Вы тут

Заакіянскае прызнанне. Якуб Колас у ЗША


Даследчыцкі сінхронны зрэз пэўнага гістарычнага перыяду, ажыццёўлены праз архіўна-пошукавую дзейнасць, дазваляе не толькі дайсці да першакрыніц, але і актывізаваць адмысловае сілавое поле ўзнаўлення ўсіх часавых перыпетый, крос-культурных камунікацый, нацыянальнай падзвіжніцкай працы і яе асэнсавання зблізку і здалёку. Праца такога кшталту пераконвае ў важнай дыпламатычнай місіі мастацкай літаратуры. Пры ўсіх напластаваннях пазнейшых ацэнак, літаратуразнаўчых удобіц і цалікоў, жывое слова класікі заўсёды дзейснае, нават калі некаторыя абставіны яго прамаўлення і вядомасці ў свеце сталі адмысловай капсулай часу.


Якуб Колас. Лунінец. 1911 г

Эўрыстыка

У суправаджальным тэксце да факсімільнага выдання «Песняў жальбы» (Мінск, 1982) акцэнтавалася гістарычная роля першай кнігі Якуба Коласа: «Гэта ж яна, як і купалаўская “Жалейка”, на пачатку стагоддзя так глыбока і незабыўна, так балюча і светла, так абсяжна і прыгожа раскрыла душу народную, разгарнула велізарны свет беларускага працаўніка, расказала пра яго долю-нядолю, паказала красу і веліч нашай цудоўнай зямлі-карміцелькі». Неабходнасць дакладнага ўзнаўлення і тыражавання першавыдання была абгрунтавана так: «Кніжка “Песні жальбы”, што ўбачыла свет у 1910 годзе ў Вільні, у час, калі аўтар знаходзіўся за кратамі царскага астрога, дайшла да нас у лічаных экзэмплярах».

Асобнік рэдкага выдання, які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, стаў для аўтара гэтых радкоў спачатку загадкай, потым напрамкам пошукавай працы, урэшце  — невялікім архіўным адкрыццём. На карысць лакалізацыі мінулага месцазахоўвання кнігі сведчыў штамп: «Одесская городская публичная библиотека. 7 сентября 1912 года». На вокладцы ўніката напісана імя і прозвішча ўладальніка. Першае слова чытаецца амаль беспраблемна і ўказвае на ўкраінскае паходжанне былога ўладальніка кнігі  — Володимир. З расчыткай прозвішча і ўстанаўленнем асобы ўласніка беларускага выдання мне дапамог кіеўскі калега Вячаслаў Лявіцкі. Як высветлілася, поўны іменны інскрыпт на вокладцы зборніка «Песні жальбы»  — Володимир Буряченко, адметная постаць у гісторыі Украіны перыяду нацыянальнага будаўніцтва, чыё жыццё і грамадска-культурная дзейнасць непарыўна звязаны з Адэсай. Уладзімір Бурачэнка скончыў тут гісторыка-філалагічны факультэт Наварасійскага ўніверсітэта, стаў ініцыятарам стварэння выдавецтва «Дніпро» (1910), выпусціў у свет свае асноўныя лексікаграфічныя працы: «Расійска-ўкраінскі слоўнік» (1916), «Расійска-ўкраінскі слоўнік з дадаткам канцылярскага слоўніка» (1918). Сёння імя Уладзіміра Бурачэнкі называецца ў ліку праваднікоў нацыянальнага руху, пакалення асветнікаў  — Іларыёна Свянціцкага, Івана Агіенкі, Мадэста Лявіцкага і інш., а таксама першых ахвяр рэпрэсіўнай згубы 1930-х гадоў.

Архіўным шляхам

Адзіная беларуская рэцэнзія пачатку ХХ стагоддзя, вядомая сёння, была апублікавана ў газеце «Наша Ніва» 30 верасня 1910 года (пад псеўданімам Бульба). У 1910—1911 гадах шэраг крытычных водгукаў на «Песні жальбы» апублікавалі ўкраінскія перыядычныя выданні, што выходзілі ў аўстра-венгерскім Львове і расійскім Кіеве: «Рада», «Українська хата», «Літературно-науковий вістник», «Недїля». Іх змест ніколі не быў у полі зроку спецыяльнага навуковага даследавання, ды і самі тэксты яшчэ не сабраны і не вывучаны, прысутнічаюць у даведачных выданнях на ўзроўні намінацыі. Між тым, гэта адметны корпус першакрыніц з цікавымі ацэнкамі і назіраннямі, праекцыяй на гісторыю ўкраінскай літаратуры, рэпрэзентацыяй не толькі аналітычных высноў, але і мастацкіх перакладаў некаторых вершаў Якуба Коласа. Так, крытычны водгук Васіля Шчурата, апублікаваны на старонках львоўскага штотыднёвіка «Недїля» ад 1 студзеня 1911 года, змяшчае аўтарскія інтэрпрэтацыі беларускіх твораў: «Скоро в полі забушує», «Мы ходим, спотыкаємся».

Вільня — Нью-Ёрк

Выяўленыя намі матэрыялы сведчаць, як мінімум, аб наладжанасці стасункаў паміж «украінскім» Нью-Ёркам і «беларускай» Вільняй. Публікацыі мелі відавочныя рэкламныя задачы, пры гэтым невядомым заакіянскім аўтарам прапаноўвалася вельмі адметная характарыстыка розных па жанры беларускіх выданняў. Па-сутнасці, гэта першыя рэцэнзіі, прадстаўленыя не толькі ў ЗША, але і ў самой Беларусі і ў яе народаў-суседзяў.

У рубрыцы «Кніжкі, надасланыя ў рэдакцыю» газеты «Свобода» ад 26 студзеня 1911 года паведамлялася пра два беларускія выданні: «Песні жальбы» Якуба Коласа (Вільня, 1910) і «Кароткую гісторыю Беларусі з 40 рысункамі» Власта (Вільня, 1910); давалася інфармацыя пра іх аб’ём і кошт. Далей прадстаўляліся ўкраінскія кнігі і перыядычныя выданні, што выйшлі ў Аўстра-Венгрыі і Расійскай імперыі: «Уплыў Польшчы на эканамічнае развіццё Украіны-Русі» Ціта Вайнароўскага (Львоў, 1910), зборнік вершаў Грыцька Чупрынкі «Ураган» (Кіеў, 1910), «Маладая Украіна» Івана Франко (Львоў, 1910) і яго ж камедыя «Настаўнік» (Кіеў, 1911), «Бібліятэка для рускай моладзі» пад рэдакцыяй Юліяна Насальскага (Каламыя, 1910) і інш.

У наступнай рубрыцы  — «З беларускага пісьменства»  — былі апублікаваны рэцэнзіі на заяўленыя раней кнігі. Пры гэтым водгукі на ўкраінскія выданні адсутнічаюць.

Адметныя характарыстыкі адрасаваны плёну творчай працы Якуба Коласа: «Гэты зборнік вершаў аднаго з найлепшых паэтаў, што цягам двух гадоў друкаваліся ў газеце “Наша Ніва”. Акрамя перадруковак з газеты мы знаходзім у зборніку шмат чаго новага. Форма вершаў не выкшталцоная  — просценькая, такім жа простым, натуральным з’яўляецца жыццё Богам і людзьмі прызабытых беларусаў, якія толькі за апошні дзясятак гадоў пачалі абуджацца, каб зажыць сваім асобным жыццём. З кожнага радка, з кожнага малюнка зборніка так і вее якімсьці сумам, бязмежным жалем. І не дзіва. Гэта Беларусь,

Край наш бедны, край наш родны!

Гразь, балота ды пясок…

А люд “бяз долі і бяз хлеба — гнецца”, бо: “На мужычай ніве каласы пустые”.

І так малюнак за малюнкам  — толькі сум, боль, жаль. І аўтар у вершаванай прадмове няйнакш апраўдваецца за свой настрой, гаворачы:

Нешчасліва наша доля:

Нам нічога не дала.

Не шукайце кветак в полі,

Як вясна к нам не прыйшла!»

Вокладка зборніка Якуба Коласа «Песні жальбы». Вільня. 1910 г.

Дзеля пацвярджэння сваіх слоў, аб’ектывізацыі ўласных характарыстык аўтар рэцэнзіі абірае нечаканы, але вельмі дзейсны шлях пераліку ўсіх раздзелаў (частак) і вершаў зборніка, што аказваецца дастатковым, каб прыйсці да высновы: «Вось гэтыя чатыры першыя часткі можна назваць фатаграфічнымі здымкамі прыроды Беларусі і душы беларускага мужыка».

Асобная ўвага спынена на змесце пятай часткі  — «З турмы»: «Гэта панурыя малюнкі таго жыцця, што запанавала цяпер скрозь у імперыі пугі. Уся Расія  — гэта адна турма. І гэтыя словы знаходзяць водгалас ва ўсёй гэтай частцы, у кожным вершы». Такім жа, як і раней, чынам пералічваюцца загалоўкі твораў і даюцца заключныя высновы: «Без прэтэнцыёзнасці, простыя  — але шчырыя словы, напісаныя кроўю сэрца»; «…наш братні народ, беларусы, у сваю ўбогую літаратуру прыдбалі такі каштоўны набытак, як уласна гэты зборнік».

***

Меншы па аб’ёме тэкст прысвечаны «Кароткай гісторыі Беларусі» Власта. У ім таксама падрабязна раскрыты змест кнігі, даецца наступнае яе апісанне: «Гэта сцісла і пры тым папулярна напісаная гісторыя Белай Русі. Рэкамендуем яе кожнаму, хто займаецца нашай мінуўшчынай. Тым больш, што ў гісторыі беларусаў  — асабліва ў першых пачатках  — знойдзе шмат чаго такога, што вельмі спрычыніцца да разумення роднай даўніны. Кніжка ўпрыгожана мноствам малюнкаў і здымкаў з гістарычных пісьмовых памятак, што робіць яе больш каштоўнай».

Характарыстыкі замежнага рэцэнзента закальцоўвае прагматычная інфармацыя: «Заказваць абедзьве кніжкі можна ў рэдакцыі “Наша Ніва”, Вільня, Віленская № 20 (Расія)».

***

Зваротныя крокі да супрацоўніцтва ў выдавецкай справе рабіліся ў пачатку ХХ стагоддзя і з беларускага боку, што засведчыў у мемуарных запісах 1926 года Хведар Імшэннік, загадчык канторы і сакратар рэдакцыі «Нашай Нівы», таму яго словы, удзельніка мінулых падзей, маюць асаблівую каштоўнасць: «“Наша Ніва” абменьвалася з другімі выданнямі выключна прагрэсіўнага напрамку і атрымоўвала газеты з усяго свету. Наколькі памятаецца, з замежных газет былі чэшскія з Прагі — “Ćas”, “Ćislo”; былі газеты амерыканскія на ўкраінскай мове (вылучана. — М. Т.). З Сібіры атрымоўвалася “Дальневосточная окраина”, якая выходзіла ва Уладзівастоку, з Украіны — кіеўская “Рада”» (“Полымя”, 1926, № 7).

Зварот да першакрыніцы  — нумара «Нашай Нівы» (1910, № 40, 30 вер.), у якім апублікавана рэцэнзія на «Песні жальбы», не можа навесці на думку аб знаёмстве з ім заакіянскага рэцэнзента і папулярызатара. На першай старонцы газеты былі змешчаны фактурныя рэкламныя аб’явы з інфармацыяй аб выхадзе з друку «Кароткай гісторыі Беларусі» Власта і зборніка вершаў Якуба Коласа «Песні жальбы». Некалькі нашаніўскіх допісаў належаць пяру Власта: «Апаўшае лісце», «Беларускі вечар у Полацку». Урэшце, верш Янкі Купалы «Дудар» апублікаваны з прысвячэннем «аўтару “Беларускай Гісторыі” Власту». Усё гэта сведчыла аб значнасці асобы Вацлава Ластоўскага, яго вядучай ролі ў беларускай асветніцкай працы. У рэцэнзіі Бульбы звяртае на сябе ўвагу адна з аўтарскіх высноў, якая пераклікаецца са свабодаўскім тэкстам: «“Песні жальбы” я бы назваў жывой фатаграфіяй з беларускага жыцця».

Прыведзеныя назіранні  — гэта толькі невялікія фрагменты вялікага пазла культурных узаемадачыненняў мінулага часу, якія сведчаць аб перспектыўнасці архіўных пошукаў, існаванні дзейсных сувязей і магчымасці іх узнаўлення, актуалізацыі аналітычных разваг і ацэнак.

Мікола ТРУС

У публікацыі выкарыстаны матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».