Вы тут

Па слядах мамантаў, або Сакрэты Сляпянкі


Сёння гэты раён рэдка прыцягвае ўвагу турыстаў. Адзінае, на што людзі едуць паглядзець — на Нацыянальную бібліятэку, а часам яшчэ і на мясцовую Эйфелеву вежу, што пазначана на гугл-карце. Апошняя, сапраўды, знаходзіцца непадалёк ад Нацыяналкі, але, калі вы пабачыце гэту маленькую пабудову на дзіцячай пляцоўцы, будзеце расчараваныя. Наўрад ці вас уразіць і мінскі Крэмль — гэта дзіцячая пляцоўка ў дварах побач са станцыяй метро «Усход». Але пагуляць па раёне сапраўды варта, у гэтым перакананы гісторык, музейшчык Павел Каралёў, які па Сляпянцы ладзіць адмысловую экскурсію.


Зялёнае царства

Сляпянская водная сістэма.

Калі вы забярэцеся на аглядальную пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі, убачыце, колькі зеляніны навокал. Яшчэ ў даваенныя часы ваўкі з навакольных лясоў чынілі шмат шкоды мясцоваму калгасу, а каля сотні гадоў таму наогул у лесе Ваньковічаў (сёння на яго месцы знаходзіцца парк Чалюскінцаў) можна было ўпаляваць мядзведзя. Людзі, якія жывуць тут гадоў сорак, могуць расказаць, як у адзін з мясцовых гастраномаў зайшоў з праверкай... лось. Дарэчы, той дом і сёння завуць «ласіным».

Менавіта тут павінна была рэалізавацца мара пра Мінск — горад-сад. Дамы на праспекце Незалежнасці маюць незвычанае наверша — яны былі спраектаваны так, каб на дахах раслі кветкі, кусты і дрэвы. Напачатку яно так і было: пасля работы людзі маглі там адпачыць. Але, відаць, на той час не ўсе змаглі ацаніць такі шыкоўны праект, асобныя гараджане пачалі выпіваць у гэтых садах на даху і скідваць уніз бутэлькі. Кадкі з раслінамі давялося прыбраць. Затое мазаіку на дамах ніхто не чапаў. Хоць у савецкія часы праз яе мог разгарэцца вялікі скандал, бо ў цэнтры кожнай з кампазіцый, якія паказваюць Мінск як горад мастацтва, навукі і г. д., можна бачыць выяву жанчыны з дзіцем, што надта ўжо нагадвае тэму Хрыста і Божай маці. А ўспомніце, якое было стаўленне да рэлігіі ў канцы 1960-х, калі на ўездзе ў горад ствараліся гэтыя шматпавярховікі.

Але і ў сучаснай забудове таксама могуць быць рэалізаваны цікавыя ідэі. Павел Каралёў запрашае завітаць у новы жылы квартал «Маяк Мінска», дзе кожны будынак прысвечаны пэўнаму мастаку: Рафаэлю, Гоі, Мадыльяні, Дэга, Пікаса, Айвазоўскаму, Рэмбранту і іншым. Два будынкі звязаныя з беларускімі творцамі — Шагалам і Напалеонам Ордам. Ва ўтульных унутраных дворыках размясціліся тры гарадскія скульптуры — выявы мастакоў, побач з імі можна прысесці на лавачках і папіць гарбаты. У спякоту дзяцей не адцягнуць ад тутэйшага фантана. А яшчэ, калі вы звернеце на вуліцу Кірылы Тураўскага, пройдзеце недалёка ад будынка, які па форме паўтарае васьміканцовы беларускі крыж, альбо крыж Ефрасінні Полацкай. Гэта Дом Міласэрнасці.

Таксама ў гэтым квартале вы знойдзеце вуліцу Пятра Мсціслаўца. А вось прапанова пра наданне адной з вуліц назвы Дударская не была ажыццёўлена. Справа ў тым, што да таго, як быў пабудаваны новы жыллёвы квартал, на гэтым месцы размяшчаўся яблыневы сад (у гарадскім фальклоры «Карчы»), а ў ім любілі збірацца маладыя людзі, якіх цікавіла беларуская культура, гралі на дудзе і абуджалі ў сучаснікаў цікавасць да гэтага музычнага інструмента.

Сядзіба Ваньковічаў.

Але давайце ўсё ж вернемся да Нацыянальнай бібліятэкі. Праект яе ўзнік яшчэ ў 80-я гады, ён быў даволі смелы і незвычайны для таго часу, вось і адклалі яго на доўгія часы, і ўспомнілі толькі ў 2000-х.

Ці можаце вы ўявіць, што раней там, дзе сёння пабудавана бібліятэка, гулялі маманты? Дарэчы, па вуліцы Каліноўскага размешчана скульптурная кампазіцыя сям'і мамантаў. І гэта не выпадковасць. У сталіцы было знойдзена багата костак гэтых жывёл. Напрыклад, такія знаходкі трапляліся пры будаўніцтве метро. А самай багатай на косткі старажытных жывёл аказалася сталічная вуліца Машынабудаўнікоў — відаць, там быў нейкі могільнік мамантаў (да нашых часоў у зямлі ляжалі парэшткі каля дваццаці жывёл). Таксама ў Мінску падчас будаўнічых работ ва Уруччы ўдалося натрапіць на косткі ляснога слана. Знаходка вельмі каштоўная — падобных на Еўропу набярэцца каля дзясятка.

Каля вады

Яшчэ да вайны апошнія дамы Мінска знаходзіліся каля парка Чалюскінцаў, а тэрыторыю Вялікай Сляпянкі горад увабраў толькі ў канцы 50-х. Але колькі тут было зроблена для камфортнага пражывання і адпачынку гараджан. Чаго толькі вартая Сляпянская водная сістэма з яе каскадамі, з густам аформленымі падыходамі да вады, вадасховішчамі. Яе працягласць — 22 кіламетры, і тут ажыццёўлена багата розных ідэй па абсталяванні рэкрэацыйнай зоны. Дарэчы, гэта сістэма ўвабрала сапраўдную раку — Слепню.

Уздоўж канала мы рушым да сядзібы Ваньковічаў, дзе сёння размяшчаецца рэстаран, а за савецкім часам былі і бульбяная станцыя, і школа НКУС, і пошта. Часам можна пачуць, што тут жыў Валенцій Ваньковіч. Так, мастак тут бываў, але належаў дом яго сваякам. Павел Каралёў паказвае здымак, зроблены ў 1909 годзе падчас вяселля Юліі Ваньковіч. Захаваліся нават успаміны пра той дзень. «Госці былі ў святочных уборах, мужчыны у фраках, жанчыны ў вячэрніх сукенках. Брыльянты, смарагды, рубіны, якія ўпрыгожвалі жанчын сямейства Ваньковічаў, асляплялі вочы. Нават вялізная зала Сляпянкі не магла ўмясціць усіх гасцей. Пасля абеду фатаграфаваліся, прычым у фатографа шмат часу пайшло на расстаноўку такой шматлікай групы людзей».

Такія вяселлі ладзілі тут у пачатку мінулага стагоддзя.

У савецкія часы непадалёк ад сядзібы Ваньковічаў знаходзілася і дача Лаўрэнція Цанавы. З гэтым месцам звязана шмат жахлівых гісторый, але што там насамрэч адбывалася, трэба яшчэ вывучаць.

Таксама можна вызначыць, якія пабудовы ў гэтых мясцінах былі ў Радзівілаў і чаму аб Сляпянцы ходзяць пэўныя легенды. Мясцовыя старажылы яшчэ і сёння могуць расказаць пра прывіда (быццам тут павесілася паненка), і пра тое, што ў 1812 годзе цераз гэтыя мясціны французы ішлі на Маскву, але іх спыніла невядомая хвароба — яны пачалі слепнуць. А яшчэ казалі, што назва мясцовасці быццам звязана з сёстрамі-празарліўкамі, якія ў цёмную сляпую ноч убачылі будучыню і прадказалі, што з'явяцца машыны (робаты), якія будуць працаваць замест людзей.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.