Вы тут

Двухгранная кніга як праява душы


Творчую скарбніцу пісьменніка і  журналіста Грыгорыя Саланца папоўніць зборнік «Афганскі палонны. Люкс для адзінокай душы». Твор «Афганскі палонны» дзесяць гадоў таму асобнай невялікай кнігай выйшаў у Маскве і  меў вялікі поспех у чытачоў. Пісьменнік вырашыў апублікаваць зборнік і ў Беларусі, паколькі большасць яго герояў — нашы землякі.


Кніга Грыгорыя Саланца двухгранная. З  аднаго боку размешчаны зборнік аповесцяў «Афганскі палонны», з другога  — «Люкс для адзінокай душы». Чаму аўтар паступіў такім чынам? Такі дызайн дзіўны і  не вельмі зручны. Спрабую разабрацца. У першай частцы кнігі сабраны аповесці «Афганскі палонны», «Забітае каханне» і  «Воўк». Нягледзячы на тое, што героі і іх гісторыі ў  аповесцях розныя, творы аб’ядноўвае скразная «афганская лінія». Таму аповесці і падаюцца чытачу ў выглядзе трылогіі — ваеннай хронікі, сведкам якой з’яўляўся сам аўтар. Грыгорый Саланец — падпалкоўнік у запасе. У якасці вайсковага карэспандэнта з нататнікам, фотаапаратам і аўтаматам у руках праходзіў службу ў Афганістане ў 1983—1985 гадах.

Героямі яго твораў выступаюць рэальныя савецкія салдаты, афіцэры. У аснове сюжэтаў  — іх лёс, а таксама лёс іншых людзей, якіх жыццё закінула на вайну. У  галоўнага героя аповесці «Афганскі палонны» Сяргея Свярковіча ёсць прататып — салдат з Віцебшчыны, які не вярнуўся з Афганскай вайны. Яго родныя не ведаюць, загінуў ён ці выжыў. У кнізе аўтар дазволіў сабе разважаць на гэту тэму. Герой яго жывы, хоць і  прайшоў складаны шлях у Афганістане. Ён быў вымушаны прыняць іслам, ажаніцца з афганскай дзяўчынай і ўрэшце ўсё ж змог вярнуцца на сваю радзіму, у Беларусь. «Гэта не выдумка, гэта зборны вобраз, у якім спляліся лёсы некалькіх рэальных людзей», — адзначае Грыгорый Саланец.

Пісьменнік адлюстроўвае праявы таго часу, расказваючы не толькі пра трагічныя падзеі, але і пра подзвігі, пра сяброўства, каханне, а часам і пра камічныя сітуацыі. Так, у аповесці «Забітае каханне» (назва, дарэчы, прадвызначае вынік развіцця падзей, што рушыць інтрыгу твора) прадстаўлена гісторыя зараджэння кахання Юркі Рамашкіна і Іры Кузняцовай. Лёсы дваіх маладых людзей, наіўных і рамантычных, спляліся ў Афганістане. Рамантыку гэтай гісторыі аўтар падкрэслівае апісаннямі горнага краю, дзе развіваліся падзеі. Але працягу кахання — вяселля, пра якое так марылі героі, «у якім будуць гарманічна спалучацца прыродны цуд у выглядзе натуральнага, што перамагае цемру, святла, і беласнежны вэлюм нявесты — сімвал чыстага, нявіннага кахання і нараджэння новага жыцця», — не адбылося. Юрка Рамашкін загінуў. Так Афганістан бязлітасна скамячыў у сваіх крывавых руках не адну гісторыю... Другая частка кнігі Грыгорыя Саланца «Люкс для адзінокай душы» змяшчае ў сабе апавяданні, нарысы, публіцыстыку, інтэрв’ю, дапоўненыя адпаведнымі фотаздымкамі. У гэтай частцы аўтар падзяліўся з чытачом назіраннямі з мірнага жыцця. Але ў выніку і тут «афганская лінія» чырвонай ніткай спляла шматлікія творы: у чалавека, які вярнуўся з вайны, мінулае не можа застацца ў мінулым, яно ёсць у сучасным жыцці і заўсёды будзе ў будучым. Падобная думка гучала ў творы Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі», якая ў выглядзе маналогаўсповядзяў адлюстравала ўвесь чалавечы боль вайны ў Афганістане. «Чым далей час аддаляе нас ад афганскай вайны, тым часцей трэба расказваць пра яе. Інакш будуць несправядліва забытыя шматлікія подзвігі гераізм і адвага нашых людзей на чужой зямлі», — гэта цытата Грыгорыя Саланца вычэрпна тлумачыць, чаму тэма Афганістана гучыць і ў гэтай частцы.

Выклікае пытанні сугучнае з назвай часткі кнігі першае апавяданне. У ім аўтар падымае тэму адзіноты чалавека на захадзе жыцця праз гісторыю былога міністра, «хворага старога, які прычыняў, мусіць, дамачадцам нямала бытавых клопатаў», якога «сплавілі на тры тыдні прэч з вачэй» у санаторый. «Важны чын» у  сваім номеры люкс памірае, гісторыя выклікае пытанні: ці сапраўды той важны чын з’яўляўся такім, якім паказаў яго аўтар? Апісваецца яго мінулае, апісваецца былая раскоша. Але ў апавяданні не прыведзена ніводнай гісторыі, дзе праз паводзіны і псіхалогію раскрываецца гэты чалавек. Героя становіцца шкада. Але не таму, што, як піша аўтар, ён пакінуты ўсімі, стары і няшчасны, пасяліўся ў санаторыі ў нумары люкс па прывычцы «жыць раскошна» і памёр у адзіноце. Шкада таму, што гэтага чалавека маглі няправільна зразумець, кіруючыся стэрэатыпнымі думкамі пра «важных чыноў».

Кожнае апавяданне Грыгорыя Саланца патрабуе пэўнага часу на роздум, апошняе — асабліва. Твор пад назвай «Радуйцеся кожнаму дню!» напоўнены філасофскімі думкамі пра час, мімалётнае жыццё чалавека і  каштоўнасці ў гэтым жыцці. Гэтым сканчаецца серыя апавяданняў і пачынаецца серыя нарысаў і публіцыстыкі, выкладзеная вельмі сістэмна. У ёй знайшлося месца тэме вайны, подзвігам, падарожжам і асабістым назіранням аўтара. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на «Небаявы Афганістан», дзе Грыгорый Васільевіч адлюстраваў іншыя бакі жыцця на вайне. Акрамя гэтага, у кнізе змяшчаюцца інтэрв’ю Грыгорыя Саланца з выбітнымі асобамі, сярод якіх — Сафія Ратару, Уладзімір Кавалёнак, Алег Навіцкі і іншыя. Важным дапаўненнем да твораў з’яўляюцца фотаздымкі. Яны дазваляюць убачыць тое, што хацеў данесці аўтар, без здагадак і фантазіі.

 Усё патаемнае і набалелае лягло на старонкі кнігі. Праз перажытае іншымі мы знаёмімся з гісторыяй і вучымся не паўтараць яе памылкі...

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.