Вы тут

Цяжка быць дзiцем?


...У першыя гады самастойнага дарослага жыцця здавалася: як добра быць дзiцем! Нiякiх табе сур'ёзных турбот, абы, як казалi бабулi, не краў i добра вучыўся. Узорна сябе паводзiш — чакай у Новы год падарункi ад Дзеда Мароза. Дый нават калi не iдэальна, усё адно чакай, авансам, Дзед чараўнiк спагадлiвы. Маме дапамагаеш — малайчына. «Пяцёрку» са школы прыносiш — цудоўна, «тройку» — нiчога страшнага, выправiш. Зноў жа, канiкулы чатыры разы на год, а ўлетку, загуляўшыся з сябрамi-прыяцелямi, можна заходзiць дамоў толькi паабедаць i спаць... Не жыццё — малiна!


Але рана цi позна стадыя зайздрасцi i некрытычнай настальгii праходзiць. Калi ж з'яўляюцца ўласныя дзецi, ты нiбыта пражываеш дзяцiнства наноў — але ўжо з адваротнага боку, заўважаючы не толькi яго бесклапотныя радасцi, але i падводныя камянi, перыядычна параўноўваючы «тады» i «цяпер» i часам прыходзячы да высновы, што нам было прасцей жыць.

У маiм дзяцiнстве, напрыклад, не было «развiвашак» для дашкольнiкаў, але затое нiхто не патрабаваў ад нас умець чытаць i пiсаць яшчэ да паступлення ў першы клас. Нават у песеньцы захаваўся напамiн: «Лiтары розныя пiсаць... вучаць у школе». Цяпер жа, прынамсi ў сталiцы, для бацькоў звычайная справа — за год весцi дзяцей на падрыхтоўчыя курсы, дзе i чытанне, i «Я спазнаю свет», i асновы матэматыкi, i англiйская.

...Мама тэлефанавала з работы адзiн раз на дзень, каб пераканацца, што мы паелi i зрабiлi ўрокi. Сёння кантрольныя званкi дзецям — неад'емная частка выхаваўчага працэсу. Спытала ў тых, хто ў дзяцiнстве ездзiў праз паўгорада на розныя секцыi i гурткi з ключом на шыi, цi многiя з iх адпускаюць сваiх дзяцей займацца на тых жа ўмовах? Тройчы ха-ха! Без мабiльнiка ў кiшэнi цi смарт-гадзiннiка на руцэ не выпраўляюць практычна нiкога. Хтосьцi стэлефаноўваецца з бацькамi ў загадзя вызначаны час, кагосьцi «перадаюць» адзiн аднаму бацькi i педагогi, кагосьцi нават «вядзе» GPS-трэкер, а выпадкова забыты дома тэлефон i адпаведна згубленая на нейкi час сувязь — нагода для панiкi цi скандалу.

...У нас не было сваякоў i бабуль у вёсцы, таму звычайна частка летнiх вакацый праходзiла ў «заводскiм» пiянерлагеры, i праз адну-дзве змены заўсёднiкi, дзецi завадчан, пачувалiся ўжо як дома. Я дагэтуль магу намаляваць схему нашага летнiка i прыгадаць iмёны-прозвiшчы «галоўных людзей» — начальнiка, любiмых важатых i сваiх суатраднiкаў, ды-джэя i кiраўнiка творчых гурткоў. Цяпер, скажам шчыра, колькасць загарадных летнiкаў куды меншая, i набор у iх iдзе па iншых прынцыпах, таму знiкла такое каштоўнае адчуванне «свойскасцi» — дзецi падтрымлiваюць стасункi ў лепшым выпадку год-другi, потым разыходзяцца, як у моры караблi, i жывуць кожны сваiмi iнтарэсамi. Да таго ж сёлета праз неспрыяльныя эпiдэмiялагiчныя ўмовы «бацькоўскiя днi» ператварылiся ў сустрэчы цераз агароджу, без магчымасцi абняцца i паказаць усе патаемныя i любiмыя месцы — якая ўжо тут радасць?

Сёлета дзецям наогул давялося няпроста, магчыма, нават больш, чым нам. Вясновыя канiкулы для многiх перайшлi акурат у самаiзаляцыю, выпускныя ў садках i школах вымушана адмянiлiся, забаўляльныя цэнтры i культурныя ўстановы зачынiлiся, з планаў на лета ў многiх «выпала» паездка на мора цi ў вёску да бабулi... Альтэрнатыў засталося насамрэч няшмат — дом, вулiца, гаджэты; калi пашанцавала з водпускам бацькоў — вылазкi на дачу цi на прыроду. I тым не менш дзецi справiлiся: самi цi з дапамогай дарослых знайшлi сабе занятак, назапасiлi сонца i ўражанняў, выраслi з усiх запасаў адзення i абутку i будуюць планы на блiзкую ды аддаленую перспектыву. Яны прабiваюць свае шляхi, «прарастаюць», нiбы кветкi праз асфальт. I я разумею, што гэтай дзiцячай неўтаймоўнасцi, аптымiзму i ўменню марыць без межаў варта павучыцца, па магчымасцi падтрымаць, а калi не ўмееш — проста не перашкаджаць.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв’ю: veselam.la.lv

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».