Вы тут

Мікола Дзяшкевіч. «Не даваць патолі душы…»


Сяргей Палуян, Паўлюк Трус, Ігар Хадановіч, Лукаш Калюга… Іх, яркіх, здатных, здольных, чалавечных, дзівосных, перспектыўных рана не стала...

Мікола Дзяшкевіч таксама развітаўся з  жыццём на самым сваім узлёце. С. Палуяна і П. Труса, як вядома, падкасілі страшныя, невылечныя хваробы… І.  Хадановіча забілі нелюдзі. Л. Калюга трапіў у жорны таталітарнай машыны знішчэння. Мікола ж у 24-ці гадовым узросце патануў у Нёмане. Але істотная не гэтая розніца ў лёсе. Важней тое агульнае, што лучыць усіх іх. Таленты ад нараджэння, яны да апантанасці, да самазабыцця любілі родную Беларусь, і, як маглі, служылі ёй гэтаксама апантана і мэтанакіравана.


Мікола Дзяшкевіч.

У М. Дзяшкевіча прывязанасць да бацькоўскай зямлі, любоў да яе знайшлі ўвасабленне праз зацікаўленасць беларускасцю. Рана ці позна ён стаў бы адной са значных фігур на ніве нацыянальнага Адраджэння. Тым больш, што яшчэ студэнтам няблага ведаў беларускую літаратуру, хоць яна, на жаль, у вучэбных планах займала куды менш месца, чым яму хацелася. Ды шмат давала самаадукацыя. Неяк прызнаваўся Уладзіміру Юрэвічу: «Здаецца, каб было трохі больш гадзін у сутках, прачытаў бы ўсё… Асабліва Купалава і пра Купалу».

Пасля заканчэння бібліятэчнага факультэта Мінскага дзяржаўнага інстытута імя М. Горкага (цяперашні Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка), быў размеркаваны ў  Літаратурны музей імя Янкі Купалы, дзе перад гэтым праходзіў практыку. Сама атмасфера Купалавага дома натхняла яго на даследчыцкую працу. Якраз вялася шырокая падрыхтоўка да 90-годдзя з  дня нараджэння песняра, шукаліся новыя матэрыялы пра яго жыццё і творчасць.

Працоўнага часу не ставала, таму выкройваў яго з выхадных дзён, чарговага водпуску. Гадзінамі праседжваў у бібліятэках, архівах. Калі ў Мінску патрэбных матэрыялаў не аказвалася, выязджаў у Маскву, Ленінград, Вільнюс. Працаваў, вобразна кажучы, на Янку Купалу, хоць і не адказваў сабе і ў задавальненні прарэцэнзаваць што-небудзь з кніжных навінак. Аналізаваў у друку і некаторыя спектаклі, ахвотна наведваў мастацкія выстаўкі.

Гэтае да фатальнай апантанасці Міколава жыццё шмат у чым паўстае са старонак яго адзінай пасмяротнай кнігі «Ад вытокаў радаводных…», складзенай Яўгенам Лецкам і выпушчаным выдавецтвам «Мастацкая літаратура» ў 1991 годзе. Узнаўляецца са старонак ягоных літаратурна-крытычных артыкулаў, нарысаў, а таксама ўспамінаў тых, хто працаваў поруч з ім ці сябраваў. Чытаючы напісанае ім, бачыш, як паглыбляўся ён у праблемы літаратуры. Пераконваешся, як адданасць слову, прыгожаму пісьменству дазваляла пераходзіць да значных абагульненняў, высноў, увасабляць цэласныя, завершаныя малюнкі, што высвечваліся, кажучы словамі Уладзіміра Юрэвіча, «талентам жывой думкі».

Уладзімір Міхайлавіч ва ўступным артыкуле «З Купалам у сэрцы» так сказаў пра свайго малодшага калегу і адначасова падначаленага — У. Юрэвіч тады быў дырэктарам Літаратурнага музея імя Янкі Купалы: «Мікола Дзяшкевіч жыў тэатрам і можна сказаць — жыў у  тэатры». Калі пашырыць гэтае, увогуле правільнае і дакладнае вызначэнне, яно загучыць і так: «Мікола Дзяшкевіч жыў творчасцю і можна сказаць — жыў у творчасці». Пацвярджэнне таму — яго публікацыі, пазначаныя, дарэчы, усяго двума гадамі: 1970 і 1971-м. 1971 год стаў і апошнім у ягоным жыцці. Праўда, па сведчанні Фёдара Янкоўскага, М. Дзяшкевіч «пісаць пачаў, калі яму ішоў толькі дваццаты. Амаль без філалагічнай адукацыі, без вывучэння гісторыі Беларусі і гісторыі яе літаратуры, без вывучэння гісторыі беларускай кнігі. Але была дасведчанасць».

Пісалася, як гэта бывае ў падобных выпадках, больш для сябе. Адбывалася як бы апрабаванне: на што здатны, што магу. Не трэба забываць і таго, а ці так ужо часта падтрымліваюць у нас аўтара-крытыка ў маладым узросце, звяртаюць на яго належную ўвагу? Як і раней, так і, за рэдкім выключэннем, цяпер. Аднак як бы там ні было, але голас М. Дзяшкевіча прагучаў, калі малады крытык стаў падступацца да свайго разумення Янкі Купалы, не абмяжоўваючыся хрэстаматыйнымі ўяўленнямі аб ім, а спрабуючы зразумець ягоную веліч ў кантэксце той складанай эпохі, у якой народны пясняр жыў і да якой належаў, адначасова даць сваю ацэнку, прытым як мага больш аб’ектыўную новым працам, прысвечаным класіку нацыянальнай літаратуры.

Безумоўна, калі б М. Дзяшкевіч пісаў у нашы дні, калі ўжо няма дыктату афіцыйнай ідэалогіі, ён паразважаў і пра творы Янкі Купалы, якія па розных прычынах на той час не ўвайшлі ў Зборы ягоных твораў. Але гэта ні ў якім разе не азначае, што рэзка адмежаваўся б ад сваёй ранейшай ацэнкі. Пачаў бы ледзь не грукаць сабе ў грудзі, сцвярджаючы, што, маўляў, з-за абставін мусіў пісаць не так, як думаў. Чаго б, а гэтага пераасэнсавання ў яго, на маю думку, не было б. І не магло быць. Артыкул «Паўстаў пракляццем катаваны…» таксама не перапісаў бы, не дапаўняў бы, удакладняючы асобныя мясціны, што тычацца пэўных палітычных момантаў. А пра тое, каб ад артыкула адмовіцца...

Свядома згадваю найперш яго. У гэтым артыкуле М. Дзяшкевіч разважаў, як Янка Купала працаваў над перакладам партыйнага гімна «Інтэрнацыянал», вытлумачваў прычыны, што садзейнічалі гэтай працы. Не сакрэт, што сёння многія ўсё зводзяць да імкнення песняра прыстасоўвацца да абставін. Як жа інакш, калі і над ім таксама вісеў дамоклаў меч сталінскага рэжыму.

З артыкула М. Дзяшкевіча відаць, што Янку Купалу ніхто не прымушаў брацца за пераклад на беларускую мову «Інтэрнацыянала». Неабходнасць такой працы падштурхоўвалася ўнутранымі прычынамі, прытым вельмі важнымі: «Муза песняра ішла ад шырокага спачування, зацікаўленасці жыццём народных мас і прыйшла да закліку паўставаць, руйнаваць стары свет, помсціць крыўдзіцелям, віноўнікам народнай бяды. Па самой натуры і сутнасці Купала быў рэвалюцыянерам. “Інтэрнацыянал”, як адзін з важнейшых узлётаў мастацкага ўвасаблення рэвалюцыйнага духу, пастаянна прыцягваў увагу паэта».

Мікола Дзяшкевіч паказвае, што гэта быў нават не пераклад у яго традыцыйным разуменні: «Я. Купала стварыў, па сутнасці, гімн новай Беларусі. Неабходна адзначыць маляўнічую нацыянальную афарбоўку перакладу». Пясняр дакладна падбіраў неабходныя беларускія словы, эквівалентныя арыгіналу. Так, арыгіналу. Нездарма, газета «Звязда» тады паведамляла: «Пераклад не будзе надрукаваны, пакуль перакладчык не зверыць яго з французскім арыгіналам». На пераўвасабленне «Інтэнацыяналу» па-беларуску Янка Купала ішоў свядома. Ішоў, як творца, які пастаянна думаў пра свой народ, жыў разам з народам. А што на той час быў надзвычайны рэвалюцыйны настрой, сведчаць і такія факты: «Мітынгі, дэманстрацыі, урачыстыя пасяджэнні пачыналіся з “Інтэрнацыяналам”. Песня рэвалюцыі гучала ў час адкрыцца Беларускага дзяржаўнага тэатра. Пад магутныя гукі “Інтэрнацыянала” расчыніліся дзверы Беларускага ўніверсітэта. Стыхійна, без усякіх афіцыйных зацверджанняў, што само па сабе таксама знамянальна».

Купалаўская тэма ў творчасці М. Дзяшкевіча — гэта і артыкулы, у  якіх ён разглядаў спектаклі тэатра, што носіць імя песняра, пісаў пра яго акцёраў («Тры размовы са Стэфаніяй Станютай», «Носьбіт народнай мудрасці», «Капітан узыходзіць на мосцік» і іншыя). Гэта і артыкул «Янка Купала і кніга», што вызначаецца навізной па сённяшні дзень. Чамусьці не шмат ахвочых далей даследаваць гэту тэму. Святло Купалавага генія пранізвае і нарыс «Дзегцярэнкі»  — пра народных умельцаў, якія ў сваёй творчасці звярталіся да Купалавых вобразаў.

Да гэтага шэрагу адносіцца і рэцэнзія на кнігу Янкі Шарахоўскага «Пясняр народных дум. Нарыс жыцця і дзейнасці Я.  Купалы». Назва яе сама гаворыць за сябе — «Першая спроба навуковай біяграфіі». М. Дзяшкевіч канстатаваў, што «праца Я. Шарахоўскага — грунтоўны крок да стварэння вычарпальнай навуковай біяграфіі, неабходнай перш за ўсё для таго, каб глыбей пранікнуць у тое, чым Купала ўзбагаціў скарбніцу нацыянальнай і сусветнай літаратуры». Бачыў, аднак, і іншае: «[…] кніжка не вырашыла ўсіх праблем навуковай біяграфіі Янкі Купалы і па сённяшні дзень мы не маем яшчэ такой біяграфіі».

Заключныя словы не страцілі значэння і цяпер. Пра гэта гаварыў і Уладзімір Юрэвіч, але ён, на жаль, няўважліва прачытаў заключны момант у рэцэнзіі Міколы Дзяшкевіча, таму ва ўступным да кнігі М. Дзяшкевіча «Ад вытокаў радаводных…» прагучаў непрыхаваны прысуд: кніга «[…] не вырашыла ўсіх праблем навуковай біяграфіі Янкі Купалы, не з’явілася грунтоўным подступам для стварэння вычарпальнай навуковай біяграфіі». Па сутнасці, з-за няўважлівасці рэзка змянілася ацэнка.

Мікола Дзяшкевіч, вядома ж, не мог абыходзіць увагай і жыццё песняра. Больш за тое, кожным разам, праводзячы чарговую экскурсію ў музеі, перажываў асаблівае хваляванне, калі наставаў момант гаварыць пра Вязынку. Тады з вуснаў пісьменніка і навукоўца гучала нязменнае: «Вязынка… Ледзь прыкметная кропачка на карце. Яна заўсёды была ў сэрцы Купалы. Як і ўся Беларусь». Словамі гэтымі завяршаецца і адзін з найлепшых яго артыкулаў, можна сказаць яго лебядзіная песня — «Ад вытокаў радаводных…» Публікацыя з’явілася ў кастрычніцкім нумары часопіса за 1971 год, калі аўтар яе пайшоў ужо ў лепшы свет.

У згаданым артыкуле М. Дзяшкевіч першым з навукоўцаў прасачыў радавод Луцкевічаў, падрабязна расказаў пра ўмовы, у якіх жылі Купалавы продкі. У прыватнасці, і пра Замбржыцкага, а ў яго браты Луцкевічы ў свой час арандавалі зямлю «з палавіны». Першым вызначыў правільнае вымаўленне імя маці Янкі Купалы — Бянігна, а не Бянігда, як звычайна пісалася. Устанавіў, што Вязынка адносілася да Мінскага павета.

Неацэнныя матэрыялы, неабходныя кожнаму, хто хоча болей ведаць аб жыцці народнага песняра. З якой цяжкасцю даліся М. Дзяшкевічу знаходкі і як радаваўся ён, што знайшоў нешта важнае. Мэтанакіраванасць у росшуках прыносіла жаданы плён. Сутнасць гэтай ягонай апантанасці дакладна схапіў у сваіх успамінах «На самым ранку» Арсень Ліс: «[…] творчасць беларускага баяна-песняра, Купалава жыццё сталі для Міколы не толькі прадметам цікавасці, але і прафесійным клопатам».

Хоць не сказаць, каб М. Дзяшкевіч адразу знайшоў гэты «прафесійны клопат». Як прыгадвае А. Ліс, «і ў студэнцкай аўдыторыі […], і ў асяроддзі аматараў тэатральнай справы (працаваў у нейкай тэатральнай студыі) ён аддаваў даніну Яўтушэнку, сучаснай зарубежнай паэзіі. Потым, — прызнаўся аднойчы, — адчуў патрэбу абаперціся на нейкі бліжэйшы, родны грунт. Знайшоў яго ў Купалы». Аднак над словам даводзілася яшчэ працаваць і працаваць. Як прыгадваў Алесь Траяноўскі («Была развітальнае хвілі журба…») спачатку для артыкула пра родзічаў Янкі Купалы хацеў узяць назву «Радаслоўная Купалы», але А. Траяноўскі прапанаваў яму: «[…] давай высветлім, з чаго складаецца само слова “радаслоўная”»… Так і з’явілася нацыянальна-адметнае — радаводная, пасля чаго і назва ўдакладнілася.

Ён толькі ўваходзіў у літаратуру. Прызнаваўся: «Хутка я пачну пісаць прозу» (з успамінаў Уладзіміра Дамашэвіча «Няспраўджаная надзея»). Марыў: «Мы напішам з табой не адну кніжку. У нас будуць кніжкі… Толькі не трэба даваць патолі сваёй душы. Трэба рупіцца!» (згадкі Уладзіміра Содаля «Апошнія сустрэчы, апошні ліст…»). І пастаянна, калі толькі з’яўлялася магчымасць, нешта шукаў, штосьці занатоўваў. Як сведчыў акцёр Алесь Лабанок, з якім Мікола сябраваў, «на другі дзень пасля пахавання яго маме прысніўся сон: “Мамочко (так па-мясцоваму звяртаўся да блізкага чалавека — А. М.), родненька, што ж ты не паклала ў магілу маіх запісных кніжак”» («Мне горка, дружа…»).

«Не даваць патолі душы…» — гэта было свайго роду яго жыццёвым і  творчым крэда. Але гэта і напамінак кожнаму, хто мае дачыненне да слова. Напамінак, да якога нельга не прыслухацца.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.