Вы тут

Санаторый углядаецца ў цябе


Аўтатэрапеўтычнасць — даволі небяспечная для паэзіі ўласцівасць пісьма. Звычайная самапаглыбленасць на гэтым фоне — з’ява нашмат больш распаўсюджаная і настолькі нейтральная, што яе можна лічыць нечым кшталту метажанравага элемента тэксту. Але паміж дзвюма гэтымі стратэгіямі існуе крытычная розніца: калі ў звычайнага рэфлектыўнага аповеда няма матыву (бо ў большасці паэт звяртаецца да яго несвядома), то ў аўтатэрапеўтычнасці ёсць канкрэтная рацыянальная мэта — прывесці сябе (аўтара) да вырашэння пэўнай знешняй ці, хутчэй, унутранай праблемы — і часта такое адбываецца шляхам дакументальнага ці / і моўнага выгаворвання. Дарэчы, тут прыхаваны і дзіўнаваты парадокс: нягледзячы на цалкам рацыянальныя падставы для выкарыстання аўтатэрапеўтычнасці, яе асноўны інструмент — выгаворванне — падпарадкоўваецца часцей за ўсё ірацыянальнаму нарошчванню тэкставай масы, пакуль аўтар неяк унутрана не адчуе выкананасць пастаўленай задачы.


Фота Тараса Пашчанкі.

Першая небяспека, звязаная з такім пісьмом, больш дробная, — моцная эганакіраванасць, якая заканамерна вядзе да змяншэння ўвагі да чытача (ці нават да знявагі): чым больш у тэксце падрабязна-асабістага, тым цяжэй чужым людзям уключацца ў адносіны з ім. І справа не толькі ў фармаце кнігі, які, хоць і фармальна, ды абавязвае аўтара ўключаць чытача ў свой мастацкі свет, але і ў (не-)даступнасці пазатэкставага (у асноўным, лакальна-бытавога) бэкграўнда для дэшыфроўкі. Адносна яе аўтар і чытач (у параўнанні з тым жа бэкграўндам сусветнай культуры) знаходзяцца ў непараўнальных умовах. Другая небяспека, больш істотная, — непазбежная (у выпадку з дакументальнай варыяцыяй аўтатэрапіі) схільнасць да мінімізацыі мастацкіх сродкаў, часам і да поўнай іх страты. І быццам бы нічога крымінальнага ў такім падыходзе няма, бо існуе, напрыклад, цэлая плынь докупоэтры, у межах якой выкарыстоўваюцца элементы нелітаратурных тэкстаў (газетных паведамленняў і г.д.). Але нярэдка тыя, хто звяртаецца да аўтатэрапіі, у сваім паступовым руху да мінус-мастацкасці ніяк не кампенсуюць новаствораныя дзіркі пазалітаратурнымі прыёмамі, і таму такія тэксты выглядаюць як голая паэтычная форма з разбіўкай на радкі, у якую заліваецца прэсная і пазбаўленая стылістычных акцэнтаў мова.

Новая паэтычная кніга Вольгі Гапеевай «словы якія са мной адбыліся» выйшла зусім нядаўна, у чэрвені 2020-га, усяго праз год з нечым пасля мінулай — «Чорныя макі». Паміж «Макамі» і ранейшым зборнікам, «Граматыка снегу», выбудоўвалася цікавая рознаўзроўневая дыхатамія: ад назваў да ступеняў паглыбленасці тэкстаў у моўную стыхію, ад агульнай вобразнай структуры вершаў да іх праблематыкі. Перад вачыма чытачоў, якія прачыталі абедзве кнігі, паўставалі дзве істотна розныя Вольгі Гапеевы: кожную было за што палюбіць, з кожнай было пра што паспрачацца. Гэтыя паўнавартасныя аватары, паэтычныя бэкапы, прабіваючыся праз інфармацыйны накіп пражытых аўтаркай гадоў, глядзяць у тэкст гэтай рэцэнзіі і не могуць паверыць у тое, які цяпер перад імі акрэсліваецца сілуэт. Калі б дазваляў фармат выдання, у якасці ілюстрацыі добра ўпісаўся б актуальны мем з двума сіба-іну, але па які бок гэтага мема стаіць аватар «словаў якія са мной адбыліся»?

Першае, што кідаецца ў вочы, калі глядзіш на кнігу, — канкрэтны такі «даўнгрэйд» у яе афармленні. Вокладка не выяўляе нічога, акрамя нейкіх сярэднестатыстычных галіяфаўскіх абстракцый, а якасць паперы значна ніжэй, чым у «Маках» і «Граматыцы». Узаемазалежныя змены адбыліся і ў вобласці зместу: яго лічбавы паказчык найбольшы з трох кніг, затое ён не мае ніякіх раздзелаў, чым збівае ўсе 50 з нечым тэкстаў у маналітнае месіва аўтарскіх перажыванняў. У кнізе, між тым, рэалізуецца нешта кшталту класіцыстычнага трыадзінства (месца, часу, дзеяння): у асноўным падзеі адбываюцца ў замежным гатэлі і яго наваколлі (і, безумоўна, у галаве лірычнай гераіні), працякаюць яны дзесьці ў межах аднаго года (што для паэтычнай кнігі не так шмат), а адзіны падыход да напісання тэкстаў можна палічыць адзінствам дзеяння. Зіхацець жа новымі фарбамі (хаця і з вялікай верагоднасцю выпадкова) гэтае трыадзінства пачынае з-за сусветнай пандэміі, якая выводзіць пералічаныя асаблівасці са стану лакальнай маруднай камернасці ў стан глабальнага, прароцкага характару, светаадчування.

Але там, дзе прыгожа ўзмацняюць свае пазіцыі неякія агульныя канцэпты, пакутуюць асобныя тэксты. Ужо ў першым вершы «прачынаюся па чужым будзільніку» паэтка задае магістральную для зборніка лінію: «так я вучуся быць госцяй» — радок, які вызначае ўвесь самаідэнтыфікацыйна-адмоўны стрыжань далейшага аповеду ў кнізе. Прыкладаў такога песімізму з выразнымі адценнямі дэпрэсіі шмат: «парашуты даверу знялі з вытворчасці // рабіць самой — ні жадання ні часу», «я магла б… пражыць тысячу варыянтаў… так і не навучыўшыся радавацца той кім ёсць», «не ратуюць // ад думкі // пра несправядлівасць сусвету // і ад нізкай самаацэнкі // у гатэльнай цішы», «цяпер вы з болем на ты // і вусцішна адно калі добра», «недапрацавала не была занадта ўпартай» і г.д. Усё гэта — толькі самыя прамалінейныя фразы, але ж ёсць яшчэ і больш-менш прыхаваныя, а таксама тыя, што пабудаваны на мове метафар замест прамых выказванняў. Вельмі хочацца суперажываць Вользе-чалавеку, але той факт, што ўвесь гэты смутак амаль у першапачатковым сваім выглядзе перанесены ў вершаваныя радкі і нават рэалізаваны ў фармаце кнігі, неяк нівеліруе вастрыню гэтага суперажывання і, тым больш, ставіць эмпатычны бар’ер паміж чытачом і Вольгай-аўтаркай.

Акрамя гэтага, кнігу можна ўмоўна назваць зборнікам бэкстэйджаў. Гапеева бясконца прагаворвае ў вершах, як у яе, недзе ў непакрытай зместам кнігі прасторы, адбываецца нешта дробнае, але важнае. Ды толькі абраная паэткай стратэгія выказвання прадугледжвае вытрымку няўлоўнай дыстанцыі паміж гэтымі падзеямі і чытачом. Таму пасля некалькіх ментальных і моўных фільтраў у кнігу паступае другасная (ці не трэцярадная) па сваё форме інфармацыя, на фоне якой успаміны, размовы і актуальныя думкі аўтаркі фарміруюць складаны ланцуг, адкуль выцягнуць першакрынічную эсенцыю часам бывае немагчыма. Таксама, калі ўзгадваць тыя ж «Чорныя макі» з іх хоць і досыць трывіяльным, але ўсё ж такі цэнтрам сцягвання канфліктна-сэнсавых сіл (стасункі паміж мужчынам і жанчынай, (не блытаць з любоўнай лірыкай), можна адзначыць, што ў «словах якія са мной адбыліся» такога цэнтру няма. А калі і за крыніцамі ментальных завіхрэнняў замацаваць асістэмнасць, можна сказаць, што кніга ўвогуле не мае ніякага канфлікту: проста жыццё дзяўчыны, якой «прыносілі чакаляду // дарылі сукенкі», проста «дзяўчына якая жыве ў гатэлі» і «вывучыла 285 нарвежскіх словаў». Найбольш відавочнай гэтая аэмпатычная бесканфліктнасць робіцца ў выпадку з кароткімі вершамі (самымі слабымі ў кнізе), найбольш характэрны з якіх можна працытаваць цалкам:

субота

час па абедзе

вяртаюся да гатэлю

 

і гэтыя тры радочкі

усё што я сёння паспела.

На шчасце, ёсць у кнізе і моцныя моманты, якія адсылаюць да мовацэнтрычнага мінулага паэткі. Напрыклад, творы «рукі мае абапіраюцца на дрэва» і «я складала сябе», кожны з якіх будуецца на адзінай метафары, расцягнутай на ўвесь тэкст. Нетрывіяльныя погляды на светастваральныя рэчы дэманструюцца ў «там дзе растуць дрэвы» (супастаўляецца быццё птушак і людзей) і «адно з першых рэаліці-шоў» (нанава мадэлюецца быт Адама і Евы). Бліжэй да канца кнігі ўзмацняецца гучанне сацыяльнай тэмы, што закранута ў вершах «13 кастрычніка», «флёкс», «чорная яблыня»: часам гэта пачынае нагадваць сучасную расійскую жаночую паэзію з яе «ўзброеным» поглядам на самарэпрэзентацыю. Такіх ухілаў хацелася б ад паэткі больш.

Калі ж вяртацца ад канкрэтыкі да больш агульных момантаў, можна падкрэсліць адзіную дакладна пазітыўную тэндэнцыю ў тым, як развіваецца паэтычная мова В. Гапеевай: з кожнай новай кнігай узмацняецца цэльнасць постперажывання (і вельмі важны тут акцэнт на прыстаўцы «пост-»). Але настроіцца на патрэбную хвалю звычайнаму чытачу будзе не так проста. Ёсць адна спецыфічная ўмова, спецыфічны пункт погляду, пэўны рытуал, з дапамогай якога «словы якія са мной адбыліся» могуць нечакана павярнуцца да чытача тварам: трэба спачатку “ўгрызціся” ў кожны асобны тэкст кнігі, дазволіць сабе шчыра раззлавацца на адсутнасць эстэтычнага задавальнення (там, дзе такая патрэба ўзнікае) і ў выніку — адштурхнуцца ад кнігі некуды ўбок, каб, нарэшце, пабачыць яе цалкам і, арыентуючыся на свае, ад чытання, успаміны, пачаць самому дамысліваць знешні і ўнутраны свет аўтаркі (у тым ліку паэтычны).

У нейкай ступені кніга лёгка можа стаць прасторай для стварэння лірычных фанфікаў, якія абапіраліся б на кантэкст перажытага В. Гапеевай. Яшчэ яе можна назваць палігонам для іспыту ўласных эстэтычных перажыванняў (менавіта для іспыту ва ўмовах тэхнічнага тэст-драйву) і наатропам для разгону сваёй унатранай паэзіі. Толькі так, не падчас чытання, а ў постчытальным унутраным дыялогу чытач з найбольшай верагоднасцю здолее саскрэбсці з гатэля пякучы аўтатэрапеўтычны панцыр санаторыя і, быццам напрыканцы камп’ютарнай гульні «Syberia», застацца сам-насам з чалавекам, да якога назбіралася шмат пытанняў, пакуль не пачне шчыпаць у носе: ці то ад саланаватага прыморскага паветра, ці то ад слёз.

На старонках «словаў якія са мной адбыліся» Вольга Гапеева — заложніца свядома абранай аўтатэрапеўтычнай стратэгіі. А бездань, у якую яна старанна ўглядаецца па канонах такога ж песімістычнага і самаадмоўнага Ніцшэ, сама пачынае ўглядацца ў паэтку. Але ёсць у гэтым нешта прыцягальнае: як у начной паездцы на вялікай хуткасці па пустыннай шашы, калі заплюшчваеш вочы і павольна прыбіраеш рукі з руля. Небяспечны, але такі салодкі ўваход ва ўнутраную кіпячую падкорку.

Ігнат РАМАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.