03 снежня, чацвер

Вы тут

Пра заробкі, пенсіі і вонкавы доўг — Лукашэнка прыняў з дакладам першага віцэ-прэм’ера і міністра фінансаў


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам першага намесніка прэм’ер-міністра Мікалая Снапкова і міністра фінансаў Юрыя Селіверстава.


«Гаворка пойдзе аб выкананні дзяржаўнага бюджэту, мясцовых бюджэтаў, — адразу пазначыў мэту сустрэчы Прэзідэнт. — Пры гэтым хачу вашу ўвагу звярнуць на тое, каб вы перш за ўсё адказалі мне на пытанне з нагоды ўплыву бюджэту на фарміраванне заработнай платы. Мы дамовіліся, што ў бюджэтнікаў яна павінна быць 80% ад сярэдняй зарплаты па краіне. Натуральна, бюджэт істотна ўплывае і на пенсіі нашых людзей. Вось пенсіі — гэта святое».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўзровень пенсій павінен складаць 40% ад сярэдняй зарплаты, чаго б гэта ні каштавала. «Ветэраны аказаліся нашымі самымі ўстойлівымі і надзейнымі людзьмі, фактычна апорай нашай дзяржаўнасці ў гэты няпросты перыяд. Ні ў якім разе іх нельга пакрыўдзіць. Калі мы іх пакрыўдзіць — значыць, мы проста не ўлада і не дзяржава», — заявіў ён.

Яшчэ адной тэмай сустрэчы ў Палацы Незалежнасці стала выкананне абавязацельстваў дзяржавы па выплаце знешняга доўгу. «Як ідуць тут справы? Калі яго трэба дзесьці рэфінансаваць, значыць, нам трэба падумаць, па якіх напрамках разгортваць гэтую працу. Калі мы не будзем рэфінансаваць, самі справімся, значыць, вы мне павінны далажыць, якім чынам. Вядома, час няпросты. Мы вельмі вялікія грошы кінулі на лячэнне людзей ад каранавіруса, плюс яшчэ напружылі эканамічную абстаноўку гэтыя хаджэнні па вуліцах, так званыя акцыі, мітынгі — ніхто ж грошы з іх не лічыць. Але мы ўжо бачым страт на 500 млн, а колькі будзе ўскосных страт — пытанне», - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся паступленнямі даходаў у бюджэт, якім прагназуецца яго дэфіцыт у сувязі з эканамічным спадам не толькі ў Беларусі, але і ў партнёраў, на гандлёвых адносінах з якімі адбілася закрыццё рынкаў. «Што адбываецца на знешніх рынках, як функцыянуе эканоміка і па якім артыкуле бюджэту мы нешта недаатрымліваем?» — пазначыў яшчэ некалькі пытанняў Прэзідэнт.

Як паведаміў на пачатку жніўня журналістам міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, бюджэт Беларусі ў гэтым годзе можа недаатрымаць каля Br4 млрд з-за сітуацыі з нафтай і запаволення эканамічнага росту на фоне пандэміі.

Планавы дэфіцыт бюджэту быў павялічаны з першапачатковых Br900 млн да Br2,1 млрд. Па выніках гэтага года ён можа скласці да Br5 млрд. Пры гэтым міністр падкрэсліў, што тут няма нічога звышнатуральнага, у ім адлюстравана рэструктурызацыя запазычанасці камбінатаў хлебапрадуктаў на суму каля Br1,3 млрд. Як растлумачыў Юрый Селіверстаў, у Мінфіна ёсць рэшткі ў беларускіх рублях, назапашаныя за папярэднія прафіцытныя гады, ва ўмовах выпадзення даходаў яны будуць прыцягвацца для выканання ўсіх абавязацельстваў.

Па выніках студзеня — ліпеня дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту склаў Br1,4 млрд. Даходы склаліся на ўзроўні Br12,8 млрд, выдаткі — Br14,2 млрд. Паступленне даходаў ніжэй за мінулагодні ўзровень на Br1,5 млрд. У запланаваных аб’ёмах паступаюць акцызы (Br1,7 млрд), ПДВ (Br5,8 млрд), вывазныя мытныя пошліны на калійныя ўгнаенні (Br883 млн).

Не паступаюць у запланаваных аб’ёмах вывазныя мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты (Br175 млн, або 13% ад плана), падатак на прыбытак (Br260 млн, або каля 18%), а таксама дывідэнды (Br216 млн, або каля 21% плана). Запаволенне эканамічнай актыўнасці наўпрост адбілася на аб’ём паступленняў дывідэндаў і падатку на прыбытак, растлумачыў міністр.


Усе сацыяльныя абавязацельствы перад людзьмі, якія тычацца выплат заработнай платы ў бюджэтнай сферы і пенсій, будуць выкананыя безумоўна. Пра гэта заявіў сёння журналістам міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.

Пра заробкі і пенсіі

Па словах міністра, пэўны недабор даходаў у рэспубліканскім бюджэце стварае некаторыя цяжкасці ў фінансаванні расходаў. «Гэта дастаткова вялікія цяжкасці з пункту гледжання папярэдніх гадоў. Але з улікам таго, што ў нас ёсць пэўны аб’ём рэшткаў, які мы сфармавалі ў папярэднія гады, усе сацыяльныя абавязацельствы мы выплацім. Што тычыцца заработнай платы, падтрымкі фонду сацабароны па пенсій — тут усё будзе рэалізавана», - сказаў Юрый Селіверстаў.

Разам з тым ён адзначыў, што дзяржава аптымізуе свае выдаткі, ад некаторых з іх адмовіцца. «Але гэта не закране абавязацельстваў. Усе абавязацельствы перад людзьмі па заработнай плаце і іншыя будуць выкананы безумоўна», — яшчэ раз падкрэсліў міністр.

Аб рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах

Закранаючы выкананне рэспубліканскага бюджэту, Юрый Селіверстаў канстатаваў наяўнасць пэўных праблем. Яны, растлумачыў кіраўнік Мінфіна, звязаныя з падзеннем паступленняў ад буйных прадпрыемстваў, на дзейнасці якіх адбілася закрыццё рынкаў на фоне пандэміі. У пачатку года былі пэўныя пытанні і з пастаўкамі нафтапрадуктаў. «Недабор даходаў у цэлым па рэспубліканскім бюджэце чакаецца каля трох-чатырох мільярдаў рублёў. Што тычыцца мясцовых бюджэтаў, яны выконваюцца стабільна. Калі параўноўваць з мінулым годам, за сем месяцаў працэнт паступлення даходаў такі ж. Гэта нядрэнна, таму што асноўныя сацыяльныя абавязацельствы — выплата зарплаты, утрыманне сацыяльных устаноў — фінансуюцца з мясцовых бюджэтаў. Сітуацыя нам цалкам зразумелая і кіраваная», - звярнуў ён увагу.

Пра знешні дзярждоўг і рынкі знешніх запазычанняў

Плацяжы па валютным дзярждоўгу ў гэтым годзе складаюць каля $3,6 млрд, прычым $ 2 млрд дзяржава ўжо выплаціла. «Мы ў пачатку года рэфінансавалі частку доўгу. Яшчэ ў нас ёсць у прапрацоўцы здзелкі, у тым ліку з расійскімі банкамі тут. Таму мы бачым, што ў поўным аб’ёме ўсе гэтыя плацяжы мы ажыццявім», — сказаў Юрый Селіверстаў.

Каментуючы пэўную турбулентнасць на рынку знешніх запазычанняў у дачыненні да Беларусі, міністр адзначыў, што там заўсёды ў той ці іншы перыяд прысутнічалі ваганні. «Дзесьці стаўкі паднімаюцца, дзесьці падаюць, дзесьці інвестары хочуць прадаць гэтыя каштоўныя паперы. З улікам таго, што гэтыя запазычанні дастаткова «доўгія» , я думаю, што ўсё гэта вернецца ў нармальнае рэчышча. У нас былі факты, калі на працягу дня цана пазык рэзка расла, потым рэзка падала, — дадаў ён. — Я не думаю, што сённяшняя сітуацыя будзе захоўвацца на працягу асабліва доўгага перыяду».

Аб курсах валют

Кажучы пра ваганні на валютным рынку і іх уплыў на дзяржбюджэт, Юрый Селіверстаў звярнуў увагу, што на гэтую сітуацыю можна глядзець з двух бакоў. «Выплаты, якія прывязаныя да долара, будуць некалькі павялічвацца. Што ж тычыцца даходаў ад такіх, напрыклад, экспарцёраў, як «Беларуськалій» , яны, наадварот, будуць прырастаць», — растлумачыў міністр. Ён дадаў, што Беларусь ужо ўнесла асноўную частку узносаў у статутныя фонды міжнародных арганізацый, і на гэтыя выдаткі ваганні на валютным рынку сур’ёзна не паўплываюць.

«Разумеючы нашу наяўнасць золатавалютных рэзерваў, тое, што мы разлічваемся па даўгах, нейкіх эканамічных рызык, што ўся гэтая сітуацыя неяк зменіцца, тут няма. Але з пункту гледжання ўплыву на бюджэт яно, вядома, будзе», — рэзюмаваў кіраўнік Мінфіна.

Па матэрыялах БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

Стары замак нiколi не меў завершанага выгляду. Яго неаднаразова аднаўлялi i рэканструявалi, таму яго архiтэктура ўтрымлiвае ў сабе стылi некалькiх эпох.

Грамадства

Непаўналетнiя ў крымiнальным працэсе: практычныя нюансы

Непаўналетнiя ў крымiнальным працэсе: практычныя нюансы

Пра асаблiвасцi абароны правоў дзяцей-правапарушальнiкаў (затрыманне, прымяненне мер стрымлiвання, следчыя дзеяннi) расказалi эксперты падчас аднаго з вэбiнараў, якiя сумесна з Рэспублiканскай калегiяй адвакатаў Дзiцячы фонд ААН (ЮНIСЕФ) у Беларусi арганiзаваў яшчэ летам. 

Грамадства

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Каб паглядзець, што тут рыхтуюць да свята і якімі салодкімі навінкамі збіраюцца здзіўляць беларусаў.