Вы тут

100 карцін і 30 гравюр у падарунак Радзіме


Мастак Іосіф Капелян, ураджэнец Бабруйска, жыве ў Ізраілі амаль 40 гадоў, але ягоная сувязь з Радзімай ніколі не перапынялася


Іосіф Капелян на выставе ў Бабруйску. 2017 год.

Звычайна творчы шлях мастака, які настойліва рэалізуе свой талент, пазначаны персанальнымі выставамі. Па іх можна бачыць, у які бок рухаецца творца. Тое прасочвалася й на выставе ў галерэі Бабруйскага мастацкага музея, калі ў маі 2017‑га там ладзілася выстава Іосіфа Капеляна “Сустрэча праз сорак гадоў. Нетанія — Бабруйск”. Ён прывёз тады ў родны горад 70 прац — і падараваў іх музею. Пра шчодры дар паведаміў, калі адкрывалася экспазіцыя. Мастак яшчэ казаў, што гатовы перадаць гораду таксама іншыя карціны, калі Бабруйск пагодзіцца іх прыняць і захаваць для нашчадкаў. То спадзяемся, што ў прыгожай гісторыі пад назвай “Нетанія — Бабруйск” будзе й годны працяг.

На адкрыцці выставы тады сабраліся сябры й калегі, якія даўно Іосіфа не бачылі, прадстаўнікі грамадскасці горада. Мастак не хаваў хвалявання, казаў: “Вельмі задаволены я ды ўсхваляваны, што тут адкрываецца мая выстава. І не толькі таму, што для паказу выстаўлены мае працы, а яшчэ й таму, што — у горадзе, у якім я нарадзіўся. Гэта горад майго дзяцінства, юнацтва. І маё хваляванне — ад успамінаў, ад сустрэч, і, вядома ж, ад таго, што адкрываецца мая сорак першая выстава”.

Іосіф Капелян родам з 1936 года, наведваў мастацкую студыю пры Доме піянераў: ёй тады кіраваў Барыс Бяляеў. З таго творчага асяродка, дарэчы, ішлі ў свет мастацтва такія вядомыя майстры, як Георгі Паплаўскі, Людвіг Асецкі, Леанід Марчанка. Што да Іосіфа, то ён спачатку закончыў Ленінградскае мастацка-графічнае педвучылішча, пасля — факультэт графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (закончыў у 1966‑м, вучыўся ў Арлена Кашкурэвіча й Мая Данцыга). За дваццаць гадоў працы ў выдавецтве “Беларусь” (з 1961 года) аформіў больш за 130 кніг, уступіў у Саюз мастакоў СССР. А ў 1980‑м Іосіф Капелян прыняў рашэнне пераехаць у Ізраіль, у Тэль-Авіў. Па тым часе тое азначала: яго імя й творчасць Айчына забудзе…

На шчасце, так не адбылося. Іосіф Капелян не згубіўся ў свеце, годна заявіў пра сябе. Ягоныя карціны ёсць у музеях і прыватных калекцыях розных краін, ён стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Мікалая Рэрыха ў намінацыі “Мастацкая творчасць”. А найхвалюючыя, значныя для майстра на творчым шляху — менавіта выставы ў родным Бабруйску. Першая з іх была яшчэ ў 1976‑м. Глыбока ў сэрцы ягоным жывуць светлыя сыноўскія пачуцці да зямлі, што яго ўзгадавала, і напісаныя ім пейзажы Нетаніі нагадваюць абшары Бабруйшчыны. Усе гады з часу жыцця ў Ізраілі творца з пяшчотаю згадвае родны горад. І ў 2017‑м, прыехаўшы, пабываў на Бабровай вуліцы: там жыве ягонае дзяцінства. Іосіф адзначыў, што вуліца змянілася, але дом родны застаецца такім жа. Падзяліўся развагамі: “У мяне тут магілы дзядулі, бацькі, маці. …Гэта не першы мой прыезд за сорак гадоў. І штораз я тут паглыбляюся ў атмасферу ўспамінаў… Я пастарэў — а горад памаладзеў”. Магчыма, да наступнай сустрэчы з Бабруйскам майстар створыць яшчэ не адну карціну з выявай роднага горада.

І Мінск для Іосіфа Капеляна — горад асаблівы, добрыя пачуцці да яго мастак мае ў душы: “Горад, дзе я закончыў мастацкі інстытут, дзе ўсталёўвалася й развівалася мая творчасць”. У калекцыю мінскага Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура мастак у “прыезд у Беларусь‑2017” падараваў 30 сваіх гравюр, папрасіў хаця б час ад часу іх экспанаваць. “Дзякуючы такому велікадушнаму жэсту мы й можам бачыць яго працы ў сябе ў Беларусі”, — радуецца Вольга Гоманава, якая цяпер — куратар выставачных праектаў Іосіфа Капеляна. Шчодры жэст мастака знайшоў прадаўжэнне ў праекце Нацыянальнага гістарычнага музея: там у ліпені 2018‑га працавала выстава майстра, былі паказаны падараваныя творы. Выстава, дарэчы, стала адной з першых у плыні праекта “Шляхамі знакамітых землякоў”, які дырэктар музея Павел Сапоцька мае намер прадоўжыць. Тады сучасныя ІТ-тэхналогіі далі магчымасць майстру віртуальна прысутнічаць на адкрыцці чарговай выставы. У сваім відэазвароце ён казаў: “Выстава мастака — гэта магчымасць паказаць свае працы гледачу, а таксама сродак яшчэ раз пацвердзіць культурную повязь паміж людзьмі, паміж мастакамі, паміж краінамі й народамі. Мінск для мяне — горад асаблівы, і добрыя пачуцці да Мінска й Беларусі глыбока ў маёй душы”.

Іосіф Капелян. “Наваколлі Мінска”.

І ў Віцебск таксама завітаў Іосіф Капелян — са сваёй выставай “Графіка. Рэтраспектыва”: вясной 2019‑га. Паспрыяла рэалізацыі цікавага праекта й Амбасада Ізраіля ў Беларусі. У Арт-цэнтры Марка Шагала была прадстаўлена графіка творцы: лінагравюры, афорты, літаграфіі, манатыпіі, гравюры на кардоне. Хоць і схільны майстра ствараць менавіта графічныя працы (“графіка бліжэйшая па маім таленце: для мяне лінія важнейшая, чым пляма”), але ж, удакладняе Вольга Гоманава, ёсць у яго й шмат акварэляў, жывапісных твораў: партрэты, пейзажы, нацюрморты. Па словах мастацтвазнаўцы, карціны творцы настройваюць гледача на ўзвышанае, адухоўленае ўспрыманне наваколля.

Цяпер у ягоным сэрцы дзве радзімы

Са слоў Вольгі Гоманавай, якая падтрымлівае творчыя стасункі з мастаком, падораныя ім 30 гравюр музейшчыкі плануюць паказваць на іншых творчых пляцоўках пасля таго, як адступіць каранавірус. Цяпер Іосіф Капелян дома, у ізраільскай Нетаніі (там жыве з жонкай Таццянай) працуе штодзень. Галоўнай тэмай ягоных твораў застаецца духоўнасць. Гатовы прыехаць у Беларусь, калі з’явіцца такая магчымасць.

Марыя Мініч, мастацтвазнаўца

Іосіф Капелян:                            

“…З часоў вучылішча мой улюбёны мастак — Рэмбрант. Я нават зрабіў некалькі партрэтаў у кантрасце святла й ценю, як у яго. Для мяне адна з найвялікшых карцін у сусветным мастацтве — ягоны “Блудны сын”…

…Яшчэ ў СССР я зрабіў работы на тэму Шолам-Алейхема. І ведаў, што я яўрэй, ідэнтыфікаваў сябе так. Але я гэтак жа адчуваю сябе й беларусам, люблю беларускую паэзію, прыроду. Уласна, мяне падштурхнулі да таго выбару. Заўжды лічыў: усе людзі добрыя, калі яны добрыя як людзі, а не таму, што яны належаць да якой-небудзь нацыянальнасці”.

Ад рэдакцыі.

Рыхтуючы тэкст да друку, мы згадалі, што летась у снежні ў Ізраілі ў 57 гадоў памерла мастачка Ілона Барадуліна — адзіная дачка народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Ілона мела рэдкі талент мастачкі-імправізатаркі, адметны творчы почырк — і няпростае жыццё. Яе творы выстаўляліся ў Беларусі, Аўстрыі, Расіі, упрыгожвалі вуліцы ізраільскіх гарадоў. Цікава, ці ёсць хоць нейкі шанец працы з яе апошняга — ізраільскага — перыяду жыцця й творчасці пабачыць на радзіме мастачкі? Можа выхадцы з Беларусі ў Ізраілі, з тамтэйшых суполак беларусаў, прадстаўнікі беларускай дыпмісіі неяк таму паспрыяюць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.