Вы тут

У Гродзенскай вобласцi рэалiзуецца некалькi значных праектаў па максiмальным сартаваннi другаснай сыравiны


Самы буйны праект — будаўнiцтва першай чаргi палiгона цвёрдых бытавых адходаў пад Астраўцом. На 12 гектарах плошчы, акрамя карты для смецця, размесцiцца лiнiя па сартаваннi, драбiлка для бетону i мiнi-завод па перапрацоўцы арганiчнага смецця. Палiгон разлiчаны на 100 тысяч кубоў адходаў у год.


Фота ostrovets.by

Толькi з лiнiяй сартавання!

Для горада атамшчыкаў, якi хутка развiваецца, такi аб'ект даволi актуальны. Паколькi праект маштабны, яго будаўнiцтва будзе весцiся ў тры этапы. Першую чаргу мяркуецца завяршыць напрыканцы года. Як расказала начальнiк аддзела кантролю за абыходжаннем з адходамi Гродзенскага абласнога камiтэта прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Валянцiна Путро, у Астраўцы з'явiцца цэлы комплекс, сапраўдны мiнi-завод па перапрацоўцы смецця, якi будзе мець сваю свiдравiну для пiтной вады i ачышчальную сiстэму. Галоўная асаблiвасць аб'екта — лiнiя сартавання. Такi падыход цяпер абавязковы пры будаўнiцтве новых палiгонаў.

— Палiгоны разгружаюцца, туды не паступаюць другасныя рэсурсы, яны вымаюцца падчас сартавання, — падкрэслiла суразмоўнiца. — Зараз па вобласцi са смецця вымаецца 25 працэнтаў другаснай сыравiны, але неабходна давесцi лiчбу да 30 i 35 працэнтаў. Праўда, гэта планы на наступнае дзесяцiгоддзе.

Каб дасягнуць такiх вынiкаў, у вобласцi распрацавана адпаведная праграма па максiмальным выманнi другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адходаў i вяртаннi iх у перапрацоўку. Зараз у раёне налiчваецца дзевяць сартавальных станцый i Гродзенскi смеццесартавальны завод. Амаль усе яны, дзякуючы мадэрнiзацыi, павялiчылi свае магутнасцi. Большасць аб'ектаў, у тым лiку i Астравецкi палiгон, фiнансуецца за кошт выдаткаў дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», дзе акумулююцца сродкi ад вытворцаў i пастаўшчыкоў.

Слонiмскi варыянт

Станоўчы вопыт у згаданым кiрунку назапашаны ў слонiмскiх камунальнiкаў. Тут стараюцца скарыстацца ўсiмi магчымасцямi, каб атрымаць фiнансаванне. Вядома, гэтаму папярэднiчае значная «папяровая» работа, бо трэба скласцi праект, зрабiць тэхнiка-эканамiчнае абгрунтаванне. Але i гэта яшчэ не ўсё. Для таго каб работа вялася сiстэмна, трэба ўкаранiць мiнi-праект, паказаць яго вынiк, своечасова асвоiць сродкi. Iнакш — вялiкiя штрафы i страта фiнансавання. Таму гэту работу ў Слонiме стараюцца правiльна спланаваць i расставiць прыярытэты. Па словах намеснiка галоўнага iнжынера Слонiмскай ЖКГ Сяргея Пятлiцкага, менавiта за сродкi «Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў» i мясцовага бюджэту ў горадзе абсталявана лiнiя па сартаваннi, набыта сем сучасных смеццявозаў, абноўлены кантэйнерны парк горада i прыватнага сектара.

Напрыклад, зараз тут працуюць над новым праектам, якi дазволiць паменшыць нагрузку на сметнiкi. Камунальным прадпрыемствам вядзецца распрацоўка праекта па тэхнiчнай мадэрнiзацыi палiгона з кампасцiраваннем арганiчных адходаў.

— Сюды, у бурты, будуць складзiравацца тыя прадукты, якiя застаюцца пасля сарцiроўкi. Атрыманы з цягам часу кампост пойдзе на перасыпку палiгонаў. Гэта значыць, што нам не прыйдзецца ў такiх аб'емах скарыстоўваць прыродныя рэсурсы — грунт i пясок. Пакуль што ў карце палiгона менавiта прыродная арганiка, а не выбраная са смецця, i гэтую сiтуацыю трэба змяняць, — упэўнены Сяргей Пятлiцкi.

Вопыт слонiмскiх камунальнiкаў, якiя супрацоўнiчаюць з крынiцамi фiнансавання, варта распаўсюджваць, лiчаць у Гродзенскiм абласным камiтэце прыродных рэсурсаў. Сёння за сродкi «Аператара» ёсць магчымасць развiваць перапрацоўку другасных рэсурсаў i рэалiзоўваць мерапрыемствы па абыходжаннi з адходамi. Пакуль такую магчымасць скарыстоўваюць далёка не ўсе арганiзацыi. У вынiку не асвойваюцца нават тыя сродкi, якiя выдзяляюцца пад канкрэтны праект.

Не на ўзроўнi

Пакуль у Астраўцы будуецца новы палiгон адходаў, мiнi-палiгоны раёна забруджваюцца смеццем, якое адносiцца да другасных матэрыяльных рэсурсаў — гэта пэт-бутэлькi, полiэтылен, кардонныя скрынкi. Такiя факты ўстаноўлены Камiтэтам дзяржкантролю вобласцi.

Iнспектары звярнулi ўвагу i на работу лiнii сартавання ў Лiдскай ЖКГ, якая была ўведзена ў экспуатацыю ў 2014 годзе за кошт сродкаў ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Пазней камунальнае прадпрыемства лiнiю мадэрнiзавала i давяло яе магутнасць да пяці тысяч тон у год. Але загрузiць яе работу на працягу двух гадоў удаецца толькi на 76 %. Летась не засвоены сродкi, выдзеленыя Лiдскай ЖКГ зноў жа прадпрыемствам «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Планавалася, што сума ў памеры 100 тысяч рублёў пойдзе на распрацоўку схемы абыходжання з камунальнымi адходамi шасцi раёнаў вобласцi. У будучым гэтыя раёны павiнны ўвайсцi ў адпаведны рэгiянальны комплекс у Лiдскiм раёне. Дарэчы, такiх цэнтраў у Гродзенскай вобласцi плануецца стварыць чатыры. Кожны з iх будзе каардынаваць работу па абыходжаннi з цвёрдымi камунальнымi адходамi па сваiх схемах.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: ​Разгрузiць палiгоны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».