28 верасня, панядзелак

Вы тут

«Беламу сонцу пустыні» — 50 гадоў


Фільм Уладзіміра Матыля ў жанры істэрн, які яшчэ называлі «чырвоным вестэрнам», выйшаў на экраны СССР у 1970-м. Выйшаў амаль выпадкова, бо не спадабаўся кіраўніку студыі «Масфільм», але атрымаў ухваленне Леаніда Брэжнева, які вельмі любіў вестэрны і прыйшоў ад новай карціны ў захапленне. У пракаце ў той год фільм заняў другое месца па зборах, палюбіўся гледачам і ўвайшоў у залаты фонд, а вось узнагароды — Дзяржпрэміі РФ — чакаў 28 гадоў.


...Сцэнарый карціны пад рабочай назвай «Басмачы» ўсё ніяк не вымалёўваўся — адзін варыянт не прыняла кінастудыя, для другога аўтары ніяк не маглі знайсці пункт адліку, пакуль не пачулі ад камбрыга Грамадзянскай вайны гісторыю пра басмача, які кінуў свой гарэм каля калодзежа ў пустыні. Тады назву замянілі на «Выратуйце гарэм» і прыдумалі напаўанекдатычны, напаўгераічны сюжэт пра чырвонаармейца Сухава, вымушанага ў пясках Сярэдняй Азіі ўзяць пад абарону гарэм басмача па мянушцы Чорны Абдула.

На ролю Фёдара Сухава прэтэндавалі два акцёры — славуты Георгій Юматаў і малавядомы Анатоль Кузняцоў. За Юматава быў мастацкі савет, аднак падвялі праблемы з алкаголем: літаральна напярэдадні здымак акцёр увязаўся ў бойку і з'явіўся з разбітым тварам... А вось ролю мытніка Верашчагіна рэжысёр адмыслова перапрацаваў пад Паўла Луспякаева, зрабіўшы з нікчэмнага выпівохі хоць і састарэлага, але ўсё яшчэ моцнага і прынцыповага асілка. На той час ужо вельмі хворы, з ампутаванымі часткамі ног, Луспякаеў сам выканаў у фільме ўсе трукі — каскадзёр падмяняе яго толькі ў некалькіх кадрах, калі мытнік нагамі выпхаў басмачоў за борт баркаса, і на буйным плане было б відаць змятыя пустыя наскі ботаў. Дарэчы, песню «Ваша высакароддзе, спадарыня Удача» выдатны тандэм аўтараў Ісака Шварца і Булата Акуджавы таксама пісаў адмыслова «пад Луспякаева».

Ролю Чорнага Абдулы (які, паводле канонаў добрага героя і зладзея, носіць чорную чалму ў процілегласць белай фуражцы Сухава) сыграў Кахі Каўсадзэ — каларытны акцёр Тбіліскага акадэмічнага тэатра. Саіда рэжысёр разгледзеў у Спартаку Мішуліну, папулярным на той час як... Карлсан у спектаклях Тэатра сатыры. А на ролю чырвонаармейца Пятрухі зацвердзілі наогул не акцёра — Мікалай Гадавікоў працаваў слесарам на заводзе. Сярод дзевяці жонак Адбулы толькі тры — прафесійныя актрысы, астатнія дзяўчаты — філолаг, прадавец, спартсменка, інжынер, мастацтвазнаўца; калі ж на здымках было асабліва спякотна, дзяўчат адпускалі, а замест іх хадзілі салдаты з мясцовай воінскай часці, закрываючы паранджой твары. Але найбольш давялося пабегаць за Кацярынай Мацвееўнай: дзясяткі актрыс не прайшлі пробы, а патрэбная фактура знайшлася выпадкова на «Ленфільме» — Галіна Лучай працавала рэдактарам праграмы «Кінапанарама». Але ногі ў яе былі занадта худыя, і іх «прыставілі» асобна, спытаўшы дазволу ў іншай, больш мажнай жанчыны.

Дэкарацыі гарадка Педжэнт, дзе праходзіла большая частка падзей, спачатку збудавалі ў Дагестане, на заходнім узбярэжжы Каспія, а другую частку здымалі ўжо на ўсходнім беразе блізу горада Байрам-Алі. Пустыню Каракумы, дарэчы, перад гэтым давялося прапалоць з дапамогай ваенных, бо з-за частых дажджоў пясок пакрыла густая трава.

Кажуць, адну з крылатых фраз «Я хабар не бяру, мне за дзяржаву крыўдна!» рэжысёр прыдумаў, вяртаючыся пасля чарговых перамоў з мясцовай уладай, прадстаўнікі якой вельмі стараліся «прапхнуць» сваіх дзяцей у фільм, дзе ролі басмачоў выконвалі мясцовыя хлопцы. А вось іншую славутую фразу «Мытня дае дабро» вымаўляе ў кадры сапраўдны крымінальны аўтарытэт Алі — яго рэжысёр запрасіў у карціну для бяспекі кіношнікаў, пасля таго як у Дагестане здымачную групу абрабавалі.

Калі здымалі сцэны з закапаным у зямлю Саідам, тэмпература пяску дасягала 75 градусаў! Каб акцёр не спёкся жыўцом, змайстравалі драўляную скрыню, у якую залазіў Мішулін, а шыю прысыпалі мокрым пяском. Вылезці з гэтай канструкцыі было праблематычна, таму ў перапынках акцёра не адкопвалі, а кармілі з лыжкі.

...Карціну купілі для пракату ў 130 краінах. Не паказвалі яе мо толькі ў Марока — ці жартам, ці ўсур'ёз работнікі пасольства казалі, быццам тамтэйшаму каралю стала крыўдна, што ў ягоным гарэме ўсяго дзве жонкі, а ў простага рускага салдата — дзевяць.

Калі перагледзець: АНТ, 16 жніўня, 23.35.

Фота: museіkіno.ru

Загаловак у газеце: Усход — справа тонкая...

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.