана, кажа садавод.

Закранулі пытанне дэфіцыту кадраў. Сапраўды, такая праблема ёсць і на яго ўчастку. Зараз патрэбны работнікі, якія робяць сваю справу хутка і якасна. Гэта нават не столькі кваліфікаваныя кадры, колькі — адказныя.

— Але такіх, на жаль, мала. Бо трэба і працэс разумець, і мець жаданне працаваць. Тут цэлы ланцужок, дзе ад кожнага звяна залежыць канчатковы вынік. Вось як зрабіць, каб такіх людзей было як мага больш? — задаецца пытаннем садавод.

А між тым, зарплата, па словах суразмоўніка, тут дастойная. Вядома, трэба прыкласці намаганні, каб атрымаць ураджай. Прыходзіцца працаваць звыш нормы. Але такі напружаны рытм апраўданы — бачыш вынік сваёй працы.

— Калі мы ў гэтыя дні не папрацуем напружана, уся далейшая наша праца будзе бессэнсоўная. Бо калі ўраджай вырас, а мы не імкнёмся яго сабраць, то навошта ўсё астатняе? Аддача — галоўнае ў сельскай гаспадарцы. Да таго ж гэта не бясплатна. Той час, які работнік працуе звыш нормы, адпаведна аплачваецца, людзі атрымліваюць даплаты і прэміі, — зазначае Павел Быкоўскі.

— Відавочна, што ў маладога спецыяліста склаўся правільны падыход да працы ў сельскай гаспадарцы. Ці не сутыкаўся хлопец з прапановамі ад іншых гаспадарак? Зараз такая тэндэнцыя ёсць: багацейшыя сельгаспрадпрыемствы пераманьваюць спецыялістаў, якія добра сябе паказалі. Павел адказаў, што да яго такіх прапаноў не паступала, а калі б і былі, дык спакушацца на іх няма сэнсу, бо тут у яго ўласны дом, дзе яны жывуць з жонкай. Да таго ж садаводу важна ўпэўніцца ў сваіх выніках там, дзе ён пачаў працаваць.

«Работа для мяне як хобі — а ад яго немагчыма стаміцца»

У адрозненне ад Паўла, аграхімік Дзяніс Красько пакуль нежанаты. Але жыве ў асобным катэджы, мае і службовы аўтамабіль, і ўласны. Прыгожы, упэўнены ў сабе хлопец. Што прывяло яго ў сельскую гаспадарку? Можа, для каго гэта і дзіўна, але зусім не матэрыяльная выгада, як аказалася. Хоць і жыллё, і зарплата таксама не на апошнім месцы. І ўсё ж Дзяніс, па яго словах, гатовы жыць у інтэрнаце і працаваць на зямлі. Можа, рамантык?

Дзя­ніс Крась­ко ро­біць за­мер віль­гот­нас­ці зер­ня на су­шыль­ным комп­лек­се.

— Мне падабаецца работа на полі, і тэхніка, і гэта напружанасць, і гэты рух. Тут усё на відавоку, і твая работа таксама. А калі палі чыстыя, няма ніякіх хвароб у пасеваў, разумееш, што ты робіш правільна. Таму тут справа не ў рамантыцы, а ў магчымасці самарэалізацыі, — заўважае Дзяніс. — Але галоўнае, трэба любіць працу на зямлі. Увогуле, любая работа будзе цяжкая, калі яна не падабаецца. Для мяне гэта як хобі, а ад хобі немагчыма стаміцца.

Мы гутарым з Дзянісам пасля яго начной змены на сушыльным комплексе. Падчас уборкі ўстанова працуе кругласутачна і трэба кантраляваць працэс. Прасушваць зерне не абавязкова, але патрэбна ачыстка, таму працуе толькі вентылятар. Зараз тут кіпіць работа — раз-пораз самазвалы прывозяць зерне з палёў. Ураджай сёлета высокі — 93 цэнтнеры з гектара.

Сам Дзяніс родам з Мастоў. Лічыць сябе гараджанінам, але марыў працаваць у сельскай гаспадарцы. Бабулі казаў, што будзе старшынёй калгаса. Праўда, была спроба стаць урачом, нават паступіў у Гродзенскі медуніверсітэт. Але доўга падманваць самога сябе не атрымалася — дзіцячая мара перамагла, і хлопец пайшоў вучыцца на агранома ва ўніверсітэт. Калі паступіла прапанова размеркавацца ў СВК «Ніва-2003», пагадзіўся. І вось другі год праходзіць, што называецца, адпрацоўку.

— Прыехаў, азнаёміўся з работай. Гаспадарка даволі трывалая. Ад Гродна 15 кіламетраў. Жыллё адразу паабяцалі — асобны катэдж, вялікі ўчастак. Пражыванне з правам выкупу, — пералічвае бонусы хлопец.

І ўсё ж ніякія выгоды не прыцягнуць маладога спецыяліста да зямлі, калі ў яго не будзе на гэта жадання. А такіх ахвотнікаў сёння няшмат. Як правіла, моладзь ідзе вучыцца дзеля вышэйшай адукацыі, і мала хто сапраўды мяркуе звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Нават аграномы знаходзяць работу ў іншай сферы, кажа малады спецыяліст. Дзяніс жа бачыць сябе толькі ў аграрным сектары, прычым менавіта ў згаданым сельгаспрадпрыемстве.

— Важна, каб чалавек ішоў працаваць у сельскую гаспадарку свядома, тады больш шанцаў, што ён адтуль не сыйдзе, — упэўнены малады аграном. — Наш старшыня ўмее стымуляваць — па-першае, дом, па-другое, зарплата. Таксама заўсёды можна параіцца з больш вопытнымі спецыялістамі, атрымаць патрэбную дапамогу.

«Калі не пастараешся, застанешся без кадраў»

Старшыня СВК «Ніва-2003» Руслан Гаманчук — малады, сучасны кіраўнік. Ён разумее, што добрыя вынікі немагчымыя без належнай арганізацыі рабочага працэсу. Для гэтага патрэбны, у першую чаргу, кваліфікаваныя кадры.

На сёння ў гаспадарцы працуе адзінаццаць маладых спецыялістаў. Яшчэ шэсць чалавек вучыцца па мэтавым накіраванні і праз некалькі гадоў вернуцца сюды.

— Калі з гэтай колькасці застанецца хоць бы двое пасля адпрацоўкі, гэта ўжо будзе дасягненне, таму што сёння як ніколі адчувальны кадравы голад у сельскай гаспадарцы. Пакуль у нас замацаваліся толькі два маладыя спецыялісты. Усе астатнія збягаюць пасля адпрацоўкі. Хоць мы і жыллё даём, і зарплата па гаспадарцы добрая, і дапамагаем, і прадугледжаны сацыяльныя выплаты. Напрыклад, на вяселле выдзяляем 50 базавых. Ёсць пад'ёмныя для тых, хто вяртаецца з арміі. Імкнёмся падтрымаць, каб яны заставаліся, — выказвае сваю пазіцыю Руслан Яўгенавіч.

Чаму ж маладыя з'язджаюць з вёсак? Гэта пытанне пакуль застаецца ў старшыні без адказу. Магчыма, справа ў гаспадарскай жылцы? Дакладней, у яе адсутнасці. З такой думкай Руслан Гаманчук згодны. Пры гэтым няма ніякай розніцы — гарадскі гэта жыхар ці вясковы. І сапраўды, сам старшыня — карэнны гродзенец, але звязаў свой лёс з АПК. Было б жаданне працаваць...

— Правільна, што зроблены профільны аграрны клас. У нашай Раціцкай школе ён таксама ёсць, і мы будзем даваць накіраванне аднаму з вучняў, які падаў дакументы ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Вядзём дыялог з яго бацькамі, з ім самім, каб ён вучыўся менавіта па мэтавым накіраванні. Тады будзе гарантыя, што ён прыйдзе да нас і адпрацуе пяць гадоў. Нашы мэтавікі вучацца і на агранома, і на заатэхніка, і на ветэрынара. Калі не праводзіць работу, не напружвацца, можна застацца без кадраў, — лічыць кіраўнік гаспадаркі.

Разам з тым прывабіць кадры лягчэй той гаспадарцы, дзе аддаюць увагу тэхнічнаму боку, сучаснай сістэме земляробства. Кваліфікацыя механізатара павінна быць значна вышэйшая, чым раней. Затое і працаваць моладзі цікавей. Праўда, падрыхтаваць такія кадры не заўсёды ўдаецца, бо тэхніка, асабліва замежная, здараецца, апярэджвае тыя веды, што даюць сёння навучальныя ўстановы. А трэба ісці ў нагу з часам. Іншага шляху няма, рэзюмуе свой пункт гледжання кіраўнік гаспадаркі.

Каментарый у тэму

Іван Дарашкевіч, прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта:

— Запатрабаванасць у кадрах значна вышэйшая, чым можа забяспечыць універсітэт. Не так даўно мы рабілі аналіз, як выпускнікі замацоўваюцца, аказалася, што не больш за 25—30 % заставаліся пасля адпрацоўкі. Таму кадры трэба пастаянна аднаўляць.

Сёлета выпушчана 380 маладых спецыялістаў па лініі бюджэту, амаль 300 размеркавана. А вось заяў ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў паступіла каля 860. Атрымліваецца, што яшчэ 560 вакансій, ці больш за палову, застаюцца адкрытыя. Найбольш запатрабаваныя заатэхнікі і ветэрынары. Па заатэхніі было 40 выпускнікоў, а паступіла амаль 200 заявак. На ветэрынарнай медыцыне было 47 бюджэтнікаў, а заявак 226. Лічы, задаволена толькі кожная пятая заяўка.

Універсітэт улічвае такі высокі попыт на спецыялістаў, таму сёлета мы напалову павялічылі набор на самыя запатрабваныя спецыяльнасці. Па ветэрынарыі давялі набор да 100 чалавек, па заатэхніі прыбавілі да 80.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.