Вы тут

Майстар на ўсе рукі


Калі нехта думае, што сацыяльным абслугоўваннем пенсіянераў і інвалідаў займаюцца выключна жанчыны, ён глыбока памыляецца. Аляксандр Пасяленцаў прысвяціў гэтай справе 13 гадоў свайго жыцця.


Да гэтага ён працаваў кіроўцам у райспажыўкааперацыі, але пасля чарговай аптымізацыі застаўся без работы. Доўга склаўшы рукі не сядзеў. Неяк яго папрасілі падрамантаваць дом, і мужчына справіўся на выдатна. З гэтага, па сутнасці, усё і пачалося. Слаўгарадскаму раённаму Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва такія людзі вельмі патрэбныя — цвік прыбіць, траву абкасіць, зямлю культываваць.

Аляксандр — майстар на ўсе рукі, смяецца, што жыццё ў вёсцы ўсяму навучыць. У дзяцінстве трэба было дапамагаць маці з бацькам. У сям'і гадавалася трое дзяцей, і ў кожнага былі свае абавязкі. Гаспадарка мелася не маленькая — карова, авечкі, куры... А калі бацька працаваў з малатком ці пілой, то заўсёды браў сына ў памочнікі. Цяпер гэтыя атрыманыя ў маленстве веды спатрэбіліся.

У цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аляксандр Пасяленцаў — асоба папулярная. Тыя, хто маюць патрэбу ў цяжкай мужчынскай рабоце, заўсёды разлічваюць на яго. За ліпень Аляксандр аказаў 60 відаў паслуг, а гэта не такая ўжо і маленькая лічба, улічваючы, што працуе ён не толькі ў маштабах Слаўгарада, але і ўсяго раёна. Аб'ёмы работ таксама розныя. Дзесьці трэба агародчык прывесці да ладу, а дзесьці выкасіць 10, а тое і
20 сотак. Бывае, што і абедаць прыходзіцца на хаду.

Хутка пачнецца сезон збору ўраджаю, а значыць, павялічыцца колькасць заказаў на культывацыю. Хоць іх і зараз хапае. Больш паслугамі карыстаюцца паважанага ўзросту жанчыны, але і для некаторых адзінокіх сталых мужчын градкі — сэнс жыцця.

Тыя, каго Аляксандру прыходзіцца абслугоўваць, большай часткай бездапаможныя і адзінокія, нават з існуючымі роднымі і дзецьмі. Ім за шчасце з чалавекам пагутарыць. Пакуль робіць справу, Аляксандр можна столькі розных гісторый пачуць, што, здаецца, на аповесць хапіла б: некаторыя бабулькі любяць расказваць пра сваё жыццё ледзь не з маленства. І сацработнік іх не перабівае, бо разумее, што людзям трэба выказацца, ад гэтага ім становіцца лягчэй. Ёсць такія вёскі, дзе жыве наогул два-тры чалавекі, і адлегласць паміж іх дамамі амаль паўкіламетра. Старым нагам яе ўжо не пераадолець.

На рабоце Аляксандр з 8 гадзін раніцы, але да канца рабочага дня — 17.00 — не заўсёды паспявае ўсё зрабіць. З раёна і наогул гадзін у восем вечара можна вярнуцца. Хоць кіраўніцтва гэта не вітае, бо ведае, як цяжка прыходзіцца працаваць.

Шмат заказаў паступае на дастаўку прадуктаў. І тут Аляксандр заўсёды гатовы падставіць сваё моцнае плячо. Кажа, што ў гэтай справе павінны быць строгі парадак і празрыстасць. Прыйшоў да кліента, узяў спіс з прадуктамі, грошы, распіску абавязкова, а лепш нават дзве, яшчэ і для заказчыка, каб потым прэтэнзій не было, што здача малая. Здараліся выпадкі. Цяпер нават пасля таго, як усё дастаўлена, Аляксандр бярэ яшчэ распіску, што прэтэнзій кліент не мае.

У такой спецыфічнай рабоце, як сацабслугоўванне, галоўнае — дагадзіць кліенту, не давесці справу да канфлікту. Старыя людзі бываюць вельмі бурклівыя. Аляксандр гэта разумее і лічыць правільным дзесьці змаўчаць, не злавацца на хворага чалавека. За гэта народ яго паважае, тэлефануе, каб кіраўніцтва адзначыла. Называюць яго «наш любімчык».

Руплівага работніка неаднаразова ўшаноўвалі, а нядаўна ён атрымаў міністэрскую ўзнагароду. Калі ў Магілёве адзначалі сацработнікаў за плённую працу ва ўмовах каранавіруса, сярод іх быў і Аляксандр Пасяленцаў. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч асабіста ўручыла яму міністэрскую Падзяку. Аляксандр вельмі ўдзячны за такую адзнаку. І кажа, што галоўнае для яго — людская павага, бо прывык рабіць усё сумленна.

Людміла Варанцова, дырэктар Слаўгарадскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дэпутат Слаўгарадскага райсавета, валанцёр грамадскай арганізацыі «Чырвоны крыж»:

— У нашай рабоце няма абыякавых людзей, усе 43 супрацоўнікі Цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва адказныя і сумленныя работнікі. У нас на абслугоўванні 405 адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, да кожнага трэба знайсці падыход і аказаць усю неабходную дапамогу. І нашы работнікі добра спраўляюцца з гэтай місіяй, за гэта я ўсімі імі ганаруся. Сярэдні ўзрост працуючых — 35—40 гадоў, але ёсць і зусім маладыя. Той жа Вікторыі Гарнастаевай, напрыклад, усяго 25 гадоў. Яна, дарэчы, яшчэ і шматдзетная мама — такіх, наогул, у калектыве працуе чатыры.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».