Вы тут

Кніга, што кранае душу, нават калі іх дзве


Кніга, што кранае душу, нават калі іх дзве

У 2015 годзе на вядомым кніжным кірмашы ў Лейпцыгу маладое нямецкае выдавецтва Guggolz прадставіла нямецкі пераклад твора Максіма Гарэцкага «Дзве душы». Працу гэтую выканалі вядомы перакладчык на нямецкую Норберт Рандаў з сястрой Гундулай і яе мужам Уладзімірам Чапегам.

Постаць Максіма Гарэцкага хоць і займае сваё пачэснае месца між слыннымі майстрамі беларускага слова, але наўрад ці прысутнічае ў масавай свядомасці чытачоў у той жа ступені, што Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч ці Уладзімір Караткевіч. Між тым сярод даследчыкаў ды і проста аматараў літаратуры творчасць Гарэцкага заўсёды ацэньвалася высока. Гэты аўтар вельмі важны не проста для беларускай літаратуры, але і для разумення менталітэту народа, яго гістарычных шляхоў.

Сюжэт аповесці разгортваецца ў Беларусі часоў Першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Лёсы многіх народаў у Еўропе выраКніга, што кранае душу, нават калі іх дзве У 2015 годзе на вядомым кніжным кірмашы ў Лейпцыгу маладое нямецкае выдавецтва Guggolz прадставіла нямецкі пераклад твора Максіма Гарэцкага «Дзве душы». Працу гэтую выканалі вядомы перакладчык на нямецкую Норберт Рандаў з сястрой Гундулай і яе мужам Уладзімірам Чапегам. Уладзіслаў Салодкі Крытыка шаліся ў той час, выключэннем не стала і Беларусь. Дзіўна, што кнігу выбралі для знаёмства з нямецкім чытачом, але тлумачэнне гэтаму факту найлепш шукаць у самога выдаўца, Себасціяна Гугольца, які расказаў пра гэта ў невялікім інтэрв’ю: «Крытэрыем была якасць прозы Гарэцкага. У яго ёсць чароўныя кадры, якія выразна апісваюць гістарычны ландшафт і атмасферу. Уражвае кампазіцыя твора з калейдаскапічным размеркаваннем частак, якая дае комплекснае ўяўленне пра Беларусь і гістарычныя змены, што адбываліся ў тыя часы. З аповесці я пачарпнуў шмат чаго цікавага пра Беларусь. Мне захацелася падзяліцца гэтым з нямецкім чытачом, які — тут вы маеце рацыю — мае даволі-такі цьмянае ўяўленне пра вашу краіну». З адказу зразумела, што выдавец, уразіўшыся творам, вырашыў пазнаёміць нямецкага чытача з Беларуссю. Пры гэтым адзначаецца якасць прозы аўтара. І сапраўды, Максім Гарэцкі ўздымае агульначалавечыя праблемы самавызначэння, імкнецца падштурхнуць героя да адказу на адвечнае пытанне: «Хто я?»

Кніга прасякнута беларускімі рэаліямі, напісана мовай, на той момант яшчэ не ўнармаванай. Носьбіту сучаснай беларускай мовы пры чытанні сёння некаторыя словы будуць незразумелымі, бо пэўная лексіка ўжо выйшла з выкарыстання.

Пераклад адзінак размоўнай лексікі.

Як зазначалася вышэй, у тэксце арыгінала прысутнічае вялікая колькасць дыялектызмаў ці проста слоў, прынесеных аўтарам з народнай гаворкі. Адразу, на першых старонках твора, трапляем на слова «першачок» (першае дзіця): «…і  яна вельмі напужала мужа, настойліва бажала зараз жа зараз ехаць дамоў, дзе астаўся іх першачок, трох месяцаў Ігналік». У перакладзе гэта слова перададзена як Erstgeboren, шляхам калькавання.

У наступным сказе бачым тыповы зварот, што існуе у многіх мовах: «Але ж, дуся…». Вядома, сёння больш зразумелым быў бы зваротак «дарагая», што і  выкарыстоўвае перакладчык: «Aber, Liebste».

Далей па тэксце аўтар працягвае прытрымлівацца такога спосабу перадачы: «Жыў, цэл, мой любенькі, мой залаценькі!» У перакладзе: «Du bist heil und am Leben, mein Liebling, mein Goldstück!»

Рысай карпатлівага і беражлівага перакладу з’яўляецца ўвага да нязначных, на першы погляд, дробязей: «Верныя слугі ўзялі ў панскі двор мамку з далёкай вёсачкі, а з ёю і яе дзіцёнка-хлопчыка, панічовага блізка што аднадзённічка». Найбольш простым шляхам для перакладу было б выкарыстанне слова Gleichaltrige (аднагодкі). Але ў выніку бачым: «Treue Diener holten aus einem abgelegenen Dorf eine Amme auf den Gutshof und mit ihr auch deren Kind, einen Jungen, der fast am gleichen Tag wie der Sohn des Gutsherrn zur Welt gekommen war». Перакладчык дзеля поўнага захавання сэнсу змушаны выкарыстаць складаную канструкцыю. Здаецца, асабліва пры адначасовым аналізе двух тэкстаў, што такі пераклад занадта педантычны, залішне абцяжараны. Але поўная дакладнасць у гэтым месцы твора абавязковая, бо «аднадзённасць» нараджэння дзяцей — хоць і не галоўная, але надзвычай важная, неабходная дэталь твора, якая пасля прачытання заслугоўвае асобнай увагі пры разборы сэнсавага напаўнення твора.

Пры перакладзе мастацкага тэксту прыём канкрэтызацыі, хутчэй за ўсё, будзе менш актуальным, чым адваротны яму — генералізацыя. Найчасцей перакладчык дзеля перадачы хаця б агульнага сэнсу змушаны прапускаць дробязі. Але ў наступным прыкладзе яскрава бачна, што часам дасціпнае ўдакладненне не толькі не псуе пераклад, але і робіць яго больш зразумелым: «Ігналік астаўся нядужы сірацінка». У перакладзе бачым: «Ihnalik blieb als schwächliche Halbwaise zurück». Эквівалентам да слова «сірацінка» ў нямецкай мове магло быць слова Waise, але яна дазваляе зрабіць удакладненне: у творы дзіцё страчвае толькі маці, а бацька застаецца жывы, што і перададзена ў перакладзе.

Перадача фразеалагізмаў і іншых устойлівых спалучэнняў.

У мастацкім перакладзе асаблівую ўвагу заўсёды прыцягваюць фразеалагізмы ці проста ўстойлівыя спалучэнні. Перакладчык кожны раз мусіць выбіраць паміж некалькіх варыянтаў: шукаць адпаведнік у мове перакладу ці проста перадаць сэнс. Наступны ўрывак змяшчае ў сабе адразу абодва гэтыя рашэнні: «І ён гардзіўся Ігнасём, чуў у ім сваю белую костку і сінюю кроў, сваю пароду». Пераклад: «Und er war stolz auf Ihnalik, spürte in ihm die edle Herkunft und das blaue Blut, spürte seinen Adelstand». У першым выпадку аўтар перадае толькі сэнс фразеалагізма, у другім — знаходзіць роўны арыгіналу адпаведнік.

Аддшукваецца ён і ў наступным сказе: «Абдзіраловіч меў ваўчыны апетыт за ўвесь час лепшання пасля хваробы…». Пераклад: «Abdziralowitsch hatte während seiner ganzen Rekonvaleszenzzeit eine Bärenhunger gehabt…» Гэты прыклад цікавы яшчэ і сваім заалагічным кампанентам: у беларускай мове — воўк, у нямецкай — мядзведзь.

Яшчэ адным займальным варыянтам перакладу ўстойлівага спалучэння з заалагічным кампанентам з’яўляецца такі ўрывак: «А каб яго качкі…». У перакладзе: «Hol in der Kuckuck…» Такім чынам, у беларускай мове пагражаюць качкамі, а ў нямецкай — зязюляй!

У творы сустракаюцца не толькі фразеалагізмы, але і большыя ўстойлівыя структуры — прымаўкі: «Сячы трэба да карэння». У перакладзе: «Wenn ausrotten, dann mit der Wurzel». Дакладны пераклад гэтай прымаўкі надзвычай важны, бо яна стала адной з характэрных адзнак героя і паўтараецца далей у тэксце.

Аналагічны прыклад перадачы прымаўкі, якая мае трапны эквівалент у мове перакладу: «Так і прамарудзіць задарма жыццё сваё: ні богу свечка, ані чорту чапяла…». У перакладзе: «So vertrödelt er für nichts sein Leben: weder Fisch noch Fleisch…» — «ні рыба ні мяса».

Нават на матэрыяле аднаго твора можна заўважыць некаторую агульнасць у кампанентах фразеалагізмаў дзвюх моў: «… і не адмовіцца, бадай, падставіць вам ножку хаця б у інтымных справах». Пераклад: «… und wohl nicht abgeneigt wäre, Ihnen wenigstens in privaten Dingen ein Bein zu stellen».

Але, што цалкам натуральна, сустракаюцца варыянты, якія яскрава дэманструюць моўнае і культурнае адрозненне. Арыгінал: «Бо яна ж яшчэ зялёная дзяўчынка, ветрык». У перакладзе: «Sie ist doch noch ein kleines Mädchen, ein Irrwisch». Тут Irrwisch — «гарэза».

Адной з найважнейшых задач перакладчыка мастацкай літаратуры з’яўляецца захаванне эмацыянальнай афарбоўкі тэксту, што адлюстравана ў  наступным урыўку: «А наканованае прадчуццё не ашукала яе: сярод чорнай цямноты, у Чартовым Барку, апоўначы…» Найпрасцейшы шлях у такой сітуацыі — скарыстаць транскрыбіраванне ці транслітарацыю, што звычайна прымяняюцца пры перадачы тапонімаў. У перакладзе ж маем: «…im schwarzen Dunkel der Mitternacht wurden sie im Teufelwäldchen von einer aufgebrachten Bande überfallen». Перакладчык калькуе назву, але відавочна, што ў дадзеным выпадку гэта зроблена дзеля захавання пэўнай атмасферы, частку якой нясе ў сабе тапонім.

Пераклад рэалій.

Часам перакладчык здольны дапамагчы нават чытачу арыгінала зразумець сэнс некаторых слоў: «І ах, — тыя часы, калі велікаросы пабілі капітана N. — украінскага самасційніка…» Пераклад: «Und an den Vorfall, als Großrussen den Hauptman N., einen Verfechter der ukrainischen Unabhängigkeit, verprügelten» Даволі спецыфічнае слова «самасційнік», якое актыўна выкарыстоўвалася ў тыя часы, але цяпер сустракаецца радзей, не выклікае цяжкасцей у чытача перакладу, бо перададзена апісальна. У той жа час не ўсякі чытач арыгінала сёння лёгка зразумее сэнс напісанага.

Пры гэтым у тэксце су стракаюцца і паняцці, якія аўтар перакладу перадаў наўпрост, без тлумачэння: «Бальшавік жа ён у мяне, ай, бальшавік». У перакладзе: «Er ist doch Bolschewik, mein Wassil, ja, Bolschewik ist er». Адразу ўзнікае думка, што перакладчык пагрэбаваў тлумачэннем і проста з дапамогай транскрыбіравання перадаў рэалію. Але варта згадаць нямецкую гісторыю і блізкае сутыкненне гэтай краіны з савецкай рэчаіснасцю падчас існавання ГДР. Таму і слова «бальшавік» ужо не нова для мовы: па напісанні «Bolschewik» праз літару o можна пэўна сцвярджаць, што слова прыйшло ў нямецкую мову з рускай і замацавалася ў рускім варыянце транслітарацыі. У выніку перакладчык не транскрыбіраваў яго з беларускай мовы, а выкарыстаў ужо знаёмы чытачу варыянт.

Аналагічны выпадак з яшчэ адной рэаліяй, знаёмай нямецкаму чытачу: «Апошнія капейкі былі прапіты». Пераклад: «Die letzten Kopeken waren vertrunken».

Аўтар перакладу знаходзіць замацаваны ў мове адпаведнік нават для слова «чразвычайка» (чрезвычайная комиссия): «…і можа вызваліць нават з “чразвычайкі”». У перакладзе: «…und vermochte sogar jemanden aus der Tscheka (ЧК — У. С.) freizubekommen».

Калі для савецкай «чразвычайкі» ў нямецкай мове знайшоўся запазычаны варыянт, то царскую «ахранку» аўтар перакладу перадаў з дапамогай эквіваленту: «Прывязлі яго ў ахранку». Пераклад: «Sie brachten ihm zur Geheimpolizei (тайная паліцыя — У. С.)».

Пераклад паэзіі.

Перакладчыкі кажуць: чытаць вершы на мове перакладу — што цалаваць дзяўчыну праз вэлюм! Ці вось яшчэ: перакладчык прозы — пераймальнік, перакладчык паэзіі — сапернік! Перакладу паэзіі сапраўды адведзена асобная роля. Усе тэарэтычныя догмы, схемы і класіфікацыі тут знікаюць, і застаецца толькі тонкі шлях глыбокага разумення, амаль што акцёрскае пераўвасабленне ў творцу. Паэзія не заканчваецца апошнім радком, не скаКрытыка Паэзія не заканчваецца апошнім радком, не скараецца поўнасцю, бо колькі разоў ні перакладалі санеты Шэкспіра — зноў і зноў знаходзіўся чалавек, для якога прыадчынялася тое шматлікае, што не вядома нашым мудрацам 111 раецца поўнасцю, бо колькі разоў ні перакладалі санеты Шэкспіра — зноў і зноў знаходзіўся чалавек, для якога прыадчынялася тое шматлікае, што не вядома нашым мудрацам. У аповесці даволі шмат сустракаецца і ўрыўкаў з народных песень, і радкоў з твораў папулярных у той час паэтаў, перад імёнамі якіх цяпер нязменна высечана: «класік беларускай літаратуры». Гэта дае магчымасць перажыць унікальны вопыт: ужо знаёмыя радкі чытаюцца не з вышыні ўсеагульнага прызнання, што пачынаецца ад старонак школьнага падручніка і заканчваецца акадэмічнымі зборамі твораў, а з вуснаў героя таго часу, з не згаслым яшчэ агнём падзей. Паэты жывуць у сэрцах герояў, непасрэдна ўдзельнічаюць у жыцці разадранай краіны, а іх вершы, бы дыямент, што ў рыззі пранеслі праз дэмаркацыйную лінію, бы іскра ад вялікага полымя, што распальвае сэрцы, распальвае цемру. Пачуеш толькі:

Добрай ночы, зара-зараніца!
Ўжо імгла над зямлёю лажыцца,
Чорнай рызай усё пакрывае,
Пылам зор небасхіл абсявае.
Цішыня агартае мне душу.
Вецярок прыдарожную грушу
Ледзьве чутна варуша-калыша,
Міла бомы смяюцца у цішы,
Ціха срэбрам грукае крыніца.
Добрай ночы, зара-зараніца!

А наўздагон вершу ляціць: «нябожчыка Максіма Багдановіча». І адразу гісторыя атрэсвае пыл са сваіх старонак, а перад вачыма — аблашчаны марскімі вятрамі Крым, куды пісьменніка адправілі на лячэнне, далёкія прасторы чужыны ды размашыстыя кіпарысы на магіле песняра. Усё тут, побач: і востры жаль, і мяккі летні сум, і невядомы лёс сваёй краіны.

Ці можна ўсё гэта адчуць у перакладзе? Напэўна, ніводны пераклад паэзіі не здолее ў поўнай меры перадаць арыгінал, бо, як мінімум, непазбежна губляецца фанетыка, і часцей за ўсё — рытм.

Gute Nacht, das Abendrot ist bald verglüht.
Nebelschwaden ziehen übers Land,
Die nächtlich schwarze Robe deckt es zu.
Übers Firmament sind hingestreut die Sterne.
Geborgen in der Stille fühlt sich meine Seele.
Ein leiser Windhauch wiegt kaum merklich
Die Blätter eines Birnbaums hier am Wege.
Lieblich lachen Glöcklein durch die Stille,
Und die Quelle murmelt leis und silberhell.
Gute Nacht, das Abendrot ist bald verglüht.

Верш адразу пацяжэў рытмам, згубіў жвавасць, лёгкасць, але набыў адценне суму, нават трагізму, што трапна дапасавалася да настрою ўсяго ўрыўка. Пры перакладзе ўсіх вершаў аўтар падышоў да іх вельмі акуратна: бачна, што радкі перакладзены блізка да тэксту, пры гэтым прысутнічае рыфма. Для перакладу паэзіі такая блізкасць да арыгінала не характэрная, але варта памятаць, што ў нашым выпадку гэта пераклад не асобнага верша, а верша ў пэўным кантэксце твора. Звычайна перакладчыкі ў падобных сітуацыях звяртаюцца да ўжо гатовых варыянтаў, але ў дадзеным выпадку такой мажлівасці проста не было.

На мысль адну аб тым ад болі сэрца млее…
Нашто ж, нашто было цябе мне палюбіць?
Тваёй быць не магу — на то няма надзеі,
А без цябе... О не, я не магу так жыць!

                                                           К. Буйло

Гэты ўрывак з верша Канстанцыі Буйло выкарыстаны ў якасці эпіграфа да раздзела, у якім расказваецца пра лёс адной з галоўных постацей у творы — Іры Сакавічанкі. Адметная сваімі эмоцыямі, не такімі пафаснымі, як мужчынскія, жаночая лірыка настройвае чытача на патрэбны лад. У перакладзе маем:

Bei dem Gedanken mag mein Herz nicht weiter schlagen…
Warum nur, ja, warum bist du mein einzig Licht?
Dein kann ich niemals werden —

                                       das lässt mich jäh verzagen
Doch ohne dich ein Leben… nein, das ertrag ich nicht.

Перакладчык здолеў захаваць рытм, што грае ў дадзеным выпадку вялікую ролю. На месцы засталіся і недаказы, што запавольваюць, пакідаюць чытача ў цішыні, быццам згасла ў горычы жыццё…

Пераклад не грэбуе і народнымі песенькамі, якія таксама можна знайсці ў аповесці:

А йдзі, коце, у лясок,
Прынясі ты Ірцы паясок…
А йдзі, коце, на рынак,
Прынясі дзяўчынцы разынак…
А йдзі, коце, на таржок,
Прынясі паненцы піражок…

Geb, Kätzchen, ins Waldchen;
Holein Bündchen für Ira…
Geh, Kätzchen, zum Markt bin,
Hol dem Mädchen Rosinen…
Geh, Kätzchen, zum Bäcker,
Hol Semmeln fürs Fräulein ...

Адразу мяняецца настрой, тэмп верша: грувасткая нямецкая мова жвава скача старой песенькай, якіх многа спявалі і нават цяпер яшчэ спяваюць месцамі бацькі сваім дзецям.

У поўнай меры пераклад паэзіі змог бы ацаніць, напэўна, толькі носьбіт нямецкай мовы. На мой погляд, вершаваныя радкі перададзены вельмі Крытыка акуратна, беражліва ў адносінах да арыгінала. Пры гэтым захаваны рытм вершаў, што ў такіх выпадках атрымоўваецца даволі рэдка.

Такім чынам, пасля аналізу перакладчыцкіх сітуацый справядліва будзе адзначыць, што пераклад выкананы блізка да тэксту арыгінала. Ён спраўляецца з перадачай рэалій, устойлівых спалучэнняў і дыялектызмаў, паэзіі. А найлепш пра якасць выкананай працы сведчыць тое, што невялікае выдавецтва, якое мае магчымасць выпускаць вельмі абмежаваную колькасць кніг, выбрала для публікацыі менавіта гэты твор, пераклад якога зрабіў вялікае ўражанне на кіраўніка ўстановы: «Кніга мяне ўразіла. Я звязаўся з Гундулай Чапегай і Тэдай Тод-Чапегай, удавой Норберта Рандаў. Пасля перамоў яны пагадзіліся надрукаваць гэтую кнігу ў маім малым выдавецтве, што для мяне — вялікі гонар». У некалькіх нямецкіх выданнях выйшлі рэцэнзіі на пераклад, што дапамагло кнізе знайсці свайго чытача.

Яшчэ ў школьныя гады я натрапіў на цікавае пытанне, што прапаноўвалася ў якасці тэмы для вуснага выказвання: які твор беларускай літаратуры вы пераклалі б на замежныя мовы? Тады я пачаў разважаць, і першай думкай было: «Трэба шукаць твор, які не ўтрымлівае ўласна беларускіх рэалій, бо яны не будуць зразумелыя замежнаму чытачу». І гэта даволі лагічна: трэба выбіраць штосьці ўніверсальнае, для ўсіх. І ўжо цяпер, праз даволі працяглы час, я бачу, што памыляўся. Аповесць «Дзве душы — пра Беларусь, пра яе звілістыя шляхі, пра самавызначэнне яе народа. І нечакана — перакладзена на нямецкую. І не менш нечакана — надрукавана. Выдавец, як напісана вышэй, казаў пра якасць прозы. І сапраўды, гэтая якасць, на мой погляд, вымяраецца не тым, ці з’яўляецца аўтар касмапалітам, ці ён шчыльна прывязаны ў сваіх творах да Радзімы. Вагу маюць менавіта тыя тэмы, што ўздымаюцца аўтарам. Бо і Васіль Быкаў не пра вайну, а пра тое, як быць чалавекам, і Святлана Алексіевіч не пра Чарнобыль ды Афганістан, а пра лёсы людзей.

І Максім Гарэцкі не толькі пра Беларусь, але і пра самавызначэнне тады, калі каардынаты свету злятаюць з восей. Якую беларускую кнігу я б пераклаў на замежную мову? Тую, што кранае душу, нават калі іх дзве.

 Уладзіслаў САЛОДКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.