Вы тут

Сэрцам адданыя Дружбе


Маленькая вёсачка Дружба, што ў Быхаўскім раёне, летам схавана ад людского вока ў зеляніне шматгадовых дрэў. Тут жывуць у асноўным адны пенсіянеры, сэрцам адданыя сваёй маленькай радзіме, зямлі, дзе пачаўся іх лёс. Гэту мясцовасць з такой цёплай назвай ад райцэнтра аддзяляе больш за трыццаць кіламетраў. Па словах старшыні Абідавіцкага сельсавета Алега Шадурына, людзі ў Дружбе вельмі добразычлівыя, працавітыя і сапраўды дружныя. Таму назва мясцовасці цалкам адпавядае рэчаіснасці.


Таццяна Дзмітрыеўна Салохава — адна з самых паважаных жыхароў не толькі вёскі, а і раёна.

Чалавек ганаровы, але пры гэтым вельмі сціплы.

Таццяна Салохава ўвесь час займала актыўную грамадзянскую пазіцыю, шчыра працавала. Была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (як і яе матуля), неаднаразова выбіралася ў абласны Савет народных дэпутатаў. Працавала аграномам, брыгадзірам. За сваю плённую дзейнасць узнагароджана ордэнам Леніна, сярэбраным медалём ВДНГ, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Мае медаль «Ветэран працы», грамату Вярхоўнага Савета БССР. Некаторыя свае ўзнагароды яна перадала ў абласны музей. Асобнае месца ў яе «скарбонцы дасягненняў» займаюць перыядычныя выданні, дзе было напісана пра Таццяну Салохаву. Самая каштоўная з іх — пажаўцелая ад часу старонка раённай газеты. Тут больш за паўвека назад былі надрукаваны адначасова дзве нататкі пра дачку (Таццяну) і яе маці. (Яны сталі народнымі абраннікамі ў Вярхоўны Савет БССР. Расказвалася пра іх дасягненні ў прафесіі).

— Так, як мы працавалі, напэўна, ужо ніхто не робіць. З раніцы і да позняга вечара, без выхадных. У адпачынак ніколі не хадзіла. Ды што там казаць, нават у дэкрэце пасядзела з малымі ўсяго некалькі месяцаў. Як жа я магла надоўга кінуць сваю брыгаду?! За справу ўсім сэрцам перажывала. Без работы не магу і зараз, — запэўнівае Таццяна Дзмітрыеўна.

Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Таццяна Салохава (а яна ўжо размяняла восьмы дзясятак) разам з мужам Аляксеем Яўменавічам па-ранейшаму садзіць гарод, вырошчвае шмат кветак, трымае гаспадарку). Прачынаюцца яны рана і ўвесь дзень нечым занятыя. Дарэчы, гаспадар таксама быў у ліку перадавікоў у калгасе. Ён — шафёр.

У Быхаўскім раёне Салохавых добра ведаюць і паважаюць. Яны — прыклад для многіх. Выхавалі дзетак, сваімі мудрымі парадамі дзеляцца з унукамі і праўнукамі. І ўсім сэрцам любяць радзіму, асабліва той куточак, дзе яны жывуць.

— Колькі б нас дзеці ні ўгаворвалі пераехаць да іх хоць бы на зіму, мы са сваёй хаты і роднай вёскі нікуды не паедзем. Тут наша малая радзіма. Яе зямля дае нам сілы. Такой Дружбы няма больш нідзе, — запэўніваюць Таццяна Дзмітрыеўна і Аляксей Яўменавіч.

Таццяна Малініна, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».