Вы тут

«Заўсёды прашу ў Бога мудрасці»


Вера Паўлаўна ЛОЖАЧНІК, маці-выхавальніца першага ў Барысаве дзіцячага дома сямейнага тыпу, пераможца конкурсу «Жанчына года Міншчыны-2019» у намінацыі «Мацярынская слава»:

— Некалькі гадоў запар мы з мужам Васілём Марцінавічам па запрашэнні Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Барысаўскага раёна выступалі на прадпрыемствах нашага горада, расказвалі пра свой вопыт прыёмнага бацькоўства, заклікалі не баяцца дапамагаць дзецям, якія засталіся без апекі блізкіх людзей. Даводзілі, што гэтыя дзеці зусім не безнадзейныя і не больш схільныя да дрэнных учынкаў, чым іх равеснікі са звычайных сем’яў. Асабіста я ўпэўненая: кожнае дзіця вартае павагі і любові. А калі да дзіцяці праявіць гэтыя пачуцці, яно імкнецца адказаць тым жа.

Так, у сваіх біялагічных сем’ях гэтыя хлопчыкі і дзяўчаткі былі абдзеленыя дабрынёй, любоўю, клопатам. Часам яны маюць калючыя характары, таму што спазналі шмат жыццёвых цяжкасцей і выпрабаванняў, але пад уплывам цяпла і пяшчоты «калючкі» адпадаюць і дзеці становяцца звычайнымі дзецьмі — адкрытымі, даверлівымі, добрымі. Трэба толькі сагрэць іх сэрцы.

Нашаму дзіцячаму дому сямейнага тыпу хутка будзе 20 гадоў. За гэты час мы з мужам змаглі дапамагчы 27 дзецям, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Многія з іх прыходзілі ў нашу сям’ю напалоханымі, псіхалагічна траўмаванымі, усяго баяліся і нікому не давяралі, але потым адагрэліся і былі вельмі шчаслівымі з намі. Зараз яны атрымалі адукацыю, працуюць, выйшлі замуж або ажаніліся, але не парываюць сувязей з сям’ёй, дзе выраслі, часта тэлефануюць нам, прыязджаюць. Дзеляцца сваімі радасцямі, журботамі. Збіраюцца ў нас на святы.

Дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, мы выхоўваем з 2001 года. Як прыйшлі да гэтага рашэння? Я нарадзіла і выгадавала шасцярых дзяцей. Пры тым мы з мужам часта клапаціліся пра дзяцей з сем’яў, дзе бацькі п’янствавалі: мы забіралі малых да сябе пажыць, кармілі. А потым ва ўпраўленні адукацыі нам прапанавалі стварыць сямейны дзіцячы дом. Першыя прыйшлі да нас з сям’і, дзе прабабуля выхоўвала трох хлопчыкаў. Гэта былі маленькія блізняты Саша і Сярожа і васьмігадовы Міша. Я заўсёды старалася не разлучаць братоў, сясцёр — калі забіраць, дык усіх дзяцей адразу. Іх бацькі былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Цяпер гэтыя хлопцы ўжо дарослыя, пастаянна нас наведваюць, цікавяцца, як ідуць справы ў нашых цяперашніх выхаванцаў. Услед за Мішам, Сашам і Сярожам з’явіліся яшчэ пяцёра дзяцей, потым яшчэ трое. Адны вырасталі — іншыя прыходзілі. Цяпер у нас выхоўваюцца восем дзяцей. Васьмікласніца Паліна, чацвёртакласнік Улад, шасцікласніца Варвара, трое сямікласнікаў: Мацвей, Мікіта і Андрэй. У пятым класе вучыцца Глеб. Маленькі Мікіта, брат Андрэя, у школу яшчэ не ходзіць. Дзеткі з праблемных сем’яў часам маюць педагагічную занядбанасць, адстаюць у вучобе, і даводзіцца шмат з імі займацца, каб падцягнуць іх па асобных прадметах.

Акрамя праблем з вучобай бываюць і іншыя цяжкасці. Трэба разумець, што выхаваннем гэтых дзяцей ніхто не займаўся. Дзіця можа, да прыкладу, груба размаўляць, нават мацюкацца, не разумеючы, што лаянка — гэта дрэнна. Вядома, мы адвучаем ад такіх праяў, тлумачым, што нельга красці, браць без дазволу чужое, падманваць. Даводзіцца прывучаць да дысцыпліны, паслушэнства, супрацоўніцтва.

Забіраючы дзіця з нядобранадзейнай сям’і, будзьце гатовыя, што ў яго могуць праявіцца кепскія якасці, але на гэтым зацыклівацца не трэба: дзіця з часам зменіцца. Многія баяцца, што «гены возьмуць сваё», але вырашальны фактар — гэта ваш станоўчы прыклад. Сярод першых маіх выхаванцаў была дзяўчынка, якая не разумела, што ў краме трэба разлічвацца за пакупкі, яна брала з паліц тое, што ёй падабалася. Гэта не было крадзяжом, проста ніхто не навучыў яе, як трэба сябе паводзіць у краме. Цяпер яна скончыла ВНУ, працуе, мае сям’ю. Няма безнадзейна дрэнных дзяцей, і ў вашых сілах дапамагчы ім стаць лепшымі.

Мае выхаванцы любяць сваіх прыёмных братоў і сясцёр, сваіх новых бацькоў, але не заўсёды ўмеюць выказаць любоў, праявіць эмацыянальнае цяпло: у сваіх сем’ях яны такога не бачылі. Я заўсёды прашу ў Бога мудрасці, каб правільна сябе паводзіць з гэтымі дзецьмі, не пакрыўдзіць хлопчыка ці дзяўчынку, якія і так траўмаваныя. Мы стараемся ўсё рабіць разам: ідзём у лес па ягады, адпраўляемся адпачываць на прыроду, працуем у агародзе. Палова маіх выхаванцаў наведвалі музычную школу, гралі на розных інструментах. У нашай сям’і ў пашане музыка і спевы, гучаць флейта, акардэон, фартэпіяна. Я выхоўваю ў дзецях суперажыванне і гатоўнасць дапамагчы слабейшым, абараніць таго, каго крыўдзяць, і самім ніколі не крыўдзіць іншых.

Бацька Васіль Марцінавіч шмат часу праводзіць з хлопчыкамі. Мы набылі ў вёсцы домік і невялікі культыватар. Хлопцы любяць там бываць, кожны імкнецца дапамагаць па гаспадарцы. Тата ім давярае, і хлапчукі шчаслівыя. Дома яны таксама актыўна дапамагаюць — напрыклад, любяць кухарыць. Мы часта ўсе разам гатуем, пячэм булачкі, піражкі, піцы.

Шасцёра маіх біялагічных дзяцей лічаць прыёмных сваімі братамі і сёстрамі. Усе мае дочкі — шматдзетныя мамы. У старэйшай, Алы, трое родных дзяцей і прыёмны сын. Алена мае траіх родных дзяцей і, акрамя гэтага, яна прыёмная мама, выхоўвае пяцярых дзяцей, хутка ў яе адкрыецца дзіцячы дом сямейнага тыпу. У Надзеі пяцёра дзяцей, у Вольгі чацвёра. Трое дзяцей і ў майго малодшага сына Іллі. Сын Андрэй выхоўвае дачку. Такая ўжо наша сям’я — мы любім дзяцей, у іх выхаванні знаходзім і шчасце, і сваё жыццёвае пакліканне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?