Вы тут

Зааняня Маргарыта Полівада: У кожным новым хатнім гадаванцы бачу сябра


У апошнія гады набіраюць папулярнасць зааняні, якія даглядаюць жывёл, пакуль іх гаспадары вырашаюць свае справы. Спецыяльную адукацыю пры гэтым мець не трэба. У нашай краіне такіх ахвотных шмат: адны займаюцца пошукам кліентаў самастойна, іншыя — праз агенцтвы. Дваццацігадовая мінчанка Маргарыта ПОЛІВАДА належыць да першых: дзяўчына ўжо больш за два гады ў якасці хобі практыкуе догляд катоў, сабак, грызуноў і нават птушак.


— Па прафесіі я цырульнік, у гэтым кірунку развіваюся і справу сваю люблю. З самага дзяцінства таксама была неабыякавая да сяброў нашых меншых, з імі ў мяне пэўная сувязь. Але бацькі заўсёды былі супраць таго, каб у доме былі жывёлы, хоць я вельмі марыла пра сабаку. Калі ўжо стала дарослая, аднойчы знайшла ў інтэрнэце інфармацыю пра тое, што хтосьці гатовы паняньчыцца з гадаванцам за пэўную суму. Тады ў мяне навіна выклікала абурэнне ад таго, што за такія паслугі бяруць грошы: для мяне магчымасць пасядзець з хатнімі гадаванцамі была сама па сабе радасцю. Я доўга думала і праз некаторы час ужо сама размясціла падобную аб'яву, але з сімвалічным коштам, — і да мяне пачалі звяртацца. Цяпер з задавальненнем бяру да сябе дадому на пэўны час розных жывёл. Мой абавязак як зааняні заключаецца ў тым, каб арганізаваць належны догляд хатніх гадаванцаў на час адсутнасці іх гаспадароў. Часцей за ўсё займаюся сабакамі любых памераў. Таксама дапамагаю валанцёрам з уладкаваннем тых жывёл, якія страцілі свой дом.

Маргарыта расказала, што некаторыя гадаванцы могуць заставацца на ператрымцы больш чым на год, бо не атрымліваецца адразу ўладкаваць іх у новую сям'ю. Напрыклад, адзін з такіх сабак, якому трэба было дапамагчы знайсці гаспадароў, трапіў у дом бацькоў суразмоўніцы, растапіў іх сэрцы і застаецца з імі дагэтуль.

— За два гады не было такой сітуацыі, каб у маёй кватэры не знаходзіліся нейкія жывёлы. Мне так камфортна — мець маленькіх сяброў побач, яны не даюць засумаваць і думаць пра непатрэбнае. Калі тыя трапляюць да мяне, асноўная задача — мінімізаваць стрэс ад разлукі гадаванцаў з гаспадарамі. Рэкамендацыі па доглядзе, кармленні і выгуле ва ўсіх розныя, мы іх абмяркоўваем загадзя. Я заўсёды ведаю, што рабіць у незвычайных або нетыповых сітуацыях, у гэтым дапамагае захапленне кіналогіяй. Да таго ж мы заўсёды на сувязі з уладальнікамі. Зразумела, жывёлы не заўсёды паводзяць сябе ў кватэры добра, часам могуць сапсаваць рэчы. Да гэтых сітуацый стаўлюся спакойна, лічу, што ўся адказнасць за такія выпадкі на мне. Каб мінімізаваць недарэчнасці, не пакідаю гадаванцаў сам-насам, даю ім ласункі, цацкі, каб не сумавалі і не пераключалі сваю ўвагу на мэблю ці шпалеры.

Па назіраннях дзяўчыны, кожнаму гадаванцу неабходна некалькі дзён для адаптацыі ў новым месцы. А калі на «знаёмства» з жывёламі ў Маргарыты ёсць толькі некалькі гадзін, можа адбыцца рознае...

— Часцей за ўсё каты наогул адмаўляюцца ад ежы і нават вады. Хаваюцца ў пэўнае месца і часам доўга адтуль не вылазяць. Маленькія сабакі амаль заўсёды ўспрымаюць новага чалавека з агрэсіяй і спрабуюць укусіць ад стрэсу ці з-за новай абстаноўкі. Калі казаць пра сярэдніх па памеры і буйных сабак, то менавіта з імі мне працаваць прасцей за ўсё. Яны ў большасці выпадкаў сябе паводзяць выдатна як з гаспадарамі, так і з новымі людзьмі.

У Маргарыты зараз няма свайго асабістага маленькага сябра, але дзяўчына вельмі хоча амерыканскага стафардшырскага тэр'ера.

— Гэта парода з характарам «байца», якая патрабуе шмат увагі, ведаў і намаганняў па навучанні сабакі. Пакуль, на жаль, не валодаю такой колькасцю часу, няма магчымасці ўкладваць шмат сіл у яго выхаванне. Але ў будучыні абавязкова ажыццяўлю сваю мэту! Увогуле хочацца адзначыць, што не ўсе зааняні шчыра любяць жывёл: бываюць тыя, хто да іх ставіцца нейтральна або раўнадушна. Аднак я лічу, што доўга пратрымацца ў гэтай сферы з такім падыходам немагчыма, хутка страціш жаданне, бо насамрэч занятак досыць складаны. Тут ёсць як плюсы, так і мінусы. Добра, што з часам назапашваюцца карысныя веды, яны прыходзяць толькі з вопытам. Да таго ж хутка пачынаеш разумець асаблівасці паводзін розных парод кошак, сабак. Можна сказаць, што з кожным разам я набываю новага сябра, — ніколі не засумуеш. Да мінусаў можна аднесці любыя непрыемныя і нечаканыя сітуацыі — напрыклад, калі гадаванец праяўляе агрэсію.

Суразмоўніца пакуль не гатова да таго, каб догляд жывёл стаў яе асноўным відам дзейнасці. «Для мяне гэта хобі, жаданне ўзаемадзейнічаць з жывёламі, дапамагаць валанцёрам і самой уладкоўваць да сябе на пэўны час тых, каму патрабуецца цяпло і любоў чалавека».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».