Вольная барацьба, дарэчы, як i ўсе адзiнаборствы, асацыiруецца жорсткасцю, сутыкненнямi. А насамрэч гэта сапраўднае мастацтва са сваiмi правiламi i законамi, якое не мае з бойкамi абсалютна нiчога агульнага. Калi на пляцоўку выходзяць дзяўчаты, барцоўскi паядынак становiцца не толькi захапляльным, але i прыгожым вiдовiшчам. Бронзавы прызёр чэмпiянату свету сярод юнiёраў, уладальнiк «серабра» i «бронзы» чэмпiянату Еўропы сярод юнiёрак i кадэтаў, Яўгенiя Андрэйчыкава развейвае ўсе памылковыя стэрэатыпы, звязаныя з барацьбой i спортам у цэлым.
— Жэня, чаму справай свайго жыцця ты зрабiла менавiта барацьбу?
— Як звычайна бывае з усiмi важнымi падзеямi, гэта адбылося выпадкова. Сяброўка пазвала схадзiць у новую спартыўную секцыю. А мы былi баявыя дзяўчынкi, i словы «вольная барацьба» для нас гучалi вельмi цiкава i прывабна. На трэнiроўках мы бегалi эстафеты, гулялi, было па-дзiцячы весела. А на першых спаборнiцтвах я выйграла дзве схваткi, адну прайграла i не стала пераможцам. Тады мяне ўпершыню ўзяла спартыўная злосць, i я вырашыла, што павiнна дасягнуць поспеху. Дарэчы, у сяброўкi, якая прывяла мяне ў барацьбу, спартыўная кар'ера не атрымалася. Мой першы трэнер Андрэй Пятровiч Барабанаў жыў са мной у адным доме, мы разам хадзiлi на трэнiроўкi. А я ў той час без iх ужо не магла. Вялiкую ролю адыграла i тое, што ў маiм родным Бабруйску адна з найлепшых школ вольнай барацьбы ў краiне. Узорамi для пераймання для нас былi Вольга Хiлько, Ванэса Каладзiнская, Залiна Седакова, двухкратны прызёр чэмпiянатаў свету. Iра Курачкiна, якая ўжо мае алiмпiйскую лiцэнзiю ў Токiа, таксама з намi трэнiравалася. У такiх умовах было цяжка не палюбiць барацьбу.
— А бацькi як аднеслiся да твайго выбару?
— Яны былi задаволеныя, што я праводжу час на трэнiроўках, а не на вулiцы. Тым больш, як я ўжо казала, я была непаседлiвай, баявой дзяўчынкай i бацькам трэба было накiроўваюць маю энергiю ў правiльнае рэчышча. Канешне, мае бацькi ганарацца мной i ўсяляк мяне падтрымлiваюць. Малодшы брат пайшоў па маiх слядах i займаецца ў майго першага трэнера. Але ён яшчэ маленькi, i яму рана думаць аб прафесiйнай кар'еры.
— Прыходзiлася сутыкацца з меркаваннем, што барацьба — гэта не жаночы спорт?
— Гэта любiмыя словы маiх бабуль, дзядуляў i школьных настаўнiкаў. Але я нiколi не звяртала на iх увагi. Мне падабаецца, што я раблю, мяне гэта натхняе, астатняе не мае значэння. У раннiм узросце падобныя выразы яшчэ могуць выклiкаць нейкiя сумненнi. А потым гэта становiцца любiмай работай, для спартсменаў нават сэнсам жыцця. I ўжо не важна, што кажуць людзi. Напрыклад, асабiстаму жыццю барацьба нiколi не перашкаджала. Маладыя людзi не баяцца, што я ў добрай фiзiчнай форме (смяецца).
— З якiмi стэрэатыпамi адносна барацьбы ты сустракалася?
— Мабыць, самая вялiкая памылка з тых, з якiмi прыходзiлася сустракацца, датычыцца iнтэлектуальных здольнасцяў спартсменаў. Чамусьцi людзi лiчаць, што нам, акрамя спорту, нiчога не цiкава. Але ж гэта зусiм не так. Спартсмены — высокаразвiтыя людзi. Мы пастаянна знаходзiмся ў грамадстве, маем зносiны з людзьмi з розных краiн, з журналiстамi. Мы прадстаўляем краiну на ўвесь свет. Я бачыла вельмi мала замкнутых спартсменаў. Як правiла, гэта пазiтыўныя, цiкавыя людзi. Дарэчы, барцоў выдзяляе добрае пачуцце гумару, нам без яго нiяк. У нас фiзiчна цяжкая справа, i гумар дапамагае расслабiцца.
— А што наконт стэрэатыпу аб паламаных вушах барцоў?
— Гэта праўда жыцця, а не стэрэатып. У мяне таксама адно вуха зламанае. Наша «каронная» траўма залежыць ад удару. Ты «праходзiш» у ногi сапернiка i б'ешся аб яго сцягно. Удар за ўдарам, i вуха заплывае вадкасцю, якую трэба адкачваць. Не самыя прыемныя адчуваннi, але калi своечасова звярнуцца да доктара i выконваць яго назначэннi, можна астацца з прыгожым вушкам.
— Жэня, барацьба моцна змянiла твой характар?
— Спорт увогуле змяняе характар i ўсё жыццё. На дыване мы аднаасобнiкi i думаем толькi аб сабе, аб сваёй перамозе. I я заўважаю, што часам паводжу сябе так i па-за пляцоўкай. Мне абавязкова патрэбна, каб усё было па-мойму. Як у анекдоце: ёсць толькi два меркаваннi — маё i няправiльнае. На шчасце, такое здараецца рэдка. Я iмкнуся саступаць, слухаць людзей, якiя вакол мяне. Калi патрэбна, нават магу пераступiць цераз сябе. Барацьба, як i любы iншы спорт, загартавала характар. Спартсмен нiколi не спыняецца на дасягнутым i можа адстойваць сваю пазiцыю. Мы ўмеем паводзiць сябе ў грамадстве, дастойна паводзiць сябе ў канфлiктных сiтуацыях. Спорт вучыць быць адэкватнымi i ветлiвымi людзьмi.
— Барацьба — гэта, перш за ўсё, сапернiцтва i канкурэнцыя, а дружбе ёсць месца ў вашым спорце?
— Канешне, мы шмат часу праводзiм разам на зборах, на трэнiроўках, як тут не пасябраваць? Быў момант, калi я баролася са сваёй найлепшай сяброўкай. Проста патрэбна настроiцца на тое, што канкрэтна ў гэтую хвiлiну вы сапернiцы. На спаборнiцтвы прыязджаюць не сяброў заводзiць, а бароцца, i гэта трэба прыняць. А пасля схватак можна i нават трэба разам кавы выпiць, пагаварыць.
— Як пандэмiя каранавiруса паўплывала на тваю работу ў гэтым сезоне?
— Мяне яна закранула непасрэдна, таму што я захварэла на каранавiрус. Мабыць, у нас здарылася ўспышка iнфекцыi i нiхто аб гэтым не ведаў. А паколькi барацьба — кантактны вiд спорту, зразумела, што ўсе мы заразiлiся. На шчасце, у мяне хвароба прайшла без ускладненняў — крыху балела галава. А так у нас адмянiлi чэмпiянат Еўропы сярод дарослых, чэмпiянат Еўропы сярод моладзi i кадэтаў U-23 таксама не адбыўся. Скамечаны сезон. Але нiчога, працуем. Я хоць i адношуся яшчэ да катэгорыi U-23, але ўжо два гады выступаю i на дарослым узроўнi. А там вельмi моцныя спартсменкi, i трэба шмат выкладвацца, каб дайсцi да iх узроўню. Вось я i напрацоўваю форму.
— Жэня, што табе дапамагае не здавацца i кожны дзень прыходзiць на трэнiроўкi?
— Я не буду надта арыгiнальнай. Усе спартсмены трэнiруюцца дзеля алiмпiйскага медаля. Дзеля яго шмат ахвяр, поту i слёз. Трэба штодзень пераломваць сябе, каб падняцца наверх. Але медаль Алiмпiйскiх гульняў таго каштуе.
Валерыя СЦЯЦКО
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».