Вы тут

Журналісты — не ўдзельнікі акцый, яны асвятляюць падзеі. Іх просяць не лезці ў пекла і кансалідавацца


Недапушчальнасць булінгу журналістаў, верагоднасць пакарання сілавікоў, якія жорстка затрымлівалі ўдзельнікаў акцый, прапанова забяспечыць прысутнасць прадстаўніка МУС на месцы акцый, каб прадухіліць затрыманне рэпарцёраў, неабходнасць у агульнай кансалідацыі без падзелу на дзяржаўныя і недзяржаўныя сродкі... Гэта і іншае агучвалася на сустрэчы журналістаў з міністрам інфармацыі і прэс-сакратаром МУС. Як гэта адбывалася, паспрабуем разабраць у пытаннях і адказах.


— Мы працягнем такія сустрэчы і абмеркаванне сітуацыі праблем СМІ і ў шырокім фармаце. Але сёння мы хацелі б правесці менавіта сустрэчу, а не прэс-канферэнцыю. І гэта не рэакцыя на масавыя заявы. Рашэнне было прынятае значна раней, проста арганізоўваўся працэс. Учора (13 жніўня) у шэсць гадзін мы не паспелі зрабіць гэта.

Так міністр інфармацыі Ігар ЛУЦКІ пачаў гутарку з журналістамі яшчэ ў фае Дома прэсы. У выніку акрамя кіраўнікоў СМІ на ёй апынуліся ўсе, хто сабраўся, у тым ліку і прадстаўнікі замежных сродкаў інфармацыі.

— Мы супраць гвалту, супраць беспадстаўнага гвалту не толькі ў бок журналістаў, а таксама іншых грамадзян Беларусі, але і супраць любых іншых праяў гвалту. У той жа час я хачу заявіць, што на кожным з вас ляжыць вялікая адказнасць за тое, што будзе з Рэспублікай Беларусь, наколькі яна будзе незалежнай і суверэннай. На наш погляд, распальванне нянавісці, супрацьстаяння сярод насельніцтва, булінгу, выкарыстання метадаў, якія недапушчальныя для СМІ, каб прасоўваць тыя ці іншыя ідэі, — агучыў ён напачатку сустрэчы пазіцыю Міністэрства інфармацыі.

На пытанне чаму збівалі журналістаў падчас іх работы на пратэстных масавых мерапрыемствах па краіне, Вольга ЧАМАДАНАВА, прэс-сакратар МУС адказала:

— Я асабіста прымала ўдзел у тым, каб як мага хутчэй разбіраліся, і журналісты былі адпушчаныя. Ужо ўчора ўсіх вызвалілі з ізалятараў часовага ўтрымання. Акрэдытаваныя журналісты маюць права на асвятленне падзей у краіне і іх рабоце не павінны перашкаджаць. Міністр унутраных спраў сур’ёзна паставіўся да гэтага і склікаў нараду, дзе акцэнтаваў увагу на тым, каб журналістаў не чапалі і адпусцілі.

Тым не менш, у рэгіёнах на час размовы з міністрам утрымліваецца дзесяць журналістаў, спіс якіх ёсць на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў. Павел Лёгкі, першы намеснік міністра інфармацыі папрасіў яму гэты спіс накіраваць.

На пытанне, ці будзе журналістам кампенсаваная разбітая тэхніка, Вольга Чамаданава паабяцала:

— Усё, пра што вы зараз задаяце пытанні, не будзе пакінутае без увагі, гэта дакладна. Па кожным чалавеку будзе праведзена праверка. Гэта заяўлена кіраўніком ведамства, і ніхто не застанецца ўбаку ад той праблемы, што абазначана.

Звярнуцца са зваротам па факце і атрымаць адказ параіла прэс-сакратар журналістам, якія хацелі ведаць, ці будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці тыя, хто збіваў журналістаў.

Узнялі і пытанне акрэдытацыі замежных журналістаў, якія хадайнічаюць, каб МЗС аднавіў магчымасць замежным калегам акрэдытоўвацца, каб асвятляць сітуацыю.

— Мне здаецца каля 30 расійскіх журналістаў сёння акрэдытавана ў Беларусі, гэтага недастаткова? — пацікавіўся ў адказ міністр інфармацыі Ігар Луцкі. Ён паабяцаў разгледзець пытанне і падкрэсліў, што без акрэдытацыі журналісты не маглі працаваць.

— Вы павінны разумець, што знаходзіцеся ў той самай гушчы падзей. Калі ў вас ляціць камень, вас ужо ніхто не абароніць, вы можаце пацярпець. Таму і просьба ад міністра МУС была не лезці ў самае пекла, — дадала Вольга Чамаданава. — Трэба паклапаціцца пра сябе, калі вы знаходзіцеся на несанкцыянаваных мерапрыемствах. Для нас няважна, журналіст гэта дзяржаўных ці недзяржаўных СМІ.

На прапанову арганізаваць на акцыях прысутнасць прадстаўніка прэс-службы МУС, які б мог аператыўна вырашаць пытанні бяспекі да таго, як журналіста ўжо «зб’юць і пагрузяць у аўтазак».

— Так зараз усё і адбываецца, — запэўніла прэс-сакратар і расказала, што інфармацыя па затрыманых удакладняецца, дапамога аказваецца, журналістаў шукаюць. — Я ўсе гэтыя дні жыла думкамі аб кожным журналісце, пра якога мне прыходзіла паведамленне і рабіла ўсё, каб найхутчэй вызваліць іх.

Было б нядрэнна каб была распрацавана нейкая метадычка ці рэгламент, каб журналісты дакладна ведалі, як правільна сябе паводзіць, выказалі думку прысутныя.

— З’явы апошніх дзён як раз і даюць падставу, каб нарадзілася гэтая метадычка, пагадзілася Вольга Чамаданава. — Магчыма, яна будзе не зусім універсальная, мы можам яе дапаўняць з улікам абставін, у якіх знаходзімся.Трэба вызначацца, каб журналісты працавалі бяспечна.

Прагучала таксама меркаванне, што ніякую метадычку распрацоўваць не трэба, яна ўжо распрацавана Міжнароднай федэрацыяй журналістаў і ў ёй удакладненыя рэкамендацыі адносна несанкцыянаваных акцый.

Узнялі і пытанне булінгу, якому падвергліся дзяржаўныя і недзяржаўныя журналісты, а таксама тое, што вербальны гвалт перарос у гвалт вулічны.

— Булінг прадстаўнікоў дзяржСМІ недапушчальны. Вербальны гвалт можа быць часам мацнейшым за збіццё. Я заклікаю да кансалідацыі, каб мы падтрымалі адзін аднаго, а не разышліся ў розныя бакі. Я для гэтага сюды і прыйшоў. Мы будзем адказваць на пытанні, а не на пагрозы, — выказаўся міністр інфармацыі.

Што датычыцца інфармацыйнага напаўнення СМІ, то прысутныя адзначалі, што для кансалідацыі і шчырага адлюстравання падзей сродкам масавай інфармацыі: і дзяржаўным і недзяржаўным, трэба ставіць у топ навін актуальныя падзеі, якія адбываюцца ў краіне, а не падмяняць іх нязначнымі.

Не забыліся згадаць і пра тое, што за апошнія дні пацярпелі абодва бакі: і дэманстранты, і сілавікі, таму заклікалі асвятляць усе гісторыі.

— Мы разам павінны цяпер максімальна зрабіць усё, каб больш такога не было ні з боку праваахоўнікаў, ні агрэсіўна настроенага натоўпу, — адзначыла Вольга Чамаданава.

Павел Лёгкі выказаўся, што, магчыма, добрай справай стане магчымасць адукоўвацца.

Павел СУХАРУКАЎ, дырэктар Выдавецкага дома «Звязда» нагадаў:

— Трэба быць больш акуратнымі і абачлівымі і ведаць, да чаго ўрэшце прыводзіць нашы словы, бо нас слухае і бачыць уся краіна.

— Гэта сур’ёзны выклік не толькі для журналістаў, а і для дзяржаўных асоб. Я чалавек дзяржаўны. У мяне ёсць дакладная грамадзянская пазіцыя. Я кіраваў СМІ, ведаю і разумею работу і місію журналіста. Я на баку закона і буду рабіць усё, каб ён выконваўся, — рэзюмаваў Ігар Луцкі.

Што ж, атрымаць адказы тут і цяпер адносна імён вінаватых у падзеях апошніх дзён у краіне і што дакладна рабіць далей, на адной такой сустрэчы немагчыма. Знайсці паразуменне і кампраміс цяжка, калі гэта адбудзецца і ці адбудзецца — невядома. Спроба адбылася…

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.