Вы тут

Прывал у Выцінанкавым лесе


З казачнай аповесці “Прынцэса Румзаніда ў Краіне Лялек”

Жыла-была прынцэса Румзаніда. Яна дамагалася ўсяго, чаго зажадае, праз крык і слёзы. Аднойчы так разышлася, што тупаннем ножак загнала пад зямлю сваё каралеўства. Каб ратаваць яго, прынцэса пускаецца ў падарожжа па незнаёмай Краіне Лялек. Аднак ці такая ўжо незнаёмая гэтая краіна? Вандруючы, Румзаніда робіць адкрыццё: Краіна Лялек – як паралельны сусвет, дзе аджываюць яе гульні і забаўкі. Салонае мора з яе слёз нарабіла бяды і тут. Каб прайсці па Краіне, прынцэса мусіць навучыцца розным рамёствам і выправіць разбурэнні.

У вандроўцы Румзаніду суправаджае Варона – жыхарка Краіны Лялек, выпадковая знаёмая.


Дзьмуў моцны вецер, ляцець Вароне супроць яго было цяжка – таму Румзаніда маўчала. Да таго ж, яна баялася скуліцца ўніз, як зусім нядаўна сніла, і згубіцца. У чаканні зручнага моманту дзяўчынка сцішана назірала, як згасла ў небе поўня, як патухлі зоры і пачало святлець неба. Урэшце прынцэса задрамала, затуліўшыся ў пёрках птушкі. Калі ж абудзілася, Варона ляцела сярод карункавых кронаў незвычайнага лесу.

Дрэвы, кусты, кветкі – усё ў гэтым лесе было папяровым і ўражвала вытанчанасцю і дакладнасцю формаў.

– Дык гэта ж Выцінанкавы лес! – ахнула Румзаніда.

– Зараз даведаемся, што тут робіцца, – падала голас Варона.

Птушка села на паляну. Румзаніда, баючыся патаптаць выцінанкавае хараство, нясмела ступіла на карункавы дыван з кветак. Але кветкі нават не закалыхаліся! Румзаніда глянула вакол, перавяла позірк на свае рукі-ногі – і пабачыла, што і сама яна, і Варона сталі танюткімі і бязважкімі, нібы з паперы. Яны хадзілі па палянцы, зусім не шкодзячы ёй.

Раптам дрэвы зашапацелі, кусты расхінуліся – і на палянцы з’явіліся папяровыя чалавечкі. Яны ішлі на высокіх хадулях і неслі на плячах насілкі з тронам. На троне сядзелі важныя асобы ў каронах.

Гарольды затрубілі ў трубы і голасна абвясцілі: “Іх Вялікасці Папяровы Кароль і Папяровая Каралева, уладары Кардонных, Крэйдаваных, Гафраваных ды іншых зямель, а таксама Выцінанкавага лесу!”

Яна памкнулася паправіць сваю карону на галаве – кароны не было! Відаць, згубілася падчас палёту! Румзаніда ледзь не расплакалася, але ўчас спахапілася. Плакаць у Выцінанкавым лесе – вялікая небяспека, прынцэса ўжо ведала. Яна толькі хацела спытаць Варону, ці нельга палётаць над лесам ды карону пашукаць, як агледзела, што птушкі і след прастыў.

Не апускаючы на зямлю трон і не злазячы з хадуляў, папяровыя чалавечкі адвязалі з-за спінаў драбіны, якія цягалі за сабой, і прыхінулі да памоста.

Тут жа з травы паказалася некалькі папяровых малюпасікаў. Яны хуценька ўскараскаліся па драбінах на памост і ціхутка зашапталі на вуха каралю і каралеве.

“Мясцовая выведка”, – беспамылкова вызначыла прынцэса.

Яна стаяла, схіліўшы галаву – як і належыць стаяць перад каралём з каралевай. Тым больш, калі свая карона згубленая. І нават радая была, што кароны няма. У караля быў такі злосны выгляд, такія вырачаныя вочы, што Румзанідзе зусім не хацелася прызнавацца, што яна – гэта яна.

– Ну і хто ты такая? – зусім не ветліва спытаў Папяровы Кароль. Гаварыў ён, нібы старонкі кнігі ветрам шкуматала.

– Зінаіда! Я – Зінаіда! – на хаду прыдумала прынцэса.

– Хм! – пагардліва хмыкнуў Папяровы Кароль. – А вось выведка дакладае, што ты – прынцэса Румзаніда, праз якую ў Выцінанкавым лесе дрэвы павыварочвала.

– Будзьце справядлівым, Кароль! – загаварыла Папяровая Каралева і склала папяровы веер, якім да гэтай пары прыкрывала твар. – Выведка, між іншым, дакладае таксама, што Выцінанкавы лес адноўлены. І шмат дзе ён стаў нават лепшым, чым быў!

Гаварыла Папяровая Каралева спакойна, нібы старонкі кнігі гарталіся паволі. Твар яе, у адрозненні ад твара Караля, вылучаў лагоду. Румзаніда ажно дзіву давалася, такімі рознымі выглядалі Кароль з Каралевай.

– Няхай сабе! – ані не падабрэў Кароль. – Але ж гэта праз яе слёзы скрозь было мокра і сыра! Той-сёй з нашых папяровых падданых нават ногі праз сырасць страціў! Праз гэтую плаксу мы забыліся, што такое хадзіць па карункавай траве! Мы мусілі стаць на хадулі! Гляньце ўважліва, Каралева, і будзьце шчырай сама з сабой! Каго вам шкада больш – свой папяровы народ ці гэтую разбэшчаную дзеўчынёшку, якая, да таго ж, ілжэ!

Румзаніда то палатнела, то чырванела. Пра яе гаварылі, як быццам яе тут і не было. А самае прыкрае – гаварылі праўду! Яна была памкнулася нешта сказаць, але гэта яшчэ больш раз’юшыла Папяровага Караля.

– Прынесці сюды нажніцы! – загадаў ён. – Справядлівым будзе гэтай прынцэсе такасама адцяць нагу!

Румзаніда страшна спалохалася! Яна зараз была бязважкай, танюткай, і нішто не замінала здзейсніць загад Караля. Тым больш што нажніцы, вялікія і вострыя, служкі ўжо вывозілі на высокай цялежцы. Папяровая Каралева адчайна шаптала Папяроваму Каралю на вуха, імкнучыся абараніць прынцэсу Румзаніду, але Кароль быў няўмольным.

Румзаніда падрыхтавалася да горшага – і раптам згадала, што ў Выцінанкавым лесе, як і паўсюль у гэтай Краіне, лялькі нічога самі паправіць не могуць. Нажніцамі арудаваць яны таксама не ўмеюць! Зблізу яна ўжо нават разгледзела, што нажніцы – не сапраўдныя, а зробленыя з кардону і абкручаныя бліскучай фольгай. Прынцэса ледзь не рассмяялася, але мусіла стрымацца.

– Ваша Вялікасць! – пачціва сказала яна. – Я не адмаўляю сваёй віны. Але ж калі вы пакараеце мяне зараз, хто дапаможа папяровым чалавечкам? Я магу зрабіць для іх новыя ногі!

– Жаласніца знайшлася! – узрушыўся Папяровы Кароль. – Сама бяды нарабіла, а тады сама ўсіх шкадуе!

– Ваша Вялікасць, вы – наймудрэйшы правіцель, – азвалася Папяровая Каралева, і голас яе гучаў цвёрда. – Выявіце сваю мудрасць і зараз! Прынцэса кажа слушна. Што для нас важней – пакараць яе і пакінуць калекамі падданых, альбо памагчы тым, хто мае такую патрэбу?

– Да ўсяго, – дадала прынцэса, натхнёная падтрымкай Папяровай Каралевы, – я магу аднавіць уборы! Справіць новыя сукенкі дзяўчаткам, а хлопчыкам – новыя камізэлькі і нагавіцы!

О, гэта была шыкоўная прапанова! Папяровыя лялькі – вядомыя фарсухі! Уборы па некалькі разоў на дзень мяняюць.

Папяровы Кароль мусіў здацца на ўгаворы.

– Добра, – сказаў ён, – няхай сабе. А пасля ўсё адно трэба адцяць ёй нагу!

Але Папяровага Караля ўжо не чулі. Папяровыя лялькі пазлазілі са сваіх хадуляў, бо прынцэса даўно не плакала, і ў Выцінанкавым лесе добра падсохла.

Прынцэса павярнула на пальцы срэбны напарстак – і перад ёй зноў ляжалі інструменты, неабходныя для працы.

Перш-наперш прынцэса аднавіла ўсім пацярпелым ногі. А пасля ўзялася выразаць камізэлькі, сукенкі, нагавіцы. Калі кроіла сукенку для Папяровай Каралевы, тая шапнула на вушка Румзанідзе:

– Прынцэса, Яго Вялікасці Папяроваму Каралю больш чым каму патрэбна дапамога! Праз тое, што яму намалявалі злосны твар, у яго нораў раздражнёнага тырана. Але ж ён мае добрае сэрца, мне гэта добра вядома! Ці не маглі б вы што-кольвек змяніць у абліччы Караля?

– А хто намаляваў Каралю такі злосны твар? – спытала прынцэса.

Папяровая Каралева здзіўлена глянула на яе.

– Прынцэса Румзаніда, згадайце! Выцінанкавы лес і папяровы народ выразалі ў вашым замку на ваш загад. А злосным твар Папяроваму Каралю дзеля смеху малявалі вы самі!

Вось дык так! З усяго вынікала, што ў Краіне Лялек не прападала нічога, калісьці ці зараз зробленае рукамі прынцэсы ці на яе загад.

І Румзаніда вельмі старанна выразала з паперы новую галаву ў кароне, намалявала на ёй прыветны твар і, скарыстаўшыся тым, што Папяровы Кароль задрамаў, бесперашкодна памяняла галовы месцамі.

– Ой, што гэта толькі казыталася?  – заварушыўся абуджаны Папяровы Кароль і весела рассмяяўся. – Мая Каралева, мне здаецца ці сапраўды ў нашым Выцінанкавым лесе папрыгажэла? Нашыя падданыя прыбраныя. А Вы, мая дарагая, у новым уборы – проста чароўная!

– Гэта ўсё прынцэса Румзаніда! – заўсміхалася Папяровая Каралева, а папяровыя лялькі падкінулі свае шапачкі і берэцікі высока ўгору.

Разам з усімі весела смяяўся і Папяровы Кароль. Зараз прыветны ўсмешлівы твар адпавядаў дабрыні яго сэрца, і Кароль адчуваў незвычайную гармонію сам з сабой і з усім светам. Ён зусім забыўся на тое, што пагражаў прынцэсе адцяць нагу. Наадварот – загадаў вітаць Румзаніду як майстрыцу, якая здолела паправіць Выцінанкавы лес, ратавала пакалечаных папяровых чалавечкаў і падарыла яго падданым мноства прыгожых убораў.

Было загадана накрываць сталы, і папяровыя чалавечкі падаставалі са сховаў найсмачнейшы ласунак папяровай краіны – рознакаляровае канфеці. Іх насыпалі ў посуд з пап’е-машэ і хрумсталі, як кукурузныя палачкі.

Прынцэса Румзаніда не магла есці гэты дэлікатэс, таму папяровыя чалавечкі на знак вялікай прыхільнасці густа пасыпалі ім валасы прынцэсы.

Шапацелі на ветры выцінанкавыя дрэвы. Сонца, прабіваючыся праз карункавыя кроны, кідала на зямлю дзівоснай красы цені. Прыветна ківалі галоўкамі папяровыя званочкі, якія раслі ля лясных сцежак, і папяровы скрыпень махаў пышным чубам, вітаючы папяровы народ. Лёталі папяровыя мятлікі і ўсё імкнуліся сесці на галаву прынцэсе, бо праз рознакаляровае канфеці яе галава нагадвала кветнік.

Раптам Выцінанкавы лес закалыхаўся, і на ўзлеску загучала вясёлая музыка.

  – О! – радасна ўскрыкнуў Папяровы Кароль. – Няўжо суседзі з Глінянага горада наведалі нас!

– Гэта значыла б, што Салонае мора адступіла! – узрадавалася і Папяровая Каралева.

Папяровыя чалавечкі памкнуліся было падхапіць каралеўскі трон разам са сваімі правіцелямі, каб несці іх насустрач пасольству. Але Кароль адмоўна закруціў галавой:

 – Не зашкодзіць прайсціся пешкі! Як думаеце, Ваша Вялікасць? Хочацца згадаць, як шамаціць пад нагамі папяровая трава.

Каралева ахвотна пагадзілася, і папяровы народ, ачолены сваімі Каралём і Каралевай, рушылі на ўзлесак. Калі дрэвы расхінуліся, прынцэса пабачыла на даляглядзе дамы Глінянага Горада – акурат такія ж, над якімі шчыравала яна ў замку пані Парцалянавай. І прынцэса з палёгкай уздыхнула: падобна, што падмытыя муры ёй таксама ўдалося паправіць.

– Паспяшайцеся, паспяшайцеся, прынцэса Румзаніда! – падаў голас Папяровы Кароль.

Ён загадаў папяровым чалавечкам насыпаць некалькі торбаў каляровага канфеці для жыхароў Глінянага горада. Раней, у злосці, Папяровы Кароль грэбаваў суседзямі, бо ўважаў іх за грубыя чарапкі. Але вось ён сам памяняўся – і з грубых чарапкоў і Гліняны горад, і яго насельнікі ў вачах Яго Вялікасці ўраз ператварыліся ў творы керамічнага мастацтва! Што ні кажы, жыццё такое, якім кожны здольны яго бачыць.

–  Да Цёмнага лесу далёка, не варта губляць каштоўны час! – прыспешваў Румзаніду Папяровы Кароль.

Прынцэса дзівілася ўсё больш. Столькі бедаў нарабілася праз яе слёзы ў Краіне Лялек, але тут пра іх забываліся адразу ж, як толькі прынцэсе ўдавалася нешта выправіць.

Гліняныя музыкі зайгралі на акарыне і свісцёлках марш. Гліняны званочак зазваніў, прыспешваючы пусціцца ў дарогу. Папяровыя чалавечкі сыпанулі на ўсіх канфеці. Гліняныя конікі нецярпліва перабіралі нагамі, і гліняны вознік запрасіў прынцэсу Румзаніду сесці ў гліняны вазок: так яна зможа найхутчэй трапіць у Гліняны горад.

Наперадзе чакалі новыя прыгоды!

Алена Масла

Малюнкі Аксаны Аракчэевай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».