Вы тут

Чароўныя казкі і кантроль за ўражаннямі


Сучасная літаратурная сітуацыя сведчыць, што якасць і колькасць не заўсёды маюць станоўчую карэляцыю. Калі ў тонкі, шасцідзесяцістаронкавы зборнік уваходзяць вершы, выбраныя з  напісанага на працягу чатырнаццаці гадоў, значыць, аўтар вельмі клапоціцца пра ўражанне чытача. Такі вялікі раскід па часе, канечне, прымушае крыху засумнявацца ў тым, што цэласнасць зборніка як твора будзе на сто адсоткаў захаваная. Але, па-першае, як шмат аўтараў складаюць сёння зборнікі як цэласныя творы? Па-другое, разнароднасць лёгка пераўтвараецца ў карціну аўтарскай эвалюцыі, калі праставіць гады і размясціць тэксты ў храналагічным парадку.


Нічога з гэтага насамрэч не тычыцца кнігі «Расамаха» Алесі Башарымавай («Медысонт», 2020). Зборнік якраз выглядае абсалютна цэласным і складным, прычым нейкіх спецыяльных намаганняў для гэтага не заўважана. Мабыць, спрацоўваюць рупліва выбраныя творы. Дарэчы, аздабленне вокладкі зроблена самой Алесяй Башарымавай, што дадае аргументаў думцы пра кантроль за ўражаннем чытачоў.

Уражаннестваральныя (магчыма, і  тэкстастваральныя) дамінанты ў вершах Алесі Башарымавай — рытм і вобразная структура.

Рытм часам нагадвае язычніцкія замовы, часам — марш. Ён забяспечвае вялікую плотнасць тэкставай плыні — шчыльна збівае рыфмоўку і моцна звязвае асобныя элементы ў суцэльнае вобразнае палатно.

сонца якое кропляй

маўкліва спускаецца ў акіян

жоўтая жоўтая жоўтая сліва

што гэта бачу я?

месяц які выплывае косткай

на цьмяны муркат нябёс

круглы ад цемры

ад цемры востры

зноў дарогу прынёс

пакуль пачаткам зямля засвяціла

і месяц кранае нос

мне стаяць дазваляюць сілы

на паласе з палос

Верлібры ў зборніку таксама ёсць, але іх зусім няшмат, у іх адчуваецца нейкі інтуітыўны, прывідны, унутраны рытм, можа быць, звязаны з настроем тэксту.

Між тым аўтарка выкарыстоўвае даволі просты лексічны і сінтаксічны матэрыял, набліжаны да натуральнага маўлення і неаспрэчных аксіём светабудовы. Некаторыя з іх па-за кантэкстам увогуле даволі цяжка ўявіць цытатай з  мастацкага тэксту, але майстэрства паэткі спалучае простыя словы так, што яны не толькі ўтвараюць візуальную карціну, перададзеную словамі, але і даносяць эмацыянальную інфармацыю, закадзіраваную глыбока ў тэксце.

Вершы Алесі Башарымавай — той выпадак, што не паддаецца стэрэатыпнай формуле «паэзія — найперш эмоцыі». Зразумела, што яны, як і ў любым мастацкім тэксце, прысутнічаюць, але аўтарка пазбягае канкрэтных слоў, звыклых вырашэнняў для выяўлення эмоцый і стварэння настраёвага фону ў тэксце. І відавочна, што гэта кадзіраванне не адбваецца наўмысна, а выступае натуральнай часткай аўтарскага метаду.

Асноўная вобразная тэма ў вершах Башарымавай — прыродныя, нябесныя і прасторавыя метафары. Яе паэзія выяўляецца не толькі візуальнай, але і ў чымсьці тактыльнай. Інструменты выяўлення ў тэксце перамешваюцца да аднароднасці: прастора, з’явы прыроды набываюць уласцівасці прадметаў, жывёл, раслін. У свеце зборніка пануе своеасаблівая побытавая магія, і яна не заўсёды паддаецца тлумачэнням, якія можна знайсці на паверхні, не паглыбляючыся ва ўнутраныя законы тэксту. Кожны верш нязменна паўстае цэласным вобразным выказваннем, але адчуванне гэтай цэласнасці часам застаецца паўінтуітыўным, невытлумачальным. Простаму чытачу, можа, і не варта шукаць лагічных адказаў на пытанне: «Чаму гэта так зроблена?» Адсутнасць адказаў нават спрыяе асалодзе.

Прыродныя вобразы і іх частковая невытлумачальнасць відавочна звязаныя з замоўнымі рытмічнымі рашэннямі. Як чароўная казка перад сном хавае ў сабе выхаваўчы матыў і ўплывае на характар дзіцяці, вершы Алесі Башарымавай аказваюць гіпнатычны, інтуітыўны ўплыў на ўнутраны стан чытача. Аўтарка ўмела рэжысіруе яго.

Гнілыя галовы гневу,

і чорны вугаль, і сонца

пад сінім павекам неба.

 Шапчу, уплятаючы ў крыкі

ціхіх стогнаў лагчыны,

маленняў храбты —

мне хіба шлях не адкрыты,

як гневу чужога раты?

Пра гэта сведчыць яшчэ і тое, што толькі сабраныя ў такім парадку, у якім яны стаяць у тэксце, вобразы пачынаюць выпраменьваць сваю магію, хаця паасобку падаюцца абсалютна далёкімі адзін ад аднаго. «Расамаха» Алесі Башарымавай — быццам пазл, які складаецца з іншых пазлаў. Кожны верш адкрываецца як маленькая кардонная каробачка і высыпае на чытача прыгаршчу рознакаляровых дэталек. Іх цікава разглядаць паасобку, але яшчэ цікавей становіцца, калі атрымліваецца прыглядзецца і скласці з іх гульную карцінку. Уражанне непазбежнае.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».