Вы тут

...І тут ён, гэты самы бераг


Больш за 50 гадоў вымушаны быў пражыць у Расіі, удалечыні ад Бацькаўшчыны, вядомы беларускі паэт Уладзімір Дубоўка. Родавыя ж карані яго — у Пастаўскім раёне Віцебшчыны.


Уладзімір Дубоўка

Сёлета — 120 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі: ён пабачыў свет 15 ліпеня 1900 года. (Афіцыйна ў біяграфіях пішацца гэты год. Але краязнаўца з Пастаўшчыны Ігар Пракаповіч у допісе ў рэдакцыю згадвае пра нядаўна знойдзеную метрыку аб нараджэнні Уладзіміра Дубоўкі. Паводле яе, будучы творца з’явіўся на свет у 1901 годзе. — Рэд.) Уладзімір Мікалаевіч пакінуў заўважны след у беларускай культуры як паэт, празаік, мовазнавец, перакладчык і крытык. Працуючы з ягонай велізарнай спадчынай, даследчыкі выявілі мноства псеўданімаў. Сярод іх: Ганна Аршыца; У. Гайдукевіч; У. Гайдуковіч; Ул. Гайдуковіч; Уладзімір Гайдуковіч; Б‑сь Дубоўка; Бладысь Дубоўка; Уладзік Павадыр; Тупяец; В. Туянец; У. Д‑ка; У. Д‑на… Цікава было б даследаваць іх паходжанне. Магчыма, карані некаторых звязаны неяк і з малой радзімай творцы — з вёскай Агароднікі (цяпер — Пастаўскі раён Віцебшчыны) тагачаснага Вілейскага павета Віленскай губерні. Спрадвечна беларуская Віленшчына яго ўзгадавала, і ў лютым 1918‑га ён, закончыўшы Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю, пакінуў родныя мясціны.

Другі этап жыцця Уладзіміра Дубоўкі — расійскі. Пражыў беларус у Расіі 56 гадоў, там і памёр 20 сакавіка 1976 года — у Маскве. У 1947–49 гадах пажыў у Грузінскай ССР, а так — усё Расія. Прычым амаль палову з тых 56‑ці — 27 гадоў! — быў у сталінскіх лагерах. Толькі ў часе хрушчоўскай адлігі Уладзімір Дубоўка быў поўнасцю рэабілітаваны. Без малога чвэрць стагоддзя быў масквічом. Там жа ў 1922–25 гадах займаў пасаду рэдактара беларускага выдання “Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР”, адначасова быў адказным сакратаром Прадстаўніцтва БССР пры Урадзе СССР. А пасля рэпрэсій зусім іншая праца ў яго была ў Маскве: сталярствам на хлеб там зарабляў. Аднак і жывучы ў Расіі, плённа працаваў на ніве беларускай культуры.

У творах 20‑х гадоў Уладзімір Дубоўка глыбока асэнсоўвае ідэю адраджэння Бацькаўшчыны, выяўляе сваё бачанне шляхоў захавання духоўнай спадчыны беларусаў, адмоўна ставіцца да гвалтоўнай калектывізацыі. Паэт пастаянна дэманструе ўрэчаісненасць мастацкай канвы сваіх твораў, якія поўняцца ўмоўна-асацыятыўнай вобразнасцю.

Звернем увагу й на тое, што Уладзімір Дубоўка надзвычай актыўна прыўносіў лексіку з гаворак Пастаўшчыны й Мядзельшчыны ў свае творы. Часта ў іх сустракаюцца словы: “адляйцаць”, “ажыргаць”, “астрыжонак”, “брыж”, “буталь”, “водзыўкі”, “зблоціць”, “калюжа”, “лактаць”, “нажутка”, “пагурачак”, “разыгранка”… Дзякуючы Дубоўку ў нашай мове прыжыліся словы: “агораць”, “апантаны”, “ашчаперыць”, “водар”, “дойлід”, “збочыць”, “зьнічка”, “імклівасьць”, “наканаваны”, “нелюдзь”, “непрыдатны”, “талака”, “удубальт”… Да таго іх не было ў творах літаратуры. Які паэтычны твор Дубоўкі з 20‑х ні возьмеш — абавязкова кінецца ў вочы арыгінальная лексіка: “дэсань”, “кунежыць”, “сэймаваць”, “сэймікаваць”, “сквіл”, “многакраць”, “замета”, “чмары”, “гэрцы”, “скелз”, “валотны”, “соўкаць”, “стацьцё”, “сухазлоты”, “памжа”, “вілаводны”, “віратлівы”, “цьвятлівіць”, “заістужыць”, “распарасонся”, “бесхацінцы”, “дзеньдзівер”, “скогат”, “сукрыстасць”...

Да таго ж у былога вяскоўца меўся ўласны праект вырашэння некаторых пытанняў графікі й правапісу беларускай мовы. Уладзімір Дубоўка пры тым улічваў досвед ужывання альфабэту (алфавіту) у сусветным культурна-моўным ландшафце. Ён сістэмна вывучаў выкарыстанне глаголіцы, кірыліцы, “грамадзянкі” ў беларускім кнігапісанні. Галоўная выснова Уладзіміра Мікалаевіча гучала так: “Сучасная наша кірыліца непапраўна лепш прыстасавана да нашае фонэтыкі, чымся польска-чэскі альфабэт”. І вось як выглядаў ягоны праект па напісанні літараў “дж” і “дз” у беларускім альфабэце:

Ён і быў рэалізаваны ў часопісе “Узвышша” ў 1928–29 гадах, але да заканадаўчага замацавання такога правапісу справа не дайшла. Засталіся праектамі й дзве іншыя прапановы. Уладзімір Дубоўка лічыў мэтазгодным замяніць “ё” на “ö”, запазычыць з украінскай графікі “ї” для перадачы спалучэння “йі”.

Уладзімір Дубоўка з жонкай Марыяй Клаўс

У памяць пра Уладзіміра Дубоўку яго імя носіць Пастаўская дзіцячая бібліятэка. У юбілейны год яе супрацоўнікі ладзяць літаратурныя сустрэчы, музычныя імпрэзы, кніжныя выставы, акцыі. У часе літсустрэчы “Жыццё маё — ці васілёк, ці ружа” дзяўчаты ў нацыянальных строях дарылі людзям галінкі шыпшыны й буклеты з вершамі творцы. Бібліятэка ж прадставіла шэраг матэрыялаў пра земляка, калі ствараўся раздзел, прысвечаны Уладзіміру Дубоўку, на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: да 120‑й яго гадавіны.

А два гады таму ладзіўся з Пастаў велапрабег “Хацелася пабыць ля Доўжа”. Маршрут пралягаў праз родныя вёскі паэта Манькавічы ды Агароднікі, завяршыўся ля возера Доўжа, якое Уладзімір Дубоўка згадваў у вершах: “…А колькі дзе б ні вандраваў,/ Хоць добра ўсюды і прыгожа,/ Мяне цягнула да Пастаў,/ Хацелася пабыць ля Доўжа./ У Айчыне многа гарадоў,/ І вёсак — незлічоны шэраг. / А ўсё ж адсюль я ў свет пайшоў,/ І тут ён, гэты самы бераг...”

Міхаіл Стралец, доктар гістарычных навук, г. Брэст

Ад рэдакцыі. Некаторую інфармацыю пра вядомага земляка нам даслаў з Пастаўшчыны краязнаўца Ігар Пракаповіч. З яе вынікае: у даведніках савецкага часу прыхоўваліся весткі пра тое, што Уладзімір Дубоўка быў рэпрэсаваны. Пасля рэабілітацыі падавалі прыкладна такі тэкст: “Закончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у Тульскай вобласці, служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Маскве (рэдактарам, адказным сакратаром Пастаяннага прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР, выкладчыкам Камуністычнага ўніверсітэта народаў Захаду). Закончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя Валерыя Брусава. Быў членам літаб’яднанняў “Маладняк”, “Узвышша”. У 1930 годзе рэпрэсаваны. Зняволенне, высылку адбываў у Кіраўскай вобласці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Пасля рэабілітацыі (1957) жыў у Маскве, тады ж наведаў і Беларусь. Вёў перапіску з вучнямі й настаўнікамі Манькавіцкай школы. Памёр 20 лютага 1976 года, пахаваны ў Маскве”.

Варта яшчэ нагадаць, што Уладзімір Дубоўка — аўтар зборнікаў вершаў “Строма”, “Трысцё”, “Credo”, “Наля”, “Палеская рапсодыя” (1961 — за кнігу атрымаў Літаратурную прэмію імя Янкі Купалы) ды іншых. Напісаў аповесці для дзяцей “Жоўтая акацыя”, “Ганна Алелька”, “Як Алік у тайзе заблудзіўся”, кнігі вершаваных казак. Пераклаў творы У. Шэкспіра, Дж. Байрана, В. Брусава, П. Тычыны ды іншых паэтаў. Пабачылі свет яго Выбраныя творы ў 2-х тамах (1959, 1965). У кнізе ўспамінаў “Пялёсткі” (1973) апісаў эпізоды свайго маленства на Пастаўшчыне — у Агародніках ды Манькавічах.

Пра жыццёвы й творчы шлях Уладзіміра Дубоўкі можна пачытаць у кнізе Алеся Пашкевіча “Круг”, Ігара Пракаповіча ды Ірыны Заяц “О Беларусь, мая шыпшына...”.

У 1996 і 1999 гадах у Пастаўскім раёне (в. Дзеравянкі) праводзіліся літаратурныя фестывалі “Даўжанскія вечары”, прысвечаныя творчасці Уладзіміра Дубоўкі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».