Вы тут

У Гомелі з'явіцца новая дашкольная ўстанова


Больш не трэба ездзіць у чужы раён.

На вуліцы Крышталеўскай да адкрыцця рыхтуецца «Яслі-сад № 95». Месца яго прапіскі — перааснашчаны будынак былога дзіцячага дома. Сёлета гэтая нерухомая маёмасць перайшла ва ўласнасць Гомеля. Кіраўніцтва горада прыняло рашэнне адрамантаваць аб'ект і размясціць у ім новы дзіцячы садок: установа дашкольнай адукацыі неабходна маладым сем'ям у гэтым раёне абласнога цэнтра.


Наведваць новы садок змогуць маленькія жыхары мікрараёнаў № 94 і 96. Між тым, паколькі адрамантаваны будынак вялікі, трохпавярховы, тут жа размесцяць паралель першых класаў сярэдняй школы № 15.

Так што, па папярэдніх падліках, пад адным дахам будуць навучацца больш за 250 дзяцей: 75 дашкалят і каля 180 першакласнікаў.

— У гэтым навучальным годзе ў яслях-садзе № 95 пачнуць працаваць чатыры групы: адна для малых ва ўзросце ад двух да трох, дзве для выхаванцаў трох-чатырох гадоў і яшчэ адна — рознаўзроставая. Яе будуць наведваць дзеці ад чатырох да шасці гадоў, — расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля Алена Капа. — У далейшым плануем стварыць дадатковую групу.

Да рамонту новага сацыяльна значнага аб'екта прыступілі крыху больш за месяц таму. Тэрміны — рэкордныя. Вызваліся дапамагчы ў рамонце настаўнікі, выхавальнікі і тэхнічны персанал адукацыйных устаноў Навабеліцкага раёна. Для правядзення сантэхнічных і вышынных работ запрасілі спецыялістаў будаўнічых арганізацый.

Пад дзіцячы садок аддадзена тэрыторыя больш чым у паверх. Спальні, памяшканні для заняткаў, гульнявыя зоны, санвузлы — усё адпавядае патрабаванням да дашкольных устаноў. Навучаць і выхоўваць дашкалят будуць 25 супрацоўнікаў, у тым ліку дэфектолаг і псіхолаг.

— На базе гэтай дашкольнай установы мы вырашылі правесці эксперымент, у якім змогуць узяць удзел дзеці старэйшага ўзросту, — дадала Алена Капа. — Як вы ведаеце, звычайна дашкаляты харчуюцца ў сваіх групах. Тут мы паспрабуем вадзіць выхаванцаў у сталоўку, такім чынам сацыялізуючы дзяцей. Але, вядома, у выпадку ўвядзення каранціну вернемся да стандартнай формы арганізацыі харчавання.

Будзе ва ўстанове і яшчэ адна адметнасць. У кожнай групе плануецца зрабіць па дзве спальні, асобна для хлопчыкаў і дзяўчынак. Ужо ў такім узросце ёсць магчымасць праводзіць гендарнае выхаванне, каб фарміраваць мужчынскі і жаночы пачаткі. Дарэчы, такая практыка рэалізуецца пакуль толькі ў садах Навабеліцкага раёна. Першапраходцам у гэтай справе стала ўстанова «Яслі-сад — сярэдняя школа № 73». Цяпер да яе далучыцца і яслі-сад № 95.

Установа пачне працаваць у хуткім часе. У першы тыдзень арганізуюць кароткачасовае знаходжанне дзяцей, пасля чаго садок стане функцыянаваць у поўную сілу.

Завяршаюцца касметычныя рамонтныя работы і ў кабінетах для будучых школьнікаў. На бягучы навучальны год СШ № 15, што ў Навабеліцкім раёне Гомеля, набірае 13 першых класаў. Шэсць з іх размесцяць менавіта тут, на Крышталеўскай.

На тэрыторыі для школьнікаў і дашкольнікаў прадугледжаны чатыры ўчасткі для гульні і адпачынку. Абсталявана спартыўная зона. Асобную пляцоўку зробяць для першакласнікаў з груп падоўжанага дня. З бюджэту на бягучы рамонт і папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы гэтага сацыяльна значнага аб'екту выдаткавана амаль 40 тысяч рублёў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Ганны ПАШЧАНКІ

Загаловак у газеце: Такі неабходны і чаканы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».