Вы тут

Ад Ташкента да Беразянкі


Узбекскі пісьменнік Кучкор Наркабіл піша кнігу пра Пухавіччыну ваенную


Не першы раз наведваўся ў Беларусь узбекскі літаратар Кучкор Наркабіл. Воін-інтэрнацыяналіст, ён у свой час ваяваў у Афганістане. Бачыў пакуты, драматызм у лёсе народа краіны, якая суседзіць з Узбекістанам. Афганская вайна пакінула след у лёсе ўзбекскага журналіста й пісьменніка на ўсё жыццё. Ён напісаў і кнігу пра тое, што бачыў на ўласныя вочы. А цяпер працуе над аповесцю пра першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, пра лёсы ўраджэнцаў Узбекістана, якія ваявалі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі.

Сярод месцаў, якія наведвае Кучкор Наркабіл у Беларусі, — і Пухавіцкі край, што на Міншчыне. Сёлета пісьменнік пабываў там на месцы спаленай фашыстамі вёскі Беразянкі. “Сціплы помнік на магіле жыхароў невялікага ляснога паселішча, самі дрэвы, якія, як мне падалося, схіляюць свае галіны ў вечнай журбе, — расказвае ўзбекскі літаратар, — натхнілі мяне на новыя старонкі пра шматпакутную Беларусь. З цікавасцю я даведаўся, што Беразянка — гэта вёска, якая была творчым, жыццёвым прытулкам народнага песняра Беларусі Якуба Коласа ў перадваенныя гады. Што марыў ён пабудаваць там лецішча. І што ў часе сваёй эвакуацыі ў Ташкенце даведаўся пра трагедыю Беразянкі.”

Кучкор Наркабіл яшчэ казаў, што, вярнуўшыся ў Ташкент, не абміне коласаўскія адрасы, пройдзе па знаёмай Песняру ў вайну вуліцы Сапёрнай. Пісьменнік мае намер паглыбіцца ў тое гора, у тое, якімі слязьмі аблівалася сэрца паэта, калі ён даведаўся, што фашысты спалілі знаёмых яму беразянкаўцаў.

Узбекскі пісьменнік напісаў нарыс пра Беларусь, надрукаваў яго ва Узбекістане. А ў беларускім альманаху “Далягляды” ў перакладзе Навума Гальпяровіча на беларускую мову выйшаў ягоны верш пра Мінск, Беларусь у звязку з тэмай Вялікай Айчыннай вайны.

“У маіх планах — прэзентацыя кнігі пра Беларусь, Пухавіччыну ваенную менавіта ў Беларусі, — дзяліўся сваімі развагамі спадар Кучкор. — Я рады, што пазнаёміўся з Пухавіцкім краем. Удзячны за грунтоўныя экскурсіі, якія ўжо двойчы правёў для мяне Аляксандр Аляксандравіч Прановіч — дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея”.

Алесь Карлюкевіч

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.