Вы тут

Зноў няма чаго надзець?


Якімі б цяжкімі і хвалюючымі ні былі вясна і лета сёлета, наперадзе нас чакае восень, за ёй прыйдзе зіма — жыццё працягваецца. Такім чынам, абнаўляем гардэроб да халоднага сезона з улікам парад стылістаў.


Oversіze: нялішні аб'ём

Аверсайз — найбольш актуальны сілуэт восені — 2020 і будучай зімы. Іншымі словамі, «у абліпку» цяпер — антытрэнд: актуальныя рэчы павінны пакідаць паміж сабой і вашым целам паветраную праслойку. Вырабы крою аверсайз лагічна падтрымліваюць іншы трэнд восені, які быў актуальны і ў мінулым халодным сезоне, — мнагаслойнасць. Гэтай восенню і зімой Oversіze прытрымліваюцца абсалютна любыя вырабы — кашулі і спадніцы, сукенкі і джынсы, паліто і трэнчы, касухі і штаны.

Але варта памятаць, што аверсайз каварны: з ім трэба ўмець «дамовіцца». У адваротным выпадку вы рызыкуеце, няўдала спалучыўшы трэндавыя аверсайз-рэчы, выглядаць так, нібы месяц стаялі ў пераходзе з таблічкай: «Самі мы не мясцовыя, дапамажыце, людзі добрыя», і вам дапамаглі рэчамі — хто чым мог.

Калі вы толькі асвойваеце гэты трэнд, пачніце з «верху» — худзі, світар, талстоўка. Каб скласці вобраз з джынсамі або штанамі-аверсайз, трэба трохі патрэніравацца. Памятайце: у вобразе павінна быць адна рэч «большага, чым трэба, памеру», астатнія няхай падкрэсліваюць далікатнасць вашай фігуры. Аверсайз дадае аб'ёмаў, але гэтага можна пазбегнуць, калі не хаваць тонкія шчыкалаткі і запясці — тады «вялікая» рэч надасць вам далікатнасць, а не зробіць падобнай на манумент. Лёгкасці дадае сілуэту і абутак на абцасах.

Яшчэ адзін нюанс. Чамусьці склалася меркаванне, што рэчы Oversіze прыдуманыя для таго, каб хаваць пад імі лішнія кілаграмы (напэўна, у народнай свядомасці гэтаму паспрыялі любімыя лукі Алы Пугачовай). На жаль, гэта не так. Аверсайз здольны толькі трохі палепшыць абрысы шырокіх сцёгнаў ці не занадта стройнай таліі, калі гэта — вашы праблемныя зоны. Але калі вы — уладальніца пышных формаў, для рэчаў аверсайз адмоўцеся ад чорнага колеру: у гэтым выпадку фігура будзе выглядаць не больш стройнай, а наадварот, больш цяжкай і нават пагрозлівай.

Намякнуць, што пад вялікім світарам схавана вытанчаная жаноцкасць, дапаможа шырокі пояс на таліі. Бонус: аверсайз-сукенка, світар, кашуля плюс шырокі пояс, і талія будзе здавацца танчэйшай.

Мідзі: сама жаноцкасць

Самая жаноцкая даўжыня спадніц і сукенак — мідзі — будзе найбольш актуальнай гэтай восенню і зімой. Яна, дарэчы, самая зручная і дэмакратычная, і ствараць лукі са спадніцамі і сукенкамі гэтай даўжыні прасцей, чым з міні або максі. Падыдзе даўжыня мідзі ўсім, але жанчынам маленькага росту варта быць з ёй асцярожнымі: мідзі можа візуальна скараціць ногі і «з'есці» рост. Каб гэтага не адбылося, выбірайце абутак, верхні край якога будзе закрыты падолам спадніцы-міді (напрыклад, боты-батфорты). Ідэальна, калі абутак і спадніца будуць супадаць па колеры.

Мнагаслойносць: па прынцыпе капусты

Гэты трэнд на піку папулярнасці ўжо не першы халодны сезон, і мы з ім быццам бы ўжо асвоіліся. І гэта добра: вільготнай і золкай беларускай позняй восенню і зімой слаі адзення трымаюць цяпло, і пры гэтым мы выглядаем стыльна і актуальна. Пры стварэнні мнагаслойнага лука важна, як заўсёды, памятаць некалькі правілаў. Першае: кожны новы пласт — шчыльнейшы, чым папярэдні. Другое: збіраем шматслаёвы сэт, ствараючы «лініі». «Лініі» могуць быць гарызантальныя або вертыкальныя. Вертыкальныя — зрокава выцягваюць сілуэт і візуальна дадаюць росту. Гарызантальныя — больш звыклыя. Ствараючы шматслаёвы вобраз з гарызантальнымі лініямі, мы апранаем больш доўгія прадметы гардэробу бліжэй да цела, а наверх — тыя, што карацейшыя. І кожная рэч трохі выглядае з-пад наступнай. Стварыць шматслаёвы вобраз з вертыкальнымі «лініямі» дапамогуць рэчы на маланцы, гузіках і іншых зашпільках — нешта зашпільваем, нешта пакідаем расшпіленым. Трэцяе правіла датычыцца колькасці слаёў і колераў: пластоў у шматслаёвым вобразе стылісты раяць выкарыстоўваць ад чатырох да пяці, колераў — не больш за два.

Талія на таліі: у добрай форме

Менавіта вырабы, якія трымаюць форму, робяць вобраз актуальным. Бясформенныя, мяккія, бесхарактарныя — скідаем з карабля гісторыі. Асабліва здольнасць трымаць форму важная для паліто і пінжакоў — тут выразная лінія пляча абавязковая. Штаны, сукенкі і спадніцы таксама павінны трымаць форму. Гэта, дарэчы, дапаможа зрабіць блізкай да ідэалу любую фігуру.

Нарэшце талію вярнулі на яе законнае месца! І вось ужо які сезон яна больш не зрушваецца ні вышэй, ні ніжэй. Актуальная пасадка джынсаў і штаноў — высокая. У такога крою ёсць як плюсы, так і мінусы. Плюсоў больш. Ногі здаюцца даўжэйшымі, а паясніца не мерзне. Цела не агаляецца, калі вы садзіцеся, нахіляецеся або паднімаеце руку, а стан здаецца танчэйшым. Мінус — ззаду фігура выглядае плоскай. Каб гэтага пазбегнуць, выбіраем джынсы з V-падобнай какеткай і высока размешчанымі кішэнямі.

Штучныя мех і скура: усе колеры і адценні

Штучныя мех і скура як ніколі актуальныя ў гэтым сезоне. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць ствараць з гэтых матэрыялаў вырабы, якія будуць саграваць не горш і насіцца гэтак жа доўга, як іх натуральныя аналагі. Галоўнае — памятаць, што насіць штучны мех трэба менавіта як штучны (а не як падробку пад натуральны, бо на натуральны грошай не хапіла). Тое ж самае датычыцца і штучнай скуры. Тым больш што эка-матэрыялы даюць дызайнерам неабмежаваную прастору ў выбары колераў і адценняў. Стылісты раяць маладым дзяўчатам не баяцца яркіх і сакавітых тонаў, а больш дарослым — спыніцца на пастэльнай гаме. Са спіса актуальных колераў (цёплыя персікавыя адценні, пастэльны ружовы, малочныя тоны, колер слановай косці і г. д.) для нашай слотнай восені і зімы больш за ўсё падыдзе карычневая гама. Што да крою, fashіon-блогеры рэкамендуюць выбіраць футравыя паліто зноў жа крою оversіze.

Асіметрыя: увесь свет — тэатр

Асіметрыя — адзін з галоўных трэндаў надыходзячай восені. Не так даўно гэта была толькі подыумная тэндэнцыя, любімая такімі майстрамі, як Chloé, Alexander

McQueen, Chrіstіan Dіor, Prada, Gіvenchy, Lanvіn, але нягледзячы на некаторую вычварнасць і тэатральнасць, асіметрыя раптам выйшла з подыумаў на вуліцы гарадоў — і прыжылася ў паўсядзённых вобразах. Праўда, амаль страціўшы сваю тэатральнасць. Актуальныя спадніцы з запахам — гэта таксама асіметрыя. А гэтай восенню некаторыя стылісты рэкамендуюць выбраць і трэнч з асіметрычным кроем. Зразумела, што калі плашч вы купляеце адзін на ўсе выпадкі жыцця, то лепш прытрымлівацца класікі. Але калі з фінансамі справы ідуць лепш, можаце паспрабаваць набыць у якасці яшчэ адной адзінкі верхняга адзення і такую стыльную штучку.

Збіраем восеньскую капсулу

• Пачніце з трэнча. Гэтай восенню нават не глядзіце ў бок кароткіх мадэляў. Правільная даўжыня — мідзі.

• Купіце правільнае базавае паліто з выразнай лініяй пляча і якасным кроем — і яно стане асновай вашага гардэробу з кастрычніка да сакавіка. Паліто збярэ вобраз, зробіць яго завершаным, а постаць — падцягнутай. Актуальныя сілуэты — прамы класічны, кокан.

• Адмоўцеся ад любімага нашымі дамамі чорнага колеру. Не трэба папаўняць восеньска-зімовы гардэроб чорнымі рэчамі — яны стараць, выглядаюць панура, уганяюць у дэпрэсію і наогул неактуальныя. Альтэрнатыва чорнаму — цёмна-сіні, марсала, глыбокі смарагдавы, графітавы, хакі і «новы чорны» — карычневы ва ўсёй шыраце сваіх адценняў.

• Касуха — гэта новая класіка. У гэтым сезоне яна падоўжаная і трохі аверсайз: жаночая касуха ў ідэале павінна выглядаць як бы з мужчынскага пляча. Даўжыня — да тазавай косці, а лепш — трохі даўжэйшая. Дарэчы, касуха актуальная якраз у класічным чорным колеры.

• Куртка-кашуля ўпэўнена трымае свае пазіцыі. Выдатны варыянт, калі вы маладая — у першую чаргу душой (а маладосць душы да ўзросту дачынення не мае).

• Збіраючы капсулу, аддайце ўвагу разнастайнасці тэкстур. Восенню і зімой стылісты раяць міксаваць у адным луку розныя фактуры вырабаў: дэнім і вязаныя рэчы, кашамір і эка-скуру ды г. д.

• Джынсы заўсёды ў модзе, але ў гэтым сезоне больш актуальныя будуць штаны. На восень выбіраем штаны з натуральных тканін, з высокай пасадкай, зашчыпамі на таліі або разрэзамі наперадзе. Але і класічны крой «як ад мужчынскага касцюма» таксама ніхто не адмяняў.

• Дарэчы, пра касцюмы. Яны — must have гэтай восені. Актуальныя трохі аверсайзныя мадэлі, а каб касцюм не выглядаў мешкавата, і штаны, і пінжак павінны добра трымаць форму.

Аляксандра Анцэлевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».