Вы тут

Дзе падпрацоўваюць беларусы?


«Каб ты жыў на адну зарплату!» — жартоўны праклён са старой савецкай камедыі гэтым летам актуальны як ніколі. На адну зарплату многім выжыць складана. Застаецца шукаць падпрацоўку.


Гібкі графік, работу на ноч або на выхадныя ў большасці выпадкаў варта шукаць у прыватным сектары эканомікі. Дзяржпрадпрыемствы аддаюць перавагу пастаяннаму штатнаму раскладу і звычайнаму рабочаму дню. Падпрацоўку людзі часцей за ўсё шукаюць не па спецыяльнасці, аднак нярэдка і ў той сферы, дзе яны — прафесіяналы.

Дары прыроды

Традыцыйная падпрацоўка сельскіх жыхароў з чэрвеня да кастрычніка — дары лясоў і садавіна-агародніна, якую вырасцілі на прысядзібных участках. Дары прыроды прымаюць у спецыяльных пунктах і прадаюць уздоўж трас ці на міні-рынках у бліжэйшых гарадах. Прадаўцы, як правіла, — жанчыны пенсійнага ўзросту. Лясныя ягады і грыбы — таксама традыцыйны летні прыробак беспрацоўных і ўвогуле людзей, што апынуліся ў складаных жыццёвай і фінансавай сітуацыях. Падпрацоўка гэта не надта прыбытковая, яна патрабуе ведання грыбных і ягадных месцаў і фізічнай нагрузкі. У дзень зарабіць можна прыкладна 20–40 рублёў.

Ніна Міхайлаўна, 71 год, пенсіянерка, гандлюе каля станцыі метро «Каменная горка», Мінск:

— Чарніцы прадаю па пяць рублёў за літр, памідоры — таксама пяць рублёў за кілаграм, агуркі — па тры рублі, кабачкі — колькі дасце. Усё гэта сваё, з агарода. Я ў прыватным сектары жыву, тут недалёка. Хапае на закаткі, і трохі застаецца на продаж. А чарніцы — гэта я ў лес ездзіла ўчора. Думаю, рублёў на 15 сёння нагандлюю. Пенсія ў мяне невялікая, а гэта — усё ж нейкая капейчына.

Грубая фізічная сіла

«Вольныя рукі» патрабуюцца і на будоўлі, і ў вытворчасці. Для таго каб грузіць або прыбіраць смецце, кваліфікацыя не патрэбная. Сустрэць у гэтай сферы можна самых розных людзей — ад 19 да 60, з вышэйшай, сярэдняй адукацыяй або практычна без адукацыі. У дзень можна зарабіць да 50 рублёў. Начная работа ацэньваецца ў большую суму, але знайсці разавую начную работу складана, хоць прапановы часам з'яўляюцца ў групах у сацсетках. Часцей на такія падпрацоўкі запрашаюць удзень, і адразу некалькі чалавек. Ва ўмовах пішуць, што патрэбна рабіць (грузіць, капаць і г. д.), колькі патрэбна рабочых, на які час, якая будзе аплата.

Андрэй, 40 гадоў, трэнер:

— Улетку ў трэнераў значна скарачаецца заробак — амаль усе на канікулах, вяртаецца ў залы і секцыі асноўная частка людзей бліжэй да канца верасня. У мяне сям'я, і на лета я ў апошнія гады ўладкоўваюся працаваць грузчыкам. Работа, зразумела, фізічна цяжкая, ды і з аплатай бываюць праблемы. Паколькі працуеш часам нават без дагавора, па вуснай дамоўленасці з работадаўцам, то загадзя ніколі не можаш быць упэўнены, што табе заплацяць столькі, колькі абяцалі. Ну і, зразумела, умовы работы звычайна маглі б быць лепшыя. Гэта датычыцца і тэхнікі бяспекі, і ўмоў для прымання ежы падчас абедзеннага перапынку. Суцяшае тое, што «бяры больш — кідай далей» — традыцыйны спосаб падпрацоўкі многіх дастойных людзей мінулага. Рок-музыкі, пісьменнікі (напрыклад, Цой, Даўлатаў) праз гэта праходзілі. Як і ў савецкім мінулым, сёння сярод калег-грузчыкаў часам можна сустрэць цікавых людзей з унікальным жыццёвым вопытам.

Фасоўка і ўпакоўка

Фасоўшчыкі і ўпакоўшчыкі пастаянна патрабуюцца ў такія буйныя кампаніі, як, напрыклад, «Еўраопт» або Wіldberrіes. Можна знайсці як дзённую, так і начную работу. Звычайна працаваць даводзіцца па 12 гадзін некалькі дзён запар, потым — некалькі дзён адпачынку. Рыхтуйцеся да вылікаў за памылкі ў зборы заказу і ўвогуле за любы промах — такія вылікі могуць «з'есці» каля паловы аплаты, якую вам абяцалі. На перакуры, каву, размовы па тэлефоне і ўвогуле на адпачынак падчас рабочага дня (або ночы) давядзецца забыцца. Умовы работы на складзе часта не найлепшыя. З плюсаў — магчымасць сумяшчаць дзве работы, калі здароўе дазваляе, скончыўшы працоўны дзень, адразу адпраўляцца на працоўную ноч.

Міхаіл, 45 гадоў, пісьменнік:

— Я працаваў у буйной кампаніі «Еўраопт» камплектоўшчыкам. Менавіта начная работа мне і падыходзіла. Графік — 2-2-3, гэта значыць дзве ночы па 12 гадзін і два дні адпачынку, потым — зноў дзве ночы па 12 гадзін і столькі ж вольных, потым тры працоўныя ночы і трое сутак адпачынку. З плюсоў — поўны сацпакет. І гэта, уласна кажучы, усе плюсы. Зарплата, якую традыцыйна абяцаюць для тых, хто працуе ўначы, больш, чым у дзённых работнікаў, на практыцы аказваецца больш на капейкі. Як бы вы ні планавалі свае вольныя дні, на трэцюю ноч запар работнік з вас будзе сонны і стомлены. Хочаце вы таго ці не хочаце, але вы будзеце памыляцца. І ў выніку аднойчы ў мяне атрымалася, што я адпрацаваў начную змену ў мінус 150 рублёў. Работа гэтая падыходзіць для маладых людзей, і зусім не для студэнтаў дзённай формы навучання, як можна было б падумаць напачатку.

Прыборка

Падпрацоўка прыбіральшчыцай — часцей за ўсё выбар жанчын пенсійнага ўзросту. Але апошнім часам нярэдка ў якасці другой работы яе абіраюць і дастаткова маладыя жанчыны. Гэта можа быць прыборка вытворчых або падсобных памяшканняў прадпрыемстваў, крам (прыбіральшчыцы гандлёвых залаў — гэта звычайна поўны рабочы дзень), офісаў.

Валянціна Пятроўна, пенсіянерка, 62 гады, працуе карэктарам у часопісе:

— У мяне ёсць асноўная работа, на яе я прыходжу ў 12 гадзін. А раніцай прыбіраю ў банку. Я, шчыра кажучы, вельмі задаволеная — памяшканні чыстыя, прыходжу на другую працу ў 7-8 гадзін раніцы і ў 10-11 ужо вольная. І 300 рублёў зарплаты зусім не лішнія. Стамляюся, канешне, затое ёсць магчымасць дапамагаць дочкам і ўнукам. Зразумела, прыбіраць на складзе або ў краме было б значна цяжэй.

Зоя Нікіфараўна, 50 гадоў, прадавец:

— Мая другая работа — прыборка памяшканняў і мыццё посуду ў рэстаране. Мяне выклікаюць, калі ў рэстаране праходзяць буйныя мерапрыемствы: банкеты, вяселлі і г. д. Тое, што могуць патэлефанаваць і выклікаць на другую работу сёння на заўтра, — гэта, зразумела, мінус. Даводзіцца мяняцца з калегамі зменамі на асноўнай рабоце, ды і вольных дзён практычна не бывае. У астатнім я бачу ў гэтай рабоце толькі плюсы. Заробак — у сярэднім 300 рублёў у месяц, бывае і больш. Праўда, падчас пандэміі мерапрыемствы праводзіліся рэдка, і мой заробак скараціўся.

Падпрацоўка за камп'ютарам

Аддаленая работа за камп'ютарам падыходзіць многім — дызайнерам, рэдактарам, журналістам, людзям іншых прафесій, якія могуць добра пісаць тэксты або ствараць дызайн. З плюсоў — магчымасць рабіць заданні ў любы зручны час (калі не патрэбны зносіны з кліентамі ў рэжыме рэальнага часу). Запатрабаваны як капірайтынг, так і стварэнне ўнікальных тэкстаў, дызайну і ролікаў для сацыяльных сетак (часцей за ўсё — для Іnstagram), напісанне каментарыяў і адказы на іх. З мінусаў — тое, што на гэтым рынку прапанова большая за попыт, а таксама жорсткі дэдлайн па выкананні работ. Такая работа патрабуе ўседлівасці, самадысцыпліны і неканфліктнасці (работадаўца можа бясконца патрабаваць уносіць праўкі і перапрацоўваць дызайн). Акрамя таго, каб зарабіць больш-менш значную суму, трэба працаваць не пакладаючы рук. Звычайныя расцэнкі на тэксты (капірайт) — каля долара — двух за 1000 знакаў. Калі вы можаце ствараць камп'ютарны дызайн або прасоўваць рэсурсы, вам заплацяць больш. У сярэднім можна зарабляць каля 400—600 рублёў у месяц.

Ганна, 35 гадоў, журналіст:

— Я працавала на адным з рэсурсаў, дзе пачынаючыя аўтары выкладваюць свае літаратурныя творы, якія чытачы пампуюць за невялікія грошы. Маёй задачай было рэдагаванне стылю і карэктура гэтых твораў. У асноўным мела справу з жаночымі раманамі. За раман прыкладна ў 250—300 тысяч камп'ютарных знакаў я атрымлівала каля 80—100 рублёў. Літара-
турная якасць твораў была не надта высокая, каб не сказаць больш. Было зашмат граматычных і пунктуацыйных памылак, і вельмі часта даводзілася па некалькі разоў чытаць адзін абзац, каб зразумець, што ж хацеў данесці да чытача аўтар. Таму на адзін раман патрабавалася каля пяці—шасці вечароў. Работа гэта карпатлівая, яна патрабуе пастаяннай увагі. Ад яе хутка стамляешся.

Вольга, 34 гады, графічны дызайнер:

— Я займаюся стварэннем сайтаў і камп'ютарным дызайнам. Працую ў асноўным на Расію і Прыбалтыку, часам на Еўропу — па грашах гэта лепш. З мінусоў такой работы — можа быць перагрузка, а можа быць поўны штыль, калі ніводнага запыту няма. Калі бярэш работу на выхадныя, то гэта ноч пятніцы, субота, нядзеля і ноч на панядзелак. Затое зарабляеш, здараецца, нават больш, чым на асноўнай рабоце. Калі ўсё добра з заказамі, можна зарабіць 800 рублёў у месяц і нават значна больш. Але гэта спецыфічны лад жыцця. Трэба ўмець адпачываць — хоць бы адзін раз на два тыдні павінны быць паўнавартасныя выхадныя.

Тэлефонныя размовы

Гэты від падпрацоўкі падыходзіць тым, хто ўвесь час знаходзіцца дома, — напрыклад, матулям у адпачынку па выхаванні дзіцяці. Пастаянна патрабуюцца дыспетчары, кансультанты інтэрнэт-магазінаў, спецыялісты па продажы, якія могуць працаваць аддалена на «халодных званках». Як правіла, абяцаюць за такую работу нядрэнныя грошы (каля 700 рублёў), але па факце ў пачатку кар'еры плаціць будуць значна менш, таму што зарплата наўпрост залежыць ад выніку работы.

Аліна, 28 гадоў, рэдактар «глянцу»:

— Я займалася продажам на «аддалёнцы». Прапанавала па тэлефоне і ў інтэрнэце афлайн-івэнты, паслугі па стварэнні і напаўненні сайтаў, дызайне інстаграм-акаўнтаў, напісанні рэкламных тэкстаў. Адразу хачу сказаць: пакуль не напрацуеш уласную кліенцкую базу, «халодныя званкі» моцна вымотваюць і псуюць настрой, а заробак нізкі. Але паступова ў гэтай сферы можна набыць вопыт і павялічыць заробак. Я працавала на акладзе (ён быў мізэрны) плюс працэнт ад здзелкі. Праблема ў тым, што часам на такой рабоце ты зусім не абаронены. Напрыклад, за апошнія здзелкі мой працэнт мне так і не заплацілі. Растлумачылі гэта тым, што з-за каранавіруса кампанія страціла грошы і можа выплаціць толькі аклад.

Hand-made

Калі ў вас рукі растуць адкуль трэба, вы можаце зарабляць на хэндмэйдзе. У якасці асноўнай работы гэта не найлепшае рашэнне, але як дадатковы заробак — добры варыянт. Цацкі, вязаныя рэчы, скураныя вырабы і ўпрыгажэнні ручной работы выклікаюць цікавасць, а знайсці пакупніка ў эпоху інтэрнэту стала значна прасцей — існуюць парталы, дзе хэндмэйд-майстры прадаюць свае творы.

Таццяна, 33 гады, бухгалтар:

— У вольны час я ствараю дызайнерскую біжутэрыю. Колькі можна зарабіць на хэндмэйдзе — складанае пытанне. Ва ўсіх па-рознаму, у залежнасці ад таго, што ты робіш і як ты гэта робіш. Па заробку можа быць нуль рублёў у месяц, а можа быць і нядрэнна — можна зарабіць сабе другую зарплату, 600-800 рублёў. І плюс, і мінус гэтай работы — тое, што ты нібыта не абмежаваны ў сваіх магчымасцях, але тое, будзеш ты з грашыма або застанешся без заробку, шмат у чым залежыць ад выпадку і ўдачы. Важна памятаць: каб ствараць і прадаваць хэндмэйд, трэба аформіць у падатковай інспекцыі па месцы рэгістрацыі «рамесную дзейнасць». На мой погляд, стварэнне хэндмэйду — нядрэнны спосаб падпрацоўкі, але толькі для людзей пэўнага складу.

Турызм і івэнты

Многія турфірмы і івэнт-агенцтвы шукаюць людзей, гатовых абслугоўваць карпаратывы на прыродзе, сплаўляць турыстаў на байдарках і арганізоўваць іх вольны час падчас выездаў за горад. Калі вы заядлы «паходнік», умееце развесці вогнішча, паставіць палатку і ведаеце, як карыстацца вяслом, гэта — ваш варыянт.

Арына, 32 гады, спецыяліст па продажы:

— Мы з мужам кожнае лета па выхадных днях працуем на карпаратывах. Група прыбывае да месца збору, згружае свае рукзакі ў маю машыну і сплаўляецца па рацэ пад кіраўніцтвам інструктара (майго мужа) да месца начлегу. Тым часам я стаўлю палаткі, гатую ежу — суп, шашлык, салацікі — і сустракаю гасцей. Работа цікавая і пазітыўная. Але моцна стамляешся, бо ўсё лета працуеш увогуле без выхадных. Падчас такіх выязных карпаратываў прачынацца нам даводзіцца ў пяць гадзін раніцы, каб усё паспець, а спаць мы кладзёмся, калі лягуць апошнія госці. Трэба мець экіпіроўку, закупіць прадукты па спісе на тыдні, пасля асноўнай работы, забяспечыць людзям камфорт. Бо пераважная большасць з іх — гарадскія жыхары, ім складана адаптавацца да паходных умоў. Затое кожнаму можна зарабіць у эквіваленце каля 100 долараў за выхадныя. Мінусы такой работы — сезоннасць і тое, што яна вельмі залежыць ад надвор'я.

Шукаць і не здавацца

Знайсці падпрацоўку складана. Даводзіцца суадносіць яе з графікам асноўнай работы і правільна разлічваць уласныя сілы. Ды і прапаноў работ з гібкім графікам на рынку працы не надта многа. Дзе ж яе шукаць? На сайтах па пошуку работы, у групах сацыяльных сетак, па сваяках-сябрах-знаёмых. Калі не ведаеце, што канкрэтна вы шукаеце ў якасці падпрацоўкі, паспрабуйце розныя варыянты. Іх многа — значна больш, чым пералічана ў гэтым артыкуле. Прыгадайце свае дзіцячыя або юнацкія хобі — можа быць, яны падкажуць, якое з вашых уменняў можна манетызаваць.

Аляксандра Анцэлевіч

Фота delfi.lt

Загаловак у газеце: Другая работа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».